Сёння — гадавіна «крывавай нядзелі» ў Грузіі

У ноч з 8 на 9 красавіка 1989 года на праспекце Руставелі ў Тбілісі была жорстка падаўленая акцыя пратэсту тагачаснай апазіцыі. 

17854709_1541876389178431_204877572862857283_o.jpg

Загінулі 20 чалавек, большасць з якіх — жанчыны, сотні атрымалі раненні і былі атручаны ў выніку ўздзеяння ўжытага ваеннымі пры падаўленні мітынгу слезацечнага газу. 
Для расследавання таго, што адбылося, З'езд народных дэпутатаў СССР сфарміраваў камісію, якую ўзначаліў Анатоль Сабчак. Камісія аднавіла карціну таго, што здарылася, але высветліць, хто даў загад вайскоўцам разагнаць мітынг, не ўдалося, бо ніякіх дакументаў не было.

revoljuc9t.jpg


Ужо на наступны дзень у знак пратэсту супраць разгону горад Тбілісі і астатняя Грузія пачалі страйк, была абвешчана нацыянальная 40-дзённая жалоба. Жыхары горада масава ўскладалі кветкі на месца гібелі дэманстрантаў. У Грузіі было абвешчана надзвычайнае становішча, але дэманстрацыі пратэсту працягваліся.


З трагічных падзей 9 красавіка пачаўся працэс кансалідацыі грузінскага грамадства вакол ідэй нацыянальнай незалежнасці, аднаўлення грузінскай дзяржаўнасці. 9 красавіка 1991 года пасля ўсенароднага рэферэндуму парламент Грузіі выдаў указ аб аднаўленні дзяржаўнай незалежнасці Грузіі.
У Грузіі 9 красавіка — гэта дзень нацыянальнага адзінства, грамадзянскай згоды і памяці загінуўшых за свабоду. Па традыцыі, у гэты дзень тбілісцы абсыпаюць цюльпанамі лесвіцу, якая вядзе да будынка былога парламента. .