Геній польскай выведкі з Віленшчыны

Сапраўдным геніем польскай выведкі ў гады Другой Сусветнай вайны быў ураджэнец Віленшчыны Міхал Рыбікоўскі. За свае баявыя заслугі ён быў двойчы ўзнагароджаны Крыжом Віртуці Мілітары. А памёр герой у Канадзе.

michal_rybikovskij_logo_1.jpg

Міхаіл Рыбікоўскі. Фота з архіва Ігара Мельнікава

Пачатак шпіёнскай кар’еры

Рыбікоўскі нарадзіўся ў 1900 годзе ў мястэчку Раканы, што на шляху з Вільні ў Ашмяны. У маладосці Міхал актыўна ўдзельнічаў у харцэрскім руху. Пасля паступіў на службу ў толькі што створанае Войска Польскае і прымаў удзел у польска-бальшавіцкай вайне ў складзе 85-га пяхотнага палка. За гераізм падчас баявых дзеянняў Рыбікоўскі быў узнагароджаны Крыжом Віртуці Мілітары.

У 1920-х гадах ён скончыў школу падхарунжых. У 1933 годзе атрымаў вышэйшую вайсковую адукацыю ў Варшаве і быў накіраваны ў ІІ (выведвальны) адзел польскага Генеральнага штабу, у падраздзяленне, якое займалася выведкай супраць Германіі. У якасці агента Рыбікоўскаму давялося папрацаваць ў вольным горадзе Гданьску, Кёнігсбергу і Коўне. У тагачаснай сталіцы Літвы Рыбікоўскаму ўдалося наладзіць добрыя стасункі з прадстаўнікамі японскай дыпламатычнай выведкі, якая дзейнічала ў прыбалтыйскай краіне.

З Японіяй супраць Расіі

Узровень польска-японскіх дыпламатычных і вайсковых кантактаў у 1920–1930-х гадах быў даволі высокім. Яшчэ падчас руска-японскай вайны 1904–1905 гадоў Юзаф Пілсудскі прапанаваў Японіі стварэнне польскага вайсковага легіона для барацьбы з Расійскай імперыяй. Пазней супрацоўніцтва дзвюх краін атрымала новы імпульс.

Японская дэлегацыя ў Варшаве ў 1930-я гады

Японская дэлегацыя ў Варшаве ў 1930-я гады




У 1921–1922 гадах японская выведка перахапіла тайныя савецкія пасланні, аднак расшыфраваць іх не змагла і накіравала атрыманую інфармацыю японскаму вайсковаму аташэ ў Варшаве. Праз тыдзень палякі расшыфравалі савецкую дэпешу. У 1923 годзе у Токіа быў накіраваны капітан Войска Польскага Ян Кавалеўскі, які правеў спецыяльны курс крыптаграфіі для японскіх вайскоўцаў. Пазней у Польшчу былі накіраваны групы японскіх афіцэраў выведкі, якія прайшлі гадавую стажыроўку ў ІІ аддзеле польскага Генштабу.

otchet_pol_skoj_razvedki_iz_torio_o_moral_nom_razlozhenii_krasnoarmejcev_na_hasane_v_1938_g__logo_1.jpg

Справаздача польскай выведкі пра маральнае разлажэнне чырвонаармейцаў на Хасане

У 1930-х гадах вайсковае супрацоўніцтва Польшчы і Японіі працягвалася. Так, у 1936 годзе ў Харбіне была створана тайная пляцоўка польскай выведкі «Мандарын» пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Чэслава Паўловіча. Гэтаму падраздзяленню ўдалося сабраць вельмі карысную інфармацыю пра стан Чырвонай Арміі на Далёкім Усходзе і ў Еўрапейскай часцы СССР. Акрамя гэтага, паспяхова дзейнічаў і вайсковы аташэ Польшчы ў Токіа. Асабліва шмат інфармацыі наконт магчымасцяў і падрыхтоўкі Чырвонай Арміі палякам удалося сабраць падчас савецка-японскіх узброеных канфліктаў на возеры Хасан у 1938 годзе і ля ракі Халхін-Гол увосень 1939 года.

Дзяржавы няма, выведка працуе

У верасні 1939 года ведаючы пра Пакт Рыббентропа-Молатава японцы разумелі, што Германія стала фармальным хаўруснікам галоўнага, на той час, ворага Японіі. Таму ўрад краіны вырашыў тайна працягваць супрацоўніцтва з палякамі. У Бухарэсце адбылася сустрэча высокапастаўленых афіцэраў польскай выведкі з японскім вайсковым аташэ ў Польшчы Масао Уэда, на якой японцы прапанавалі палякам працяг супрацоўніцтва. Пры чым зараз японцаў цікавіла інфармацыя не толькі пра патэнцыял Савецкага Саюза, але і нацысцкай Германіі.

У гэты момант надыходзіць зорны час маёра Міхала Рыбікоўскага. Пасля вераснёўскай кампаніі ён эвакуіраваўся ў Францыю, аднак хутка вярнуўся да прафесійнай дзейнасці.

Прыехаўшы ў Рыгу, ён праз польскага вайсковага аташэ, палкоўніка Фелікса Бжасквінскага, усталяваў кантакт з японскім вайсковым аташэ ў Латвіі палкоўнікам Хірошы Анушы. Акрамя гэтага маёр Рыбікоўскі курыраваў дзейнасць польскай выведкі ў Літве.

