У якіх банках трымалі грошы жыхары Заходняй Беларусі

Адносная фінансавая стабільнасць, якая панавала ў заходнебеларускіх ваяводствах, скончылася з пачаткам Другой сусветнай вайны і канчаткова ляснулася ў верасні 1939 года.

8c6d39a0e9e6f344fb6a2d83c7c6787c_logo_1.jpg


Гісторыя некаторых банкаў, якія працавалі ў Заходняй Беларусі, заслугоўвае асобнай увагі. Галоўнай крэдытна-фінансавай установай Польшчы быў акцыянерны Банк Польскі, створаны ў студзені 1924 года. Менавіта ён стаў галоўным эмісійным цэнтрам, што выпускаў новыя папяровыя банкноты, якія абапіраліся на міжнароднай сістэме «Gold Exchange Standard». Гэта адзначала, што ў склад пакрыцця эмісіі ўваходзіла золата, а таксама валюты іншых еўрапейскіх дзяржаў. За выпуск манет адказвала дзяржаўнае казначэйства.

Усяго дзейнічала каля 50 аддзяленняў Банка Польскага. У Заходняй Беларусі яны знаходзіліся ў Баранавічах, Слоніме, Ваўкавыску, Вільні, Пінску, Кобрыне, Гродна і Брэсце. Галоўнай задачай Банка Польскага было крэдытаванне сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама падтрымка стабільнага курсу злотага. Акрамя гэтага, у аддзяленнях банка прадаваліся манеты з каштоўных металаў, у тым ліку і залатыя долары. У справаздачы аб дзейнасці Прамыслова-гандлёвай палаты ў Вільні за 1930 год адзначалася, што крэдытная дзейнасць Банка Польскага спрыяла развіццю дробнага гандлю і прамысловасці ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай.

Найбольш папулярным сярод жыхароў Заходняй Беларусі быў створаны ў 1919 годзе банк — Паштовая ашчадная каса (PKO). Адкрыць рахунак у ім можна было як у аддзяленнях банка, так і на пошце. За гэта банку даводзілася плаціць значныя камісійныя Міністэрству пошты і тэлеграфаў, але справа таго каштавала. Эканамічны крызіс пачатку 1930-х не аказаў вялікага ўплыву на дзейнасць Паштовай ашчаднай касы. Важнай сферай дзейнасці гэтага банка было страхаванне жыцця і маёмасці.

Яшчэ адным папулярным ашчадным банкам былі касы Стэфчыка. Гэтыя фінансавыя ўстановы з’явіліся ў Галіцыі яшчэ ў 1899 годзе і былі створаны па ўзору крэдытна-кааператыўных спажывецкіх кас Фрыдрыха Райфайзена. Іх асноўнай мэтай было фінансаванне прыватных сельскіх гаспадарак і прадпрымальнікаў. Некалькі такіх устаноў дзейнічала ў Навагрудскім, Палескім і Віленскім ваяводствах.

Асобнай групай банкаў былі ўстановы, якія курыравалі асобныя напрамкі прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Адным з такіх быў Банк вытворчасці цукру. Акрамя крэдытавання прадпрыемстваў па вытворчасці салодкага прадукту, банк займаўся скупкай і продажам цукру. Склады банку знаходзіліся, між іншым, у Баранавічах, Брэсце, Пінску, Вільні. Галоўнымі замежнымі партнёрамі банку былі лонданскі банк «The British Overseas Bank» і галандскі «Suikermaatschappij». У сваю чаргу, Віленскі зямельны банк быў адным са старэйшых банкаў на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. Ён быў створаны яшчэ ў 1872 годзе і паспяхова канкураваў з расійскімі Пецярбурска-Тульскім і Маскоўскім банкамі.

Галоўнай яго функцыяй было крэдытаванне землеўласнікаў. Гэтым банк працягваў займацца і ў часы міжваеннай Польшчы. Ён выпускаў закладныя вэксалі, якія намінаваліся як у злотых, так і ў доларах ЗША. У 1928–1931 гадах сума дывідэндаў, якія выплачваліся па вэксалях, складала 13,5% ад іх намінальнай каштоўнасці, што па тагачасных еўрапейскіх мерках было досыць высокім паказальнікам. Цікавым было і тое, што Віленскі зямельны банк быў адзіным польскім банкам, які выплачваў дывідэнды на працягу ўсяго перыяду сусветнага эканамічнага крызісу пачатку 1930-х.

