«Хоць пад ботам акупанта, рабіць беларускую працу». Да дня народзінаў Наталлі Арсенневай
Як пранесці праз пекла XX стагоддзя сваю праўду і творчасць і ніколі не ўпасці ў адчай? Звернемся да ўспамінаў Наталлі Арсенневай, чыя спадчына адгукаецца ў нас хрысціянскім гімнам «Магутны Божа».
Нарадзілася ў Баку, але лічыла Вільню сваёй адзінай Бацькаўшчынай
«Нарадзілася я пад канец 1903 году (самай восеняй) у месьце Баку на Каўказе, на Каспійскім моры, дзе бацька мой быў тады начальнікам Бакінскай Мытняй Акругі. Але калі мне не было яшчэ й двух год, бацьку майго перавялі на захад, спачатку на Валынь, а тады ў Вільню.
Вільню я й лічу сваёй сапраўднай Бацькаўшчынай, бо толькі тут я пачала памятаць сябе, пачала жыць сьвядомым жыцьцём, тут я вырасла, вучылася, пазнала добрае й благое, і гора, і радасьць. Вільню я люблю і па ёй толькі сумую.
Мае бацькі былі, фактычна, няроўнай парай і па гадох, і па розьніцы ў паглядах, і па народжаньню. Але абое яны стварылі добрую сям’ю для нас, дзяцей», — узгадвала спадарыня Наталля.
Выхоўвалася ў строгасці
Наталля мела дзвюх сясцёр і брата. Ейная маці была настаўніцай і дала дзецям выдатную хатнюю адукацыю. Паэтка піша ва ўспамінах:
«Маці старалася зрабіць усё, каб даць нам найлепшае разьвіцьцё і асьвету, зрабіць нас ня лялькамі, а людзьмі. (Бацька зусім нашым выхаваньнем не займаўся, пакідаючы гэтую справу матцы). Часам маці нават перадавала ў гэтым сваім імкненьні. Каб не разьвіць у нас перадчасна так званага па-расейску «кокетства» (страшэнны грэх у матчыным разуменьні), нас апраналі вельмі сьціпла, валасы (а мы, усе дзяўчаты, мелі іх вельмі доўгія й прыгожыя) запляталі туга й гладка ў косы, не дазвалялі сябраваць абы з кім, нікуды не пушчалі адных, не вучылі танцаваць, а наадварот, тых дзяцей, што танцуюць, высьмейвалі й г.д.
Але затое нас вучылі ўсяму, што было магчыма: музыцы, мовам. Маці вучыла нас сама, рыхтуючы ў гімназію, і вучыла шмат шырэй, чымся патрабавалася праграмай. Мы любілі вучыцца і ведалі шмат больш, чымся нашыя аднагодкі. Маючы 4 гады, я ўжо зусім добра чытала, а ня маючы 10-ці год, я бліскуча здала ўступны экзамен і паступіла адразу ў другую клясу Віленскае Марыінскае гімназіі, што месьцілася тады на Лукішскім пляцы й дзе была пасьля Літоўская гімназія».
Трапіўшы ў беларускую вёску праз вайну, закахалася ў нашую мову і культуру
Пачатак Першай сусветнай вайны Наталля Арсеннева сустрэла трэцякласніцай гімназіі. У 1914 годзе сям’я паэткі эвакуіравалася ў Яраслаўль.
«Тут мы дачакаліся й перажылі і першыя часы рэволюцыі, і апошнія дні вайны, і крывавае Яраслаўскае паўстаньне ўлетку 1918 году, калі выгарэла большая частка гораду, і бальшавіцкія рэпрэсіі. Рабіць у Расеі не было ўжо чаго, і бацькі наважылі варочацца ў Вільню, дзе мы былі пакінулі ўсю маёмасьць».
Шлях да Вільні быў страшэнна цяжкім, ён праходзіў этапамі і заняў больш за год. Некаторы час сям’я пражыла ў горадзе Дрыса (сёння Верхнядзвінск).
