Улады Шчучына вырашылі паставіць помнік Шарлю дэ Голю
Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт Гродзенскай вобласці ўхваліў рашэнне № 637 «Аб стварэнні і ўстаноўцы помніка Шарлю дэ Голю», перадае «Радыё Свабода».
На сайце выканкаму ўдакладняецца, што рашэнне падрыхтаванае на падставе палажэння Савета міністраў аб парадку стварэння твораў манументальна-дэкаратыўнага мастацтва дзеля развіцця Шчучына як аднаго з турыстычных цэнтраў краіны, прыцягнення турыстаў, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны.
Помнік збіраюцца паставіць у рамках праекту ўшанавання памяці французскага палітыка Шарля дэ Голя (1890–1970) да 130-годдзя з дня яго нараджэння.
29 ліпеня запланаваная сумесная прэс-канферэнцыя амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса і намесніцы старшыні Шчучынскага райвыканкаму Алены Пасюты, на якой будуць названыя ўмовы конкурсу на праект помніка Шарлю дэ Голю ў Шчучыне.
Менавіта ў Шчучыне падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных разам з іншымі французскімі афіцэрамі знаходзіўся капітан Шарль дэ Голь — будучы генерал і прэзідэнт Францыі.
Тэрыторыя, дзе ў Вялікую вайну германцы ўтрымлівалі інтэрнацыянальных ваеннапалонных, за прамінулы час непазнавальна змянілася. Цяпер тут цэх аўтатрактарных камплектаў шчучынскага заводу «Аўтапровад».
Да падзеяў стогадовай даўнасці адсылаюць хіба аўтэнтычныя калоны і стэнд з гістарычнымі фатаздымкамі Шчучына пачатку XX стагоддзя. Сярод іх — і копіі архіўных выяваў, на якіх пазнаецца твар Шарля дэ Голя.
Паводле svaboda.org