У 1440 годзе быў забіты вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч. Якія яшчэ князі скончылі свой век праз гвалт?

Ад Міндоўга да Станіслава Аўгуста Панятоўскага нашай дзяржавай – Вялікім Княствам Літоўскім – кіравалі 32 манархі. Напэўна, марай кожнага зь іх было памерці ва ўтульным ложку, каб навакол сядзелі ўлюбёныя сваякі. Але лёс складваўся па-рознаму. Прасочым за гісторыямі забойстваў вялікіх князёў.

Вялікі князь Літоўскі. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Вялікі князь Літоўскі. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Міндоўг. Забіты 1263

Першы вялікі князь літоўскі, і нават больш, першы і адзіны кароль у нашай гісторыі, Міндоўг стаў ахвярай змовы жамойцкага князя Траняты і нальшанскага князя Даўмонта. Першы кантраляваў усю Жамойць і быў хаўрусьнікам Міндоўга ў барацьбе з Ордэнам. Даўмонт быў уладальнікам часткі Нальшанскай зямлі і знаходзіўся ў васальнай залежнасьці ад Міндоўга (па загаду апошняга Даўмонт выступае ў ваенны паход). Як сьведчаць крыніцы, Даўмонт стаў ініцыятарам і выканаўцам замаху, помсьцячы за асабістую крыўду, — адзначае гісторык Алесь Краўцэвіч.

Глядзіце таксама

Калі ў Міндоўга памерла жонка, той запрасіў на пахаваньне яе сястру, якая была замужам за Даўмонтам. Калі швагерка прыехала, Міндоўг затрымаў яе ў сябе, спаслаўшыся на нібы наказ сястры перад сьмерцю, каб Міндоўг узяў яе ў якасьці жонкі.

Даўмонт не меў сілы, каб адкрыта выступіць супраць крыўдзіцеля і быў змушаны стрываць абразу. Ён захаваў вонкавую паслухмянасьць Міндоўгу. Аднак ён патаемна ўступіў у змову з уплывовым жамойцкім князем Транятай, які лічыўся хаўрусьнікам Міндоўга, але меў віды на ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Зручны момант надыйшоў, калі Міндоўг скіраваў свае войскі ў паход на Бранск. Даўмонт таксама павінен быў прыняць удзел у выправе, але нечакана павярнуў з дарогі назад, напаў на Міндоўга, забіў яго і двух малодшых сыноў вялікага князя: Рукля і Рэпекля.

У выніку замаху ў ВКЛ і адначасова на Жамойці стаў княжыць Транята.

Транята. Забіты 1264

Транята

Транята

Удзельнік змовы супраць Міндоўга і новы кіраўнік дзяржавы пасьля забойства папярэдніка пражыў усяго каля года. Транята быў пляменьнікам Міндоўга, сынам яго сястры.

Кароткае княжаньне Траняты было занятае ў асноўным намаганьнямі захаваць здабытую ўладу. Сьмерць Міндаўга, паводле лёгікі працэсу, пацягнула за сабой чарговыя палітычныя забойствы. Транята яшчэ пасьпеў расправіцца з полацкім князем Таўцівілам (сваім стрыечным братам). Па інфармацыі летапісу, Таўцівіл сам зьбіраўся забіць Траняту, але яго выдаў прыбліжаны полацкі баярын.

Але ў тым жа 1264 годзе Траняту забілі конюхі-парабкі Міндоўга. Паводле інфармацыі польскіх хронікаў, арганізатарам замаху быў Войшалк, старэйшы сын першага князя Міндоўга.

Як слушна адзначае гісторык Мікола Ермаловіч, сьмерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб’яднаць балцка-літоўскія землі вакол Жамойціі.

Шварн. Забіты 1270

Шварн

Шварн

Не прайшло і 6 гадоў пасьля забойства Траняты, як у нашай дзяржаве зьмянілася два князя, напачатку ім стаў Войшалк, сын Міндоўга, які дабраахвотна парадаў уладу ў рукі наступнага, Шварна, а сам пайшоў у кляштар.

Зрэшты і Войшалк быў забіты, але ўжо не ў якасьці вялікага князя літоўскага.

