«Ня поўныя беларусы». Недаацэнены геній Ўладзіслава Паўлюкоўскага
Падаецца, беларуская літаратура, у адсутнасьць у пэўныя стагодзьдзі сваёй дзяржавы, навукі, заняла гэтыя нішы і ўдала выконвала функцыі захаваньня беларускай самабытнасьці. Нават цяперашняя дзяржава ніяк не справіцца з гэтай місіяй, хоць яна проста можа павучыцца ў літаратуры. Але не жадае, баіцца ці па-просту ня ведае сваёй літаратуры. Ці ня таму і нішчыць моцную супэрніцу?
Тэксты-залацінкі нашага пісьменства падкрэсьліваюць празарлівасьць, крытычнасьць, эўрапейскасьць, эстэтычнасьць і сацыяльнасьць многіх беларускіх аўтараў і аўтарак. На жаль, беларуская літаратура як з школьных праграмаў, так і з архіўных скарбніцаў, застаецца малавядомай, маргінальнай, не пачутай ці не дачутай. Падаецца, мэта імпэрыі дасягнутая: у галовы беларусаў праз панаваньне расейскай мовы былі ўдзяўбаныя добрае веданьне і любоў выключна да расейскай літаратуры, «адзінай магутнай і непаўторнай», як любяць паўтараць і падкрэсьліваць адэпты «рускага сьвету». Іншыя, гэтак званыя «нацыянальныя» літаратуры разьвіваліся, але ўвесь час і паўсюль пазначалася іх другараднасьць і вытворнасьць ад літаратуры расейскай. Тым ня менш, пастаянныя чысткі, карэкціроўкі мясцовых літаратураў з цэнтру і разьвітасьць дасавецкай, альтэрнатыўнай, падпольнай, дысыдэнцкай і эмігранцкай літаратуры разьбівалі і, урэшце, разьбілі міт пра «адзіную магутную і непаўторную расейскую літаратуру». Няма сумневу, толькі аднабаковасьць ды няведаньне іншай літаратуры і мовы дазваляла так думаць і казаць. Чытаньне і вяртаньне забытых, вынішчыных беларускіх аўтарак і аўтараў няўмольна мяняе аднабаковы сьвет, вынішчае зручныя для многіх ідэалягічныя арыентыры, правакуе неабходную дэзарыентацыю і ўсё ж будуе і ўзмацняе беларусацэнтрычны годны і самадастатковы сьвет.
У гісторыі беларускай літаратуры можна бясконца знаходзіць крыніцы натхненьня, зьдзіву і гонару, у чым як ніколі сяньня маюць патрэбу ня толькі расьцярушаныя па сьвеце, але і ў гасьцях, хоць і ў сябе дома сучасныя беларусы. Сьпіс гэтых крыніцаў натхненьня, зьдзіву і гонару бязьмежны: ад дзівосных, фантазійных, містычных тэкстаў Яна Баршчэўскага ў 19 стагоддзі да моцных фэмінісцкіх тэкстаў Евы Вежнавец і Алены Брава ў 21 стагоддзі. І да ўсяго сьпіс набрыньвае ў 20 стагодзьдзі сотнямі незабыўных і геніяльных імёнаў расстралянай, эмігранцкай, зрэдчас вытрывалай у Саветах літаратуры.
Да залацінак нашай літаратуры належыць і добра падзабыты пісьменьнік, паэт, перакладнік, этнограф, мастак і вайсковы фатограф Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955), які часта друкаваўся пад псэўданімамі, часьцей усяго пад псэўданімам Улад-Ініцкі.
Ён сьціпла ляжыць на віленскіх Росах, помнік ягоны разбураецца, нагадваючы нам, ацалелым і мірна жывучым у Вільні, аб тым, што тэрмінова варта абнавіць надмагілак беларускага волата, вязьня Лукішак, Бярозы Картускай і ГУЛАГу. А ягоныя творы-арыгіналы за 1928, 1929 і 1940 гады ў вольным доступе знаходзяцца ў віленскіх бібліятэках, у прыватнасьці ў Нацыяналцы, якія рэдкія замаўляюць, як сьведчыць гісторыя замоваў. Ён быў, да ўсяго, вайсковым фатографам. Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне, на здымках увекавечыў паўсядзёншчыну і жуду вайны. Фотаальбомы захоўваюцца ў Менску. На тле новай вайны, што разьвязала Расея, малавядомыя фотапрацы беларускага пісьменьніка набылі актуальнасьць і дэманструюць зноў і зноў кароткую памяць чалавецтва.
Напісаў Уладзіслаў Паўлюкоўскі ня так шмат, але ж галоўнае – як ён пісаў. Так, Зоська Верас у лістах Адаму Мальдзісу паведамляла пра забытага беларускага дзяяча Ўладзіслава Паўлюкоўскага. Зоська Верас дадала: «Ён няшмат пісаў, і творы сярэдняй вартасці, але адна работа вельмі цікавая — каляндар на круглы год».
