Экзамен для міністра Латушкі
У працэсе аднаўлення забудовы раёнаў старой часткі цэнтра Мінска разгараецца чарговы скандал. 29 верасня на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, насуперак усякай логіцы, адкінуты прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў праект рэканструкцыі правай часткі вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай). Ухвалена распрацаваная па замове забудоўшчыка КУП «Мінская спадчына» прапанова КУП «Мінскпраект», якая нагадвае, на думку экспертаў, штучны цацачны макет.
У працэсе аднаўлення забудовы раёнаў старой часткі цэнтра Мінска разгараецца чарговы скандал. 29 верасня на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны
пры Міністэрстве культуры, насуперак усякай логіцы, адкінуты прапанаваны Таварыствам аховы помнікаў праект рэканструкцыі правай часткі вуліцы Зыбіцкай (былой Гандлёвай). Ухвалена распрацаваная па
замове забудоўшчыка КУП «Мінская спадчына» прапанова КУП «Мінскпраект», якая нагадвае, на думку экспертаў, штучны цацачны макет. Больш за тое, парушае гістарычную
трасіроўку вуліц і маштабнасць аб’ёмаў будынкаў.
Трохпавярховыя гмахі, замест адна- і двухпавярховых ладных дамкоў, назаўсёды закрыюць перспектыву панарамы Верхняга горада з боку набярэжнай Свіслачы, якую далікатна зберагалі папярэднія пакаленні
мінскіх архітэктараў.
У тых жа кварталах, толькі па няцотным баку Зыбіцкай, ужо сёння мінчукі могуць назіраць плён працы таго ж самага забудоўшчыка ў межах гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр
Мінска» — муляжы ў псеўдагістарычным стылі, скрозь якія паўсюль прабіваюцца сучасныя дызайнерскія рашэнні. Наверсе пагорка Верхняга горада «Мінская спадчына»
шчыруе, ператвараючы гмахі старажытнага кляштара бернардынцаў у гасцінічны комплекс. Таму, калі да Таварыства аховы помнікаў дайшла інфармацыя пра распрацоўку планаў забудовы паміж Зыбіцкай і
Свіслаччу, яго кіраўніцтва вырашыла рыхтаваць свой праект. Выконваючы яго ў поўнай адпаведнасці з архіўнай дакументацыяй, нарматывамі заканадаўства і рэгламентамі Генеральнага і Дэтальнага плана
рэканструкцыі і рэстаўрацыі Мінска, прынятага ў 2006 годзе Мінгарвыканкамам і зацверджанага прэзідэнтам.
Таварыству аховы помнікаў пашанцавала, калі ў 2009 годзе ў яго архітэктурную секцыю прыйшлі маладыя амбітныя прафесіяналы, сярод якіх найбольшай актыўнасцю вылучаліся Андрэй Ларры і Антон Вантух. Яны
і ўзялі на сябе ініцыятыву і цяжар адказнасці за распрацоўку эскізнага праекту. Таварыства аховы помнікаў аказала ім метадычную дапамогу, забяспечыўшы дзеючай нарматыўна-прававой дакументацыяй у
галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Будаўнічымі нормамі Беларусі хлопцы выдатна валодалі самі, працуючы ў галіне архітэктурнага планавання.
Па хадайніцтве Таварыства аховы помнікаў Андрэю і Антону адчыніліся архівы — кінафотадакументаў, навукова-тэхнічнай дакументацыі і нацыянальны гістарычны. Адзін з сябраў таварыства, які
займаецца зборам базы дакументаў па забудове гістарычнага Мінска, Павал Растоўцаў, вывучаючы раён Гандлёвай-Зыбіцкай, наведаў архіўныя сховішчы Пецярбурга: там засталася дакументацыя пасляваеннага
Генеральнага плана нашага горада. І ў ёй шмат матэрыялаў па гістарычным цэнтры. Абагульніўшы звесткі абмераў і фотафіксацый, група выканала план і кампутарныя графічныя 3D версіі комплекснага
аднаўлення забудовы правага боку вуліцы да набярэжнай Свіслачы. Эскізную і архітэктурную прапановы. Цікава, што ў гэты момант КУП «Мінскпраект» распрацоўваў адразу будаўнічую стадыю
праекта — з парушэннем заканадаўства, мінуючы эскізную і архітэктурную стадыі.
Гістарычны фотаздымак і праектная прапанова Андрэя Ларры і Антона Вантуха
«Будаўнічы праект «Мінскпраекта» таксама меў стадыю комплекснага навуковага вышукання, якую выканалі для яго спецыялісты «Белпраектрэстаўрацыі»,
— тлумачыць кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. — Іх даследаванні, аднак, прайгралі падобнай працы нашага таварыства ў паўнаце выкарыстаных крыніц. Паўлам
Растоўцавым за ўласныя сродкі былі здабытыя і перададзеныя таварыству фотаматэрыялы з нямецкіх архіваў. Таму архіў гістарычных дакументаў па Мінску канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў у
таварыстве большы, чым ва ўстаноў, якія адмыслова фінансаваліся з бюджэту. Пытанне: чаму на энтузіязме зроблена болей, чым на фінансаванні?»
