Паляванне на архіў «Двуйкі»

На пачатку Другой сусветнай вайны ў рукі савецкіх і нямецкіх спецслужбаў трапілі дакументы польскай выведкі. Большасць з іх да сённяшняга дня не вярнулася на радзіму.



3_gnac_j_matushe_sk_.jpg

Першы шэф “Двуйкі” Ігнацій Матушэўскі

«Дакументацыя польскай даваеннай выведкі з’яўляецца найважнейшымі польскімі архіўнымі дакументамі, якія знаходзяцца ў Расіі», — заявіў у адным з мінулагодніх інтэрв’ю кіраўнік польскай архіўнай службы прафесар Уладзіслаў Стэмпняк. Гутарка ідзе пра матэрыялы Другога аддзелу Генштаба Войска Польскага, якія сталі савецкімі трафеямі з пачатку на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1940 годзе, а пазней, на завяршальным этапе Другой сусветнай вайны, падчас вызвалення часткамі Чырвонай Арміі Усходняй Еўропы.

Пачатак польскіх спецлужбаў

Стварэнне структур выведкі і контрвыведкі ІІ Рэчы Паспалітай пачалося 13 лістапада 1918 года, калі ў сістэме Генеральнага штабу з’явіўся VI (Інфармацыйны) аддзел, які праз год быў перайменаваны ў Другі аддзел, ці «Двуйку». Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны менавіта гэтая структура стала галоўным выведвальным органам міжваеннага польскага войска. У 1921 годзе ў цэнтральнай штаб-кватэры Другога адзела, якая размяшчалася на Саксонскай плошчы ў Варшаве, працавалі 64 афіцэры, 12 падафіцэраў, 1 харунжы і 20 грамадзянскіх служачых. Першым шэфам польскай спецслужбы быў падпалкоўнік Ігнацій Матушэўскі.

У складзе службы былі наступныя аддзелы: арганізацыйны (стварэнне і ліквідацыя ўнутраных і замежных выведвальных ячэек, падрыхтоўка выведкі на выпадак вайны); аддзел па вывучэнні перыядычных выданняў замежных дзяржаў; аддзел інфармацыі (аналітычныя даследаванні, вывучэнне нацыянальных працэсаў). Але галоўнае месца займаў выведвальны аддзел, у задачы якога ўваходзіла арганізацыя контрвыведвальных дзеянняў, а таксама правядзенне выведкі супраць іншых дзяржаў.

Паступова тут былі сфарміраваныя два асобныя рэфэраты (аддзелы): «Усход» (СССР, Літва і іншыя прыбалтыйскія дзяржавы) і «Захад» (Германія). Акрамя гэтага, існаваў «рэферат» планавання дыверсій, шыфравальны аддзел, служба забеспячэння вайсковай і дзяржаўнай таямніцы. «Двуйка» курыравала дзейнасць вайсковых аташатаў пры амбасадах ІІ Рэчы Паспалітай.

1_pershi_shef_dvujk_gnac_j_matushe_sk_.jpg

Першы шэф “Двуйкі” Ігнацій Матушэўскі

Неабходнасць атрымання больш глыбокай інфармацыі пра небяспечных суседзяў прывяла да ўзнікнення ў складзе Адзела інфармацыі асобных рэфэратаў «Расія» і «Германія». Яны займаліся аналізам сітуацыі ў СССР і ў Веймарскай рэспубліцы, а пазней — Трэцім Рэйху. Вывучэннем сітуацыі ў іншых краінах займаўся рэферат агульных даследаванняў.

8_ridz_sm_gli_franci_.jpg

Рыдз-Сміглы ў Францыі 

У 1930-х гадаў узрастае роля радыёвыведкі, таму ў складзе «Двуйкі» быў створаны адпаведны аддзел. Дарэчы, тут працавалі не толькі кадравыя вайскоўцы, але і навукоўцы. Таксама важным момантам дзейнасці польскай выведкі было вывучэнне структуры нацыянальных меншасцяў у складзе Войска Польскага. Тут гутарка ішла, перш за ўсё, пра жыхароў заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай (беларусаў, габрэяў, украінцаў), а таксама этнічных немцаў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Аддзел правядзення дыверсій актыўна распрацоўваў аперацыі супраць Чэхаславакіі ў Цешынскай Сілезіі і Закарпацкай Русі (пра аперацыю «Лом» мы ўжо расказвалі ў адным з артыкулаў).

2_gnac_j_matushe_sk_pershi_z_levaj_.jpg

Ігнацій Матушэўскі, першы злева

Напярэдадні нападзення Германіі на Польшчу ў Другім аддзеле Генштабу польскай арміі працавала каля 250 афіцэраў і каля 500 цывільных супрацоўнікаў. Прадстаўніцтва «Двуйкі» дзейнічала і ў Заходняй Беларусі. Так, у падпарадкаванні Экспазітуры №1 у Вільні (кіраўнік — маёр Эдмунд Пятроўскі) былі выведвальныя пляцоўкі Корпусу аховы памежжа 1-6 у Гродне, Вільне, Глыбокім, Маладзечне, Стоўбцах і Лунінцы. Таксама пры Камандаванні карпусной акругі ІХ (Брэст) і ІІІ (Гродна) існавалі самастойныя «рэфераты» (прадстаўніцтвы) Другога адзела. Апошнімі шэфамі польскай даваеннай выведкі былі палкоўнікі Ежы Энгліхт і Юзаф Смаленскі.

