Поспехі савецкага развіцця вачыма спецслужбаў

Спецслужбы ведалі пра сітуацыю ў эканоміцы БССР. Аднак атрыманая імі інфармацыя заставалася вядомай вельмі вузкаму колу. Нежаданне рассакрэціць дакументы архіва КДБ дазваляе і сёння скажаць гісторыю Беларусі, прыпісваць савецкаму перыяду поспехі, якіх не было.

1386650334853_2.jpg

Пытанне эфектыўнасці эканомікі таталітарных сістэм — прадмет навуковай дыскусіі да цяперашняга часу. Найбольшая колькасць раней уведзеных у навуковы зварот архіўных і літаратурных крыніц сведчыць пра ўстойлівы рост асноўных паказчыкаў развіцця народнай гаспадаркі.

Фундаментальныя абагульняючыя навуковыя працы, прысвечаныя гэтым праблемам і напісаныя да сярэдзіны 1990-х гадоў, пераконваюць чытачоў у надзвычайнай эфектыўнасці савецкай эканамічнай мадэлі 1930-х. «Тым не менш, у выніку адміністрацыйных метадаў кіраўніцтва прамысловасць рэспублікі ў гады другой і трэцяй пяцігодкі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці з 1932 па 1937 гг. вырас амаль у 1,9 разы. Былі пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны заводы, другая чарга БелДРЭС і дзясяткі іншых. Валавая прадукцыя прамысловасці ўсходніх абласцей БССР у 1940 г. дасягнула 2377,8 млн. руб., перавысіўшы ўзровень 1913 г. у 23 разы. Сярэднегадавая колькасць рабочых... у 1940 г. дасягнула 276,7 тыс. чалавек», — адзначаецца ў апошняй, найбольш крытычнай версіі гісторыі Беларусі савецкага перыяду (Нарысы гісторыі Беларусі, ч. 2. Мн., 1995).

Паспрабуем ацаніць дасягненні савецкай эканомікі вачыма спецслужбаў — гэта тым больш цікава і актуальна ў сувязі з юбілеем, які ўрачыста адзначыла нядаўна кіраўніцтва краіны і супрацоўнікі КДБ.

 

5019863286_0.jpg

Наколькі аб’ектыўныя дакументы?

Высновы пра эфектыўнасць савецкай эканамічнай сістэмы могуць быць перагледжаныя з увядзеннем у навуковы зварот дадзеных архіваў ОГПУ — НКВД — КДБ, асабліва матэрыялаў іх эканамічных аддзелаў (упраўленняў). У цяперашні час даступныя для даследавання дакументы фрагментарныя, па іх немагчыма скласці новыя лікавыя паказчыкі развіцця тых ці іншых галін. Але нават тыя дакументы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі і архівах КДБ, дазваляюць зрабіць менш аптымістычныя высновы, чым тыя, якія сёння лічацца агульнапрынятымі.

Гэтыя дакументы ўтрымліваюць два важных моманты. Першы — яны сведчаць пра стаўленне грамадзян да тых ці іншых дасягненняў, адлюстроўваюць неафіцыйную грамадскую думку адносна гэтых дасягненняў. Другі — яны прадстаўляюць бачанне эканомікі вачыма спецыялістаў: экспертаў і аналітыкаў, вызначаных органамі дзяржбяспекі з ліку найлепшых. Спецыяльнага аналітычнага падраздзялення ў структуры Эканамічных аддзяленняў НКУС Беларусі не было, аналітыка беларускіх чэкістаў насіла хутчэй якасны, а не колькасны характар. Аднак і гэтага дастаткова, каб не лічыць дасягнутае ў часы БССР вялікім поспехам.

Безумоўна, працуючы з матэрыяламі АДПУ — НКУС, варта заўсёды ўлічваць, калі складзены той ці іншы аналітычны дакумент: да або пасля аналагічнага даследавання, праведзенага ў Маскве, якія агульнапалітычныя тэндэнцыі ён пацвярджае або абвяргае, каму з палітычных дзеячаў выгадны. Так, матэрыялы, якія пацвярджаюць выказаныя ў Маскве здагадкі, заўсёды больш лаканічныя, у іх менш канкрэтных прыкладаў. Наадварот, матэрыялы крытычнага зместу заўсёды багатыя спасылкамі на меркаванне канкрэтных людзей або канкрэтныя абставіны, яны больш падрабязныя, у іх больш аргументаў і разваг.

