Дзіцячы футбол: чаму рэкордных ураджаяў чакаць не варта?
«Дрэнна мы выхоўваем нашу моладзь… Вельмі дрэнна…» — казаў наменклатурны таварыш Саахаў у бессмяротнай савецкай камедыі. Гэтыя словы можна з лёгкасцю прытарочыць і да шматпакутнага беларускага спорту.
Тут моладзь таксама пайшла абы-што, асабліва ў футболе, дзе пра гадаванне рэзерву апошнім часам крычаць ці не гучней за ўсё. Аднак дэкларацыі так і застаюцца дэкларацыямі, і наўрад ці яны напоўняцца практычным сэнсам у бліжэйшай будучыні. І вось чаму.
Раўненне на таджыкаў
За ўсімі гучнымі грамадска-палітычнымі падзеямі ў краіне — як у той песні, сярод бруду і жудасцей начэй, — фактычна па-за ўвагай заўзятараў застаўся адзін зімовы футбольны кейс. Гаворка пра традыцыйны міжнародны турнір «Кубак развіцця», які штогод праводзіцца ў Мінску і ў якім бяруць удзел зборныя U-17 (гульцы, не старэйшыя за 17 гадоў).
Раней гэтыя спаборніцтвы часцяком праходзілі з вялікім размахам: з прамымі тэлетрансляцыямі са сталічнага манежа, з поўнымі трыбунамі, з прадстаўнічым спісам удзельнікаў, сярод якіх сустракаліся каманды Украіны, Расіі, Бельгіі, Сербіі і нават Японіі... Размах турніру надала былая адміністрацыя Беларускай федэрацыі футбола (БФФ) на чале з Сяргеем Румасам, які, да таго ж, уключаў і спонсарскі рэсурс свайго «Банка развіцця» дзеля годных узнагарод для пераможцаў.
Пераможцамі на працягу 15 гадоў станавіліся многія — у тым ліку і беларусы, якім дапамагалі родныя заўзятары. Але гэтым разам здарыўся форменны правал.
Мала таго, што цяпер да Мінска — ці праз COVID-19, ці праз палітыку — даехалі ўсяго чатыры зборныя; мала таго, што на ўдзел пагадзіліся па ўсіх мерках сціплыя казахі, малдаване і таджыкі, дык і ў гэтым крылоўскім квартэце гаспадары засталіся на глухіх падпеўках. Зборная Беларусі прайграла ўсе тры гульні, заняла апошняе месца і паказала найгоршы вынік у гісторыі турніру. Агульны лік на мяжы ганьбы — 3:7. Таджыкам, якія сталі пераможцамі, нашы хлопцы саступілі буйна — 1:4.
Падсумоўваючы ўражанні і сумуючы ад іх журботнасці, галоўны трэнер беларускіх юнакоў сказаў: «Нам трэба ісці шляхам Таджыкістана».
Ну вось, дажылі. Наш дзіцяча-юнацкі футбол абрынуўся ў такую багну, што светачамі падаюцца ўжо методыкі з перадгор’яў Паміра і перадмесцяў Душанбэ. Раней неяк імкнуліся арыентавацца на больш блізкія і прывабныя маякі — накшталт якой Польшчы ці Швецыі. Цяпер вяслуем у бок Цэнтральнай Азіі — і краіны, нацыянальная футбольная зборная якой боўтаецца ў раёне 120 месца ў сусветным рэйтынгу.
Чужая мілая
Зрэшты, самым аўтэнтычным паказчыкам стану моладзевага футбола ў краіне здаўна з’яўляецца крыху іншае. А менавіта — вынікі не юнацкіх зборных (U-17), не юніёрскіх (U-19), а ўласна маладзёжных (U-21). То-бок таго звяна, якое наўпрост мяжуе з дарослымі гульнямі. І тут у нас справа наогул швах. Прыкладна як на мінскім велазаводзе, які дзяржава цягне-пацягне з дрыгвы, убухвае туды адзін мільён за другім — і выцягнуць не можа.Дзе яны — тыя часы, калі беларуская «маладзёжка» гусарыла ў Еўропе? Калі рэгулярна прабівалася ў фінальныя раўнды чэмпіяната Старога Свету, а аднойчы — у далёкім 2011-м — нават заняла трэцяе месца і заваявала пуцёўку на Алімпіяду-2012. Усё прайшло, як з белых яблынь дым. Усё прапала, як порткі з плоту, — захаваліся толькі ўспаміны і настальгія.
