Забойства Вільгельма Кубэ: міфы, легенды, рэальнасць (гісторыка-дакументальнае эсэ)
Гісторыка-дакументальнае эсэ — так сціпла азначыў жанр свайго твору аўтар. Але дакладней, на мой погляд, — гістарычны дакументальны дэтэктыў. Прычым першы ў Беларусі. І першае ж усебаковае і глыбокае гісторыка-дакументальнае расследаванне аднаго з найбольш скандальных і дагэтуль заблытаных забойстваў, што абраслі міфамі і легендамі. Хто замовіў Кубэ? Каму была выгодна яго смерць? Чый план — НКУС ці гестапа — быў рэалізаваны? Як склаўся лёс жонкі і дзяцей Кубэ пасля вайны?
Гісторыка-дакументальнае эсэ — так сціпла азначыў жанр свайго твору аўтар. Але дакладней, на мой погляд, — гістарычны дакументальны дэтэктыў. Прычым першы ў Беларусі.
І першае ж усебаковае і глыбокае гісторыка-дакументальнае расследаванне аднаго з найбольш скандальных і дагэтуль заблытаных забойстваў, што абраслі міфамі і легендамі. Хто замовіў Кубэ? Каму была
выгодна яго смерць? Чый план — НКУС ці гестапа — быў рэалізаваны? Як склаўся лёс жонкі і дзяцей Кубэ пасля вайны? На гэтыя і іншыя пытанні аўтар адказвае на аснове скрупулёзнага
вывучэння дакументальных крыніц з архіваў пяці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Польшчы, а таксама сведчанняў і ўспамінаў удзельнікаў тых падзей.
Аляксей Кароль
-------------------------------------------------
У ноч на 22 верасня 1943 года ў 00 гадзін 40 хвілін (паводле іншых звестак, у 2 гадзіны 15 хвілін) у Мінску ў спальні генеральнага камісара Беларусі, гаўляйтара Вільгельма Кубэ, які жыў у
трохпавярховым асабняку па вуліцы Тэатрштрасэ, 27 (да вайны і цяпер вуліца Энгельса), узарвалася магнітная міна. Выбухам Кубэ разарвала левы бок грудзі і адарвала левую руку. Напаўабгарэлы труп
гаўляйтара вынеслі з ахопленай агнём спальні служачыя газавай каманды, якіх паднялі па трывозе, і дзяжурныя.
Побач з Кубэ спала жонка Аніта, якая была на дзявятым месяцы цяжарнасці, яна атрымала толькі нервовы шок. Міна была мэтанакіраванага дзеяння і ўзарвалася строга ўверх. Іх трое малалетніх дзяцей, якія
спалі ў суседніх пакоях, таксама засталіся непашкоджанымі.
Прадмова
Спецаперацыі партызанскіх фармаванняў, у тым ліку і фізічнае знішчэнне вышэйшых нацысцкіх чыноўнікаў і здраднікаў Радзімы, лічыліся адным з важнейшых накірункаў актыўнай барацьбы ўсіх карных органаў
савецкай улады і мэтай партызанскіх баявых аперацый, разгорнутых на акупаванай тэрыторыі СССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Партызаны вялі дакладны ўлік ахвяраў захопнікаў. На аснове прысудаў, вынесеных партызанамі нямецка-фашысцкім карнікам, толькі пры непасрэдным удзеле Асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння
Народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР было здзейснена 87 актаў народнай помсты.
Заданне па ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі гаўляйтара Вільгельма Кубэ атрымалі ўсе беларускія партызанскія атрады і брыгады. На Кубэ палявалі Народны камісарыят унутраных спраў СССР (НКУС
СССР) і Народны камісарыят унутраных спраў БССР (НКУС БССР), Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба (ГРУ ГШ) Чырвонай арміі, Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) і Беларускі штаб
партызанскага руху (БШПР).
