Крэскі да партрэта мастачкі са Слоніма
Дырэктар Луўра мес’е Анрэ Луарэат у пераліку перспектыўных накірункаў супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі выказаў цікаўнасць да творчасці беларускага мастака ХІХ стагоддзя Івана Хруцкага, двухсотгадовы юбілей з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2010 годзе як памятная дата ЮНЕСКА. У святочна-прэзентабельную экспазіцыю, што будзе наладжана супольна з літоўскімі калегамі, наўрад ці ўвойдуць творы мастака з музеяў Кракава і Варшавы, з Акруговага музея ў Беластоку. А таксама творы слонімскай мастачкі Клаўдзіі Хруцкай.
Дырэктар Луўра мес’е Анрэ Луарэат у пераліку перспектыўных накірункаў супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі выказаў цікаўнасць да творчасці беларускага мастака ХІХ стагоддзя Івана Хруцкага, двухсотгадовы юбілей з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2010 годзе як памятная дата ЮНЕСКА. У святочна-прэзентабельную экспазіцыю, што будзе наладжана супольна з літоўскімі калегамі, наўрад ці ўвойдуць творы мастака з музеяў Кракава і Варшавы, з Акруговага музея ў Беластоку. А таксама творы слонімскай мастачкі Клаўдзіі Хруцкай.
(На здымку: даваенны Слонім)
Час абнадзейваў
Клаўдзія паходзіла з роду Бенбноўскіх (Ксаверый Бенбноўскі — капітан паўстанцкай арміі Тадэвуша Касцюшкі). Іх маёнтак знаходзіўся побач з радавым гняздом Хруцкіх — Захарнічамі (на
Полаччыне). Мастацкую адукацыю яна атрымала ў ахопленай полымем рэвалюцыі і братазабойчай вайны Расіі. Па ўтаймаванні крывавых ваенна-рэвалюцыйных падзеяў яна пабралася шлюбам з суседам, Іванам
Хруцкім, унукам знакамітага мастака. І ў 1923 годзе ў іх нарадзілася дачка Ганна.
Сяргей Хмара.
Фота з карціны Клаўдзіі Хруцкай
Час абнадзейваў: насуперак катастрафічным наступствам сацыяльнай буры спакваля ўсталёўвалася мірнае жыццё. У 1924 годзе да Беларусі была далучана Віцебская губерня, распачата Дзяржаўная праграма
беларусізацыі, ішло станаўленне нацыянальнай школы, набіраў моц краязнаўчы рух. З’яўляліся новыя часопісы, нараджаліся навуковыя і грамадскія суполкі ды таварыствы. Запачаткоўваліся новыя
калекцыі і музеі. Беларуская мова станавілася «моднай» і ў чыноўніцтва.
Гэтыя зрухі не маглі абмінуць (ці хоць бы закрануць) маладую сям’ю Хруцкіх, чые продкі, кожны па-свойму, сцвярджалі «самасць» беларускай зямлі і яе народа. Іван ды
Клаўдзія, відаць, са спадзевам ставіліся да нацыянальнага вызначэння краіны. Але прышласць сталася больш шматграннай, не аднасэнсоўнай і, на жаль, трагічней за тое, што мроілася. Бог літасцівы не даў
параніць сэрцы відовішчам, як у 1930 годзе ўсіх, хто яшчэ жыў у Захарнічах, выслалі ў Котлас, дом забілі дошкамі, а карціны, кнігі, раяль і іншую маёмасць некуды вывезлі.
Напярэдадні
Невядома, чаму сям’я Хруцкіх перабралася менавіта ў старасвецкі Слонім, над якім лунаў дух-ахоўнік канцлера ВКЛ Сапегі і гучала рэха паланеза князя Агінскага, а мо не страціліся спадзявання
на абяцанні маршала або былі прывязкі асабістага характару, на адраджэнне грэка-каталіцкай місіі ў Альберціне ў 1924 годзе. Так ці інакш, засталіся яны на роднай зямлі, а не апынуліся дзесьці ў
Цэнтральнай Польшчы.
У Слоніме Клаўдзія настаўнічала, займалася сям’ёй, малявала.
Па нядзелях сям’я выпраўлялася да касцёлу бернардзінак на імшу, якую правіў па-польску (па-беларуску было забаронена) ксёндз Адам Станкевіч.
