Ева Ліцвінава: «Расейскамоўнага беларуса ад беларускай мовы аддзяляе толькі адна кніжка Караткевіча…»
Украінка з горада Днепр, якая жыве і вучыцца ў Польшчы, восем месяцаў таму ўпершыню пачула беларускую мову, а зараз размаўляе на ёй так, што цяжка адрозніць яе ад беларускі. У яе ёсць свой рэцэпт, як гэта зрабіць.
У сям’і ніхто ніколі не згадваў пра Беларусь
З Евай Ліцвінавай сустрэліся выпадкова на адной з беларускіх тусовак у Польшчы. Проста абмяняліся некалькімі словамі кшталту — ці вольнае тут месца. Але пазней я пачуў, што яна натуральна размаўляе па-ўкраінску, і здзівіўся. Удакладніў. Так, Ева — украінка, жыве і вучыцца ў Польшчы, сябруе з беларускім хлопцам, а таму і часта наведвае беларускія тусоўкі і размаўляе па-беларуску абсалютна натуральна.
Маладая ўкраінка аказалася чалавекам адкрытым і добразычлівым. І калі я пацікавіўся ці не пра яе нешта нядаўна пісалі беларускія газеты (быў артыкул пра тое, як украінская дзяўчына вывучыла беларускую мову праз каханне да хлопца), Марэля з усмешкай адказала, што гэта была не яна.
Яе гісторыя выглядае інакш і пачынаецца з таго, што здзіўляе. Аказваецца ўпершыню беларускую мову дзяўчына пачула восем месяцаў таму. Дагэтуль, з яе слоў, нічога канкрэтнага, апрача самых агульных звестак, не ведала пра Беларусь, ні разу там не была і наогул не чула беларускай мовы.
Адразу з пачаткам вайны Ева разам з мамай і малодшым братам апынулася ў Францыі. Тата ваяваў на фронце. Згадвае, што хоць краіна і падабалася ёй, але вось з французскай мовай паразумення не атрымалася нават насільваючыся, хаця валодала размоўнай англійскай, польскай, расейскай.
У гэты перыяд абудзілася зацікаўленасць да сваёй гісторыі, да сусветнай, з’явілася нейкае новае адчуванне сябе ў свеце. Прызнаецца, што пакуль жыла ва Украіне, яе ўяўленне аб гэтым свеце было зусім дзіцячае.
Цяпер імкнулася чытаць гістарычныя кнігі, шукала ў іх адказу — чаму суседнія краіны Польшча, Расея, якія больш менш ведала, так па-рознаму ставяцца да яе народа. Думала і пра Беларусь, якая хоць і мае агульную мяжу з Украінай, але пра яе людзей і іх жыццё яна нічога не ведала. І гэта падавалася дзіўным.
“Я зразумела, што не ведаю іх нацыянальных герояў, ніколі ў жыцці не чытала іх кніжак і наагул не чула іх мовы, — шчыра апавядае дзяўчына. — Мне хацелася хоць нешта даведацца пра гэтую краіну, але я папраўдзе нічога дзеля гэтага не рабіла”.
У яе сям’і таксама ніхто ніколі не згадваў пра Беларусь, хаця, як высветлілася пазней, нейкая радня там жыла, але ніякіх кантактаў з імі ніхто не падтрымліваў.
Гэта мова здавалася такой дзіўнай…
І вось такая нечаканасць. Сядзіць з сябрамі ў даволі экзатычнай кавярні, якая называецца PRL (у перакладзе на беларускую — ПНР — Польская Народная Рэспубліка) і чуе як за суседнім столікам з яе каляжанкай размаўляе хлопец нібыта на ўкраінскай мове, але ўжо на надта нейкім не вельмі зразумелым дыялекце.
“Я зрабіла яму камплімент, маўляў, “хлопча, у тэбэ така гарна украіньська мова”, — смеючыся распавядае дзяўчына. — А мая сяброўка кажа, што ён з Беларусі і гаворыць па-беларуску”.
Ева зноў з сваёй непадробнай шчырасцю прызнаецца, што для яе было нечакана пачуць гэтую мову.
“Насамрэч было цікава, — ужо сур’ёзным тонам дадае яна. — Нібыта табе знаёмыя ўсе словы, але нешта выдае інакшасць, нават чужароднасць. Гэта мова мне здалася такой дзівоснай”.
Потым, ізноў усміхаючыся, дадае, што тады, пачуўшы мову, яна прымроіла, як быццам у дзяцінстве ёй бабуля чытае казкі з нейкай старой кніжкі, дзе ўсё вельмі казачнае, магічнае і ў той самы час знаёмае, ты гэта разумееш…
Ніколі не сядзела над падручнікамі, не вучыла граматыку
З таго часу яна добра пасябравала з беларускім хлопцам, пачалі шмат часу бавіць разам. І тады ўпершыню даведалася, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Цяпер для яе стала натуральным чуць беларускую мову.