«Праз Дрысу якраз пайшоў фронт. На адзін бок сталі палякі, на другі — бальшавікі. Места згарэла, мы ўцяклі на вёску, ды тут і засталіся зімаваць. Праўда, у Дрысе была гімназія, і мы нават туды паступілі ў сёмую клясу, але пад вечным абстрэлам ні вучыцца, ні жыць было немагчыма».
Перажытыя жахі ўпершыню прывялі Наталлю ў беларускую вёску, сустрэча з якой сталася для маладой дзяўчыны лёсавызначальнай.
«Сёньня, з пэрспэктывы часу, я бачу, што месяцы, пражытыя пад Дрысаю на вёсцы, літаральна ў голадзе й холадзе, выйшлі мне на вялікую карысьць. Справа ў тым, што тут я ўпершыню сутыкнулася, і то зусім беспасярэдне, зь беларускаю вёскаю й найчысьцейшай беларускаю моваю. Мы жылі ў невялікай сялянскай хаце разам з гаспадарамі, лянівым Юркам і ягонаю спрытнаю, злоснаю, але вельмі працавітаю жонкаю. Тут я пачула ўпершыню і беларускія песьні, і беларускія казкі. Я вельмі ўсім гэтым зацікавілася, і вёска, і людзі, і песьні, і мова падабаліся мне незвычайна».
«Цешылася, што ў голадзе і холадзе магла ізноў вучыцца»
Сям’я вярнулася ў Вільню толькі ў 1920 годзе, перажыўшы ў дарозе іспанку, ад якой памерла сястра Наталлі — Галя. У Вільні Арсенневым жылося цяжка.
«Маме ўдалося ўладзіцца працаваць на амэрыканскую дапамаговую кухню ў беларускай гімназіі. Гэта былі вельмі галодныя пасьляваенныя часы, і кухні такія былі адчыненыя пры ўсіх школах, каб дакармліваць дзяцей і моладзь. Працуючы там, мама пазнаёмілася й пасябравала шмат із кім з настаўнікаў, і ў выніку гэтага пад вясну 1920 году мы ўсе трое былі прынятыя ў гімназію. Як я цешылася, што хоць у голадзе й холадзе, але я магла ізноў вучыцца!»
Арсенневу-паэтку прадставіў свету Максім Гарэцкі
Пра такіх настаўнікаў, якія былі ў Наталлі ў беларускай гімназіі, можна было толькі марыць — Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч… А літаратуру ёй выкладаў Максім Гарэцкі.
Наталля ўспамінала: «Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам. Аўтар кнігі, што мне спадабалася, пісьменьнік... Настаўнік літаратуры, якую я так любіла... Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю?
На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!). Ці дзіва, што гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнаньня беларускай мовы і апанаваньня ёю?
Я доўга не адважылася гаварыць аб тым, што і я пішу, Гарэцкаму. Зрэшты, якая з гэтага была б карысьць? Гарэцкі... і расейскія вершы! І я маўчала, і вучылася, і чытала».
Аднойчы Наталля Арсеннева ўсё ж наважылася паказаць вершы ўлюбёнаму выкладчыку.
«Перапісаўшы іх чысьценька, я сабралася з адвагаю й падала іх Гарэцкаму пасьля лекцыі. Ён узяў, паглядзеў на мяне, сказаў «цікава» й пайшоў. Увечары таго ж дня, а было гэта ў суботу, у нас мелася быць, як заўсёды, вечарынка, рэфэрат ці выступ хору, а тады танцы. Мы сабраліся ўсе, селі. Людзей было шмат, бо на нашыя вечарынкі прыходзілі ня толькі вучні гімназіі, але і ўсе наагул беларусы-віленчукі.