«Пры Польшчы яна выкладала беларускую мову ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі… Думаю, што дзякуючы Хруцкай бібліятэка семінарыі займела, як на той час, багаты беларускі збор, з
якога я шчодра браў веды, калі стаў свядомым беларусам» (З ліста Барыса Данілюка да журналіста і краязнаўцы Сяргея Чыгрына).
Хоць і не мела Клаўдзія Хруцкая дачынення да ВУСБ, яе імя раз-пораз мільгала ў тагачаснай перыёдыцы і іншых матэрыялах. Да прыкладу, у сярэдзіне мая 1933 года ў Вільні была адчынена гадавая
справаздачная выстава Таварыства Незалежных мастакоў і скульптараў. У традыцыйным фэсце мастацтва, апрача дзейных сябраў аб’яднання, бралі ўдзел госці з Кракава, Львова, Варшавы ды мастакі з
падвіленскіх і не толькі ваколіцаў, якія прэтэндавалі на сяброўства ў таварыстве. У той год пані з вуліцы Панятоўскага, Клаўдзія Хруцкая, у Каталозе выставы, які зберагаецца ў Фондзе рэдкай кнігі
Бібліятэкі АН Літоўскай Рэспублікі, была азначана ў якасці кандыдата. У 1935 годзе яна фігуруе ўжо як паўнавартасны сябра.
Не пакідала яна сваю мастацкую дзялянку ні за палякамі, ні з прыходам вызваліцеляў, ні пазней.
Пад чорным крысом
Падасца парадаксальным, але дадатковы штуршок да развіцця мастацтва ў Заходняй Беларусі дала акупацыя. Беларусам — нацыянальнай большасці — ва ўмовах Краю пад Польскай юрысдыкцыяй,
займацца мастацтвам (атрымоўваць адукацыю, працаваць творча і незалежна і г.д.) было хоць і мажліва, але значна больш складана, чым прадстаўнікам патранатнай нацыі.
Сітуацыя змянілася ад лета 1941 года. Акупацыйныя ўлады, заігрываючы, а здаралася, і па недаглядзе, калі не спрыялі, дык ва ўсялякім разе не перашкаджалі творчай самарэалізацыі народа. Беларус жа,
зняможаны франтамі, акупацыямі, рэквізіцыямі, маючы на розуме прымаўку: «Дай Божа, каб Гітлер Сталіна разбіў, а Гітлера Пярун спаліў», не толькі выжываў, але і ствараў. Стоеная
энергія вырывалася вонкі.
Працавалі выдавецтвы, сустракалі сваіх гасцей абноўленыя музейныя экспазіцыі, адчыняліся беларускія пачатковыя і сярэднетэхнічныя школы і настаўніцкія семінарыі. Прыкладаліся намаганні да адкрыцця
мастацкіх навучальных установаў у Баранавічах (куратар А. Шымановіч), Слоніме (куратар С. Грудкоўскі). Навучанне ратавала ад прымусовых прац у Германіі, але ініцыятывы гэтыя не былі рэалізаваныя ў
поўным фармаце.
Мастакоўскае кола прафесіяналаў і аматараў у Слоніме разам з некалькімі бежанцамі са Смаленшчыны налічвала 15 чалавек. Творчасць большасці з іх тым ці іншым чынам была прадстаўлена ў экспазіцыі
мясцовага музея, у тым ліку і працы Клаўдзіі Хруцкай (партрэты Н. Арсенневай, С. Хмары — пастэль).
Чэрвень 1941. Танк спыніўся у канале Агінскага
Агульнагарадская выстава адчынілася 5 сакавіка 1944 года з ініцыятывы Слонімскага аддзела Беларускага культурнага згуртавання. У ёй удзельнічалі: К. Хруцкая, А. Бенікаў, С. Грудкоўскі, Любанскі, В.
Калюцік-Сташэўская, Н. Жыткевіч, Паўленка, Ф. Засадскі і 13-гадовы мастак В. Філіповіч. За пару першых дзён яе наведала больш за 1000 чалавек. 25 сакавіка 1944 года. «Слонімская
газета» (№ 17) надрукавала вялікі агляд выставы, больш за палову якога было прысвечана Клаўдзіі Хруцкай.