Ужыўшы матэрыялы зробленай немцамі ў 1918 і 1941 гадах аэрафотафіксацыі, праектанты Таварыства аховы помнікаў здолелі аднавіць старую структуру кварталаў з традыцыйнай парцэльнай планіроўкай і нават
планы асобных дамоў. А «Мінскпраект» не звярнуўся нават да абмерных чарцяжоў, якія захоўваюцца ў Архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі на пл. Свабоды і выкананыя ў 1950-я гады БРТІ
пры зносе гістарычнага кварталу. Як выявілася, абмеры планаў і фасадаў практычна супадалі з праектамі, датаванымі другой паловай ХІХ стагоддзя з Нацыянальнага гістарычнага архіву. Параўноўваючы
дакументы дзвюх эпох, спецыялісты таварыства дакладна ўсталявалі, якія ідэі ў ХІХ стагоддзі рэалізоўваліся, а якія заставаліся на паперы.
Прычынай адхілення часткі праектаў у ХІХ стагоддзі сталася парушэнне іх аўтарамі тагачаснага горадабудаўнічага рэгламенту: закон выконваўся больш адказна і строга, чым сёння. Правы бок
Гандлёвай-Зыбіцкай, бліжэйшы да Свіслачы, адмыслова забудоўваўся ярусна, пачынаючы ад аднапавярховых дамоў на ўзбярэжжы з пераходам да двухпавярховых. Толькі адзін будынак, у адрозненне ад
прапанаваных «Мінскпраектам» маштабаў рэгенерацыі, аказаўся трохпавярховым. Усё рабілася, каб не закрываць перспектыву на Верхні горад і яго архітэктурныя дамінанты.
На думку Антона Астаповіча, Ларры і Вантух стварылі бездакорны з пункту гледжання гісторыі, архітэктуры і аднаўлення спадчыны апорны праектны план, адпаведныя яму графічныя рэканструкцыі асобных
будынкаў. Іх матэрыялы дазвалялі пакінуць спрэчкі толькі па дэталях. Самае асноўнае — адраджэнне і захаванне гістарычнай планіровачнай структуры — аказалася дасягальным. Вынік
— праца Ларры і Вантуха паўмесяца таму была ўхвалена старшынёй камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама Віктарам Нікіціным. Ён абяцаў падтрымаць іх ідэі на паседжанні Навукова-метадычнай рады 29
верасня, куды альтэрнатыўны праект са згоды Міністэрства культуры прадставілі разам з афіцыйным. Прапанова Таварыства аховы помнікаў мела станоўчае заключэнне навуковага савета архітэктурнага
факультэта БНТУ, у той час як афіцыйны праект, па традыцыі, на экспертную ацэнку ўвогуле не накіроўваўся. Але цуду не адбылося.
Прычыну прыняцця канфузнага рашэння Антон Астаповіч бачыць у спробе чыноўнікаў прыкрыць марнатраўства дзяржаўных грошай. Бо як іначай яны наважыліся ісці супраць закону, Дэтальнага плана
рэканструкцыі і рэстаўрацыі Мінска, які прадугледжвае на гістарычных тэрыторыях дакладнае адраджэнне сеткі вуліц, планіровачнай структуры, аб’ёмаў і фасадаў будынкаў. Тое, што адсутнічае ў
прапанове «Мінскпраекта». Але ў 2008 годзе па замове «Мінскай спадчыны» на правым баку Зыбіцкай праклалі калектар, не парупіўшыся папярэдне выканаць планіровачную
прывязку да наступнай стадыі праекту. Калектар кінулі ў зямлю, як у нейкіх Шабанах, з улікам нарматываў будаўніцтва на новых тэрыторыях. І калектар дыктуе планіроўку: замест гістарычных 12-ці шырыня
вуліцы дасягае 19-ці метраў.
Сваім рашэннем 29 верасня Навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прапанавала зноў ісці шляхам фальсіфікацыі гістарычнай спадчыны. Што асабліва
крыўдна, паколькі тут, на невялікім квартале старажытнага Мінска, абставіны давалі шанец выканаць ідэальную рэгенерацыю гістарычнай забудовы. Замест гэтага створаны прыкры прэцэдэнт, калі ў межах
ахоўнай тэрыторыі зацвярджаецца рэалізацыя адвольнага праекту. Ставіцца пад пытанне прапісаная ў Дэтальным плане задача навуковага аднаўлення старога кварталу па іншым баку Свіслачы, на ўскрайку
ўчастка ад Траецкага кляштара ўздоўж выставачнага комплексу (што падлягае зносу), які нядаўна быў перададзены інвестарам з Аману. Бо яго структура звязвалася з трасіроўкай квартала на Зыбіцкай як
адбітак у люстэрку.
І апошняе: на пасяджэнні навукова-метадычнай рады галасаванне па рашэнню, насуперак правілам, не праводзілася. Старшыня рады, намеснік міністра культуры Віктар Кураш папросту агучыў праект пратаколу,
які аддаў перавагу прапанове КУП «Мінскпраект». Адпаведна, да яго зацвярджэння міністрам культуры Паўлам Латушкам яшчэ ёсць магчымасць вярнуцца да грунтоўнага разгляду пытання, каб
прыняць рашэнне, якое б адпавядала не толькі навуковай і гістарычнай праўдзе, але і дзеючаму заканадаўству. І абвергнуць скепсіс блогераў у інтэрнэце, які ўжо кіпіць пытаннямі кшталту: «Ну
што, вы чакалі, каб новае кіраўніцтва Мінкульта адрознівалася ад старых бюракратаў?»