Нарэшце, яшчэ адным уплывовым банкам, які працаваў у паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай, быў Дзяржаўны сельскагаспадарчы банк. Яго заснавальнікамі лічацца знакамітыя польскія эканамісты і публіцысты Здзіслаў і Севярын Людкевічы. Галоўнай задачай гэтай фінансавай установы была падтрымка асадніцтва, прац па меліярацыі зямель, сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама арганізацыя крэдытных ліній для дробных і сярэдніх сялянскіх гаспадарак. Дзяржаўны сельскагаспадарчы банк падтрымліваў крэдытамі сельскагаспадарчыя ашчадныя касы і саюзы сялянскага самакіравання. Гэтая ўстанова распараджалася дзяржаўнымі сродкамі, выдаткаванымі на развіццё сельскай гаспадаркі. З 1925 года банк увёў доўгатэрміновы крэдыт для сялян і асаднікаў. Акрамя гэтага, Дзяржаўны сельскагаспадарчы банк ажыццяўляў звычайныя банкаўскія аперацыі па адкрыццю ўкладаў для фізічных і юрыдычных асоб. Яго аддзяленні знаходзіліся, між іншым, у Вільні і Пінску.

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Ужо напярэдадні нападу Германіі на Польшчу жыхары Заходняй Беларусі пачалі здымаць свае сродкі з рахункаў у банках. Але дзе хаваць дабро? Лепшым месцам дзеля гэтага спакон вякоў лічылася зямля. Вось і пачалі заходнія беларусы хаваць свае кроўна заробленыя грошы ў розныя закуткі ў хатах ды ў зямлю. Тыповай з’яўляецца гісторыя, якую расказала мне дачка афіцэра Войска Польскага, беларуса, Віктара Амельянюка з Кобрына. Перад вайной яе бацька працаваў страхавым інспектарам у Брэсце і няблага зарабляў. З заробку адкладваў грошы і купляў усё тыя ж залатыя долары. На пачатак вайны ў сям’і было 6 дваццацідоларавых залатых манет. У верасні 1939-га Віктар Амельянюк быў мабілізаваны, а яго жонка вырашыла схаваць скарб. Як аказалася, назаўсёды.

Зусім нядаўна пры будаўнічых працах у Брэсце было знойдзена некалькі дзясяткаў польскіх манет на агульную суму ў 13 злотых, якія схаваў на пачатку Другой сусветнай гаспадар дома. Год таму на месцы, дзе ў 1930-х гадах знаходзіўся маёнтак Ракавіцы, які належаў прэзідэнту Брэсцкага аддзялення крэсовага саюза шляхты Тэадору Талочку, былі знойдзены польскія манеты на агульную суму ў некалькі дзясяткаў злотых. У 1930-х гадах гэта былі немалыя грошы, таму што за 10 злотых можна было набыць парася, а за 20 — нават карову. Больш таго, жыхар Віленскага, Навагрудскага ці Палескага ваяводства, які меў 100 злотых, лічыўся вельмі багатым чалавекам. 17 верасня 1939 года ўладальнік маёнтка Ракавіцы разам з сям’ёй перад самым прыходам людзей з чырвонымі апаскамі на рукавах здолеў пакінуць родавы маёнтак і выехаць на Захад. А вось яго злотыя засталіся на радзіме.

Адносная фінансавая стабільнасць, якая панавала ў заходнебеларускіх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай, скончылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза польскія банкі, якія працавалі на гэтых тэрыторыях, былі зачыненыя, а грошы, якія ў іх знаходзіліся, — нацыяналізаваныя. Хутка быў уведзены савецкі рубель. Колькі гадоў ужо мінула з тых часоў, але ў шматлікіх жыхароў заходніх абласцей сучаснай Беларусі да сённяшняга дня захоўваюцца старыя «ашчадныя кніжкі» з арлом у кароне ці папяровыя грошы «панскай» Польшчы. Здаецца, навошта яны патрэбны? Насамрэч, гэтыя дакументы з’яўляюцца важнымі крыніцамі па адным з цікавых аспектаў нашай нацыянальнай гісторыі.