Нечаканая знаходка ля Беластока

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу і цягам некалькіх тыдняў далучыла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну да СССР. Сярод багатых трафеяў «вызвольнага паходу» былі і дакументы «Двуйкі», якія польскія вайскоўцы не паспелі эвакуяваць ці знішчыць. У пачатку сакавіка 1940 года ў адзін з прыватных маёнткаў ля Беластока пад’ехала калона савецкіх вайсковых машын. З яе выйшлі людзі ў блакітных фуражках і накіраваліся ў сядзібу. Праз гадзіну жаўнеры пачалі выносіць з дому цяжкія скрыні і грузіць у грузавікі.

Так у руках НКУС аказалася 250 кілаграмаў найкаштоўнейшых дакументаў рэфэрату «Усход» Другога аддзелу Генштаба Войска Польскага. Сярод дакументаў былі персанальныя справы не толькі супрацоўнікаў польскай выведкі, але і «канфідэнтаў» — цывільных агентаў польскіх спецслужбаў, у тым ліку і жыхароў Заходняй Беларусі. Напярэдадні нападу нацыстаў на Польшчу архіў быў вывезены з Варшавы на Усход.

4_adz_n_z_sakretnih_dakumenta_pol_skaj_dvujk_pra_dzejnasc_vivedk_m_nsku.jpg

Адзін з сакрэтных дакументаў польскай “Двуйкі” пра дзейнасць выведкі ў Мінску

Ужо 20 сакавіка 1940 года ў Беласток, Баранавічы, Брэст, Пінск, Вілейку накіроўваюцца спецыяльныя групы НКУС, у задачу якіх уваходзіла выяўленне былых супрацоўнікаў польскіх дзяржаўных органаў, паліцэйскіх, вайскоўцаў і «канфідэнтаў» польскіх спецслужбаў. Можна дапусціць, што важную ролю ў дзейнасці гэтых савецкіх «айнзацгруп» адыгрывалі і дакументы польскай «Двуйкі», якія падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года «панскія» ўлады «забылі» ў Заходняй Беларусі. Гэтыя групы «працавалі» каля двух месяцаў, а вынікам іх працы сталі сотні расстраляных грамадзян былой ІІ Рэчы Паспалітай.

6_pol_sk_dakument_z_grifam_asabl_va_sakretna.jpg

Польскі дакумент з грыфам "асабліва сакрэтна"

 

Акрамя гэтага, захопленыя сакрэтныя дакументы дазволілі савецкім спецслужбам правесці глыбокую распрацоўку польскіх афіцэраў, якія знаходзіліся ў лагерах для ваеннапалонных. Нарэшце, вялікая ўвага звярталася на так званую «праметэйскую» дзейнасць Другога аддзелу Генштаба Польшчы, што заключалася ў выкарыстанні ў якасці агентаў эмігрантаў з савецкіх сярэднеазіяцкіх і каўказскіх рэспублік. Напрыклад, у верасні 1939 года ў савецкі палон трапіў афіцэр Войска Польскага па прозвішчы Караеў. Аказалася, што гэты чалавек — былы эмігрант з Закаўказзя. У свой час ён супрацоўнічаў з польскай выведкай і служыў па кантракту ў польскай арміі. Выявіць гісторыю каўказца і яго братоў па няшчасці дазволілі захопленыя дакументы «Двуйкі».

З Патсдама ў Маскву

Польскія сакрэтныя архівы, атрыманыя НКУС у 1940 годзе, былі не апошнім савецкім «трафеем». У траўні 1945 года ў Патсдаме савецкая армія захапіла дакументы Цэнтральнага вайсковага архіва Трэцяга Рэйха. Сярод нямецкіх папер увагу савецкіх афіцэраў прыцягнулі і дакументы на польскай мове. Хутка стала зразумела, што ў руках савецкіх спецслужбаў архіў Аддзелу «Захад» польскай выведкі, які ў верасні 1939 года быў захоплены нацыстамі ў адным з фортаў варшаўскай Цытадэлі.

7_pol_sk_ja_dakumenti.jpg

Польскія дакументы

Гутарка ідзе пра дакументы ІІІ-й экспазітуры «Двуйкі», якая знаходзілася ў Быдгашчы. Гэтае аддзяленне займалася выведвальнай дзейнасцю на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Вольнага горада Данцыга. Аналізуючы нямецкія паштовыя адпраўленні, апрацоўваючы дадзеныя ад сваіх агентаў у штабе Люфтвафэ ў Кёнігсбергу, палякам атрымалася сабраць дакладную інфармацыю наконт вайсковага патэнцыялу Трэцяга Рэйху. Пра важнасць архіва ў Быдгашчы сведчыць той факт, што ў першыя дні нападу на Польшчу за архівам палявала спецыяльная група СС. Аднак у будынку экспазітуры дакументаў ужо не было.

5_adna_z_prac_drugoga_adzela_genshtaba_pol_skaga_vojska_pra_razv_ccjo_tankavih_vojska_sssr.jpg

Адна з прац Другога адзела Генштаба польскага Войска пра развіццё танкавых войскаў СССР

Толькі пасля захопу Варшавы нацыстам удалося атрымаць гэты архіў. У выніку каля 100 былых польскіх агентаў, якія працавалі на тэрыторыі Трэцяга Рэйху, былі асуджаныя і пакараныя. Напрыканцы вайны лёс закінуў і гэтую частку архіва польскіх спецслужбаў у СССР.

Большасць дакументаў «Двуйкі» да сённяшняга дня знаходзяцца ў архівах Расійскай федэрацыі. Частка матэрыялаў была скапіравана польскімі даследчыкамі ў пачатку 1990-х гадоў і зараз знаходзіцца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертаве пад Варшавай. Польскі бок не спыняе працы па вяртанні дакументацыі даваеннага Другога аддзелу генштабу польскага войска на Радзіму. Аднак сёння гэтая справа ў кампетэнцыі не навукоўцаў, а палітыкаў.