Жыць мінулым — менавіта тое адзінае, што засталося. Цяперашнія «поспехі» спадкаемцаў той славы застаюцца на ўзроўні мышынай валтузні. У «Еўрабачанні» мы больш асвечаныя, чым у маладзёжным футболе. «Дажынкам» варта больш радавацца, чым сціплым ачкова-галявым паказчыкам гульцоў генерацый U-21.
Апошні адборачны досвед беларусаў на гэтым узроўні скончыўся мінулай восенню. Пралёт, так бы мовіць, нармальны: чацвёртае месца ў групе з сямі каманд (ніжэй толькі Кіпр і Гібралтар), без ані малейшых шанцаў на выхад у наступны раўнд. І, як вішанька на торце, — буйныя, на мяжы дыскрэдытацыі, паразы ад аднагодкаў з Нідэрландаў — 0:5 і 0:7.
Пры гэтым аніякай сенсацыі ў такіх прыкрых выніках няма і блізка. Гэта плюс-мінус тое, чаго чакалі ад беларускай каманды вопытныя заўзятары, якія ведаюць сучасны футбольны ранжыр у свеце і якія цудоўна разумеюць, што выхад сённяшняй «маладзёжкі» з любой адборачнай групы ЧЕ — гэта прыкладна тое ж самае, як атрыманне «Грэмі» Аляксандрам Саладухам за неўміручы хіт пра чужую мілую.
Але ж чаму так адбываецца? Чаму раней беларускі футбол быў чагосьці варты і ў нас вырасталі гульцы ўзроўню англійскай прэм’ер-лігі і італьянскай серыі «А», а зараз добра калі сярод пустазелля праб’ецца нехта, варты расійскага «Арэнбурга» альбо ўкраінскага «Коласа» з Кавалёўкі?
Гэта цікавыя пытанні, і, хоць спехам, у агульных рысах, адказы трэба азначыць. Тым больш, яны даволі відавочныя, бо гэтым праблемам ужо не адзін год.
Простыя рэчы
Увогуле прычыны заняпаду айчыннага дзіцяча-юнацкага футбола ёсць двух відаў: простыя і складаныя.Простыя можа пералічыць на пальцах любы студэнт другога курса фізкультурнага ВНУ. Па-першае, маленькім футбалістам элементарна бракуе ўмоў. Не хапае якасных палёў, дзе можна адпрацаваць тэхніку. Не хапае турніраў у фармаце рытмічнага календара, дзе тэорыю можна замацаваць на практыцы. Не хапае сучасных методык, паводле якіх вучаць гуляць у Германіі ці Італіі. Не хапае руплівых трэнераў, бо вядома ж: заробкі на гэтым нізавым узроўні сціплыя, не зашыкуеш.
І як вынік усяго — не хапае масавасці, гэтай альфы і амегі любой справы, якую рухаюць наперад таленты і самародкі. Здольнага матэматыка, музыку, мастака, футбаліста хутчэй знойдзеш, вылучыш з тысячы, чым з дзясятка, які з’явіўся на першы занятак у секцыю. Гэта некалі раней, у старарэжымныя часы, кінь у двор мячык — і праз паўгадзіны вакол яго будзе валтузіцца амаль уся дзятва з акругі, сярод якой не-не, дый разглядзіць вопытнае трэнерскае вока таго, каго футбольны бог пацалаваў у цемечка.
Тыя метады больш не працуюць. Бо што цяпер мяч, калі ёсць «кантакцік», «ютубчык», а «плэй маркет» выкаціў такую новую любату, што дзе б тут знайсці час на ўрокі. На Захадзе гэтыя спакусы ХХІ стагоддзя адольваюць — як і многія іншыя. І ўсё ў іх ёсць: і ўмовы, і трэнеры, і масавасць. У нашай жа квітнеючай рэчаіснасці на гэты конт даўно падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі. І колькі б ты ні хадзіў па гэтым замкнутым коле — палі, методыкі, трэнеры, селекцыя — так і прыйдзеш да несуцяшальнай высновы, што агучана вышэй. Час нам вучыцца ў чароўных таджыкаў.
Зразумела, што ўсё вышэй пералічанае — гэта толькі вяршыня айсберга. Сапраўдныя, глыбінныя хворасці палягаюць ніжэй, і звычайнаму воку іх цяжка разглядзець.