Японскія афіцэры на польскіх вучэнняў

Японскія афіцэры на польскіх вучэнняў


Яго даверанай асобай у Коўне быў капітан Альфонс Якубянец. У пачатку 1930-х гадоў ён служыў у 5-м пяхотным палку ў Вільне, а з 1935 года Якубянец быў афіцэрам экспазітуры ІІ Адзелу Генштаба Войска Польскага ў Гродна і займаўся падрыхтоўкай і адпраўкай польскіх агентаў ва Усходнюю Прусію. Памагаў Якубянцу ў Коўна паручнік Лешак Дашкевіч. Абодва вайскоўцы мелі добры кантакт з японскім консулам у Коўне Чыўнэ Сігіхара.

Пасля далучэння Літвы да СССР японец адыграў вялікую ролю ў ратаванні польскіх грамадзян габрэйскага паходжання, якім выдаваў візы сваёй краіны для выезду з Савецкага Саюза. Уратаваў ён і польскіх выведнікаў, выдаўшы ім японскія дыпламатычныя пашпарты.

Спрытныя «рускія» эмігранты

Пасля таго як Літва стала савецкай Міхал Рыбікоўскі быў вымушаны пакінуць гэту краіну. Яму ўдалося выехаць у Стакгольм. У сталіцы Швецыі польскі выведнік уступіў у кантакт з японскім вайсковым аташэ, палкоўнікам Маката Анадэра выдаўшы сябе за рускага эмігранта з Манчжурыі Івана Пятрова (Рыбікоўскі дасканала валодаў рускай мовай).

Японцу спадабаўся спрытны «рускі», тым больш, што Анадэра доўгі час працаваў у секцыі па вывучэнню СССР пры Генеральным штабе японскіх войскаў і цікавіўся ўсім, што было звязана з савецкай тэматыкай. Хутка Рыбікоўскі стаў асабістым перакладчыкам японскага вайсковага аташэ.

Маёр Войска Польскага пачаў перадаваць японцам інфармацыю, якую ён атрымліваў ад польскіх агентаў не толькі ў Еўропе і акупаванай Польшчы, але і ў Савецкім Саюзе, а Маката Анадэра, у сваю чаргу, дзяліўся з Рыбікоўскім інфармацыяй пра стан прамысловасці Трэцяга Рэйху. Больш таго, японскі аташэ неаднаразова браў свайго перакладчыка на сустрэчы з шэфам абвера Вільгельмам Канарысам.

pol_skij_oficer_beseduet_s_japonskimi_kollegami_logo_1.jpg

Польскі афіцэр размаўляе з японскім калегамУ гэты ж час, Альфонс Якубянец і Лешак Дашкевіч, дзякуючы пратэкцыі японцаў, атрымалі працу ў консульстве Манджоў-Го у Берліне і Кёнігсбергу і новыя дакументы. Капітан Якубянец стаў рускім эмігрантам Ігарам Кунцэвічам, а паручнік Дашкевіч — Мікалаем Блахіным. Пасля таго, як савецкія ўлады зачынілі Консульства Японіі ў Коўне Чыўнэ Сігіхара пераехаў спачатку ў Прагу, а пазней у Кёнігсберг. Неўзабаве яго сакратаром стаў паручнік Дашкевіч, які ў сакавіку 1941 года перадаў заходнім хаўруснікам сакрэтную інфармацыю пра тое, што Гітлер рыхтуе напад на Югаславію.

Каханне прывяло да правалу

Аднак дзейнасць польскіх шпіёнаў у Трэцім Рэйху ўсё ж была выкрыта. Ігар Кунцэвіч (ён жа Альфонс Якубянец) завёў раман з замужняй супрацоўніцай консульства Манчжоў-Го. Яе ашуканы муж сабраў інфармацыю на «рускага» і перадаў яе ў гестапа. Якубянец быў арыштаваны. Пасля пытак, яго павесілі ў лагеры Закцэнхаўзэн (па іншай інфармацыі забілі ў берлінскай турме Моабіт).

Чыўнэ Сігіхара

Чыўнэ Сігіхара


Японцы паспрабавалі ўратаваць паручніка Дашкевіча. 20 ліпеня 1941 года з японскай амбасады ў Берліне ў Кёнігсберг была адпраўлена дэпеша, у якой паведамлялася пра арышт капітана Якубянца. Консул Чыўнэ Сігіхара загадаў схаваць Лешака Дашкевіча на канспіратыўнай кватэры, а ў жніўні 1941 года Дашкевіча тайна вывезлі ў Стамбул.

Але Міхал Рыбікоўскі працягваў даволі эфектыўна працаваць у Стакгольме. Яму удалося сабраць шмат важнай вайсковай інфармацыі, маючай дачыненне да германа-японскага вайсковага супрацоўніцтва. Акрамя гэтага, Рыбікоўскі стварыў эфектыўную шпіёнскую сетку ў Швецыі, якая дзейнічала на карысць хаўруснікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Маёр Войска Польскага сабраў падрабязную інфармацыю наконт патэнцыяла японскай арміі.

У 1944 годзе Абвер напаў на след Рыбікоўскага. Швецыя выслала Міхала ў Вялікабрытанію. Ён паступіў на службу ў ІІ польскі корпус у Італіі і ўдзельнічаў ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў. За поспехі ў шпіёнскай дзейнасці Міхалу Рыбікоўскаму было прысвоена званне палкоўніка і ён быў узнагароджаны другім Крыжом Віртуці Мілітары.

Пасля вайны Міхал Рыбікоўскі пераехаў у Канаду, дзе жыў да самой смерці ў 1991 годзе.


Фота з архіва Ігара Мельнікава