Наш Караткевіч і яго Украіна

Уладзімір Караткевіч памёр 39 гадоў таму, у гарачы ліпеньскі дзень у Мінску. Значная яго частка жыцця была непасрэдна звязана з Украінай, дзе ён навучаўся пасля вайны, да якой звяртаўся ў літаратурных творах і дзе жыло яго першае каханне. Нават у сённяшні час, неспрыяльны для беларуска-ўкраінскіх адносін, кіеўскія ўлады назвалі ў гонар беларускага генія вуліцу.

4_582.jpg

Пра вайну

Караткевіч пісаў: «Перафразірую крыху старую прыказку: Нават калі табе заўтра адсякуць галаву — не думай і не бойся, сей жыта сваё.

Такі прыблізна настрой быў у толькі што вызваленага Кіева, калі я ў 1944 годзе ўпершыню ўбачыў ягоныя вуліцы, ягоныя дрэвы, ягоныя камяніцы. Ягоныя руіны.

Горад быў ціхі, амаль бязлюдны. Горад прачынаўся ад страшнага сну. Вонкава цэлы, ён толькі пры набліжэнні да Крашчаціка адкрываў воку сваё знявечанае, абвугленае, узарванае, прастрэленае сэрца. Чалавек з прастрэленым сэрцам памірае. Горад і краіна не паміраюць, пакуль б’ецца сэрца хаця аднаго іхняга сына ці дачкі».

«У сорак дзявятым годзе я паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт на філалягічны факультэт. Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў».

Як згадваў Анатоль Верабей, кажучы пра гады навучаньня пісьменьніка ў Кіеўскім унівэрсітэце (1949-1954), Караткевіч заўжды вяртаўся да іх са зьмяшаным пачуцьцём глыбокай пяшчоты і сораму.

2_696.jpg

Пяшчоты – таму што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музэі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму – таму што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі.

Як піша Зоя Мельнікава, гады навучаньня ў Кіеўскім унівэрсітэце далі беларускаму юнаку пачуцьцё «прыналежнасьці да мінулага», дзіўнае адчуваньне, што яно не зьнікла бяссьледна, «што ты жывеш унутры яго» і сваім жыцьцём працягваеш яго.

Караткевіч быў перакананы, што менавіта тут, у старажытным намоленым продкамі горадзе, праз навучаньне і кнігі ён глыбей зразумее ўсходнеславянскае гістарычнае мінулае, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. І што было надзвычай істотным для ўдумлівага і дапытлівага беларускага студэнта — у Кіеве былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кнігаў і рукапісаў) і архівы.

Пасьля сканчэньня ўнівэрсітэту імя Тараса Шаўчэнкі Караткевіч пачаў працу настаўнікам у вясковай школе ў Лесавічах Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласьці ў 1954-1956 гадах.

Пра прыгожае

«А дзяўчаты кіеўскія! Дальбог, год гэтак пад трыццаць назад яны былі такія ж прыгожыя, як мінскія, слонімскія, рагачоўскія, а значыць, найпрыгажэйшыя ў свеце. І, божа мой, колькі ж яны задалі мне радасцей і пакут сардэчных! Колькі праз іх было напісана вершаў, колькі пераплакана, колькі ідыёцкіх выхадак зроблена (перайшоў на руках па перылах аднаарачны мост Патона між Першамайскім і Піянерскім паркамі — дзяўчаты здорава вішчэлі), колькі вулак і завулак выхаджана, асабліва ж на Пячэрску! Большасць маіх знаёмых чамусці жылі там.

Ідзеш начнымі вуліцамі. Спяць дамы і паркі. Калі гэта зіма, то малады снег галосіць ад шчасця пад нагамі. Калі восень — апошнія лісты ціснуцца да ліхтароў (тут цяплей), як я цягнуўся да каханай і жыў ля яе святла і цеплыні.

5_537.jpg

Памятаю... Гэх, што ўжо цяпер «памятаю». Дай вам Бог кахаць, і быць адрынутым, і быць каханым, як кахалі мы і як кахалі нас. А так проста... дзякуй вам, кіеўскія дзяўчаты, за ўсё, што вы нам, што вы мне дарылі. Дзякуй за ўсе бездані адчаю і вяршыні шчасця, за песні, за ласку, за прыгажосць вашу, якая нятленная давеку стаіць і стаяць будзе ў маіх вачах.

Шчаслівыя вы ці не — дзякуй. Каб я быў Бог — вы ўсе, усе былі б самыя шчаслівыя на свеце, самыя сагрэтыя святлом і дабрынёй».

Караткевіч мог загінуць у Кіеве

У 1949 годзе здарылася страшэнная аварыя, у якой загінулі каля 90 пасажыраў. Сярод загінулых пасажыраў мог быць і Уладзімер Караткевіч. Праз дзесяцігодзьдзі пасьля навучаньня, на канфэрэнцыі ў Кіеве, ён распавядзе свайму сябру Адаму Мальдзісу, як ехаў на трамваі «васьмёрцы» напярэдадні стыпендыі без квітка і на прыпынку кандуктар высадзіла яго.