На працягу лета і пачатку восені 1943 года актыўна і безвынікова выследжваўся няўлоўны гаўляйтар. У гэтым паляванні прымалі ўдзел партызаны шэрагу атрадаў і брыгад наваколля Мінска, у тым ліку і
спецатрады НКУС СССР і НКУС БССР — С. Ваўпшасава, П. Лапаціна, І. Залатара, спецатрад ГРУ ГШ Чырвонай арміі «Дима» Д. Кеймаха і многія іншыя. Але марна: Кубэ меў у Мінску і
бліжэйшым наваколлі да 8 месцаў, дзе мог пераночыць ці адпачыць.
Замахі на жыццё Кубэ здзяйсняліся шматразова. 22 ліпеня 1943 года адбыўся моцны выбух у мінскім гарадскім тэатры. Паводле дадзеных ЦШПР і ГРУ ГШ Чырвонай арміі, было забіта шмат жыхароў Мінска. Але
Вільгельм Кубэ ў тэатр не прыйшоў, хоць і меўся быць на ўрачыстым пасяджэнні Саюза беларускай моладзі, які толькі што ўтварыўся. Жыхары Мінска ўспаміналі, што каля кантралёра ля дзвярэй тэатра стаяў
немец і не пускаў немцаў у тэатр. Відаць, фашысты даведаліся, што ў тэатры заклалі міну, і ўпускалі толькі жыхароў Мінска.
Летам 1943 года разведчыца партызанскай брыгады «Градава» (С. Ваўпшасава) В. Курыловіч устанавіла, што Кубэ часта ездзіць у адну са сваіх загарадных рэзідэнцый (ці дом адпачынку) у
саўгас «Лошыца» (цяпер паўднёвы мікрараён Мінска). Група партызан-разведчыкаў прасачылася на паўднёвую ўскраіну Мінска, некалькі дзён сядзела ў засадзе на шашы
Мінск–Лошыца, у раёне якой была рэзідэнцыя. Але машына гаўляйтара ў гэтыя дні так і не з’явілася.
У канцы жніўня 1943 года «Градаў» зноў накіраваў у Мінск групу «паляўнічых»: стала вядома, што на 6 верасня прызначаны вялікі банкет з выпадку 10-годдзя прыходу
Гітлера да ўлады.Тады быў здзейснены выбух у афіцэрскай сталовай. Загінула 36 высокапастаўленых нямецкіх афіцэраў і чыноўнікаў. Але Кубэ і на гэтым банкеце не было.
У 1942–1944 гадах на тэрыторыі Беларусі былі знішчаны: галоўны камісар Баранавіцкай акругі Ф. Фэнц, абласны камісар Л. Эрэнляйтнер, кіраўнік аддзела працы і сацыяльнай палітыкі Генеральнага
камісарыята Беларусі Г. Фройдэнберг, урадавы інспектар Г. Клозе, бургамістр горада Ваўкавыска Берг, мінскі абласны гаспадарчы кіраўнік Г. Беневіч, начальнік Мінскай абласной жандармерыі К. Кале,
камандзір паліцыі бяспекі ў горадзе Вілейка Р. Граве і іншыя. У верасні 1943 года, за тры месяцы да сваёй гібелі, Кубэ адзначаў, што толькі на «Могілках герояў у горадзе Мінску знайшлі вечны
спакой звыш 1600 чалавек — салдаты вермахта, супрацоўнікі цывільнай адміністрацыі і імперскай чыгункі».
Непасрэднымі выканаўцамі забойства Вільгельма Кубэ ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прынята лічыць трох Герояў Савецкага Саюза — Алену Рыгораўну Мазанік, Марыю Барысаўну Осіпаву і Надзею
Віктараўну Траян. Гэта яны забілі Кубэ.
Курт фон Готберг
Генерал Курт фон Готберг, камандзір СС, не любіў Кубэ. Готберг затаіў злосць на гаўляйтара, бо той пастаянна крытыкаваў за надзвычай жорсткія расправы «ведамства» Готберга над
мірным беларускім насельніцтвам. Готберг і Кубэ, як мядзведзі, не маглі жыць у адной бярлозе. Аднаму з іх трэба было сыходзіць, ці адзін знішчыць другога. Перамогу мусіў атрымаць ці дужэйшы, ці
хітрэйшы.