Раптам на эстраду выйшаў Гарэцкі й папрасіў слова на пару хвілінаў. Усе думалі, што ён хоча зрабіць якую заўвагу вучням, так думала і я. Але што са мной сталася, калі я пачула, у чым справа. Гарэцкі зьвярнуўся да публікі так:
«Я хачу вас сёньня пацешыць, асабліва тых, хто любіць беларускае слова. Дай Бог, каб я не памыліўся, але мне здаецца, што ў нас сёньня нарадзілася паэтка, большая і за Цётку, і за Буйлянку».
І тут ён выняў паперкі з маймі вершамі й прачытаў іх слова ў слова, без ані аднэй папраўкі. Людзі пачалі пляскаць, усе сталі глядзець на мяне, а мне здавалася, што я памру са стыду. Але ўсё абышлося як найлепш».
У 1921 годзе Наталля скончыла восьмы клас гімназіі і з дапамогай Браніслава Тарашкевіча ўладкавалася працаваць настаўніцай у беларускую пачатковую школу ў Вільні. Так яна стала ў сям’і карміліцай.
«У хаце ўсе павесялелі», — адзначала паэтка.
Выйшла замуж за змагара за незалежную Беларусь, будучага генерала Францішка Кушаля
Наталля Арсеннева пазнаёмілася з Францішкам Кушалем яшчэ ў часе навучання ў гімназіі, пазней жа маладыя людзі сустракаліся на ўніверсітэцкіх лекцыях.
«Хутка сталася так, што, праслухаўшы адну ці дзьве лекцыі, мы апыняліся ў Бэрнардынскім садзе або на Замкавай гары. У хаце ўсе былі, аднак, перакананыя, што я пільна вучусь, хоць мо’ й дзівіліся часам, што лекцыі так доўга зацягваюцца», — пісала Арсеннева.
«Роўна праз год, 28-га верасьня 1922 году, я выйшла замуж, і назаўтра мы з мужам выехалі зь Вільні, каб ніколі туды на стала не вярнуцца. Два гады пазьней я была ўжо маці двух хлапцоў».
Адзначала, што «жанчыне цяжка быць паэтам»
«Быць жонкаю й маці — рэч зусім для паэзіі не спрыяючая. Я часам сама дзіўлюся, што я ўсё ж ня кінула пісаць, што пішу й да сяньня. Сямейнае жыцьцё дазваляла мне вельмі рэдка адрывацца, аддаваць час творчасьці. Штодзённыя жыцьцёвыя клопаты не даюць часу быць аднэй, мець супакой і спакойныя, нічым іншым не занятыя думкі, каб магчы тварыць. За кожную часіну для пісаньня мне даводзілася ходацца, кожную вытаргоўваць, аплачваць прыкрасьцю й непаразуменьнем. Дый сабрацца з думкамі, стварыць належны настрой было блізу немагчыма ў хаце, поўнай дзіцячага крыку й тупату. Ды дарма, я хутка навучылася лявіраваць, выкручвацца паміж мужам, дзецьмі, кухняй і... вершамі».
«Жанчыне наагул вельмі цяжка быць паэтам. Яна, асабліва зьвязаная сям’ёй, можа пісаць, толькі маючы або вельмі ўпарты талент, або стойкую натуру, або тэмпэрамэнт, які не паддаецца так лёгка абставінам і чужым уплывам, а робіць сваё. Шэрая будзёншчына — гэта магіла для ўсялякае творчасьці», — пісала Наталля, азіраючыся на свой шлях.
Міжволі была адарванай ад беларускага асяроддзя
Пасля шлюбу маладая сям’я пераехала ў Слонім. «Я доўга не магла прывыкнуць да вайсковага польскага асяродзьдзя», — пісала Наталля.
«Трэба было хавацца з сваёй беларускасьцяй».
