Уладзімір Арлоў: Старонкі новай кнігі
Беларусь не паспела загаіць цяжкія раны, пакінутыя вайной з маскоўскім царом Iванам Жахлівым, як на нашую зямлю зноў абрынулася ваеннае ліхалецце. У войнах прайшло ўсё сямнаццатае стагоддзе...
«Новы час» прапануе ўвазе чытачоў некалькі раздзелаў з новай кнігі Уладзіміра Арлова
Крываваестагоддзе
Беларусь не паспела загаіць цяжкія раны, пакінутыя вайной з маскоўскім царом Iванам Жахлівым, як на нашую зямлю зноў абрынулася ваеннае ліхалецце. У войнах прайшло ўсё сямнаццатае стагоддзе. За гэта яго і называюць крывавым.
Такой цяжкай пары ў гісторыі нашай дзяржавы яшчэ не было. Ворагі знішчалі гарады і вёскі, не шкадавалі ні старых, ні малых. Але беларусы не здаваліся. Яны мужна баранілі сваю зямлю і яе незалежнасць. Царскім ваяводам і гэтым разам не ўдалося паняволіць наш народ.
Непрыступны Смаленск
Расейскія валадары не пакідалі мары захапіць Беларусь. Самым блізкім да Масковіі быў наш старажытны Смаленск. На яго не раз нападалі царскія ваяводы. Смаленск пераходзіў з рук у рукі. Але на пачатку сямнаццатага стагоддзя, пасля доўгай вайны з Масковіяй, Смаленшчына была вернутая ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Разам з ёю да нашай дзяржавы адышла Чарнігаўшчына ды іншыя землі з 30 гарадамі.
Аднак мір з усходнімі суседзямі працягваўся, як заўсёды, нядоўга. У 1632 годзе цар паслаў у наступ на Смаленск 40-тысячнае войска свайго баярына Шэйна. Ворагі ўзялі горад у аблогу і пайшлі далей. Яны захапілі Полацак, Асвею, Друю ды іншыя беларускія гарады. Але жыхары Смаленска мужна бараніліся і не збіраліся здавацца.
На дапамогу смаленцам кароль і вялікі князь Уладзіслаў выслаў моцнае 25-тысячнае войска. Яно абкружыла маскоўскія палкі і прымусіла іх здацца. Пераможцы адпусцілі палонных дадому, пакінуўшы сабе толькі гарматы.
Цар так угневаўся, што загадаў адсекчы баярыну Шэйну галаву.
«Велели мы всё выжечь»
Праз дваццаць гадоў цар Аляксей Міхайлавіч зноў адправіў сваё войска на Беларусь. Ён абяцаў беларусам вызваліць іх ад «польскага ўціску», а ў сапраўднасці хацеў зусім іншага. Нашыя прадзеды вельмі хутка зразумелі цану царскіх абяцанак.
У межы Вялікага Княства ўварваліся тры велізарныя варожыя арміі. 100-тысячная вайсковая сіла захопнікаў пакідала за сабой спустошаную і абрабаваную зямлю. Расейскія стральцы спалілі Бабруйск, Глуск, Чавусы, Копысь... Разам з нашымі жаўнерамі гераічна баранілі свой горад жыхары Амсціслава. За гэта царскі ваявода Трубяцкой аддаў сваім стральцам загад перабіць усіх амсціслаўцаў — ад старых да немаўлят. У горадзе засталіся толькі здзічэлыя сабакі.
Былі захопленыя Віцебск, Ворша, Дуброўна, Крычаў, Гомель, Рэчыца, Шклоў. Калі горад адмаўляўся здавацца, цар загадваў разбураць яго. Жыхароў, як і ў Амсціславе, забівалі або вялі ў палон.
Калі маскоўскае войска наблізілася да Полацка, большасць яго насельніцтва на чаўнах і наўплаў пераправіліся цераз Дзвіну і ратаваліся хто як мог. Манахі везлі з сабою абразы і дамавіны з мошчамі святых, бо захопнікі не шкадавалі ні храмаў, ні магілаў.
Накіроўваючы на нашую зямлю ўсё новыя і новыя войскі, цар наказваў ваяводам на сваім шляху ўсё паліць і разбураць, а каб болей панішчыць — назад ісці іншымі мясцінамі. Захаваліся пісаныя ў Маскву граматы ваяводы Трубяцкога, дзе ён паведамляў цару: «Вокруг Слуцка велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села, и деревни, и хлеб, и сено по обе стороны жгли и людей побивали, и разоряли совсем без остатку, а в Клецке в городе людей побили всех».