Шварн жа меў за жонку адну з дачок Міндоўга. Забойцам як Войшалка так і Шварна быў адзін і той жа чалавек – галіцкі князь Леў Данілавіч, які, у сваю чаргу, зьяўляўся родным братам Шварна. І менавіта Леў Данілавіч быў пакрыўджаным на тое, што пасьля Траняты вялікім князем стаў ня ён.

Леў Данілавіч, сын славутага Данілы Галіцкага, уласнаруч засек манаха і былога князя Войшалка, а ў 1270 годзе па яго загадзе забойцы скончылі жыцьцё Шварна.

Трайдзень. Забіты 1282

Трайдзень і яго жонка, Ганна Мазавецкая

Трайдзень і яго жонка, Ганна Мазавецкая

Пасьля Шварна вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які, як і папярэднікі, не памёр ва ўтульным ложку. Трайдзень дагэтуль мае таямнічае і невядомае паходжаньне, зьвязана гэта ў тым ліку з катастрафічнай адсутнасьцю зьвестак канца ХІІІ – самага пачатку XIV стагодзьдзяў.

Абставіны сьмерці Трайдзеня шчыльна зьнітаваныя зь яго ўнутранай палітыкай. У 1282 годзе яго забілі два нальшанцы — Стуманд і Гірдзела, якія потым здолелі ўцячы ў валоданьне Тэўтонскага ордэна. Паводле паданьня, іх падаслаў адзін з нальшанскіх князёў — Полюш, былы сэпаратыст, які зьбег з Вялікага Княства Літоўскага, прыняў каталіцтва, удзельнічаў у выправах тэўтонскіх рыцараў на ВКЛ, помсьцячы за страту сваіх уладаньняў.

Гедымін. Забіты 1341

Гедымін

Гедымін

Пачынальнік знакамітай дынастыі быў забіты пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург, стрэлам з агнястрэльнай зброі. Гэта значна адрозьніваецца ад мінулых забойстваў кіраўнікоў нашае дзяржавы. Гедымін памёр на полі бою, як сапраўдны правадыр краіны, якая вяла змаганьне з галоўным ворагам таго часу – Ордэнам.

Баэрбург знаходзіўся ўжо на правым беразе Нёмана, гэтым самым замак зьяўляўся трывалым апірышчам для далейшага прасоўваньня крыжакоў, як сцьвярджае Мікола Ермаловіч.

Гедымін убачыў небясьпеку і зрабіў спробу зьнішчыць пабудаваныя крыжацкія крэпасьці, да таго ж умацаваныя агнястрэльнай зброяй, якая толькі-толькі пачала ўжывацца ў Эўропе. Аднак пры штурме, паводле сьведчаньня Віганда. ён быў забіты куляю.

Паводле іншых, чэскіх крыніцаў, да якіх даверу значна меньш, Гедзімін быў атручаны.

З хронікі Віганда:

“Здарылася тады, што адзін брат Тылеман дэ Сунпах, камандзір лучнікаў, агнявой куляю спаліў харугву і адразу потым паганскаму каралю з Трокаў патрапіў куляй у шыю паміж лапаткамі, які памёр.”

Кейстут. Забіты 1382

Кейстут

Кейстут

У чарговы раз не абыйшлося без сямейнай драмы. У Крэўскім замку, дзе неўзабаве будзе падпісаная знакамітая Крэўская Вунія, у 1382 годзе павінна было адбыцца два палітычных забойствы – бацькі і сына – Кейстута і Вітаўта ад рук Ягайлы.

Справа датычылася да змаганьня за ўладу. Кейстут быў сынам Гедзіміна, а Ягайла – яго ўнукам (сынам іншага сына Гедзіміна – Альгерда).

У 1382 годзе ўжо вельмі сталага веку Кейстут, а яму было 85 гадоў, разам з сынам Вітаўтам і адданым войскам падыйшоў да Трокаў і ўзяў замак у аблогу. Сюды ж з войскам прыйшоў і Ягайла, а таксама яго хаўрусьнікі — прускія і лівонскія крыжакі. I вось калі абодва войскі падрыхтаваліся да бітвы, ад Ягайлы зьявіліся паслы, якія прапанавалі не ўступаць у бой і закончыць справу мірам, каб «ён (Кейстут) трымаў сваё, а мы (Ягайла) свае», як прыгадвае Мікола Ермаловіч.