Праўда, дзяўчына прызнаецца, што ніколі не сядзела ні над якімі падручнікамі, не вучыла ні граматыкі, нічога іншага — проста чытала беларускія кнігі і размаўляла са сваім хлопцам.
“Першая мая кніжка была “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, — з узнёсласцю ў голасе гаворыць дзяўчына. — Мой хлопец казаў, што я не здолею яе прачытаць. І я б сказала, што гэта адна з найлепшых кніжак, якія я прачытала ў сваім жыцці. У нас ва Украіне, мне здаецца, так не пішуць. І гэта заварожвае. Гэта кніжка прывяла мяне да вельмі цікавых высноваў і дзеянняў у маім уласным жыцці”.
Відавочна, што аўтар паўплываў на яе светаўспрыманне, бо далей дзяўчына ўжо сама апавядае пра ўкраінскі перыяд класіка. Разам з хлопцам пазнаёмілася з Пазнаньскім спеўным сходам, пачала туды хадзіць, слухаць, як яны спяваюць. Пачула беларускую музыку і песні, якія таксама на яе ўплывалі, а некаторыя сталі ўлюбёнымі, якія часта цяпер слухае і якія натхняюць у розныя цяжкія хвіліны.
“Адна з такіх песень “Дзе мой край?” — распавядае суразмоўніца. — На словы Караткевіча. Яна вельмі рэзануе з тым, што са мной цяпер адбываецца. Пад гэту песню я не магу не думаць дзе мой край, што з ім. І не магу не думаць пра той край, дзе была напісана гэта песня”.
Жывём побач і нічога не ведаем адно пра аднаго
Так з часам прыйшло разуменне, што жывучы па-суседску, у сілу нейкіх прычын два народы амаль нічога не ведалі адно пра аднаго. Паводле яе, з цяперашняга досведу не тое што нашы народы, нават кіраўнікі краін не здолелі да канца зразумець — хто вораг, а хто сябар.
Дзяўчына кажа, што, магчыма, у 2020 годзе яна нешта чытала пра падзеі ў Беларусі, але як бы гэта жахліва не гучала, тады была больш зацікаўлена падзеямі ў Расеі. І, паводле яе, так сітуацыя выглядала ў цэлым ва Украіне?
“Так, мы былі вельмі адмежаваныя адныя ад другіх нягледзячы на тое, што маем вялізны пласт супольнай культуры і гісторыі, — задумліва разважае яна. — Ад свайго хлопца я даведалася аб тым, што адбывалася ў вас у 2020 годзе. Пра тое, як пацярпела яго сям’я, яго сябры, як тысячы людзей патрапілі ў вязніцы, а яшчэ больш вымушаны былі з’ехаць за мяжу. Я вельмі блізка ўсё гэта да сэрца ўспрыняла”.
І самае прыкрае, паводле маёй суразмоўніцы, што сітуацыя з няведаннем аднаго народу аб другім у ХХІ стагоддзі застаецца нявыпраўленай.
Вайна, да таго, унесла свае карэктывы. Калі раней украінцы не цікавіліся Беларуссю, то цяпер даведаліся, што з яе тэрыторыі прыехалі расейскія танкі, прыляцелі расейскія ракеты. Што ў значнай ступені пагоршыла стаўленне ўкраінцаў да беларусаў.
Ева згадвае, што з пачаткам вайны адчувала нейкі дысананс, але ніколі не мела нянавісці да беларусаў, чаго, як сама заўважае, не скажаш пра яе бацькоў.
“Я не магла не падзяліцца са сваёй сям’ёй аб тым, што пазнаёмілася і сябрую з беларусам, — гаворыць дзяўчына. — Распавяла маме, што там столькі падзей адбываецца, а я раней нічога пра гэта не ведала і запыталася ў яе, што яна чула пра Беларусь. Але калі мама пачула, што я пасябравала з беларусам — адразу выказала незадавальненне, маўляў, яны ўсе там…”
Потым з мамай некалькі дзён не размаўлялі, урэшце патэлефанавала і з халоднай галавой патлумачыла ёй, што беларусы насамрэч змагаюцца за тыя самыя ідэі, як і ўкраінцы. Што беларусы ніколі не мелі нейкіх імперскіх замашак, ніколі не прыгняталі ўкраінскую мову, бо не маюць такіх мэтаў. І ў рэшце рэшт, што яны таксама змагаюцца за сваю незалежнасць, як і ўкраінцы.
“А вось тата адрэагаваў інакш, — кажа дзяўчына. — Ён, дарэчы, быў на фронце, а зараз пасля ранення адпачывае. Тата вельмі сардэчна паставіўся да маіх аповесцяў, быў уражаны, бо, як і я раней, нічога не ведаў аб падзеях у Беларусі. У яго не было ніякай варожасці. А зараз наагул мае бацькі звыкліся з тым, што ў мяне з’явіўся беларускі акцэнт. Вельмі цешацца, што я ў бяспецы і мой беларускі хлопец таксама, хвалююцца за яго бацькоў і сяброў, якія засталіся ў Беларусі”.