Курт фон Готберг нарадзіўся 12 лютага 1896 года ў Дойч Вільтэн, Германія. У 1914–1919 гадах удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1932 годзе ўступіў у НС ДАП і СС. У 1937–1939
гадах працаваў у галоўным ведамстве па расавай палітыцы і пасяленнях. 3 кастрычніка 1940 года па ліпень 1942 года — у Галоўным упраўленні СС. У кастрычніку 1942 года прызначаны начальнікам
СС і паліцыі Беларусі. З 23 верасня 1943 года, пасля смерці Кубэ, выконваў абавязкі генеральнага камісара Беларусі. Пазней ён быў накіраваны ў Францыю, дзе яго арыштавалі саюзнікі. У палоне Готберг
закончыў жыццё самагубствам.
Готберг напісаў ананімны ліст жонцы Кубэ Аніце, што той у Мінску паводзіць сябе «неадпаведным чынам». Аніта з трыма дзецьмі тэрмінова прыехала да мужа. Кубэ пачаў бавіць час з
дзецьмі і жонкай, кожную ноч ён заставаўся дома. А да прыезду Аніты ў Мінск нават абслуга і яго шафёр не ведалі, куды паедзе пасля працы Кубэ. І толькі ў машыне ён казаў шафёру, куды трэба яго везці.
Вось чаму партызаны не маглі ўпаляваць Кубэ. Куды і калі паедзе гаўляйтар — толькі сам Кубэ гэта ведаў і ўласнаручна камандаваў сваім лёсам, таму і быў такі няўлоўны.
Вільгельм Кубэ і яго жонка Аніта з невядомымі афіцэрамі каля рэзiдэнцыі ў Прылуках
Свядома ці міжволі, але Готберг сваімі лістамі-«філіпікамі» ў Берлін пра «нявартыя паводзіны ў побыце» Кубэ прыгваздзіў яго да дома, да жонкі, да дзяцей. Ісці на
працу — рукой падаць, праз брамку ў плоце, якая круглыя суткі ахоўвалася знешняй аховай вакол асабняка Янчэўскага, дзве хвіліны — і ў будынку былога ЦК КП(б)Б, на працоўным месцы ў
сваім кабінеце.
Мо гэта і ўваходзіла ў далёкасяжныя планы Готберга, каб неяк замацаваць Кубэ ў ягоным асабняку. Бо паспрабуй здагадацца, дзе гаўляйтар будзе начаваць на гэты раз. А тут ён будзе спаць у сваёй спальні
— усе гэта добра ведаюць. А калі Кубэ паедзе куды-небудзь у камандзіроўку па сваёй вялікай вотчыне — па Беларусі, першымі пра гэта будуць ведаць яго сямейнікі і Мазанік, якая
звычайна збірала яго ў дарогу. Вось так! Знайдзіце дарожку ў асабняк Кубэ, знайдзіце дарожку да сэрца абслугі ў асабняку — і справа зроблена.
Існуе версія пра забойства Кубэ і з нямецкага боку, і з боку народных мсціўцаў: вы, народныя мсціўцы, шукайце доступ у асабняк Кубэ, мы, немцы, на гэта глядзім скрозь пальцы, не будзем ні замінаць,
ні дапамагаць.
Вільгельм Кубэ. Хто ён?
17 ліпеня 1941 года Гітлер сваім указам прызначыў Кубэ генеральным камісарам Генеральнай акругі Беларусі. Той накіраваўся ў Беларусь для «гіганцкай падзвіжніцкай работы, каб пачаць будаваць
жыццё па прыкладу Еўропы».
