Па падліках даследчыкаў, ад пачатку XVIII ст. і да 1917/18 гг. на Захадзе было выпушчана больш за дзве сотні сатырычных гравюр і палітычных карыкатур, на якіх выява Расіі прадстаўлена ў выглядзе мядзведзя (часам у ашыйніку, намордніку, на прывязі або са зброяй), або агіднага казака. Прычым у абсалютнай большасці выпадкаў вобраз падаваўся адмоўным.
У гэтым артыкуле мы пагаворым не пра палітычную карыкатуру за часам сённяшнім і не закранем палітычных падзей савецкага і пост-савецкага перыядаў, а зазірнем далей — у часы расійскага імперыялізму і каланіялізму. Як да асноўнага палітычнага гульца ставіліся краіны Захаду — вокам палітычнай сатыры і карыкатуры.
Паходжанне асноўных карыкатурных вобразаў Расіі
Як графічны вобраз, алегорыю на краіну, мядзведзя на ўсходніх еўрапейскіх абшарах можна пабачыць на некаторых еўрапейскіх мапах Новага часу. Так, на «Марской мапе» Олаўса Магнуса, шведскага святара, склададзенай каля 1539 г., у бок ніжняга левага кута можна пабачыць фігуры двух мядзведзяў і арыгінальны спосаб палявання на іх. Гэтая частка мапы, праўда, адносіцца да земляў ВКЛ, бо блізу мядзвежых фігураў бачны надпіс «Літоўская частка». Аднак ужо праз сто гадоў, як гэта можна назіраць па «Касмаграфіі Блаў», якая перавыдавалася некалькі разоў на працягу 1635-1672 гг., два сімвалічных мядзведзя «мігравалі» ў больш паўночныя куты карты і ўжо ў далейшым сталі неад’емнай ілюстрацыйнай часткай візуалізацыі маскавіцкіх абшараў.
Мядзведзь таксама быў адным з геральдычных аб’ектаў Усходняй Еўропы: так, на пячатках 1404 і 1407 гг. вялікага літоўскага князя Вітаўта можна пабачыць вобраз Мядзведзя як васальнай Смаленскай зямлі; гэтую ж традыцыю паўтараюць і пазнейшыя заходне-еўрапейскія гербоўнікі 1440х гг. — галандскі Armorial Lyncenich і шведскі Bergshammarvapenboken. З унармаваннем геральдычнай і віексілалагічнай традыцыі ВКЛ, што было звязана з адміністрацыйнай рэформай, Смаленская зямля ў якасці ваяводства атрымала зусім іншую сімволіку. Каб завяршыць геральдычны экскурс, застаецца дадаць, што Мядзведзь затрымаўся на гербе Жмудзі, а таксама некалькі разоў, у не зусім зразумелым кантэксце, з'яўляўся ў польскіх і заходне-еўрапейскіх гербоўніках XVI — 1-й паловы XVII ст.ст. У Масковіі ж псеўда-геральдычны Мядзведзь упершыню з'явіўся на пячатках Івана Жахлівага падчас Лівонскай вайны.
Не апошнюю ролю згуляў і наратыўны вобраз, запушчаны праз «Запіскі пра маскавіцкія справы» аўстрыйскага барона і амбасадара Сігізмунда Герберштэйна (1486-1566). Нягледзячы, што сам аўтар быў дакладным сведкай розных спецыфічных праяваў маскавіцкага побыта, ягоная зацемка пра зіму 1526 г., нібыта падчас якой, пакінуўшы лясы, галодныя мядзведзі натоўпамі ўрываліся ў паселішчы і наводзілі там сапраўдны тэрор, выглядае больш на палітычны анекдот. Гэты расповед быў падхоплены на працягу наступных 150 гадоў амаль усімі заходне-еўрапейскімі падарожнікамі і дыпламатамі, якія апынуліся ў маскоўскіх краях.
Больш таго, замацавацца мядзведжаму вобразу ўва ўяўленні простага абывальніка дапамагала такая праява народнай забаўляльнай культуры, як цырк: па Заходняй Еўропе ўстойліва замацавалася ўяўленне, што галоўным пастаўніком дрэсіраваных мядзведзяў застаецца Масковія. Так, напрыклад, у ангельскай народнай свядомасці канца XVII - пачатку XVIII стст. узнік устойлівы выраз «Muscovy Bear» — «маскавіцкі мядзведзь»: любы лахматы касалапы лічыўся «найсапраўдным маскавіцкім шалёным зверам».