Пакуль складана ацаніць, наколькі праўдзівыя былі аналітычныя матэрыялы органаў дзяржбяспекі — ёсць усе падставы меркаваць, што жаданне адыгрываць больш важную ролю ў палітычным і эканамічным жыцці краіны спрыяла зрушэнню акцэнтаў да некаторага «згушчэння фарбаў». Але бясспрэчна, што ў іх правільна адлюстраваныя асобныя моманты і хібы эканамічнага развіцця, якасна ацэненыя тыя ці іншыя яго вынікі.

Дасягненні эканамічнага развіцця, прадстаўленыя ў тонах, кіламетрах або «павелічэнні ў гэтулькі разоў» важныя пры аналізе развіцця дзяржавы ў цэлым. Для шараговых грамадзян яны мала што значаць. На палітычную актыўнасць людзей больш уплываюць фактары паўсядзённага жыцця. Таму для органаў НКУС, разам з кантролем за дасягненнем эканамічных паказчыкаў, важным з’яўляўся кантроль і за грамадскай думкай, якая разглядалася як гарант стабільнасці дзяржавы, як галоўны фактар, які забяспечвае магчымасць рэалізацыі ці нерэалізацыі планаў пяцігодак.

 

unnamed_65.jpg

Грамадская думка пад мікраскопам

Грамадская думка краіны мела два выразы — публічны, выказаны на старонках газет і часопісаў, па радыё афіцыйнымі асобамі, ідэолагамі краіны, і непублічны. Паколькі ўсе СМІ разглядаліся перш за ўсё як сродкі агітацыі, крытычныя выступы і нататкі тут заўсёды былі строга вывераныя адпаведнымі партыйнымі структурамі і органамі кантролю за прэсай — дзяржаўнай цэнзурай Галоўліту.

Кантроль за грамадскай думкай ажыццяўляўся спецслужбамі і ўтрымліваў наступныя этапы дзейнасці: выявіць побытавае іншадумства, выключыць іншадумцаў з грамадства, пакараць іх. Для гэтага выкарыстоўвалася асведамляльная сетка, створаная ва УСІХ прадпрыемствах, установах, арганізацыях БССР і спецыяльныя пазасудовыя органы пакарання. У кантролю за грамадскай думкай, які ажыццяўлялі спецслужбы, была яшчэ адна функцыя — інфармаваць кіраўніцтва БССР аб наяўнасці іншадумства.

З усіх формаў іншадумства ў адносінах да дасягненняў сацыялістычнай эканомікі, як удалося выявіць беларускім спецслужбам, самай распаўсюджанай была крытыка і нават непрыманне стаханаўскага руху.

 

soviet_posters_part_1_society_and_politics_18.jpg

«Стаханаўцаў выдумалі»

Адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці работніка ў выніках сваёй працы, характэрная для савецкай эканомікі, прымушала кіраўніцтва СССР і БССР вынаходзіць розныя спосабы прыцягнення насельніцтва да прадукцыйнай працы. 10 кастрычніка 1935 года ў газеце «Праўда» быў апублікаваны перадавы артыкул «Стаханаўскі рух трэба арганізоўваць». На прадпрыемствах Беларусі пачалі фармавацца стаханаўскія брыгады, праводзіліся злёты і сходы стаханаўцаў. Да 1 лістапада 1935 года ў прамысловасці БССР было 9935 стаханаўцаў (11% усіх рабочых), у пачатку 1936-га — ужо 24 359. Снежаньскі (1935 года) пленум ЦК УКП(б) паставіў задачу зрабіць стаханаўскі рух формай вытворчай дзейнасці кожнага працоўнага. У канцы 1935 — пачатку 1936 гадоў на многіх прадпрыемствах БССР праводзіліся стаханаўскія змены, дні, пяцідзёнкі, дэкады, месячнікі.

