Як камуністы запрыгонілі сялянаў у 1937 годзе
17 сакавіка 1937 году ў СССР прынялі закон, які пазбавіў сялянаў свабоды перасоўваньня. Была ўведзеная пашпартная сістэма, якая не распаўсюджвалася на сялянаў. Пашпарты ўводзіліся толькі для жыхароў гарадоў, працоўных паселішчаў, новабудоўляў і саўгасаў. Селянін, як і раней, намёртва замацоўваўся за зямлёй.
Пасьля захопу ўлады чырвонымі была абвешчаная так званая рэформа, якая пратрымалася літаральна пару дзён: былі адмененая прапіска і неабходнасьць мець пашпарты. У якасьці пасьведчаньня асобы магла выступаць любая паперка з пячаткай. Але разгул дэмакратыі (калі гэтым словам можна назваць чырвоную дыктатуру) працягваўся нядоўга. Ужо ў чэрвені 1919 года для пражываньня ў гарадах былі ўведзеныя абавязковыя «працоўныя кніжкі», якія фактычна выконвалі ролю пашпарта старога ўзору.
Калі ў 20-я гады яшчэ можна было выехаць з краіны, але пасьля абвяшчэньня курса СССР на індустрыялізацыю мяжу замкнулі, каб не дапусьціць масавых уцёкаў з савецкага «раю». А сяляне пачалі масава бегчы з вёсак у гарады на любую працу, толькі б далей ад прыгону калгаснай сістэмы.
Усё зьмянілася, калі 27 сьнежня 1932 года ў Маскве старшыня Савета Народных Камісараў Імпэрыі Зла Вячаслаў Молатаў, а таксама Міхаіл Калінін і Авэль Енукідзэ падпісалі сумесную Пастанову «Аб усталяваньні адзінай пашпартнай сістэмы Саюза ССР і абавязковай прапісцы пашпартоў».
У прыватнасьці, гэты дакумэнт прадугледжваў: «Устанавіць па Саюзу ССР адзіную пашпартную сістэму на падставе Палажэньня аб пашпартах.
Увесьці адзіную пашпартную сістэму з абавязковай прапіскай па ўсім Саюзе ССР на працягу 1933 года, ахапіўшы ў першую чаргу насельніцтва Масквы, Ленінграда, Харкава, Кіева, Адэсы, Менска, Растова-на-Доне і Ўладывастока.
Даручыць Савету народных камісараў Саюза ССР устанавіць тэрміны і чарговасьць увядзеньня пашпартнай сістэмы ва ўсіх астатніх мясцовасьцях Саюза ССР.
Даручыць урадам саюзных рэспублікаў прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з гэтай Пастановай і Палажэньнем аб пашпартах».
Чаму дакумэнт зьявіўся менавіта ў гэты час? Гісторык Дзьмітры Палюховіч выразна падкрэсьлівае, што па вёсках ужо пачаў шырыцца голад, а ва ўкраінскіх — люты голад. Сяляне масава беглі ў вялікія гарады, дарэмна спадзеючыся знайсьці там паратунак, але адным росчыркам пяра трох кіраўнікоў чырвонай Краіны Саветаў усіх іх ператварылі ў злачынцаў.
Тут варта падкрэсьліць, што ў адрозьненьне ад царскай і сучаснай прапіскі (ці як гэта назвалі нядаўна ў Беларусі – рэгістрацыі са штампам у пашпарце), дзе чалавек проста засьведчыў факт знаходжаньня на пэўнай тэрыторыі, савецкая «прапіска» мела функцыю дазвольнага дакумэнта. Гэта значыць, яна не засьведчыла факт знаходжаньня грамадзяніна, а дала яму дазвол. Ці не давала.
У гэты ж дзень 1932 года была падпісаная пастанова «Аб утварэньні Галоўнага ўпраўленьня рабоча-сялянскай міліцыі пры АДПУ Саюза ССР». Новае ведамства было створанае, у прыватнасьці, для ўкараненьня адзінай пашпартнай сістэмы і рэгістрацыі пашпартоў на ўсёй тэрыторыі гаротнага СССР. У абласных і гарадзкіх упраўленьнях міліцыі зьявіліся пашпартныя аддзелы, а ў аддзелах — пашпартныя сталы. У вызначаных урадам месцах пашпартызацыя насельніцтва была завершана да 1937 года.
А мы вернемся да большасьці насельніцтва, якое па-ранейшаму жыло ў вёсках. Амаль усе вёскі засталіся па-за межамі пашпартызацыі. Пашпарты раздавалі толькі калгасьнікам памежнай зоны.