Упершыню маскоўская зямля, як аб’ект менавіта палітычнай прапаганды і вобраз бязлітаснага ворага, з’явілася на старонках заходне-еўрапейскіх памфлетаў у той час, калі Іван Жахлівы намагаўся «прасекчы вакно ў Еўропу» — у гады Лівонскай вайны. Але нямецкія ўлёткі таго часу яшчэ нельга назваць уласна творамі сатыры ці карыкатуры.
«Пятроўская» Расія XVIII ст. у заходне-еўрапейскай карыкатуры
Лічыцца, што ўпершыню ў вобразе мядзведзя Масковія-Расія з’явілася на старонках лейпцыгскага штотыднёвіка «Gesprache in dem Reiche derer Todten zwischen dem vortreflichen Moscowitischen Czaar Petro Magno und dem grossen Tyrannen Ivan Basilowiz II» («Размовы ў валадарстве смерці паміж выдатным маскоўскім царом Пятром Вялікім і вялікім тыранам Іванам Васільевічам II»)
Трэба адзначыць, што значную частку стагоддзя вобраз Расіі на карыкатурах меў усё ж чалавечыя рысы — яе звычана прадстаўляла манарх (а менавіта — імператрыцы). У гэты ж перыяд вядомыя уласна-расійскія карыкатуры эпохі Лізаветы Пятроўны, якія ўводзяць вобраз казакоў, што збіваюць нагамі «тоўстых» немцаў і заплятаюцца ў шырокіх шараварах турак. Агрэсіўная знешняя палітыка Кацярыны ІІ літаральна адкрыла «скрыню Пандоры» для палітычнай сатыры.
Паваротам да больш злавесных вобразаў Расіі сталі паходы Суворава па «замірэнні Польшчы» (здушэнню паўстання Касцюшкі) і рэвалюцыйнай Францыі. Аднак ужо постаць Пацёмкіна была для брытанскай палітычнай карыкатуры досыць адмоўным персанажам. Імаверна, да гэтага ж перыяду трэба адносіць і пашырэнне адмоўнага вобраза Казака, як персаніфікацыі крайняй антыгуманнасці. Нягледзячы на тое, што ў саміх еўрапейскіх краінах эпоха Асветы яшчэ не выправіла ўсе сацыяльна-палітычныя хібы мінулых стагоддзяў, ды й каланіяльнае пытанне набывала ўсё больш драматычнае гучанне, адносіны расійскага ўрада да скароных народаў (бо тыя ўсё ж лічыліся часткай еўрапейскай прасторы каштоўнасцяў, а не «проста неграмі») і метадаў вядзення вайны выклікалі ў еўрапейскай палітычнай эліты шок.
«Рускі мядзведзь і яго непераможны вершнік сутыкаюцца з брытанскім легіёнам». Брытанская карыкатура 19 красавіка 1791 г. Пацёмкін з паднятай над галавой шабляй і ў гусарскай форме, які едзе на Кацярыне Вялікай у вобразе чорнага мядзведзя, падыходзяць да Георга III і яго міністраў з дзідамі; за імі стаяць два біскупы. Цікава, што адзін з біскупаў прамаўляе «Збаві мяне, Божа, ад Рускага Мядзведзя...»