Шмат хто з украінцаў, паводле дзяўчыны, не могуць уявіць сабе такое, што адбываецца ў Беларусі. Паводле яе, яны ўжо прывыклі быць свабоднымі, у іх няма страху перад паліцыяй, яны не баяцца заспяваць на вуліцы, выказваюцца на любыя тэмы ў сацыяльных сетках.
“І для мне было дзіўным, калі мае беларускія сябры, пабачыўшы ў Польшчы на вуліцы паліцэйскую машыну, пачынаюць з трывогай на яе рэагаваць”, — дзеліцца сваімі назіраннямі Ева.
Украінская мова таксама патрабуе падтрымкі
Цікава, што сярод беларусаў дзяўчына не сустракала людзей, якія свабодна гавораць па-ўкраінску.
Праўда, сярод рускамоўных беларусаў яна сустракала тых, хто прызнаваўся ёй у любові да ўкраінскай мовы, а, маўляў, “белорусскую ненавіжу”. Дзяўчына кажа, што з прыкрасцю слухае такіх людзей.
Гэта нагадвае ёй даваенную сітуацыю, якая панавала і ў яе родным горадзе Дняпры ва Усходняй Украіне. Дзяўчына прызнаецца, што на ўкраінскай мове пачала размаўляць толькі за год ці за два да вайны, бо ў іх горадзе паўсюль панавала расейская культура.
“Гэта насамрэч вельмі сумна, — кажа дзяўчына. — Табе 13 год, ты спрабуеш дома размаўляць па-ўкраінску, а малодшы брат табе на гэта: а ты можешь говоріть по-нормальному…”.
Пераадолець гэтую праблему ўласна Еве дапамагла яе цудоўная бабуля, якая была настаўніцай украінскай мовы. У якой яна вучылася ў школьныя гады, а таксама вучыўся і яе тата.
“Яна заставалася ў Дняпры такім украінскім праменьчыкам для мяне, як бы сумна гэта не гучала, — кажа дзяўчына. — У горадзе, дзе паўсюль чуеш расейскую музыку, расейскую мову і нават расейскія думкі — яна давала мне сілы любіць нашу мову і нашу гісторыю”.
І вось цяпер, паводле маёй суразмоўніцы, вайна шмат у чым змяніла стаўленне ўкраінцаў і ў іх горадзе да сваёй роднай мовы. На жаль, толькі вельмі дарагой цаной.
Чытайце Караткевіча
Паводле дзяўчыны, самым складаным пры вывучэнні беларускай мовы было пачаць размаўляць. Пашчасціла, што патрапіла ў беларускамоўнае асяроддзе. Гэта якраз тое, як заўважае суразмоўніца, на што наракаюць большасць расейскамоўных беларусаў, якія хочуць перайсці на беларускую мову, але скардзяцца, што няма з кім гаварыць, няма каму падтрымаць, а гаварыць аднаму, маўляў, выглядае вельмі дзіўна. І тым не менш у яе ёсць рэцэпт для для беларусаў, якія хочуць загаварыць на роднай мове:
“Трэба чытаць кніжкі, — упэўнена сцвярджае яна. — Кожнага беларуса ад таго, каб пачаць размаўляць па-беларуску, аддзяляе ад мовы толькі пару кніжак, нават толькі адна кніжка Уладзіміра Караткевіча. Гэта ўсё, што я магу ім параіць…”.
Адчуваючы яе шчырасць і добразычлівасць, я пацікавіўся ў дзяўчыны – якое ўражанне на яе зрабілі беларусы, з якімі яна пазнаёмілася ў Польшчы. Заўсміхаўшыся і трошкі падумаўшы, згадала, што часам са сваім польскім сябрам абмяркоўваюць гэтае пытанне. І заўсёды прыходзяць да высновы, што і палякі, і ўкраінцы — народы ваяўнічыя, а беларусы, маўляў, ціхія, спакойныя, добрыя. Праўда, дадае, што такая характарыстыка не цалкам адпавядае беларусам.
“Калі мы разам з беларускім хорам спяваем “Пагоню”, я бачу ў іх вачах жаданне змагацца за сваю краіну, чаго б гэта ім не каштавала, — задумліва кажа мая суразмоўніца. — Так што гэта проста міф пра ціхія і спакойныя”.
Ева навучаецца зараз на факультэце IT Project Manager, рыхтуецца стаць адмыслоўцам у галіне распрацоўкі праграмнага забеспячэння. Праўда, заўважае, што жыццё ў нейкім сэнсе змяняе яе зацікаўленасць прафесіяй. І калі раней думалася, як зарабляць грошы на жыццё, то зараз прыйшло разуменне, што ёсць больш важныя і каштоўныя рэчы.
“Жыццё паказала — больш важна тое, што ты робіш людзям бясплатна…”