Золата гаспадароў Баркоўшыны

Паводле адных звестак, прадстаўнікі сям’і Печанко, што жылі на хутары Баркоўшына ў 70-х гадах ХІХ стагоддзя, знайшлі пад Мірам вялікі клад, які схавалі пры адступленні з Расіі напалеонаўскія войскі. Паводле іншай інфармацыі (і гэта, хутчэй за ўсё, праўда), нехта з роду Печанко з’ехаў у ЗША і здолеў зарабіць вялікія грошы, якія дазволілі стаць у Беларусі буйным землеўласнікам.



У нашым распараджэнні ёсць унікальны здымак, зроблены ў тагачасным дарагім амерыканскім фотаатэлье «Paley», размешчаным на 141-й Дзівіжан Стрыт у Нью-Ёрку. На ім бачныя багата апранутыя маладыя мужчына і жанчына. ЗША далі магчымасць прадстаўнікам роду Печанко зарабіць вялікія грошы, аднак, відавочна, жаданне вярнуцца на Радзіму перамагло, і былы селянін вяртаецца ў Беларусь.

panceljajmon_pechanko_z_zhonkaj_pachatak_hh_st_.jpg

Панцеляймон Печанко з жонкай, пачатак ХХ ст.

 

Спачатку ён купіў фальварак Асінаўка ў Мінскім павеце, у склад якога ўваходзілі буйныя лясныя масівы, ворныя землі, а таксама вялікі млын, які прыносіў прыбытак 200 рублёў серабром на год. Гэта былі велізарныя на той час грошы. Пра што казаць, калі на пачатак ХХ стагоддзя батон чорнага хлеба каштаваў 3 капейкі, белага — 7 капеек, а літр добрай гарэлкі — 12 капеек. У гэты ж час зарплата ўрачоў і настаўнікаў была 10–15 рублёў на месяц. І гэта лічылася добрым заробкам.

pol_skaja_davaennaja_mapa_na_jakoj_paznachani_fal_varak_barko_shina.jpg

Польская даваенная мапа, на якой пазначаны фальварак Баркоўшына

Потым у памешчыка Крупскага быў набыты фальварак Баркоўшына разам з вялікім зямельным надзелам, лесам і яшчэ адным млынам. Паступова гэтая сям’я ператварылася ў паспяховых прадстаўнікоў тагачаснага сярэдняга класу. Яны гандлявалі мукой, лесам, наймалі на працу мясцовых сялян.

Рыжская мяжа

У 1919 годзе пачалася польска-бальшавіцкая вайна. Фронт рухаўся то на ўсход, то на захад. У сакавіку 1921 года паміж Другой Рэччу Паспалітай і Савецкай Расіяй была падпісана мірная дамова, якая зацвердзіла падзел Беларусі. Хутка пачалося вызначэнне дзяржаўнай мяжы.

Неўзабаве адмысловая польская памежная камісія з’явілася і ў раёне Рубяжэвічы — Коласава. Галава сям’і Панцеляймон Печанко, які да пачатку Першай сусветнай вайны здолеў стварыць паспяховую гаспадарку і быў зажытачным памешчыкам, безумоўна, разумеў, што ад бальшавікоў не варта чакаць дабрабыту і парадку. За часы кароткіх «нулявых саветаў» у 1919–1920 гадах ён пабачыў і камісараў, і расстрэлы «польскіх» паноў. А зараз пачуў, што яго фальваркі Баркоўшына і Асінаўка адыходзяць да Саветаў.