«Royal recreation» = «Царская забава» Кацярыны Вялікай. Брытанская карыкатура 7 студзеня 1795 г. Перад імператрыцай стаіць Сувораў, «герой» задушэння паўстання ў Варшаве, які працягвае манархіне адрубленыя галовы жанчын і дзетак са словамі: «Такім чынам, мая Каралеўская Спадарыня, я ў поўнай меры выканаў Вашае матчына ласкавае даручэнне да заблукалага народу Польшчы, і прынёс Вам Збор Дзесяці Тысяч Галоў, клапатліва аддзеленых ад іх аблудных целаў на наступны дзень пасля капітуляцыі»
Калаж паказвае, як брытанская і французская палітычная карыкатура малявала генералісімуса Суворава: а менавіта як канібала, бязлітаснага і агрэсіўнага казака, чалавека без чалавечых якасцей. Нягледзячы на гіпербалізацыю якасцей палкаводца, карыкатура не адышла ад праўды…
«Доўгае ХІХ стагоддзе» для палітычнай сатыры на Расію
Пачатак ХІХ ст. фактычна адзначыўся сутыкненнем расійскіх інтарэсаў і напалеонаўскай палітычнай сістэмы. Спачатку ўсё ішло няблага: самадурны імператар Павел нават збіраўся разам з Напалеонам «памачыць боты ў Індыйскім акіяне» — яны сапраўды планавалі сумесны паход у бок Індастану, каб аслабіць там прысутнасць Брытаніі. Праўда, марам не давялося здзейсніцца: брытанская адміністрацыя заключыла хаўрус з Афганістанам і Персіяй, а тут і сам Павел памёр…
Уладаранне імператара Аляксандра I адзначылася ўдумлівым лавіраваннем паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй. У 1805-1807 гг. ён удзельнічаў у антыфранцузскіх кааліцыях. У 1807-1812 гг. часова зблізіўся з Францыяй. Вёў паспяховыя войны з Турцыяй (1806-12), Персіяй (1804-13) і Швецыяй (1808-09). Да Расійскай імперыі былі далучаны тэрыторыі Усходняй Грузіі (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), герцагства Варшаўскае (1815). Пасля вайны 1812 года Аляксандр І узначаліў у 1813-14 гг. антыфранцузскую кааліцыю. У перыяд хаўрусаў з Францыяй расійскі імператар выступаў у брытанскай карыкатуры як мядзведзь-недарэка, якога лоўка акручвае Напалеон-махляр. У час вайны Расіі з Напалеонам ролю галоўнага людажэра замест Суворава заняў Кутузаў.
«Новы спосаб мядзведжага цкавання», 1807 г. Напалеон і Талейран стрымліваюць Мядзведзя-Аляксандра, атакаванага брытанскімі гандлярамі, прычым Напалеон кажа: «Яны зацкуюць яго да смерці, а затым я пастаўлю іншага Імператара ...». У 1807 г. Расія заключыла з Францыяй Тыльзіцкі мір, прыняўшы тэрытарыяльныя змены ў Еўропе, абавязвалася заключыць перамір'е з Турцыяй і вывесці войскі з Малдавіі і Валахіі, далучыцца да кантынентальнай блакады (разрыву гандлёвых адносін з Англіяй), даць Напалеону войскі для вайны ў Еўропе, а таксама выступіць пасрэднікам паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Брытанцы ў адказ бамбавалі Капенгаген і захапілі дацкі флот. 25 кастрычніка (6 лістапада) 1807 г. Аляксандр аб'явіў аб разрыве гандлёвых сувязей з Англіяй.
«Узаемныя ўшанаванні ў Тыльзіце, або Малпа, Мядзведзь і Арол", жнівень 1807 г. Малпа з галавою Напалеона ускладае на Мядзведзя-Аляксандра ордэн з надпісам: «нашаму любаму і адданаму кузэну і іншая, і іншая», ніжэй падпіс - «падробка». Мядзведзь ў дурным каптуру з аслінымі вушамі, бразготкамі і ў шыпаваным ашыйніку, на якім надпіс: «Аброжак незалежнасці». На грудзях у малпы ордэн Андрэя Першазванага з надпісам «Нашаму адданаму і іншая, і іншая (падробка)». Малпа суцяшае мядзведзя і кажа, што яму ідзе гэты медаль, каптурок і бразготкі. Мядзведзь бязвольна апусціў лапы і давяраецца хаўруснай дамове. Побач стаіць Фрыдрых Вільгельм III у выглядзе двухгаловага арла без адной галавы.
Уступленне ў Польшчу або Новы прынадны кавалачак для Боні», студзень 1807 г. Брытанская карыкатура (захоўваецца ў Эрмітажы). Шляхта (чамусьці ў нетыповых чырвона-зялёных колерах строю) цалуе боты Напалеону і крычыць «Які шчаслівы дзень для Польшчы!» На частцы падзеленай Рэчы Паспалітай па выніках Тыльзіцкай дамовы было ўтворана Герцагства Варшаўскае пад пратэктаратам Францыі
«Польскія стравы з французскім дэсертам». 8 снежня 1812 г. Кутузаў багата палівае насаджанага на круціў Напалеона «бенігсенавай падлівай» (Бенігсен (начальнік штаба Кутузава) разбіў французаў (Мюрата) пад Таруціным, 18 кастрычніка, і літаральна на наступны дзень пачалося адступленне французаў). Кутузаў кажа: «Я буду смажыць жахлівую страву - я з'ем яе. Ён копціць, брат Мішка, яшчэ разок пакруці яго, і ён будзе гатовы»
Георг Эмануэль Опіц. Казакі разглядаюць карыкатуры на саміх сябе. Каля 1814 г. Дадзены рысунак, мабыць, найлепш ілюструе і папулярнасць палітычнай карыкатуры ХІХ ст. і эфект сатырычнай рэкурсіі.
