Стальны пакт: Як Адольф перахітрыў Бэніта напярэдадні пачатку Другой сусьветнай вайны
Пакт, падпісаны 22 траўня 1939 года паміж нацысцкай Нямеччынай і фашысцкай Італіяй стаў дэклярацыяй агульных амбіцыяў. Аднак неадпаведнасьць у ваеннай сіле і эканамічных рэсурсах дзьвюх краінаў ставіла Італію ў падпарадкаванае становішча. Бэніта сапраўды марыў пра мірныя гады, але ў нямецкіх камрадаў была іншая задума.
З прэамбулы пакта:
«Цьвёрда зьвязаныя нутраным сваяцтвам іх сьветапогляду і шырокай салідарнасьцю іх інтарэсаў адзін з адным, нямецкі і італьянскі народ вырашыліся, таксама ў будучыні плячом да пляча з аб'яднанымі сіламі выступаць за забесьпячэньне іх жыцьцёвай прасторы і за падтрымку міру.
На гэтым, ім гісторыяй паказаным шляху Нямеччына і Італія жадаюць у цэнтры сусьвету турботы і раскладаньня служыць мэце гарантаваць асновы эўрапейскай культуры».
Шлях да пакту
Нямецка-італьянскі альянс стаў магчымым дзякуючы ідэалягічным падабенствам Адольфа Гітлера і Бэніта Мусаліні, якія кіраваліся незадаволенасьцю тым парадкам, які склаўся пасьля Першай сусьветнай вайны. Вэрсальская дамова пакінула Нямеччыну прыніжанай і эканамічна зруйнаванай, у той час як тыя ж пагадненьні адмовілі Італіі ў тэрытарыяльных прыростах, якія яна чакала ў якасьці ўзнагароды за ўдзел у вайне.
Гітлер і Мусаліні знайшлі агульную мову ў непрыняцьці лібэральнай дэмакратыі, у антыкамуністычнай пазыцыі і жаданьні вярнуць сваім нацыям месца, якое яны лічылі належным ім у сусьветнай герархіі. Дыпляматычнае заляцаньне паміж Нямеччынай і Італіяй пачалося сур'ёзна ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Уварваньне Італіі ў Эфіопію ў 1935 годзе і наступнае міжнароднае асуджэньне, асабліва з боку Лігі Нацый, падштурхнулі Мусаліні да Гітлера. Нямеччына, якая выйшла з Лігі Нацый у 1933 годзе, прапанавала Італіі маральную і палітычную падтрымку.
Вось Рым-Бэрлін, абвешчаная ў лістападзе 1936 года, стала відавочным сігналам гэтых адносінаў. Тэрмін «вось» быў уведзены Мусаліні, што сымбалізавала новую расстаноўку сілаў у Эўропе. Гэты нефармальны альянс быў падмацаваны ўзаемным удзелам у грамадзянскай вайне ў Гішпаніі, дзе абедзьве краіны падтрымлівалі генэрала Франка.
Для Гітлера стварэньне хаўруса з Італіяй было неабходным. Гэта забясьпечвала хаўрусьніка на паўднёвым флангу, што стварала больш выгаднае геапалітычнае становішча Нямеччыны. А таксама падтрымка Італіі разглядалася як супрацьвага патэнцыйнага франка-брытанскага альянсу.
Мусаліні, зь іншага боку, бачыў у альянсе магчымасьць умацаваць міжнародны статус Італіі і атрымаць дапамогу для міжземнаморскіх і балканскіх амбіцыяў. Нягледзячы на некаторыя нюансы адносна непрадказальнасьці Гітлера і патэнцыйнага дамінаваньня Нямеччыны ў партнэрстве, Мусаліні палічыў, што Альянс з Рэйхам дасі Італіі моцны рычаг у дасягненьні яе імпэрскіх мэтаў.
Дзьве істотныя падзеі яшчэ больш умацавалі нямецка-італьянскі альянс: аншлюс і Мюнхэнскае пагадненьне. Анэксія Аўстрыі ў сакавіку 1938 года, была сустрэтая Мусаліні маўклівай ухвалай. Нягледзячы на тое, што Італія раней гарантавала незалежнасьць Аўстрыі. Мюнхэнскае пагадненьне ў верасьні 1938 года дазволіла Нямеччыне анэксаваць Судэцкую вобласьць Чэхаславаччыны. Мусаліні адыграў вялікую ролю ў перамовах, які пазыцыянаваў сябе ў якасьці пасярэдніка, і адначасова падтрымліваў патрабаваньні Гітлера.
Пакт
З тэксту дамовы:
Артыкул III
«Калі насуперак жаданьням і надзеям тых хто заключае дамову дойдзе да таго, што адзін з бакоў трапляе ў воінскія ўскладненьні з іншай уладай або з іншымі ўладамі, іншы бок дамовы адразу ўстане на яго бок як хаўрусьнік і падтрымае яго ўсімі ваеннымі сіламі на сушы, у моры і ў паветры».