Паслы далі прысягу Вітаўту, якую ён прыняў. Прыняў яе і Скіргайла, які выступаў на баку Ягайлы. Далей гэтая прысяга была паўторана Кейстуту — што ні яму, ні яго сыну Вітаўту нічога благога не будзе зроблена, калі яны прыедуць да Ягайлы, каб заключыць мір. Аднак Ягайла парушыў прысягу. КалІ Кейстут i Вітаўт зьявіліся да Ягайлы, ён прапанаваў ім паехаць у Вільню i там заключыць дамову аб міры. Не прадбачачы нічога небясьпечнага, Кейстут, гэтаксама як i Ягайла, распусьціў сваё войска. Але пасля прыезду ў Вільню Ягайла захапіў Кейстута і Вітаўта, адправіў ix у Крэва і пасадзіў у вежу. На пятую ноч Кейстут быў задушаны. Захаваліся імёны Князевых забоўцаў: імі былі каморнікі Ягайлы — Прокша, які даваў яму ваду, а таксама крыжак-манах Мостэр, Кучук і Лісіца Жабянцяй.

Жыгімонт Кейстутавіч. 1440

Жыгімонт Кейстутавіч

Жыгімонт Кейстутавіч

Сын Кейстута Вітаўт ўвыніку пражыў доўгае і бліскучае жыцьцё на пасадзе вялікага князя. А пасьля яго сьмерці распачаўся перыяд грамадзянскае вайны, які скончыўся толькі ў 1440 годзе сьмерцю іншага сына Кейстута, які на той час кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім – Жыгімонта.

Новы вялякі князь Сьвідрыгайла праз усё жыцьцё быў палітычным супернікам як Ягайлы, там і Вітаўта, у пэўныя часы выступаў супраць іх са зброяй, але ў канчатковым выніку на словах замірыўся з родным і стрыечным братам і атрымаў надзел у Вялікім Княстве, дзе быў нарэшце галоўным.

Акрамя асабістага чыньніку істотным неабходна адзначыць і нацыянальны. Сьвідрыгайла быў пасьлядоўным і сапраўдным апанэнтам хаўрусаў з польскім каралеўствам, выступаў за скасаваньне Вуніі між дзяржавамі. Як пазначае ў сваёй хроніцы знакаміты польскі гісторык Ян Длугаш, Сьвідрыгайла, які быў добрым каталіком, карыстаўся пашанай і павагай у іншай часткі насельніцтва. Русіны, які вызнавалі праваслаўе, бачылі яго ўласным заступнікам. Зрэшты, той жа храніст Длугаш у іншым месцы апісваў Сьвідрыгайлу як аматара выпіць і чалавека недалёкага. Хто замаўляе хроніку, той яе і піша.

Разам з тым, у вачох грамадзтва менавіта Сьвідрыгайла быў самым законным прэтэндэнтам на княжаньне, бо быў малодшым сынам таго самага легендарнага Альгерда.

У 1430 годзе іншая “партыя”, якая імкнулася працягнуць паступовае аб’яднаньне двух народаў, за свайго прэтэндэнта мела Жыгімонта Кейстутавіча, малодшага брата Вітаўта. Але як ужо мы адзначылі, княжыць паставілі Сьвідрыгайлу. На чале дзяржавы новы вялікі князь парушыў Гарадзельскі прывілей, і пачаў раздаваць дзяржаўныя пасады праваслаўнай шляхце.

Пасьля пачатку кіраўніцтва ў 1432 года і да самай сьмерці Жыгімонт Кейстутавіч зацята змагаўся ва ўнутранай барацьбе. Жыгімонт быў забіты ў сваім жа замку. Ён меў вельмі круты нораў, і караў сьмерцю тых, на каго трапляла падазрэньне ў здрадзе. Занадта шмат годных і значных асобаў ён загубіў, што і прывяло яго да заўчаснай сьмерці. 

20 сакавіка 1440 года лічыцца апошнім днём, калі забойства сканчвала жыцьцё кіраўніка ВКЛ.