Праўленне імператара Мікалая І, празванага «Палкіным» звязана з наступнымі значнымі рэвалюцыйнымі і вайсковымі падзеямі: паўстанне дэкабрыстаў (1825 г.), расійска-турэцкая вайна (1828-29) на два франты — у Закаўказзі і на Балканах, паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай (1830-1831), саўдзел ў здушэнні Вугорскага паўстання 1849 г. падчас «Вясны народаў» і Крымская вайна (1853-1856). У палітычную карыкатуру гэтага часу ўводзіцца новы алегарычны персанаж — расійскі двухгаловы Арол.
«Высадка Вялікага Мядзведзя, або Мусульманаў заспелі знянацку». Брытанская карыкатура, травень 1828 г. Мядзведзь пераступае праз раку Прут са словамі: «Клянуся святым Мікалаем, я пакажу вам, як парушаць пагадненні!..» Ён узброены пікай, канец якой сыходзіць за край аркуша (на ёй надпіс «канца гэтаму не відаць»). На супрацьлеглым беразе туркі ў выглядзе мідый (гульня слоў: mussulmans/мусульмане — mussels/мідыі). Брытанская карыкатура да расійска-турэцкай вайны падчас расійскай кампаніі ў Малдавіі, Валахіі і Добруджы — падкантрольных асманам тэрыторыях.
«Лёгкі сняданак». Брытанская карыкатура, кастрычнік 1829 г. Рускі мядзведзь з
«Алегорыя». Брытанская карыкатура, 2-я палова 1828 - пачатак 1829 гг. Рускі арол накрывае клеткай індычку-Турцыю, распластаную на зямлі. Фонам служаць палаючыя селішчы і вершнікі-казакі па бязмежных снегавых прасторах. Злева ў дыме пажараў выяўляецца сілуэтны профіль Напалеона, які прарочыць: «Еўропа, будзь напагатове, бойся Калмыкаў ...» Брытанская карыкатура да расійска-турэцкай вайны
«Мядзведзі ў бязвыхадным становішчы», 27 сакавіка 1831 г. Брытанская сатыра на задушэнне паўстання 1830-31 гг. Польскі афіцэр ува ўланскай рагатыўцы прымае няроўны бой супраць цэлай арміі мядзведзяў ў казацкай вопратцы. Ён абараняе жанчыну і дзіця ад варвараў. Над галавой фрыгійскі каптур — сімвал свабоды. У далячыні еўрапейская палітычная эліта робіць выгляд «крайняй заклапочанасці». Дарэчы. у Францыі на той час нарадзілася прымаўка: «пашкрабі рускага, і пабачыш казака, пашкрабі казака, і вылязе шалёны мядзведзь...»
«Бываюць вайны, а бываюць ваенныя чуткі». Брытанская карыкатура каля 1831 г. На фоне супярэчнасцяў еўрапейскіх дзяржаў — польскі паўстанец адчайна лупцуе расійскага казака
«Турцыя (літар. Індык) у небяспечных абдымках», 1853 г. (карыкатура ў брытанскім сатырычным часопісу «Панч» напярэдадні Крымскай вайны). З 1841 г. фактычна асноўнай крыніцай брытанскай карыкатуры і сатыры на Расію робіцца часопіс «Панч» (Punch), які спачатку меў назоў London the Charivari і меў адсылку да французскага ілюстраванага сатырычнага часопіса Le Charivari, заснаванага ў 1837 г.