Шчаслівым часам сталіся для яе вакацыі ў вёсцы Доры Валожынскага павета, дзе жыў дзед Францішка Кушаля: «Я пазнала тут найчысьцейшую беларускую мову, песьні, звычаі, пабывала на вясельлях, хрэзьбінах, зжылася і зь людзьмі, і з прыродай. Шмат песьняў я запісала, а мэлёдыі вывучыла на памяць».
У 1924 годзе мужа Наталлі перавялі на Памор’е, дзе ім было наканавана пражыць доўгія 13 гадоў.
«Жыцьцё гэтае ўсе гэтыя гады мала спрыяла паэтычнай творчасьці. Праўда, я ўжо асвоілася і з польскай мовай, і з жыцьцём вайсковае сям’і. Нішто ўжо не дзівіла мяне. Я й сама ўсёй душой наўчылася аддавацца і танцам, і фліртам, і вечарынкам. Але пісаць — я пісала няшмат. Адарваная ад беларускага асяродзьдзя, я толькі крыху й здалёк чула аб здарэньнях і перажываньнях, што хвалявалі яго. Аб чым жа я магла пісаць? Толькі аб тым, па чым я сумавала — аб Вільні, аб беларускіх барох, палёх, песьнях. Былі такія гады, калі я ня ведаю, ці напісала хоць пару вершаў... Праўда, былі і іншыя, шчасьлівейшыя, калі я пісала больш».
У 1940 годзе без абвінавачання была саслана ў ГУЛАГ
Страшэнны 1939 год Наталля сустрэла ў Вільні. Сувязі з мужам тады яна не мела. Пазней стане вядома, што Францішак Кушаль трапіў у бальшавіцкі палон. Калі ж Вільню занялі літоўцы, Арсеннева з сынамі не мела магчымасці там пракарміцца.
«Заставалася адно — варочацца ў Доры, дзе хоць быў пакуль што кавалак хлеба і якая бульбіна, каб не памерці з голаду. Шкада было хлапцоў, яны так схуднелі. І я наважылася. Падала заяўку ў бальшавіцкую рэпатрыяцыйную камісію аб дазволе ўезду на тэрыторыю, што была пад Саветамі. Атрымала дазвол. 31-га сьнежня, напярэдадні Новага Году, я з хлапцамі пакінула яшчэ раз Вільню і апынулася ў Савецкім Саюзе».
Сям’я спынілася ў Вілейцы. Максім Танк дапамог Наталлі Арсенневай уладкавацца на працу ў рэдакцыю мясцовай газеты, сыны Наталлі пайшлі ў дзесяцігодку. «Усё трэба было цярпець, бо я хацела, каб хлапцы мае маглі вучыцца, хай і ў савецкай школе, і не былі галодныя, як у Вільні», — пісала паэтка.
Крыху пазней Саюз беларускіх пісьменнікаў запрасіў Арсенневу і Танка ў Мінск. Там яны пазнаёміліся з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем.
«Аднае прыгожае раніцы, калі я толькі ўставала з ложка, каб ісьці ізноў у рэдакцыю пасьля недаспанае ночы, у нашыя дзьверы пастукалі ўзброеныя энкавэдысты.
Яны зь месца абшукалі мяне, дарма, што я была яшчэ нават без сукенкі, і загадалі мне зараз жа зьбірацца з хлапцамі, куды — яны не сказалі. Хлапцы былі ў школе. Па іх пайшло двух энкавэдыстых із штыкамі «наперавес». Два іншыя тым часам абшуквалі пакой, дзе мы жылі, і ўсе мае небагатыя рэчы», — пісала Наталля.
«Аб мужу ж я ведала толькі адно, што пайшоў ваяваць і трапіў у савецкі палон. На падлогу вывернулі валізу, сьцягнулі з лавы, на якой была мая пасьцель, коўдру й падушкі, усё ператрэсьлі. Забралі альбом з фатаграфіямі, кнігі, лісты. Ярку (старэйшаму хлапцу) удалося схаваць колькі фатаграфіяў пад кашуляй на грудзёх, рэшта так і загінула. Пасьля перагляду рэчы й пасьцель абы-як зьвязалі ў клумак, і неўзабаве мы ўжо стаялі ў машыне, якая імчала вуліцамі Вялейкі».
