КДБ Беларусі планаваў аперацыю па распаўсюдзе фэйкаў пра Украіну яшчэ да нападу Расіі
Кампанія META паведаміла аб тым, што фэйкавыя паведамленні аб капітуляцыі Украіны пачалі з'яўляцца ў сеціве ў першы ж дзень вайны.

Кампанія META апублікавала справаздачу аб варожых дзеяннях у сетцы за першы квартал 2022 года, дзе адзначаецца, што звязаныя з урадам суб'екты з Расіі і Беларусі займаюцца кібершпіянажам і таемнымі аперацыямі ўплыву ў інтэрнэце.
Так, незадоўга да ўварвання Расіі ва Украіну гэтыя субʼекты пачалі цікавіцца ўкраінскай тэлекамунікацыйнай галіной, глабальным і ўкраінскім абаронным і энергетычным сектарамі, тэхнічнымі платформамі, а таксама журналістамі і актывістамі ва Украіне, Расіі і за мяжой.
Яны прыводзяць прыклад таго, як сетка ўплыву (coordinated inauthentic behavior – CIB) пад кантролем беларускага КДБ нечакана пачала публікаваць на польскай і англійскай мовах паведамленні аб капітуляцыі ўкраінскіх войскаў без бою і ўцёках нацыянальных лідараў з краіны 24 лютага, у дзень, калі Расія пачала вайну супраць Украіны.