Пра тое, як ставяцца да стаханаўцаў, што кажуць пра стаханаўскі рух, спецслужбы рэгулярна збіралі звесткі па раёнах, заводах, фабрыках. Па гэтых матэрыялах складаліся дакладныя запіскі, якія накіроўваліся ў ЦК КП(б)Б і ў Маскву. У 1936 годзе спецслужбы інфармавалі пра меркаванне «народных масаў» наступным чынам: «стаханаўцаў выдумалі таму, што бальшавікі адчуваюць сваю гібель, яны ведаюць, што ўсе людзі супраць іх, таму хочуць прывабіць на свой бок рознымі прынадамі», «выслужыся — атрымаеш бульбяны медаль», «няма разліку па-стаханаўску працаваць: шмат заробіш, дык шмат утрымаюць». Асабліва вылучаліся меркаванні сялян. Людзі казалі: «Даць стаханаўцам горшую зямлю — і хай паспрабуюць падняць ураджай»; «усім на працу ў калгасы выходзіць не трэба, хай выходзяць адны стаханаўцы, якіх прэміравалі»; «стаханаўскімі метадамі больш прымушаюць працаваць, цяпер больш жорстка эксплуатуюць, чым пры капіталізме»; «дурні толькі працуюць па-стаханаўску і губляюць сваё здароўе».

yakov_guminer___arithmetic_of_a_counter_plan_poster__1931_.jpg

Стаханаўскі рух не карыстаўся папулярнасцю і сярод рабочых: спецслужбы сістэматычна паведамлялі пра зрыў стаханаўскага руху, кампраметацыі стаханаўцаў. У маі 1936 года сакратару ЦК КП(б)Б М. Гікала была накіраваная дакладная запіска «Аб фактах процідзеяння стаханаўскага руху на прадпрыемствах БССР». Галоўнай прычынай адсутнасці энтузіязму былі названыя «чуткі аб зніжэнні расцэнак і павышэнні нормаў выпрацоўкі, выкліканыя стаханаўскім рухам». Нават на тых прадпрыемствах, дзе рух быў досыць добра арганізаваны (добрушская фабрыка «Герой працы», бабруйская фабрыка «Кастрычнік» і інш.), антыстаханаўскія настроі былі значнымі.

Факты «антыстаханаўскіх настрояў» былі выяўленыя ў Мінску, Бабруйску, Гомелі, а таксама ў Мінскім, Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Быхаўскім, Добрушскім, Асвейскім, Клічаўскім і іншых раёнах БССР. Так, слесар Антыной, які працаваў на добрушскай фабрыцы «Герой працы», казаў рабочым: «Вы працуеце, а частка зарплаты ідзе тым, хто прыдумаў гэтую стаханаўшчыну, вось так падманваюць нашага брата — перш дадуць трохі рабочым выйграць, у потым у два разы больш падмануць, вось і свабода». Муляр гомельскага шклозавода імя Сталіна Тачылін казаў: «Становяцца стаханаўцамі тыя, хто бліжэй да начальства».

І слесар Антыной, і муляр Тачылін былі арыштаваныя. Лёс іх невядомы.

sovetskie_kommunisticheskie_plakaty_72.jpg

 

Даўгабуды

Масавыя рэпрэсіі другой паловы 1930-х гадоў мелі не толькі палітычны характар, а, перш за ўсё, эканамічны. У чэрвені 1937 года інспектар НКУС БССР Кац падрыхтаваў разгорнутую даведку «Аб праведзеных нацыянал-фашысцкай арганізацыяй шкодніцкіх, падрыўных і разбуральных актах у прамысловасці і фінансавай гаспадарцы БССР». Абапіраючыся на гэты дакумент і іншыя падобныя матэрыялы, коратка разгледзім, як рэальна выглядалі асноўныя галіны народнай гаспадаркі.