Этнаграфічная праца Паўлюкоўскага сапраўды заслугоўвае ўхвалы і перадруку. Але не магу пагадзіцца з слыннай Зоськай Верас наконт «сярэдняй вартасьці ягоных твораў». Бо, напрыклад, сьціплы зборнічак «Апавяданьні» за 1929 год — якраз сьведчыць пра недаацэнены геній пісьменьніка. Проста, сьцісла, але выбухоўна і кранальна пісаў Улад-Ініцкі. Зборнік складаецца з часам сумных, а часам мудрагеліста вясёлых абразкоў з жыцьця беларусаў за Польшчай, у прыватнасьці Вільні. Гісторыйкі дасюль застаюцца актуальнымі і павучальнымі, бо аўтар кпіць зь беларусаў, з сябе, крытыкуе крывадушніцтва Касьцёла і Царквы, скнарства рэлігійнікаў і адвечную несалідарнасьць беларусаў.
Пісьменьнік асабліва быў вядомы сваімі гумарыстычнымі творамі: вершаванымі («Сон Гаўрылы: і розныя вершы», 1928; «Клім бабаю і іншыя жарты», 1929) і празаічнымі («Апавяданні», 1929). У іх ён апісваў анэкдатычныя жыцьцёвыя сытуацыі, розныя камічныя здарэньні. Як гумарыстычны аўтар Уладзіслаў Паўлюкоўскі ўпісваўся ў лінію такіх аўтараў-аднагодкаў, як Леапольд Родзевіч, Андрэй Мрый ці маладзейшы Лукаш Калюга.
У прыгаданым сьціплым зборнічку «Апавяданьні» (1929) адзін тэкст Паўлюкоўскага заслугоўвае асаблівай ўвагі — «Ня поўныя беларусы». Гэта вельмі насычанае кароткае апавяданьне з цікавым філязофскім і палітычным пасланьнем, а да ўсяго — з мудрагелістай фэмінісцкай падаплёкай. Ужо толькі з адным апавяданьнем «Ня поўныя беларусы» пісьменьніку пры іншых ды спрыяльных умовах была б забясьпечная слава. Але нават у неспрыяльных умовах тэксты пісьменьніка дажылі да нашага часу і зьдзіўляюць сваёй сучаснасьцю. А яшчэ крамяным гумарам. Герой апавяданьня Язэп Налівайка раптам адчуў сябе беларусам, але зразумеў, што «нечага ў ім не стае, каб адчувацца поўным беларусам». І Язэп пачаў пошук паўнаты. З аднаго боку, пісьменьнік кпіць з свайго героя ды наагул з беларусаў, якіх жыцьцё навучыла сумнявацца, ня быць салідарнымі, пачувацца ня поўнымі, не сапраўднымі, увесь час азірацца на іншых, а, зь іншага боку, якраз праз фэмінісцкую тэму — адсутнасьць асобнай жаночай тэмы ў праграмах партыяў і ігнараваньне фэмінісцкай павесткі тагачаснага дня, пісьменьнік левых поглядаў удала крытыкуе тагачасныя партыі, якія сапраўды не імкнуліся актыўна ўключыць кабетаў у палітыку ды публічнае жыцьцё. Пісьменьнік не ўжывае слова «фэмінізм», але мы ведаем, што ў той час як у БССР, так і ў Беларусі за Польшчай панятак ня быў актыўна ўжываны — замест яго казалі «жаночае пытаньне». Дык якраз уся непаўната беларуская для Язэпа праяўлялася ў тым, што ў тагачасных партыях «няма нічога для жанчыны». Ён пастаянна паўтарае: «Добрая партыя, але ня поўная…без жанчынаў!» Хоць пісьменьнік кпіць з усяго: з партыяў, ня поўных беларусаў і нават з жаночага пытаньня, але пры гэтым ва ўсім чытаецца ягоная здаровая крытыка і пашана да правоў кабетаў. Вядома, пісьменьніку-гумарысту выпадае сьмяяецца з усяго.
Няма сумневу, рэабілітаваная спадчына забытага віленскага пісьменьніка зацікавіць як аматараў і аматарак прыгожага пісьменства, так спэцыялістаў і спэцыялістак у беларускай палітычнай і гендарнай гісторыі.
Цікава, што і сяньня, асабліва пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі, мы таксама часта назіраем падобную зьяву – ня поўных беларусаў, якія сумняюцца, бясконца шукаюць сябе, крытыкуюць усіх і ўсё, не салідарнічаюць і, да ўсяго, усяк апраўдваюць гэта. Зьява, так удала літаратурна апісаная дзевяноста зь нечым гадоў таму беларускім віленскім пісьменьнікам, насамрэч, зьяўляецца багатым матэрыялам для вывучэньня ў межах паліталёгіі, фэмінізму і філязофіі. Літаратура зноў і зноў сілкуе і дае цікавы матэрыял нашым сацыяльным і гуманітарным навукам, нагадваючы нам, што пісьменьнікі і пісьменьніцы часта апераджаюць час і бачаць рэчы, зьявы скрозь час. Ну і сам Уладзіслаў Паўлюкоўскі на ўласным прыкладзе ўпартага аптыміста і гумарыста, вязьня Лукішак і двух лягероў прадэманстраваў, што ўсё ж так проста быць поўным беларусам.