«Паўночны мядзведзь— самы непрыемны з усіх відаў мядзведзяў». Французскі сатырычны часопіс Le Charivari, 17-18 красавіка 1854 г. Ваяўнічы рускі мядзведзь у вобразе самадзержца, і ўсе падданыя схіляюцца перад ім. У лапах звера сімвалы вайны — меч і палаючая паходня
«Двухгаловая (літар."Пасечаная") варона ў Крыме». Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 29 Верасня 1855 г. Два жаўнеры хаўруснікаў глядзяць як уцякае двухгаловы арол. Подпіс пад малюнкам: «Двухгаловая варона ў Крыме. Яна атрымала жорсткі ўдар! Гані яе! »
Прыход да ўлады Аляксандра ІІ, якому прыдворныя колы далі ліслівы эпітэт «Вызваліцель» (што звязана з адменай прыгоннага права і перамогай у руска-турэцкай вайне 1877-1878), стаў лёсавызначальным перш за ўсё для насельнікаў былой Рэчы Паспалітай, празваўшых яго, як і віленскага генерал-губернатара Мураўёва, — «Вешальнікам» — за ўзровень жорсткасці ў здушэнні Паўстання 1863 г. Насамрэч, і па сёння мы яшчэ не ацанілі палітычную важнасць і катастрафічныя наступствы вызвольнага Паўстання 1863-64 гг. Але ж усе падзеі маюць таемныя сувязі і свой сімвалізм: жыццё імператара абарвала бомба, кінутая Ігнатам Грынявіцкім, нашым суайчыннікам, удзельнікам рэвалюцыйнай арганізацыі «Зямля і воля»… У валадаранне Аляксандра II Расія працягнула палітыку ўсямернага пашырэння Расійскай імперыі. За гэты перыяд да імперыі былі далучаны Цэнтральная Азія, Чачня і Чаркесія на Каўказе, Карская вобласць у Закаўказзе, Прыамур'і і Прымор'е на Далёкім Усходзе.
«Рык за Польшчу». Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 21 лютага 1863 г. Містар Бул (персаніфікацыя Англіі): "Ах, мой пёсік, я разумею, што табе надта карціць ускочыць на гэтага мядзведзя, але так зараз рабіць ня трэба". Жанчына ў фрыгійскім каптуры (шапка, якую насілі атрымаўшыя волю ў час антычнасьці) - персаніфікацыя "Польшчы" (тобок, паўстаўшых народаў былой Рэчы Паспалітай), якая змагаецца з Казаком-Мядзведзем.
«Амністыя», Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 25 красавіка 1863 г. Расійскі мядзведзь: «Хаця я спаліў твой дом і забіў тваіх дзяцей, пакінь мяне біць, і я дарую табе!» Непадалёк спакойна назіраюць «занепакоеныя сітуацыяй» еўрапейскія дзяржавы. Баязлівы сабачка пад нагамі Мядзведзя — Прусія.
«Крайнасці збліжаюцца», брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 24 кастрычніка 1863 г. Паказаны Расія і ЗША, якія засталіся без палітычнай падтрымкі іншых дзяржаў і, да таго, з праблемамі паўстанняў на сваіх тэрыторыях (якія адлюстраваны ў відовішчах гвалту і спусташэння на заднім плане). Хаўруснікі па-няволе з задавальненнем паціскаюць адно аднаму рукі. «Абі (то-бок Лінкольн): Імперскі сын Мікалая Вялікага, я лічу, што мы знаходзімся ў роўных умовах: вы — са сваімі палякамі, я — са сваімі паўднёвымі падбухторшчыкамі. Алекс (Аляксандр ІІ): «Помста — тое мне да спадобы, сябра; глядзі, там дзе яна ішла, стаяць пабураныя і спаленыя сцены, а на тваіх шыбеніцах боўтаюцца змагары-патрыёты, і іхнія пакуты даюць асалоду твайму паплечніку»
«Сабакі вайны». Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 17 чэрвеня 1876 г. Расія рыхтуецца адпусціць балканскіх сабак вайны, у той час як Брытанія папярэджвае яе быць асцярожнаю. На ашыйніках надпісы: Герцэгавіна, Боснія, Сербія, і, імаверна, Чарнагорыя. Карыкатура звязаная з палітычнай падрыхтоўкай Расіі да ўмяшання ў балканскія справы (зразумела, пад лозунгам абароны славянскіх народаў) — руска-турэцкай вайны 1877-78 гг.
«Абараніце мяне ад маіх сяброў!» Афганскі эмір Шэр Алі паміж ягонымі «сябрамі» — Расіяй (мядзведзь) ды Вялікабрытаніяй (леў). Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», 1878 г. Сатырычны малюнак звязаны з пашырэннем расійскіх валоданняў у Туркестане і англа-расійскімі канфліктамі за кантроль над Афганістанам і Прыпамір’ем.