Галоўнай праблемай паліўна-энергетычнай гаспадаркі БССР, ад развіцця якой наўпрост залежаў стан прамысловасці БССР, з’яўляўся разрыў паміж патрэбамі і рэальным забеспячэннем цеплавых электрастанцый палівам. Асноўныя энергетычныя цэнтры БССР — БелДРЭС імя Сталіна, цеплаэлектрастанцыі Мінска, Гомеля, іншых гарадоў, сістэматычна недаатрымлівалі паліва, што выклікала перабоі з падачай электраэнергіі на прадпрыемствы. Адсутнасць дастатковай колькасці паліўных баз, што непасрэдна забяспечвалі палівам буйныя энергетычныя цэнтры, прымушала шукаць паліва «часам на вельмі далёкіх адлегласцях ад цэнтра». Гэта «значна павялічвае сабекошт электраэнергіі», перагружае транспарт. Акрамя таго, у 1937 годзе былі фактычна сарваныя будаўніцтва Мінскай ЦЭЦ, другая чарга БелДРЭС будавалася ўжо 4 гады, «зацягнутае да бясконцасці пытанне аб будаўніцтве Гомельскай станцыі». Адсутнасць кваліфікаванага адзінага кіраўніцтва галіной — яшчэ ў 1934 годзе «Белэнерга» быў ліквідаваны — выклікала частыя аварыі на электрастанцыях. У дакладной запісцы адзначалася «пагрозлівае становішча з забеспячэннем электраэнергіяй большасці прадпрыемстваў БССР».

Індустрыялізацыя БССР павінна была ажыццяўляцца хуткімі тэмпамі. Аднак, «па большасці важнейшых аб’ектаў прамысловага будаўніцтва» назіраўся даўгабуд, што вяло да амярцвення ўкладзеных капіталаў. Будаўніцтва Аршанскага льнокамбіната, Мінскай абутковай фабрыкі было зацягнутае на 2 гады, Магілёўскага трубаліцейнага завода — на 2,5 гады, механічнага цэха Мінскай металургічнай фабрыкі імя Кірава — на 3 гады, Гомельскага тлушчавага камбіната, Быхаўскага ацэтонавага завода — на 3,5 года і гэтак далей. У выніку будаўніцтва прадпрыемстваў значна перавышала каштарысны кошт; напрыклад, на будаўніцтва Магілёўскага трубаліцейнага завода было затрачана 4,7 млн. рублёў замест запланаваных 1,08 млн.

Для вялікай колькасці прамысловых будоўляў, распачатых у 1930-х гадах, не хапала цэглы і вапны. Гэтымі матэрыяламі ў першую чаргу забяспечваліся прадпрыемствы ваеннага значэння. Будаўніцтва культурных, навуковых устаноў, жылых памяшканняў было ў апошняй чарзе. У 1936 годзе былі сарваныя тэрміны будаўніцтва тэатра ў Мінску, будынку Акадэміі Навук. Будаўніцтва вапнавых заводаў у Вярхоўе і Левай Рубе (недалёка ад Віцебска) зацягнулася на 4–5 гадоў. Яно было распачатае без распрацаванага праекта, геалагічных разведак запасаў сыравіны. У выніку будоўлі з-за адсутнасці вапны проста зрываліся.

0f1c05_1.jpg

Узмоцненае будаўніцтва энергетычных прадпрыемстваў, накіроўванне туды асноўных капіталаўкладанняў тармазіла развіццё прадпрыемстваў харчовай і лёгкай прамысловасці, якая, як пазначалі спецслужбы, «на сённяшні дзень зусім не развітая». «Каласальная колькасць» гародніны, ягад, грыбоў штогод выкідалася з-за адсутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў. Саматужныя заводы трэстаў «Белплодовощ» і «Белкоопплодовощ» выпускалі толькі паўфабрыкаты, якія з-за нізкай якасці людзі не куплялі, і іх даводзілася гэтак жа выкідаць на сметнік. Адносна невялікае будаўніцтва харчовых прадпрыемстваў ажыццяўлялася без аналізу наяўнасці сыравіннай базы (як, напрыклад, будаўніцтва завода кансерваванага малака ў Рагачове), з вялікімі будаўнічымі недаробкамі (Гомельскі тлушчавы камбінат, Віцебскі халадзільнік), «што выклікала сістэматычныя прастоі на вытворчасці».

У другой палове 1930-х гадоў было прынятае рашэнне вырабляць у БССР сінтэтычны каўчук (Бабруйскі хімічны завод). Для гэтага быў неабходны спірт, на вытворчасць якога накіроўвалася да 50% усіх капіталаўкладанняў у харчовую прамысловасць. Аднак будаўніцтва спіртзаводаў ажыццяўлялася без аналізу наяўнасці сыравіннай базы (бульбы), заводы прастойвалі з-за адсутнасці сыравіны, яе даводзілася прывозіць здалёк, што вяло да павелічэння сабекошту прадукцыі.