Кубэ быў вопытны і хітры палітык. Для ажыццяўлення германскіх імперскіх планаў ён выкарыстоўваў вядомы метад «бізуна і перніка» асцярожна і гібка. Кубэ вылучыў ідэю скарыстання
беларусаў у акупацыйных структурах, дазволіў стварэнне шэрагу беларускіх нацыянальных суполак і тлумачыў сваю ініцыятыву недвухсэнсоўна: «Гэта выгадна, каб авалодаць душой гэтага
народа». У выніку чаго «беларускае нацыянальнае адраджэнне» апынулася пад моцнымі крыламі германскага імперскага арла. Вядомы савецкі разведчык Герой Савецкага Саюза Р.М.
Мінакоў назваў Кубэ «вопытным і небяспечным праціўнікам, які быў вядомы сваімі «правакацыйнымі выступленнямі».
Палітычны дзеяч, паэт і драматург Вільгельм Кубэ нарадзіўся 13 лістапада 1887 года ў горадзе Глогаў (Сілезія) на Одэры ў сям’і евангелістаў. Бацька, Рыхард, — прафесійны ваенны,
унтэр-афіцэр — неўзабаве пераехаў у Берлін, дзе працаваў зборшчыкам падаткаў. У Берліне Вільгельм вучыўся ў пачатковай школе і гуманітарнай гімназіі. У 1908–1912 гадах вывучаў
гісторыю і дзяржаўнае права ў Берлінскім універсітэце. Кубэ — адзін са стваральнікаў Нямецкага нацыянальнага студэнцкага саюза «Бісмаркюгенд», узначальваў арганізацыю ў
1911–1914 гадах і рэдагаваў яе газету. У 1911 годзе ўступіў у Нямецкую сацыялістычную партыю, у 1912 годзе — рэдактар газеты ў горадзе Вісмары. Неўзабаве Кубэ выйшаў з гэтай партыі
і стаў сябрам Нямецкай кансерватыўнай партыі. Да 1919 года быў яе акруговым сакратаром у горадзе Брэслаў, супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты, а потым стаў яе рэдактарам. У 1917 годзе правёў тры тыдні ў
казармах у якасці ландштурмана, але быў адкліканы адтуль сваёй партыяй.
Пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне Кубэ парваў з Нямецкай кансерватыўнай партыяй. У 1919 годзе ён удзельнічаў у стварэнні Нямецкай нацыянальнай народнай партыі і хутка стаў генеральным
сакратаром яе акруговай арганізацыі ў Сілезіі, з 1920 года — у Берліне, дзе, акрамя таго, у 1922–1923 гадах выконваў абавязкі гарадскога дэпутата. Аднак і гэта партыя здаецца Кубэ
недастаткова баявой. У 1923 годзе ён пакінуў партыю і разам з сябрамі стварыў Нацыянал-сацыялістычную партыю свабоды, у 1925 годзе атрымаў ад яе мандат дэпутата Рэйхстага і пачаў выступаць абаронцам
Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі (НСРПГ).
1 снежня 1927 года Кубэ ўступіў у гэтую партыю, якая на той час стала легальнай, і ўжо праз некалькі тыдняў за заслугі перад нацыянал-сацыялістычным рухам Гітлер прызначыў яго гаўляйтарам (абласны
кіраўнік нацысцкай партыі — А.В.) усходняй маркі (акругі) — Остмарк (Оstmark). Тут Кубэ разгарнуў актыўную палітычную дзейнасць, у выніку якой колькасць сяброў НСРПГ у гэтым рэгіёне
павялічылася з 66 чалавек у 1928 годзе да 10 тысяч у 1931-м і дасягнула 80 тысяч у 1933 годзе. У гэты час ён становіцца рэдактарам газеты і робіць яе рупарам НСРПГ. У маі 1928 года Кубэ абраны
дэпутатам прускага ландтагу, і тут ён па даручэнню Гітлера прыступіў да кіраўніцтва фракцыяй нацыянал-сацыялістаў. Дзейнасць Кубэ ў ландтагу адыграла важную ролю ў перамозе гітлераўскай партыі ў
Германіі.