Дзяржаўная мяжа паміж Саўдэпіяй і Польшчай павінна была прайсці якраз на Захад ад Баркоўшыны. Для вырашэння гэтай праблемы Печанко выкарыстоўваюць вялікія грашовыя сродкі, якія ўдалося схаваць ад бальшавікоў. Панцеляймон прапануе прадстаўнікам памежнай камісіі правесці лінію дзяржаўнай мяжы так, каб Баркоўшына, а разам з ёй і вялікія лясныя ўгоддзі і ворныя землі засталіся на польскім баку.

savecka_pol_skaja_mjazha_zahodnjaj_belarus_.jpg

Савецка-польская мяжа ў Заходняй Беларусі

Наўзамен беларускі памешчык прапануе палякам значную суму грошай у золаце. Памежныя камісары з арламі на шапках доўга не вагаліся, і дзяржаўную мяжу адцягнулі на Усход, тым больш што савецкі бок не выказваў ніякіх прэтэнзій. Ад Асінаўкі і млыну, што знаходзіўся там, Печанко давялося адмовіцца. На савецкім баку засталася і частка сваякоў. Адзін з іх, Кастусь Печанко, пазней будзе працаваць эканамістам у адной з сельскагаспадарчых арганізацый БССР. Апошнім яго месцам жыхарства быў Мінск. У верасні 1937 года Кастусь быў арыштаваны НКУС і, у адпаведнасці з прысудам «тройкі», за антысавецкую агітацыю быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Пра сумны лёс свайго сваяка Панцеляймон Печанко так ніколі і не даведаецца.

За польскім часам

У Заходняй Беларусі сям’я Печанко зноў ператварылася ў прадстаўнікоў багатага сярэдняга класа. Адзін з сыноў Панцеляймона працаваў школьным настаўнікам, другі быў журналістам польскай газеты ў Нясвіжы. Яго дачка Валянціна вывучылася на акуліста і працавала спачатку ў Кракаве, а потым у мястэчку Хшанаў у Малапольшчы. Іншая дачка Лідзія скончыла Настаўніцкія курсы ў Нясвіжы і працавала настаўніцай.

valjanc_na_pechanko_akul_st.jpg

Валянціна Печанко, акуліст

Яшчэ двое сыноў Панцеляймона да службы ў Войску Польскім займаліся гаспадаркай у радавым цяпер ужо фальварку Баркоўшына. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, гэтыя людзі «не трымалі парабкаў» (не мелі пастаянных працоўных), а наймалі работнікаў з мясцовых вёсак. Да сялян прадстаўнікі сям’і Печанко ставіліся з павагай. За выкананую працу плацілі… золатам. Мясцовыя жыхары з зайздрасцю пазіралі на гэтую сям’ю, якая зрабіла хуткі скачок з адной сацыяльнай групы ў іншую.

brati_pechanko_na_sluzhbe_vojsku_pol_sk_m_njasv_zh_1935_g_.jpg

Браты Печанко на службе ў Войску Польскім, Нясвіж, 1935 год

Тады, магчыма, і з’явілася легенда пра «напалеонаўскі скарб», нібы знойдзены старым Печанко пад Мірам. Аднак нам падаецца, што залог поспеху беларускага селяніна палягаў у цяжкай працы ў ЗША, а пазней і ў Беларусі. А нават калі і было знойдзена нейкае золата, дык трэба было мець добры розум і працаздольнасць, каб прымножыць багацце.

У хаце Печанко заўсёды была зброя. Амаль за ваколіцай фальварка Баркоўшына ішла дзяржаўная мяжа. У 1920-х гадах з савецкага боку ў Польшчу часта наведваліся рознага кшталту «партызаны», якія нападалі на польскія дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, памешчыкаў. З 1924 года зусім побач з фальваркам была збудавана памежная застава толькі што створанага польскага Корпуса аховы памежжа (КАП). Печанко таксама ўдзельнічалі ў фінансаванні будаўніцтва казармы для польскіх памежнікаў. Стражніца Баркоўшына ўваходзіла ў чацвёртую памежную роту (Рубяжэвічы) палка КАП «Сноў». Такое суседства ішло на карысць і памежнікам, і сям’і Печанко. З аднаго боку, палякі мелі падтрымку ў выглядзе патрыятычна і антыбальшавіцкі настроеных беларусаў, з іншага — гаспадары Баркоўшыны мелі своеасаблівую ахову.