Так Наталля з сынамі апынулася ў таварным цягніку, поўным іншых спалоханых і заплаканых зняволеных бальшавікамі жанчын і дзяцей. «Падарожжа нашае трывала блізу 3 тыдні. Цяжка сёньня паверыць, што знайшліся сілы ператрываць усе злыбяды, што выпалі на нашую долю падчас гэтага жудаснага падарожжа. Ехалі мы ўвесь час пад моцнаю эскортаю брутальных энкавэдоўцаў, у шчыльна замкнёных вагонах, у пацёмку, у холадзе й голадзе. Есьці нам упершыню далі толькі на трэці дзень, калі мы мінулі межы Беларусі», — запісвала жудасныя ўспаміны Арсеннева.
Праз бясконцыя 20 дзён дарогі людзей з вагона, у якім была Наталля, выгрузілі ў глухой вёсцы Дзмітраўка, што была за 70 кіламетраў ад чыгункі.
«Назаўтра прыехалі з раённага НКВД. Сабралі нас усіх у сельсавеце. Доўга перапісвалі нас, дапытвалі, а нарэшце сказалі, што мы ня маем права нікуды з нашае вёскі выходзіць, што маем штодня а 7 гадзіне раніцы мэльдавацца ў сельсавеце і што... мусім сабе радзіць, як патрапім. «У каго няма грошай, а яны, пэўне ж, ёсьць у кожнага, вы ж «памешчыкі», — сказаў адзін з энкавэдыстых, — той можа ісьці «пабатрачыць у калгасьнікаў». Нам да вас справы няма, і працы мы вам ніякай даць ня можам, пакуль вы не «перевоспитаетесь» і не «раскулачитесь».
Гэта быў красавік. Наперадзе Наталлю чакалі 10 месяцаў выжывання.
«Усю зіму мы праседзелі ў нашай зямлянцы ўпацёмку, бо не было ні газы, ні сьвечак. Адзін раз, памятаю, столькі было выпала ўначы сьнегу, што нас зусім засыпала, і толькі праз суткі калгасьнікі-суседзі адкапалі нас.
Ды ўсё ж мы жылі й нават ніколі асабліва не кідаліся ў роспач. Відаць, ні голад, ні сьцюжа, нястачы ці цемра не патрапяць зламіць чалавека».
На Лубянцы НКУСаўцы ўгаворвалі Арсенневу падпісаць развод з Кушалем
Адным лютаўскім днём Наталлі было загадана ехаць у Маскву. Прычыну паэтка не ведала, але ўжо і нічога не баялася.
«На шосты дзень я шчасьліва заехала ў Маскву, знайшла па адрасе на канвэрце ліста Маскоўскае НКВД (на Лубянцы), ізноў запаўняла там бясконцыя анкеты, адказвала на бясконцыя пытаньні.
Энкавэдоўцы стараліся намовіць мяне, каб я падпісала развод із маім мужам, але я адмовілася. І падумаць толькі, што муж мой быў якраз у гэтым часе там, на Лубянцы, можа, празь якую сьцяну ад мяне, а я й не падазравала гэтага!»
Не здолеўшы дамагчыся свайго, «энкавэдоўцы» адправілі Наталлю назад у высылку і загадалі пра маскоўскі візіт маўчаць. Праз тры тыдні Наталлі прыйшла папера пра тое, што яны з сынамі звольнены і могуць вяртацца «на прежнее местожительства».
Жыццё і творчасць пад акупацыяй
«Дзён праз дзесяць пасьля мы былі ўжо ў Дорах, дзе засьпелі вялікія зьмены. Нашых выселілі з дому, там зрабілі школу, зямлю адабралі пад калгас. Сад увесь памерз, не засталося ні яблынкі... Усюды гаспадарылі чужыя людзі. Але дарма, мы былі ў хаце і ўсё!»