«Imperium et Libertas!» — «Аляксандр ІІ у прадчуванні замаху асасінаў» (асасын (assasin) — забойца). Брытанскі сатырычны часопіс «Панч», люты 1880 г. Пакуль цар прыслухоўваецца да ценяў, у скляпенні рыхтуецца сапраўдны замах. Крыніца: cartoonstock.com
Аляксандр ІІІ, атрымаўшы эпітэт «Міратворца», бо падчас ягонага праўлення не вялося значных ваенных дзеянняў, насамрэч быў рэакцыйным кансерватарам да мозга костак (чаго толькі каштуе ягоны «Манифест о незыблемости самодержавия») і праводзіў контррэформы, а таксама інтэнсіўную русіфікацыю нацыянальных ускраін імперыі (абмежаванне правоў габрэяў, увядзенне рускай мовы ў польскіх школах, спыненне армянскіх прыхадскіх школ, і нават дыскрымінацыя стараабрадцаў, вернікі з якіх паходзілі з «великоруской народности»).
«Рускі накцюрн». Задушаная і скаваная прэса, сібірскія руднікі і высылкі, вобшукі ў кватэрах — вось што такое Канстытуцыя 1881 г. («Манифест о незыблемости самодержавия»). Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак», 1881 г. Крыніца: ebay.com
«Жорсткасць да Індычкі» (то-бок, Турэччыны). Англія і Расія (разам): «Будзь маім хаўруснікам, і я дам табе самае горшае, што было ў тваім жыцці». Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак», 22 красавіка 1885 г. З 1871 г. сярод выданняў палітычнай сатыры і карыкатуры стаў вылучацца ілюстраваны высакаякаснымі малюнкамі часопіс «Puck», названы ад імя персанажа з камедыі Шэкспіра «Сон у летнюю ноч»
«Непрыгожая радзімка». Цывілізацыя (у вобразе Афіны): «Што гэта за агідная пляма? Я не магу яе аніяк змыць!» Свет: «О, дык гэта Расія!» Амерыканскі часопіс Life, 8 мая 1890 г.
Постаць Мікалая ІІ ува ўласна Расіі за мінулае стагоддзе прайшла некалькі этапаў міфалагізацыі і гіпербалізаванасці, ад «Міколкі Крывавага» да «Святога Мікалая Пакутніка». Гістарыяграфія біяграфіі самадзяржаўцы паказвае, наколькі імператар быў супярэчлівай фігурай у апошні перыяд існавання Расійскай імперыі. Напрыклад, за ініцыятыву па скліканню Гааскай канферэнцыі Мікалай II быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру ў 1901 г., а тым часам у краіне павялічваўся рост сацыяльна-палітычных супярэчнасцяў і рэвалюцыйнага руху. Палітыка экспансіі на Далёкім Усходзе, з аднаго боку, прывяла да таго, што ў 1896 г. кітайская ўсходняя чыгунка стала расійскай канцэсіяй і павялічыўся ўплыў Расіі ў Маньчжурыі, а з другога — такія захады прывялі да сутыкнення з інтарэсамі Японіі, якую, па даўней расійскай завядзёнцы, цар збіраўся адолець у «маленькай пераможнай вайне». Па выніках расійска-японскай вайны 1904-05 гг. (у якой, дарэчы, прымалі ўдзел і беларусы з губерняў Северо-Западнага края) адбылася параза, якая прывяла да страты Курыльскіх выспаў ды часткі Сахаліна на карысць Японіі. Вайна набыла настолькі непапулярны характар, што, як сведчаць відавочцы падзей, нават кансерватары ў сталіцы маліліся, каб яна хутчэй скончылася паразай Расіі. Вайна, зразумела адбілася на эканамічных паказчыках, што вылілася ў рэвалюцыйныя падзеі 1905-1907 гг., якія, у сваю чаргу, прывялі да дзяржаўнага тэрору і суровай рэакцыі — усе самыя праблемныя і гарачыя пытанні, якія мусілі былі цягам бліжэйшага часу вырашыцца, прымусова «закансерваваліся» на дзесяцігоддзе, што стала адной з многіх цяжкіх прычынаў перавароту 1917 года. Уступ Расіі ў «Вялікую вайну» цалкам перафарматаваў і эканоміку і грамадства, паставіўшы кропку ў лёсе не толькі расійскай, але і ўсіх імперыялістычных манархій Еўропы.
«Расійска-французскі хаўрус». Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак», 16 сакавіка 1898 г.
