«Мной ніхто не быў завербаваны». Маладога дырэктара змусілі прызнацца ў здрадзе радзіме і рассталялі
Пра лёс аднаго настаўніка, арыштаванага ў 1937 годзе і расстралянага праз чатыры дні, распавядае ў сваім фэйсбуку Віктар Міхасёў.
Пра лёс аднаго настаўніка, арыштаванага ў 1937 годзе і расстралянага праз чатыры дні, распавядае ў сваім фэйсбуку Віктар Міхасёў.
Малады дырэктар школы быў расстраляны за "перадачу польскай разведцы шпіёнскіх звестак аб наяўнасці рабочых і магутнасці Аршанскага вінзавода".
Іван Карпаў з 18-ці гадоў працаваў настаўнікам, а затым і дырэктарам школ ў вёсках Круглянскага раёну.
9 лістапада 1937 года 26-ці гадовага дырэктара школы ў вёсцы Паўлавічы арыштавала НКУС, а ўжо праз чатары дні, т. зв. "Камісія НКВД і пракурора СССР" – пазасудовы і, такім чынам, не правасудны орган з двух чалавек, прыгаварыла яго "за шпіёнскую дзейнасць" да расстрэлу.
Тады ніхто і не думаў, што Паўлавіцкая школа стане апошнім месцам працы маладога дырэктара, што ў 1937 годзе ён будзе арыштаваны і атрымае такое абвінаваўчае заключэнне: «Карпаў Іван Цімафеевіч з’яўляецца агентам польскай разведкі. Завербаваны ў 1933 г. польскім агентам Транчэўскім (працаваў настаўнікам Узлянскай школы былога Смілавіцкага р-на, арыштаваны 9.12.1937 г. і расстраляны), праз якога ад польскіх разведорганаў атрымаў заданне для шпіёнска-дыверсійнай работы на тэрыторыі СССР на карысць Польшчы.
У 1937 г. перадаў польскай разведцы шпіёнскія звесткі аб наяўнасці рабочых і магутнасці Аршанскага вінзавода. Таксама перадаваў шпіёнскія звесткі аб рашэннях партыйных сходаў Круглянскага раёна і аб закрытым пісьме ЦК ВКП(б) ад 1935 г. Падрыхтаваў для шпіёнска-дыверсійнай работы на карысць Польшчы аднаго чалавека. Вінаватым сябе ў шпіёнскай дзейнасці прызнаў...».
Відаць, не хапіла фізічных і душэўных сіл у маладога камуніста, таму і прызнаў сябе вінаватым у страшэнным злачынстве – здрадзе Радзіме. Але ў яго хапіла мужнасці, каб на пытанне следчага: «Хто быў завербаваны вамі для правядзення шпіёнскай работы на карысць Польшчы?» адказаць: «Мной ніхто не быў завербаваны».
Абвінаваўчае заключэнне, якое грунтавалася толькі на прызнанні самога І.Ц. Карпава ды на паказаннях аднаго з настаўнікаў (быў расстраляны раней) Круглянскага раёна, класіфікавала «злачынства» Івана Цімафеевіча паводле арт. 68 КК БССР (шпіянаж, выкраданне, збор і перадача эканамічных звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну і г.д.).
Цяжка сказаць, якія пытанні, «па свайму зместу спецыяльна ахоўваемыя дзяржаўнай тайнай», магла вырашаць на сходах Круглянская партыйная арганізацыя і чаму звесткі аб тым, што выраблялася на Аршанскім вінным заводзе, «не падлягалі абвяшчэнню».
Смехатворнасць абвінавачвання відавочна. Але І. Ц. Карпаву ўсё гэта каштавала жыцця. 19.11.1937 камісія камісія НКУС СССР і пракурор СССР прыгаварылі яго да расстрэлу. 17 снежня 1937 года ён быў расстраляны ў Оршы.
У 1958 годзе жонка Івана Цімафеевіча, якая жыла ў той час у вёсцы Міхейкава Круглянскага раёна, даслала ліст на імя Генеральнага пракурора СССР з надзеяй атрымаць звесткі аб лёсе свайго мужа, з просьбай яго рэабілітаваць.
13.11.1958 г. ваенны трыбунал БВА адмяніў пастанову Камісіі НКУС СССР і Пракурора СССР у адносінах да І.Ц. Карпава. Справа была спынена "за адсутнасцю складу злачынства".
У кнізе «Память. Круглянский район» (Мінск, 1996 г.) згадваецца, што "Карпаў Іван Цімафеевіч, н. у 1910, вёска Някрасава (былая Царэўск), працаваў настаўнікам у Паўлавіцкай школе.
Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (завочна), з 1929 годзе працаваў настаўнікам, у 1934 – 1936 гадах дырэктарам Зубаўскай школы, у 1936 – 1937 быў дырэктарам Паўлавіцкай школы Круглянскага раёна."
Па іншых дадзеных ("Адкрыты спіс"), Карпаў І. Ц. нарадзіўся у 1911 г. у вёсцы Сластены Дрыбінскага раёна. Абвінавачаны па арт. 68 "шпіёнска-дыверсійная дзейнасць". 13 .11.1937 асуджаны да "вышэйшай мера пакарання" (расстрэлу).