Безумоўна, сяляне спрабавалі вырвацца з-пад калгаснага прыгону і праўдамі і няпраўдамі «ўзброіцца пашпартамі». Лягчэй за ўсё было хлопцам, якіх забралі ў армію. Можна было пабыць звыштэрмінова, а потым атрымаць пашпарт. Альбо адразу па войску па-хуткаму ўладкавацца на завод, як, прыкладам, зрабіў мой дзед Анатоль Хадзінскі.
Народжаны ў 1928 годзе пад Менскам, у вёсцы Новы Двор, пасьля вайны трапіў на службу ў Франкфурт-на-Одэры ў 1949-1952 гадах. Калі армейская кар’ера падыйшла да канца, ірвануў на працу на МАЗ.
Пры немцах, дарэчы, актыўна ішла пашпартызацыя сельскага насельніцтва ў Беларусі. Вось, напрыклад, заява на атрыманьне нямецкага пашпарту ўсё з той жа вёскі Новы Двор. Падрабязную анкету запоўніла Марыя Іванаўна Хадзінская. У выніку атрымала пашпарт №73620, а мой дзед, адпаведна, №71542.
Пра прыгнёт чырвоных паноў прыгадвае гісторык, непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў: «У дакумэнтах гаворка не ішла аб пазбаўленьні сялянаў выдачы пашпартоў, а проста, што сяло не падлягае пашпартызацыі. І селянін аўтаматычна станавіўся прыгонным у поўным сэнсе гэтага слова, прымацаваны да калгасу.
Без пашпарту нельга было зьехаць з вёскі, не тое што ўладкавацца на працу. Гэтым карысталіся мясцовыя «князькі». Выганялі калгасьнікаў з працы, калі хтосьці чымсьці не дагадзіў. Асабліва пакутавалі жанчыны, якія былі аб'ектам дамаганьня брыгадзіраў ці адмыслоўцаў. Не пайшла насустрач у інтымным пляне — звольнілі. А калі чалавек быў беспрацоўным на працягу трох месяцаў, яго называлі дармаедам і каралі крымінальнай адказнасьцю.
У нашым сяле Макееўка было прысуджана да папраўчых працаў каля 150 чалавек. Калі я ўжо настаўнічаў, да мяне шматлікія зьвярталіся людзі, каб дапамог ім атрымаць пашпарт. Таму што тады, каб атрымаць пашпарт, трэба было два дазволы — ад старшыні калгасу і сельскага савету. Я пісаў скаргі, а атрымліваў шаблонны адказ: «Нічога мы не можам зрабіць, таму што вёскі не пашпартызаваныя». Маўляў, прымусіць да гэтага старшыню калгаса і сельскага савета мы не ўпаўнаважаныя», – распавёў Валянцін Хіжняк, ураджэнец вёскі Макееўка Чаркаскай вобласьці Ўкраіны.
Калі селянін па нейкіх прычынах павінен быў зьехаць за межы калгаса, ён быў абавязаны мець даведку з сельсавета, якая сьведчыла пра яго асобу, яна дзейнічала не больш за 30 дзён. Выдавалі яе выключна з дазволу старшыні калгаса, каб пажыцьцёва запісаны ў яго шэрагі селянін не захацеў пакінуць калектыўную гаспадарку па ўласным жаданьні.
Можна было завербавацца на камсамольскую будоўлю, лесанарыхтоўкі, распрацоўку торфу, будаўніцтва ў аддаленых паўночных раёнах. Пашпарт завербаванаму выдаваўся выключна на тэрмін дзеяньня дамовы - максімум на год. Пасьля чаго былы калгасьнік усімі праўдамі і няпраўдамі спрабаваў працягнуць дамову, каб перайсьці ў штат сталых супрацоўнікаў.
Пашпарты сельскім жыхарам СССР вырашылі выдаваць толькі 28 жніўня 1974 года. Новае Палажэньне аб пашпартнай сістэме гарантавала атрыманьне пашпарта ўсімі грамадзянамі, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту. А з чым было гэта зьвязана? Безумоўна, не ў сувязі з клопатам аб лёсах вяскоўцаў.
У вёсках з разьвіцьцём мэханізацыі ўжо не было патрэбна мець столькі працоўных. А вось на заводах, на якіх кавалася гонка за капіталістычным захадам – людзей не хапала. Трэба было неяк скарэктаваць бягучы стан справаў.