Вялікай заслугай Кубэ было скасаванне 27 верасня 1928 года забароны на публічныя выступленні Адольфа Гітлера ў межах Прусіі. Асабістыя якасці Вільгельма Кубэ — яго красамоўнасць і талент
пераконваць — мелі пры гэтым вырашальнае значэнне, бо ў той час фракцыю нацыянал-сацыялістаў прадстаўлялі ў ландтагу ўсяго толькі шэсць дэпутатаў. Адольф Гітлер ніколі не забываў паслугі,
якія аказаў яму Кубэ, і ў гэтым далей мы ўпэўнімся.
Пасля перамогі НСРПГ на выбарах 25 сакавіка 1933 года Кубэ заняў пасаду обер-прэзідэнта Берліна і Брандэнбурга, 1 чэрвеня 1933 года стаў гаўляйтарам акругі Курмарк, якая была ўтворана пасля
аб’яднання ранейшых партыйных акруг Остмарк і Брандэнбург.
У 1933 годзе Кубэ ўжо обер-прэзідэнт Берліна і Брандэнбурга і обер-прэзідэнт правінцыі Грэнцмарк Позен-Вестпрайсен, за што яго жартам называлі двойчы «обер-прэзідэнт». 29 верасня
1933 года яму было прысвоена званне оберфюрэр СС, а 27 студзеня 1934 года ён адразу «вырас» да вайсковага звання генерал-группэнфюрэр СС. Заслугі па партыйнай лініі прыносяць яму
залаты нацысцкі значок НСРПГ. У Кубэ было шмат прэстыжных пасад: у 1933–1936 гадах быў дэпутатам Рэйхстагу, прускім дзяржаўным дарадцам, сябрам Акадэміі германскага права, экспертам у галіне
германскай гісторыі ранняга перыяду, выконваў іншыя дзяржаўныя абавязкі. І ў дадатак да ўсяго Кубэ плённа займаўся літаратурнай творчасцю і публіцыстыкай. Асабліва папулярнай стала яго драма
«Таціла», якая была выдадзена ў 1920 годзе і перавыдадзена ў 1933-м. Кубэ быў аматарам тэатра старажытнага часу. У яго п’есе «Таціла» праслаўляліся
«германскі гераічны дух і веліч нямецкіх жанчын» на матэрыяле Вялікага перасялення народаў у ІV стагоддзі. Зварот яго да велічы «старых германцаў» быў відавочным
значна пазней. Ужо ў Мінску Кубэ загадаў паставіць сваю п’есу. Але і тут водгукі былі вельмі сціплыя і стрыманыя. П’еса «Таціла» пасля гэтага назаўсёды сышла са
сцэны.
У 1935 годзе Кубэ развёўся са сваёй жонкай Маргарэт Шмідт, ад якой засталіся двое яго сыноў — 15 і 20 гадоў. Прычынай стала амурная прыгода, якая перарасла ў шматгадовае палкае каханне.
Менавіта ў перыяд свайго трыумфальнага ўзыходжання па нацысцкіх іерархічных прыступках 48-гадовы Кубэ закахаўся ў юную актрысу правінцыйнага тэатра Аніту Ліндэнколь, якая іграла галоўную ролю ў яго
п’есе «Таціла».
Але паспяховая кар’ера Кубэ раптоўна абарвалася. І віной быў ён сам, бо праігнараваў вядомую народную мудрасць: «Не капай яму другому, сам патрапіш у яе». У
красавіку 1936 года Кубэ накіраваў вярхоўнаму суддзі НСРПГ Вальтэру Буху ананімны ліст, дзе выказаў думку: ці можа той, хто так жорстка пераследуе яўрэяў, ажаніцца з семіткай?
Тут Кубэ яўна пралічыўся. Ён не прадбачыў вынікі, бо абвінавачанне партайгеносе В. Буха кідала цень і на яго паплечнікаў, і на партайгеносе Марціна Бормана, зяця Буха. Падобныя сур’ёзныя
прамашкі Кубэ будзе рабіць і надалей у сваёй кар’еры. Але атрымалася тое, чаго ананім не чакаў. Прыніжаны, абражаны Бух гэту справу не пусціў на самацёк. Гестапа хутка вылічыла
ананіма-жартаўніка. Сам Адольф Гітлер, пачуўшы гэтую гісторыю, вырашыў сурова пакараць Кубэ. Герман Герынг — у той час прускі прэм’ер-міністр — па загаду Гітлера даў яму
адстаўку.