Партрэтны жанр
Клаўдзія Хруцкая — перадусім майстар партрэтнага жанру. Апрача знешняга падабенства, партрэт вымагае раскрыцця характару асобы, вызначэння індывідуальнага жыцця шляхам унутранага сузірання і
маўклівага дыялогу мастака і мадэлі. Усё ў тым жа аглядзе выставы «Слонімская газета» піша: «Добрае ўражанне робіць партрэт дачкі з косамі. Адчуваецца ў ім мацярынскае
цяпло, ёсць і той вонкавы эстэтызм, які сустракаецца на партрэтах «добрых старых часоў» мастацтва і такі рэдкі ў наш час грубай неразборлівасці рэалізму… Хочацца адзначыць
асобна партрэт «Чырвоны каптурок» (таксама партрэт дачкі). Колькі ж у ім добрай артыстычнай эфектоўнасці, маладой жыццесцвярджальнасці, якое маляўнічае багацце тонаў ды эфектных
рэфлексаў у гэтай невялічкай сімфоніі чырвані і маладога твару».
«Партрэт Наталлі Арсенневай», што экспанаваўся ў складзе выставы, і месца захавання якога зараз невядома, быў вельмі станоўча адзначаны рэцэнзентам-сучаснікам. Сп. Клаўдзія ведала і
адчувала творы Арсенневай, сустракалася з летуценна-трагічнай паэткай, калі спадарыня Наталля прыязджала ў Слонім (разам з трупай мінскага тэатра). Мяркуем, што калярова-каларыстычная гама партрэта
была блізкай слоўнаму жывапісу Арсенневай.
Жорсткая схема пастаноўкі мадэлі (франтальны, пагрудны, нібы пратакольнае фота) у партрэце паэта Сяргея Хмары перадвызначае яго змест, адкрывае прамы (мо залішне) і бескампрамісны характар
паэта-змагара, які свой першы паэтычны зборнік «Жураўліным шляхам» выдаў у перадваеннай Вільні 1939 года. Хмара паспытаў вязніцаў пры ўсіх уладах, пад акупацыяй працаваў на радыё, а
ў паваенныя часы апынуўся на эміграцыі. Партрэт яго падаецца ўдалым (хоць сучаснік-крытык меў іншае меркаванне).
Іншы характар і, адпаведна, іншы падыход у мастачкі да выявы паэта Анатоля Іверса (Івана Міско). Рэцэнзент не адзначыў гэты бліскучы твор, бо на выставе яго не было. Гнаны з усіх гімназіяў: з
Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградскай (1931) за грамадскую і нацыянальную чыннасць, не прамінуўшы турмы ўсіх уладаў, паэт да адкрыцця выставы сышоў у лес да партызанаў. Паводле ўспамінаў
Івана Дарафеевіча, з ім у сп. Хруцкай былі больш шчыльныя стасункі, чымсьці з іншымі. Пад акупацыяй антыфашыст-падпольшчык Анатоль Іверс працаваў у агульным аддзеле гарадской управы, а муж
Клаўдзіі Хруцкай, унук славутага мастака Іван — там жа бухгалтарам. Мелі яны агульныя смяротна небяспечныя справы.
Анатоль Іверс.
Фота з карціны Клаўдзіі Хруцкай
Рызыкоўным і абачліва-думным адначасова, з засяроджана пільным поглядам карых вачэй паўстае малады і гожы паэт у нібыта прахадным партрэціку сп. Клаўдзіі. Але, мабыць, былі (і недзе ёсць) іншыя
партрэты. Ды і не толькі.
Удзельнічала Клаўдзія Хруцкая і ў другой гарадской выставе сямі слонімскіх мастакоў, вернісаж якой адбыўся 14 мая 1944 года. Але набліжаўся фронт. Сям’ю Хруцкіх немцы адправілі на прымусовую
працу ў Судзеты.
* * *
Клаўдзія Хруцкая з роду Бенбноўскіх рэпрэзентавала Беларусь нізкай вобразаў герояў новых часоў — прадстаўнікоў свядомай беларускай інтэлігенцыі.
Наколькі аб’ёмнай і паслядоўнай была гэтая праца, што заставалася па-за межамі выставаў і аглядаў рэцэнзентаў, мажліва паспрабаваць спраўдзіць праз асабістыя архівы мастачкі, што захоўваюцца
ва ўнукаў у Варшаве.