Швейная галіна ў БССР займала цэнтральнае месца ў сістэме лёгкай прамысловасці. Паколькі ў тыя часы дзяржавай ацэньваліся толькі колькасныя і высокія паказчыкі, фабрыкі выпускалі шмат прадукцыі, нават не маючы для гэтага неабходнага абсталявання і кваліфікаваных кадраў. Таму, як адзначалі спецслужбы, меў месца масавы брак, якасць прадукцыі была вельмі нізкай. У швейных вырабаў адсутнічалі аздабленні, фасоны адзення былі вельмі простыя.

 

У калгасах не лепш

Асабліва цяжкай была сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. 31 сакавіка 1938 года наркам НКУС Берман накіраваў у Маскву дакладную запіску «Аб шкодніцтве ў сельскай гаспадарцы БССР». У запісцы адзначалася: на 1 студзеня 1938 года ў БССР калектывізавана 685 095 двароў, або 87,5%. Гэта азначала, што селяніну няма дзе было зарабіць на жыццё, акрамя як у калгасе. Як адзначалі спецслужбы, разам з тым, па правераных 5 919 гадавых справаздачах калгасаў, у 1937 годзе сярэдняя выдача на адзін «працадзень» у БССР складала: збожжавых 1 кг 708 г. і 35 кап. грашыма. Сярэдні заробак на сялянскі двор быў у гэты час 393 працадні. Па шэрагу калгасаў даход быў яшчэ ніжэй. Людзі жылі надгаладзь, мела месца жабрацтва.

sovetskie_kommunisticheskie_plakaty_24.jpg

Паколькі патрабавалася ўводзіць у севазварот новыя землі, што было досыць складана пры ўзроўні механізацыі таго часу, у калгасах масава прыпісвалі пасяўныя плошчы. На думку спецслужбаў, насамрэч у 1937 годзе дайшлі да ўзроўню пасяўных плошчаў толькі 1929 года. Акрамя таго, амаль ні ў адной гаспадарцы не было правільных севазваротаў.

За 1937 год на 64 626 коней зменшылася конскае пагалоўе. Загінула коней 2–3 гадоў — 4900 галоў, загінула рабочых коней — 38 300 галоў, прададзена аднаасобнікам — 5 500 галоў. «Адносіны да коней у калгасах варварскія, за іх, як правіла, ніхто не адказвае», — пісалі спецслужбы.

Буйная рагатая жывёла скарацілася на 58 400 галоў. «Захворванне рагатай жывёлы бруцэлёзам па рэспубліцы не памяншаецца, наадварот, у асобных раёнах ачагі захворванняў распаўсюджваюцца. У БССР маецца 589 кропак, ахопленых інфекцыйнай анеміяй. У шэрагу гаспадарак забіта анемійных коней — 3189; вывезена з БССР анемійных коней — 4042. Ветэрынарнае кіраўніцтва Наркамзема БССР работу па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі вядзе дрэнна. Раёны ветэрынарнымі работнікамі ўкамплектаваныя дрэнна. Так, на 20 сакавіка 1938 года маецца недакамплект: участковых заатэхнікаў — 148; заатэхнікаў рознай спецыяльнасці — 97; інспектараў-заатэхнікаў — 20; старэйшых заатэхнікаў — 4; заатэхнікаў-трусаводаў — 8; за ўсё — 277 чал.», — паказвалі спецслужбы.

 

sovetskie_kommunisticheskie_plakaty_18.jpg

Татальны дэфіцыт

У шэрагу дакладных запісак і даведак, напісаных вясной 1938 года і накіраваных у НКУС СССР або ЦК КП(б)Б, адзначаецца цяжкая сітуацыя, звязаная з забеспячэннем насельніцтва прадметамі першай неабходнасці.