Плошча Свабоды ў Мінску і разбураны атэль «Еўропа»
Апынуўшыся ў апале, любімчык Гітлера служыў цяпер у сціплым вайсковым званні ротэнфюрэра СС (паводле іншых крыніц — у званні шараговага эсэсаўца) у канцлагеры Дахаў пад камандаваннем свайго
будучага ад’ютанта Карла Вільдэнштэйна, які разам з Кубэ служыў у Мінску да самага яго забойства.
У складаны перыяд жыцця Кубэ Гітлер успомніў палымянага прамоўцу, заўзятага антысеміта і працягнуў яму руку дапамогі. 20 красавіка 1941 года Кубэ павіншаваў Гітлера з днём нараджэння. Фюрэр загадаў
перавесці Кубэ на больш прыстойную пасаду. Разглядаліся тры варыянты: пасада куратара Вышэйшай тэхнічнай школы, куратара Медыцынскай акадэміі ў горадзе Данцыг і куратара Кёнігсбергскага ўніверсітэта.
Але Гітлер на гэтыя пасады не даў згоды і настаяў на тым, каб Кубэ абавязкова быў прызначаны на адказную пасаду на Усходзе.
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна і вырашыла кадравае пытанне з Кубэ. Калі войскі Трэцяга рэйху ўжо знаходзіліся пад Смаленскам, у Стаўцы Гітлера 16 ліпеня 1941 года адбылася
нарада, у якой удзельнічалі Борман, Герынг, Гімлер, Розенберг. Сярод іншых пытанняў абмяркоўваліся кандыдатуры кіраўнікоў адміністрацыі акупаваных тэрыторый. Паводле сведчання гісторыка А. Даліна,
«калі Гітлер запытаў, ці не лепш прызначыць Кубэ на Маскоўскую вобласць, дык сустрэў пярэчанні з боку Герынга і Розенберга, бо на гэтую пасаду яны мелі ўласныя кандыдатуры. Але менавіта
Розенберг назваў кандыдатам на пасаду генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. 17 ліпеня 1941 года сваім загадам Гітлер зацвердзіў генеральным камісарам генеральнай акругі Беларусі ў
рэйхскамісарыяце Остланд Вільгельма Кубэ.
У горад Мінск Кубэ прыбыў 1 верасня і неадкладна пачаў прымаць справы ў начальніка ваеннага ведамства. Генеральны камісарыят Беларусі ў той час месціўся ў будынку на плошчы Свабоды, а Кубэ спачатку
жыў па вуліцы Герцэна, 17.
Спачатку Генеральны камісарыят Беларусі размяшчаўся ў «Доме Патсдам» — былым Доме адпачынку, у якім знаходзілася палявая камендатура, пасля гэта ўстанова пераехала ў
«Высокі дом» (так немцы называлі Дом урада ў Мінску. — А.В.). Колькасць нямецкіх супрацоўнікаў, якія паходзілі з тэрыторыі Трэцяга рэйху, у кастрычніку 1942 года складала
265 чалавек, у пачатку 1944 года павысілася да 324 чалавек. Служылі і мясцовыя карнікі-паліцаі. Дарэчы, я нагадаю чатыры слаі беларусаў, з якіх нямецка-фашысцкія акупанты набіралі беларускіх
паліцаяў: ахвяры сталінскіх рэпрэсій і таталітарнага рэжыму, злачынцы і спекулянты, савецкія агенты і ваеннапалонныя. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску (які займаў тэрыторыю прыкладна 375 тысяч
квадратных метраў) жыло 238 тысяч 772 чалавекі, у сярэдзіне 1942 года іх было каля 105 тысяч.