Праз некаторы час дадому, у Доры, вярнуўся і вызвалены з Лубянкі Францішак Кушаль.
«Навокал рабіліся і страшныя, і цікавыя рэчы. Праляцеў фронт, бальшавікі паўцякалі, калгасы раскідаліся, усё пачало варочацца да ранейшага. Угары кружылі, як тыя каршуны, самалёты. Уздоўж даляглядаў паўзьлі дымы, уначы неба было страшное й чырвонае. «Гэта гарыць Менск», — гаварылі людзі, спакойна сянуючы, жнучы, сеючы, як быццам не было нічога гэтага — ні вайны, ні самалётаў, ні пажараў».
Пазней Наталля з мужам пераехалі ў Мінск, «дзе адчынялася магчымасьць, хоць пад ботам акупанта, рабіць беларускую працу».
Пасля пераезду «крыніца натхненьня, удосыць напоеная перажытым, пазнаным і перацярпелым, выбухла». Так нарадзіўся першы верш гэтага новага пэрыяду мае творчасьці — «Паўшым».
Наталля Арсеннева пачала працаваць у рэдакцыі «Беларускай газеты» пад кіраўніцтвам Антона Адамовіча. Жыццё наладзілася.
«Хатняе нашае жыцьцё таксама ў гэным часе ажывілася. Прыехалі зь вёскі хлапцы, завяліся знаёмствы. Тэатар наш, які я вельмі палюбіла, таксама даваў шмат прыемнага. І хоць жылося вельмі голадна, холадна й цёмна, бо ў разьбітым, зьнішчаным вайною Менску ўсяго не ставала, чалавек аж гарэў жаданьнем жыць і тварыць», — узгадвала Наталля Арсеннева.
22 чэрвеня 1943 года ад міны, закладзенай камуністамі ў Мінскім гарадскім тэатры, загінуў сын Наталлі і Францішка – Яраслаў
«Надышоў дзень 22 чэрвеня, найгоршы, найцяжэйшы дзень у маім жыцьці. Наш Ярак, якога я так любіла, быў разарваны мінаю, падложанаю ў тэатры. Разам зь ім загінула шмат, шмат іншых. Немагчыма было, здаецца, перажыць гэныя дні, а трэба было. І я сапраўды ня ведаю, каму я павінна дзякаваць за тую сілу, той дзіўны гарт, які даў мне ператрываць гэты час спакойна, — лёсу, Богу?
Пахаваньне ахвяраў бальшавіцкага тэрору было ўрачыстае, ды я мала што памятаю. Памятаю толькі, што трунаў было 14. Памятаю, што сьвяціла сонца і што я плакала, і плакалі ўсе вакол...»
«Хай будзе, што мае быць заўтра, абы сяньня зрабіць як мага больш»
Адным восеньскім днём супрацоўнікі «Беларускай газеты», дзе працавала Арсеннева, знайшлі закладзеную ў рэдакцыі міну. Ёй быў забіты паліцыянт, што прыехаў на выклік газетчыкаў. Пазней чырвонымі партызанамі быў забіты адзін з рэдактараў газеты. Пасля гэтага здарэння супрацоўнікі газеты адмовіліся працаваць пад пагрозай забойства, і Наталля, палічыўшы, што «бальшавікі будуць вельмі цешыцца, што дапялі свае мэты, спынілі выхад газэты», стала на чале выдання.
Справа пайшла, хоць жыццё ў Мінску ўвесь час трымалася на валаску: «За кожнай руінай цікаваўся, здаецца, забойца, за кожным паваротам чакала, здаецца, сьмерць».
«Я набралася сьмеласьці й пэўнасьці, пачала верыць у свае сілы. Усё здавалася мне лёгкім і магчымым, усе нашыя людзі — добрымі й цікавымі», — пісала Наталля Арсеннева.