strazhn_ca_kap_u_barko_shine.jpg

Стражніца КАП у Баркоўшыне

 

Дарэчы, у адпаведнасці з інструкцыяй службы Корпусу аховы памежжа, падрыхтаванай у 1928 годзе, польскім памежнікам загадвалася дасканала ведаць усіх жыхароў памежных населеных пунктаў. Акрамя гэтага, памежнікам КАП прадпісвалася рабіць усё дзеля атрымання даверу з боку мясцовага насельніцтва, перш за ўсё не польскай нацыянальнасці. У дакуменце нават адзначалася, што «капісты» павінны былі дапамагаць мясцовым жыхарам у вырашэнні праблем з іншымі польскімі дзяржаўнымі структурамі. Цікавы факт: сярод дакументаў сям’і Печанко захаваўся здымак маладога польскага памежніка, які заляцаўся за адной з прадстаўніц гэтай сям’і. Аднак, мы, на жаль не ведаем, чым скончылася гэтая «love story».

kapral_kap_sa_strazhn_ci_barka_shina.jpg

Капрал КАП са стражніцы Баркаўшына

Пра паспяховасць і багацце сям’і Печанко ў міжваеннае дваццацігоддзе сведчаць шматлікія нататкі ў Вільне і Наваградку ў польскіх выданнях эканамічнай скіраванасці. Аднак у верасні 1939 года ўлада ў Заходняй Беларусі зноў змянілася.

У гады Другой сусветнай

17 верасня 1939 года часткі савецкай Дзяржынскай конна-механізаванай групы атакавалі польскія памежныя стражніцы на ўчастку палка КАП «Сноў». З-за колькаснай перавагі атакуючага боку польскія памежнікі вымушаны былі адступіць. Усталяванне савецкай улады ў Заходняй Беларусі прынесла вялікія змяненні ў жыцці сям’і Печанко. Амаль уся іх зямельная маёмасць была рэквізаваная, аднак саміх «памешчыкаў» не кранулі. У вакольных вёсках пагаворвалі, што сітуацыю зноў уратавала прыхаванае золата.

У чэрвені 1941 года на СССР напала Германія, і хутка Беларусь апынулася пад нямецкай акупацыяй. Адзін з сыноў Панцеляймона і пры немцах працягваў працаваць настаўнікам. Аднойчы ў яго хату завіталі савецкія партызаны. «Давай польскія афіцэрскія боты і іншую цёплую вопратку. Мы ведаем, у цябе ёсць», — сказаў адзін з народных мсціўцаў. Аднак замест вопраткі настаўнік дастаў пісталет і перастраляў гасцей з лесу. Пазней, у 1944-м, за гэты ўчынак савецкія ўлады асудзяць былога настаўніка на дваццаць пяць гадоў лагераў за «супрацу з ворагам». Дачка Панцеляймона Лідзія была замужам за пратаіерэем з Рубяжэвічаў. У пачатку 1950-х гадоў яна разам з мужам была сасланая на пасяленне ў Вяцкую вобласць РСФСР. На жаль, мы дакладна не ведаем пра лёс іншых членаў сям’і Печанко.

prata_erej_z_rubjazhev_cha_vislani_vjatku.jpg

Пратаіерэй з Рубяжэвічаў, высланы ў Вятку

Мясцовыя старажылы расказвалі, што залатыя і сярэбраныя манеты, якімі расплачваліся памешчыкі Печанко са сваімі работнікамі, хадзілі па руках да 1960-х гадоў і былі галоўнай валютай у гэтай мясцовасці. Зараз ля Баркоўшыны можна сустрэць людзей з металашукальнікамі. Яны вераць у тое, што змогуць знайсці гаршчочак з залатымі чырвонцамі, схаваны беларускімі сялянамі Печанко.