3_624.jpg

«Ідзе пакрыўджаны і раптам чуе грукат, скрыгатаньне мэталу. Аказваецца, на павароце трамвай сышоў з рэек і з усяго размаху ўрэзаўся ў браму... Узгадваючы пра тую катастрофу, зь якой мала хто выйшаў жывым, Валодзя запар выпаліў дзьве папяросы і кожны раз, па студэнцкай звычцы, падпальваў запалкай белыя пасмы тапалінага пуху на асфальце», — згадвае яго сябра Адам Мальдзіс у сваёй кнізе ўспамінаў «Жыцьцё і ўзьнясеньне Уладзімера Караткевіча».

Караткевіч пра адрозненьне беларусаў і ўкраінцаў

«Цяпер пра мяса. Беларус згодзен толькі з другой паловай украінскай прыказкі «риба — линина, а м’ясо — свинина». Лін у нас не лічыцца добрай рыбай, засалодкі. Але свініна надзейна займае першае месца. Раней галоўным было сала, прычым асаблівым шыкам было есці «сала на повен рот, а хлеба так толькі, для смаку». Цяпер сала ўсё больш саступае месца летнім і зімнім каўбасам, паляндвіцам і іншаму.

Беларус — вялікі аматар пажартаваць з суседа, але яшчэ больш з самога сябе. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей. Гэта ў беларускім асяродздзі (сведчанне этнографа Красава) нарадзіўся славуты анекдот пра размову трох украінцаў.

Адзін расказваў пра гарадскі мост, зроблены «без ïдного цв’яшка». Другі страшэнна здзіўляўся. — «Без ïдного?» — «Без ïдного» — «І воли ïздять?»  «І воли»  «І машини?»  «І машини» «І начальство дозволяе?»  «І начальство». Трэці, які маўчаў, паківаў галавою і сказаў задуменна: «О так і людина, живе-живе, тай вмре».

Глядзіце таксама

Намаганьнямі Дзяніса Марціновіча атрымалася даведацаца пра дакладны адрас, дзе жыў Караткевіч.

«Дом, у якім жыў Уладзімер у 1944 годзе адразу пасьля вызваленьня Кіеву (час дзеяньня аповесьці «Лісьце каштанаў») знаходзіўся там, дзе і ў творы: на цяперашняй вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 52 (былыя назвы Фундуклееўская і Леніна). Цяпер у моцна перабудаваным доме знаходзіцца офіс кампаніі «Люфтганза».

Пра роднае

«Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры. Люблю Беларускае Палесьсе і казачна мяккую Наваградчыну, і адзіную ў сьвеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнага азёрнага краю. Іх нельга аддзяліць ад мяне, але ў Прыдняпроўі мне неяк больш прытульна.

На Украіне берагі Дняпра нагія, а тут яны ўсе ў лясах, курганах, у вёсках на ўзгорках, у садах, у забытых гарадзішчах, густа ўкрытых шыпшынаю і чартапалохам, у запушчаных парках», — пісаў Уладзімер Караткевіч.

Вуліца Караткевіча

Ініцыятар перайменаваньня, украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі, паведаміў, што імя Ўладзімера Караткевіча атрымала невялікая калярытная вуліца на Пячорску.

«Сам Караткевіч называў гэты раён любімым. Уражаньні ад маляўнічай Цялічкі, дзе ў 1940-я можна было проста сустрэць чарапах, аўтар выразна апісаў у мэмуарнай эсэістыцы. У той жа мясцовасьці адбываюцца кульмінацыйныя падзеі «Каштанавага лісьця», — распавёў украінскі дасьледнік біяграфіі Караткевіча.

1_756.webp

«Урэшце, ёсьць яшчэ адна важная дэталь. Як сказаў мне Сяргей Сьніжко, сын аднакурсьніцы і блізкай сяброўкі пісьменьніка, перайменаваная вуліца адпавядае характару Караткевіча — чалавеку, які не любіў хадзіць прамымі і лёгкімі шляхамі», — адзначыў Вячаслаў Лявіцкі.

За два гады да сьмерці

 У 1982 годзе Ўладзімер Караткевіч пісаў: 

«...Дзіўным сумам павеяла на мяне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы пастарэлі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор «лісця каштанаў» забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М. Булгакава; стары Зялёны тэатр падобен уначы на марсіянскі цырк, і не мільгнуць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.

Глядзіце таксама

Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але і за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гордасці, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.

І калі зноў выплывуць туманным Дняпром чаўны і людзі на іх спытаюць мяне "Чій се градок?", я азірнуся на кручы, на старадаўні горад, на іх і адкажу ў апошні раз:

Мой. Мой се градок. І маім будзе, пакуль існуе род чалавечы на зямлі, на берагах майго Дняпра».

Глядзіце таксама