Прызначэнне Кубэ на пасаду генеральнага камісара Беларусі ў найвышэйшых колах палітыкаў Трэцяга рэйху выклікала сапраўдную сенсацыю. Блізкі супрацоўнік Гебельса Вільфрэд фон Овен у 1974 годзе пісаў,
што гэта прызначэнне «адлюстроўвала ўсю неразважлівасць і легкадумнасць нашай, так званай, усходняй палітыкі». Такое выказванне адлюстроўвала непрыязныя адносіны паміж Гебельсам і
Кубэ.
Справа ў тым, што Кубэ дазволіў сабе публічна раскрытыкаваць кнігу Гебельса, акрэсліўшы яе: «Я — пра Сябе». Гебельс і іншыя члены гітлераўскай камарыллі затаілі злосць на
Кубэ.
Супраць рашэння Гітлера выступаў і Розенберг, але Лямерс нагадаў яму, што Гітлер настойвае на прызначэнні Кубэ. Лёзе, даўні сябра Кубэ, таксама быў супраць рашэння фюрэра, але з іншых прычын: ён
вельмі добра ведаў «рэзкі, імпульсіўны і поўны супярэчнасцяў характар» Кубэ і таму баяўся, што яго дзейнасць на пасадзе генеральнага камісара Беларусі можа стаць прычынай
сур’ёзных непаразуменняў і канфліктаў з усімі ўладнымі структурамі нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі, што ўрэшце і атрымалася.
Для высвятлення сапраўдных матываў гэтага рашэння Гітлера не хапае дакументальных крыніц. Паводле некаторых згадак, прызначэнне Кубэ на другасную пасаду ў Мінску азначала, што яму далі магчымасць для
рэабілітацыі пасля пяці гадоў «пакарання» пад наглядам Гітлера.
Але гэты, як кажуць, мяккі аргумент проста блякне перад сенсацыйным фактам: Гітлер у далейшым планаваў прызначыць Вільгельма Кубэ рэйхскамісарам у Маскве — даверыць яму самую высокую пасаду
на Усходзе, усю тэрыторыю Савецкага Саюза.
Важна было ўлічваць, што Кубэ атрымаў сваё прызначэнне дзякуючы падтрымцы самога Гітлера, насуперак жаданням найвышэйшых чыноўнікаў Трэцяга рэйху. Гэта была моцная падтрымка.
Вось так трапіў Кубэ на пасаду генеральнага камісара Беларусі. І ён пачаў аддана служыць Гітлеру. Апякунства фюрэра адыграла важную ролю ў службовым становішчы Кубэ. Перад ім паўсталі ў Беларусі
складаныя адміністрацыйныя і палітычныя праблемы, але ён атрымаў больш шырокія паўнамоцтвы, чым генеральныя камісары ў Прыбалтыйскіх краінах — Літве, Латвіі і Эстоніі.
5 лістапада 1941 года Розенберг запэўніваў Лямерса, што пазіцыя генеральнага камісара Беларусі Кубэ — кіраўніка Беларусі — амаль з 11-мільённым насельніцтвам, будзе раўназначная
пасадзе рэйхскамісара. Магчыма, Розенберг пры гэтым улічваў, што Беларусь толькі да часу будзе звязана з Прыбалтыкай.
Частка 2
-------------------------------------------------------------------------------
Валахановіч Анатоль
Іосіфавіч
Гісторык, пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся 17 красавіка 1939 года ў Мінску. У 1961 годзе закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). З 2006 года сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 1975 года — сябар Саюза журналістаў Беларусі. Ганаровы сябар Міжнароднай
акадэміі навук Еўразіі (2009). У 1961–1968 гадах працаваў настаўнікам, дырэктарам сярэдніх школаў Мінскай вобласці. У 1962–1964 гадах служыў у Групе савецкіх войск Германіі
(ГСВГ).
Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады, з 1959 года. Даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуралогіі, краязнаўства, этнаграфіі Беларусі, палітычных рэпрэсій 20–50-х гадоў ХХ
стагоддзя.
Аўтар шэрагу кніг, звыш 450 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, нарысаў, апавяданняў і эсэ ў энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах,
газетах, кнігах.