Першапачаткова Стальны пакт, які быў падпісаны 22 траўня 1939 года міністрамі замежных справаў фон Рыбэнтропам і Галеаца Чыяна ў Бэрліне, павінен быў пашыраць «антыкамінтэрнаўскі пакт» паміж Токіа, Рымам і Бэрлінам і каардынаваць імкненьні экспансіі трох дзяржаваў. Аднак перамовы з Японіяй перажывалі застой на працягу першых месяцаў 1939 года, бо не было дасягнута згоды аб антыбрытанскім і адпаведна антысавецкім кірунку дамовы.
24 красавіка 1939 года было вырашана падпісаць дамову Італіі і Нямеччыны з тым разьлікам, што Японія далучыцца да яе пазьней.
Як адзначае гісторык Мальтэ Кеніг, пасьля таго, як фашысцкае кіраўніцтва Італіі да гэтай даты заўсёды стрымана рэагавала на нямецкія парывы, справа атрымала дзіўную перамену. Ва ўказаньнях, якія Бэніта Мусаліні 4 траўня ставіў для свайго міністра замежных справаў, ён ня толькі падкрэсьліваў, што эўрапейскага канфлікту трэба абавязкова пазьбягаць да 1943 года. Ён адначасова патрабаваў распрацаваць ваенныя дамоўленасьці з Нямецкім Рэйхам настолькі дакладна, што яны ўступілі б у сілу пры вызначаных абставінах «наўпрост аўтаматычна».
Фон Рыбэнтроп, па даручэньні Гітлера, «забыў» першапачаткова заплянаванае абвяшчэньне італьянцам непазьбежнасьці нямецка-польскага канфлікту. Замест гэтага ён пераканаў міністра замежных справаў Італіі, што ніякая непасрэдная небясьпека вайны не пагражала. Таму італьянская дэлегацыя думала, што пагадненьне працяглага перамір'я было дасягнутае.
У той час як нямецкі ўрад рэгістраваў, перш за ўсё, наступальныя адносіны Мусаліні і пераконваўся ў магчымасьці ўключыць партнэра восі пры будучых ваенных акцыях, фашысцкае кіраўніцтва Італіі лічыла, што канчаткова была прынята дамоўленасьць аб мірным часе ад 4 да 5 гадоў. Тым не менш, міністар замежных справаў Чана нсуперак любой дыпляматычнай традыцыі не замацаваў гэтую дамоўленасьць пісьмова.
Як мяркуе гісторык Енс Пэтэрсан, для Мусаліні было больш істотным прапагандысцкае вонкавае ўзьдзеяньне дамовы чым сапраўдны яе зьмест. Не ажыцьцяўленьне, а міт Стальнога пакта стаяў ў цэнтры яго мысьленьня.
Адольф Гітлер, наадварот, браў наступальнае ядро дамовы даслоўна. Ужо праз адзін дзень пасьля падпісаньня ён паведамляў нямецкаму кіраўніцтву вермахта аб хуткім нападзе на Польшчу з катэгарычным указаньнем нічога не паведамляць аб гэтым італьянцам.
Пакт прадугледжваў рэгулярныя кансультацыі паміж ваеннымі штабамі абедзьвюх краінаў. Гэтае патрабаваньне пастаяннай каардынацыі было прызначанае для садзейнічаньня распрацоўцы сумесных стратэгій і апэратыўных плянаў.
Стальны пакт аказаў значны ўплыў на прапагандысцкія намаганьні абодвух рэжымаў. Гэта было адлюстравана як сьведчаньне адзінства і моцы дзяржаваў Восі, сымбаль іх рашучасьці зьмяніць сусьветны парадак. У Нямеччыне альянс адзначаўся як апраўданьне вонкавай палітыкі Гітлера і дэманстрацыяй росту ўплыву і прэстыжу Рэйха. У Італіі Мусаліні выкарыстоўваў Пакт для ўмацаваньня іміджу магутнага і ўплывовага лідэра.
Ужо напрыканцы чэрвеня італьянцы пачыналі разумець, што немцы хавалі ад іх зьвесткі і плянавалі напад на Польшчу. 12 жніўня 1939 года Гітлер асабіста паведаміў італьянскаму міністру замежных справаў, што Нямецкі Рэйх будзе хутка рэагаваць на "польскія правакацыі". Спасылка Чыяна на абумоўлены мірны час адкідвалася немцамі з заўвагай, што актуальнае становішча справаў на кантынэнце патрабуе нямецкі адказ.
1 верасьня 1939 года пачалася Другая сусьветная вайна.