Спецслужбы пішуць пра чэргі за мясам, рыбай, бульбай, газай, мануфактурай, абуткам. Чэргі, на іх думку, былі абумоўленыя тым, што прадукты харчавання і прамысловыя тавары паступалі ў продаж нерэгулярна, з вялікімі перабоямі. Па стане на 1 красавіка 1938 года была складзеная нават «Даведка пра перабоі ў забеспячэнні насельніцтва прадуктамі і прамысловымі таварамі па БССР». У ёй паказвалася наступная карціна. У Мінску патрэбы насельніцтва па мясе задавальняліся на 25%: у дзень гораду неабходна 10–12 тон мяса, у квартал — 900 тон. Рэальна завозілася 205 тон. «Становішча з мясам цяжкае», — адзначалася ў даведцы. Не задавальняліся патрэбы насельніцтва па каўбасных вырабах, рыбе, малаку, сыру, масле: з плану ў 225 тон рыбы ў квартал атрымана 90 тон, пры плане завозу малака 10–12 тон у суткі адпускаецца 2 тоны, з неабходнай 21 тоны сыру ў квартал прывозілася 13 тон і гэтак далей. Натуральна, што ў продажы харчы адсутнічалі.

Не лепшай была сітуацыя з прамысловымі таварамі. У Мінску на квартал баваўняных вырабаў павінны былі даставіць на 10 млн. руб., рэальна атрымана на 7,7 млн., галёшаў — з 2,7 млн. руб. атрымана на 1,9 млн. руб., план па абутку складаў 1,3 млн. руб. — атрымана абутку на 1 млн. руб.

Адзначым, што ў даведцы гаворка ідзе пра невыкананне планавых заданняў, а не пра задавальненні рэальных патрэбаў насельніцтва: планы былі значна ніжэй. Так, план па завозу панчохаў складаў 100 тысяч руб. і быў выкананы. Аднак, нягледзячы на гэта, у кожнай краме, дзе прадавалі панчохі, збіраліся штодзённыя чэргі па 200–300 чалавек.

Спецслужбы прааналізавалі склад мінскіх чэргаў. У асноўным, у іх было сельскае насельніцтва, «якое мае на руках афіцыйныя даведкі праўленняў калгасаў пра тое, што едуць у горад па тавары для сябе». Натуральна, ва ўмовах дэфіцыту меў месца перапродаж тавараў па больш высокай цане. Гэта называлася спекуляцыяй і лічылася крымінальным злачынствам.

 

9ecb8404761772acb0f5983a9a99473a.jpg

А не ў сталіцы?

У іншых гарадах БССР забеспячэнне было яшчэ горшым. Былі правераныя Барысаў, Петрыкаў, Бабруйск, Мсціслаў, Орша, Лепель, Краснаполле, Гомель, Мазыр, Асіповічы. Ва ўсіх гарадах мяса ў сістэме кааперацыі наогул не прадавалася, чэргі «за мануфактурай, калі яна ёсць», былі ў 300–500 чалавек, за газай — 100–400 чалавек.

Варта адзначыць асаблівасці савецкага бюджэтнага планавання. Аб’ём прыбыткаў у бюджэце, як правіла, завышаўся. «Пад бачнасцю барацьбы за выкананне даходнай часткі дзяржаўнага бюджэту, куды паступала ў выглядзе адлічэнняў частка прыбыткаў прамысловасці, шкоднікі выраблялі праз Дзяржбанк канфіскацыю абаротных сродкаў прадпрыемстваў у пакрыццё не паступаючых у дзяржбюджэт адлічэнняў ад прыбыткаў. У выніку такой канфіскацыі даходаў ад арыштаў і закрыцця бягучых рахункаў атрымалася, што многія галіны і прадпрыемствы рэспубліканскай прамысловасці былі пакінутыя зусім без абаротных сродкаў (шкляная, гарбарна-абутковая і інш.)», — паказвалася ў даведцы НКУС БССР ад 19 чэрвеня 1937 года. Не маючы абаротных сродкаў, прадпрыемствы прастойвалі, зарплата працоўных «выплачвалася са значнымі перабоямі, што выклікала незадаволенасць сярод іх».

Спецслужбы былі дасведчаныя аб рэальнай сітуацыі ў эканоміцы БССР. Атрыманая імі інфармацыя перадавалася ў ЦК КП(б)Б, кіраўніцтву краіны. Аднак яна заставалася цалкам сакрэтнай, вядомай вельмі вузкаму колу асобаў. Нежаданне рассакрэціць дакументы архіва КДБ дазваляе і сёння скажаць гісторыю Беларусі, прыпісваць яе савецкаму перыяду поспехі, якіх не было.