«Апошняя кітайская сцяна». Расія, як заўсёды, супраць усіх дзяржаў. Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак». 1900-я гг. Малюнак ілюструе сутыкненне расійскіх інтарэсаў з іншымі імперыялістычнымі гульцамі на мапе Кітая.
«Выкрыты сусветнай пагардай». «Дух Цывілізацыі» на «судзе цывілізацый» паказвае на расійскага мужыка ці казака. Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак». 1900-я гг.
«Сёння ён грае Балгарыю» (Сёння ставіцца спектакль Балгарыя). Спектакль з «абаронай» Балгарыі расійскім казаком, які нязменна ставіцца ад часоў Пятра Вялікага. Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак». 1903 г.
«Першым прыйшоў, першым - пад
«РАСІЙСКАЯ КАРОНА». Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак». 1905 г.
«Голас Мінулага». Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак». 1905 г. Цар Мікалай сядзіць на троне, а дух караля Людовіка XVI нагадвае яму пра свой бясслаўны канец. Рукі ўнізе ў мальбе працягваюць петыцыі
«Славянская барацьба» (тут — гульня слоў: «slav» славянін і «slave» — раб; то-бок, маецца на ўвазе змаганне з рабствам). Амерыканскі сатырычны часопіс «Пак» (1906? г.). Надпісы на шчупалах: «бюракратыя», «рэлігійная нецярпімасць», «дэспатызм», «казакізм» (то-бок — мілітарызм), «карупцыя», «сквапнасць», «выгнанне/ссылка»
Расія і Аўстра-Вугоршчына разцягваюць на кавалкі Асманскую імперыю. Французскі сатырычны часопіс «Лё Пці Журналь», 1908 г. Крыніца: ebay.com
«Расійская мабілізацыя». Германская прапаганда часоў Першай сусветнай вайны ў нямецкім сатырычным часопісе «Lustigen Blatter» (выдаваўся з 1886 г.). Крыніца: ebay.com
«Святая расійская Троіца» (з надпісамі над фігурамі —«мір» і «свабода»). Германская прапаганда часоў Першай сусветнай вайны. Крыніца: ebay.com
«Найгоршы манарх». Амерыканскі сатырычны часопіс Puck, 9 жніўня 1905 г. На троне — збянтэжаны Мікалай з сімваламі ўлады, а вакол яго насмешлівыя прывіды народаў, раней разбітыя ці скароныя расейцамі. У правым ніжнім куце — геральдычны тарч з уторкнутай у яго японскай катанай (адсылка на паразу ў руска-японскай вайне)
«Расійскі катаклізм». Амерыканскі сатырычны часопіс Puck, 29 лістапада 1905 г. Дваранства, купцы, папы, жандары і казакі ратуюцца на скале пасярод віруючага штармавога мора. На заднім плане, у прабляску сярод хмараў бачны надпіс «БУНТ»
У заканчэнне
Палітычная карыкатура XVIII-XIX ст.ст. і на пачатку ХХ ст. выкрывала сутнасць расійскай міжнароднай і ўнутранай палітыкі праз вобраз мядзведзя, які ў адпаведнасці з ходам падзей мог быць раз’юшаным або скароным, магутным або прыніжаным, падспудным або дурным. Вобраз «рускага мядзведзя» на карыкатурах, як моцнага сродку прапаганды, не знік і на працягу ХХ стагоддзя: крыважэрны звер раз-пораз з’яўляўся на старонках міжваенных амерыканскіх і брытанскіх, французскіх і нямецкіх выданняў. У час Другой Сусветнай вайны, а апасля яе — і ў перыяд Халоднай вайны, калі адносіны паміж СССР і Захадам перайшлі ў вострую фазу, метафара жорсткага, крыважэрнага мядзведзя шырока выкарыстоўвалася заходнімі СМІ як увасабленне палітыкі Масквы гэтых гадоў. Перабудова і распад СССР адсунулі на другі план трывалы адмоўны вобраз, але, як бачым, ужо другое дзесяцігоддзе ХХІ ст. агрэсіўная палітычная рыторыка і антычалавечая ваенная дактрына Расіі заслужана вяртае ёй вобраз шалёнага прымітыўнага людаецкага драпежніка, якога трэба з усяе моцы ўтаймаваць краінам усяго света… (Асноўныя крыніцы ілюстрацыйнага матэрыялу: Wikipedia, GettyImages, Alamy.com, Ebay.com, britishmuseum.org, sites.google.com/site/punchvolumes/, www.loc.gov) …