«Жыцьцё, дарма што я зазнала ў ім столькі благога й страшнага, — вартае жыць! А падзеі разгортваліся... Тэрор акупантаў, паленьне нашых вёскаў, нішчэньне людзей, набліжэньне фронту — усё выклікала пачуцьцё вусьцішы. У адказ на яго і я, і ўсе вакол намагаліся працаваць і тварыць: хай будзе, што мае быць заўтра, абы сяньня зрабіць як мага больш».
Пасля вайны
З пачаткам наступлення савецкіх войскаў на Мінск Наталля эвакуіруецца ў Берлін.
«Зруйнаваны й спалены, як і наш Менск, ён стаўся яшчэ бліжэйшым мне. Працы я мела шмат, але мела й час на творчую працу. Спрыялі гэтаму ўмовы жыцьця. Я не вяла ніякае гаспадаркі ў хаце, цэлы дзень была за домам, жыла шумным часамі, а то й ціхім, працавітым рэдакцыйным жыцьцём. Тут, у Бэрліне, я напісала большую частку вершаў, што маюць увайсьці ў мой зборнік «Не астыць нам».
Але праз няспынныя бамбёжкі 3 лютага 1945 года Наталля пакінула горад. Разам з сям’ёй Шчагловых і Каханоўскіх яны прыпыніліся ў мястэчку Амберг паблізу чэшскай мяжы.
«Умовы, у якіх мы як уцекачы, а да таго яшчэ і аўслендары, апынуліся, былі вельмі цяжкія. Мы спалі на падлозе, на саломе, усе разам. Ня мелі ніколі цёплай вады, ня мелігарачае кавы ці проста звычайнага вару раніцамі. Ледзь не галадалі. Але гумару, як і заўсёды, ня трацілі й духам ня падалі. Я нават з прыемнасьцяй, як мілы ўспамін, захоўваю сяньня ў памяці гэтыя галодныя й халодныя амбэргскія часы. Тут засьпеў нас канец вайны й прыход амэрыканцаў».
Далейшыя гады паэтка са сваім мужам правяла ў лагерах для гэтак званых «перамешчаных асоб».
Пасля пераезду ў ЗША некаторы час працавала на фабрыцы кансерваў
15 чэрвеня 1950 года Наталля Арсеннева пераехала ў ЗША.
«Кожны з нас браўся за любую працу, якая яму траплялася, каб хутчэй стаць незалежным, каб нічога нікому ня быць вінаватым. Я трапіла на кансэрвавую фабрыку. Не скажу, каб праца была надта прыемная, салёная вадкасьць разьядала скуру на руках, але неяк пра гэта ня думалася. Потым перайшла я на фабрыку цукерак, ну там было ўжо крыху лягчэй. А найдаўжэй працавала я на трыкатажнай фабрыцы, дзе мы вязалі сьвітары», — пісала Наталля.
У 1952—1954 гадах Працавала рэдактарам у эмігранцкай газеце «Беларус», на «Радыё Свабода», у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
У 1966 годзе пісала ў лісце да Масея Сяднёва: «Трэба зарабляць на кавалак хлеба. Муж ужо год як на пэнсыі. Пэнсыя «Сошыял Сэкьюрыты» вельмі малая, дык зарабляю на нашае жыцьцё я адна. І аб паэзіі думаць няма калі».
У 1967 годзе памерла нявестка Арсенневай — Наталля Кушаль. Паэтка пераехала да сына ў Ротчэстар, штат Нью-Ёрк, каб даглядаць унука.
Там жа, у Ротчэстары, 25 ліпеня 1997 года, ва ўзросце 93 гадоў, Наталля Арсеннева памерла. Пахавалі яе побач з мужам на мясцовых могілках.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу была выкарыстана крыніца: Натальля Арсеньнева. Аўтабіяграфічны нарыс / Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. 1999