Сваімі рабункамі ворагі давялі народ да страшнага голаду.
Партызаны, партызаны — беларускія сыны
На захопленай зямлі беларусы ўсё часцей браліся за зброю. Простыя вяскоўцы стваралі партызанскія аддзелы і не давалі захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы. Асабліва ўдала народныя мсціўцы дзейнічалі на Амсціслаўшчыне. Аднаго разу на расейцаў напала цэлае сялянскае войска з трох тысяч змагароў.
У той час праз Беларусь праязджаў нямецкі пасол Аўгусцін Маербэрг. Ён быў глыбока ўражаны ўбачанымі на месцы гарадоў і вёсак бязлюднымі руінамі ды папялішчамі. У сваім лісце дадому пасол напісаў, што здзекі і гвалт маскоўцаў адвярнулі ад іх сэрцы нашых продкаў. Замежны падарожнік адзначыў, што беларусы гналі чужынцаў з сваёй спустошанай зямлі з вялікай нянавісцю, якую тыя заслужылі.
На Віцебшчыне партызаны вызвалілі ад маскоўцаў Бешанковічы, Лукамль і Глыбокае. У самім Віцебску заваёўнікі былі ўзятыя ў аблогу і баяліся нават нос выткнуць за гарадскія ўмацаванні.
Не чакаючы падыходу войскаў Вялікага Княства, самастойна знішчылі царскія гарнізоны жыхары Амсціслава і Крычава.
Масква мусіла паслаць супроць народных мсціўцаў вялікія сілы з артылерыяй. Карнікі палілі партызанскія вёскі і чынілі жорсткія расправы з захопленымі ў палон. Але змаганне ні на дзень не спынялася.
Дарослым заўсёды дапамагалі дзеці і падлеткі. Яны, добра ведаючы лясныя сцежкі, былі сувязнымі, паведамлялі мсціўцам пра рух і ўзбраенне варожых войскаў. Самому вялікаму князю Яну Казімеру аднойчы распавялі пра адважнага полацкага хлапчука Васільку. Каб перадаць нашым ваярам звесткі пра набліжэнне захопнікаў, ён не збаяўся пераплыць халодную восеньскую Дзвіну.
Гаспадар дзяржавы загадаў узнагародзіць юнага героя, а калі той вырасце, запрасіць яго да сябе на службу.
Ля Палонкі шаблі звонкі
Каб кіраваць захопленымі беларускімі землямі, цар загадаў стварыць у Маскве асобны Прыказ Вялікага Княства Літоўскага. Аднак Літва-Беларусь упарта супраціўлялася захопнікам. Аляксей Міхайлавіч намерыўся канчаткова паняволіць няскораную краіну і паслаў сюды вялізную армію пад камандаю князя Івана Хаванскага.
Царскія стральцы, выпальваючы ўсё на сваім шляху, дайшлі да Горадні і захапілі Берасце. На акупантаў рушылі ліцьвінскія палкі на чале з гетманам Паўлам Янам Сапегам. Пад рукой у яго было 8 тысяч ваяроў. На дапамогу Сапегу прывёў 4-тысячную польскую дывізію Стэфан Чарнецкі.
Нашыя войскі сустрэліся з галоўнымі сіламі маскоўскага ваяводы 25 чэрвеня 1660 года каля мястэчка Палонка паміж Слонімам і Ляхавічамі. Расейцы мелі больш за 20 тысяч ратнікаў, па два на кожнага ваяра-ліцьвіна.
Конніца Хаванскага пайшла ў наступ першаю. Але контратака нашых кавалерыстаў-гусараў атрымалася надзвычай імклівай і ўдалаю. Варожая пяхота, якая перапраўлялася цераз рэчку Палонку, была пасечаная і патопленая. Вырваўшыся на другі бераг, нашы жаўнеры мелі выбар: загінуць або перамагчы. У гарачай сечы ім дадавала моцы прага помсты за паняволеную Айчыну.
У бітве пад Палонкаю загінулі 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром арміі захопнікаў.
Ужо ў нашы дні беларускія патрыёты ўсталявалі на месцы тых векапомных падзеяў мемарыяльныя камяні з выявамі Паўла Яна Сапегі і Стэфана Чарнецкага, а таксама звесткамі пра бітву.
Больш поўны варыянт можна прачытаць у дадатку да «НЧ» «Літаратурная Беларусь»