Рукі не даходзяць
Справа ў тым, што ў беларускім футболе — дый у спорце ўвогуле — да шчыльнай працы з рэзервам у кіраўнікоў проста не даходзяць рукі. Бо гэта не проста няўдзячны занятак — ён яшчэ і нявыгадны.Пару нумароў таму мы пісалі, што спорт у Беларусі — гэта фактычна падаўжэнне дзяржсістэмы. З яе цыркулярамі, загадамі і справаздачамі аб выкананай рабоце. З яе адсутнасцю рыначных умоў, спецыялістамі, прызначанымі па пратэкцыі, ды непазбыўнай цягай да паказухі.
І, уласна, калі ў нас у сельскай гаспадарцы скрозь калгас, то адкуль будуць рэкордныя ўраджаі на футбольнай ніве?
Вузлавое патрабаванне да спорту дзяржава даўно сфармулявала вуснамі галоўнага носьбіта ўлады: «Дай вынік, дай перамогу!» Дасі — будуць табе і грошы, і ордэн на штрыфель, і залатое яйка на Вялікдзень. Не — ідзі адсюль, вызвалі месца.
Галоўны носьбіт не хоча чакаць, перамогі і фанфары яму патрэбныя тут і цяпер — як і ў «Еўрабачанні», дрэваапрацоўцы ці ў вытворчасці трактароў. Каб пацешыць амбіцыі, стварыць піяр, паказаць, як раней казалі, перавагі нашага адметнага шляху развіцця.
Вось і турбуюцца прызначаныя міністры і кіраўнікі федэрацый тым, каб як мага лепш упрыгожыць фасад. Каб нацыянальная зборная паказала годную гульню на бліжэйшым чэмпіянаце, бо ад гэтага залежыць іх знаходжанне пры пасадзе. І дзеля таго можна, не саромеючыся, рэзаць апошні агурок — укідваць бюджэты, ствараць умовы і нават завозіць, як у хакеі, расіян і канадцаў, раздаючы ім беларускія пашпарты. Усё для галоўнага фронту — усё для перамогі.
А дзецям і юнакам — тое, што застанецца з панскага стала. Пры тым, што дзіцячы спорт не проста патрабуе рэсурсаў і ўвагі — ён прынцыпова не трывае мітусні.
Каб выгадаваць таленавітае, здольнае на здзяйсненні, пакаленне гульцоў, патрэбна, прынамсі, гадоў дзесяць. Каб гэтыя пакаленні вырасталі больш-менш рэгулярна, неабходна працаваць над гэтым стала, сістэмна, карпатліва. Без кіданняў у бакі і скручвання галоў пры першым жа шухеры. А ці магчыма гэта ў Беларусі, дзе міністра могуць звольніць наўпрост пасярод Алімпіяды, бо нешта няма медалёў?
Не, але ж гаварыць пра дзіцячы спорт нашы чыноўнікі ўмеюць. Паслухаеш — ну, мысляць стратэгічна, цэляць глыбока, бачаць далёка. І канцэпцыі развіцця пісаць у федэрацыях таксама намастачыліся — у футболе вось якраз анансавалі чарговую, бо папярэдняя чамусьці не спрацавала. Аднак у кантэксце вышэй згаданага ўся гэтая бурная дзейнасць мае выключна факультатыўны характар.
Таму, колькі стадыёнаў і лядовых палацаў ні будуй, колькі грошай у спорт ні укладай, сама па сабе, як грыбы, моладзь не вырасце. Ёю трэба займацца не па рэшткавым прынцыпе, а пільна і першачаргова.
Зрэшты, нічога новага: усё тут у нас, як у іншых галінах. Дзе замест рэформ і стратэгічнага планавання пануюць альтэрнатыўныя «пажарныя» падыходы: заткнуць дзірку, перахапіць крэдыт, ператрэсці менеджмент.
І вось якраз па гэтай прычыне кісельных берагоў у дзіцяча-юнацкім футболе ў бліжэйшыя часы чакаць не варта. Яны з’явяцца не раней, чым жыццяздольна заварушацца БМЗ і «Гомсельмаш», паедуць наперад ровары «Мотавела» і белшынаўскія колы. Іншымі словамі — адліпне ад плінтуса наша шматпакутная, загубленая эканоміка. Ці яшчэ шырэй — з’явіцца новая ўлада, якая нарэшце распачне рэформы і будзе выцягваць краіну з бездані.
А пакуль: як жывём, так і гуляем. Так гучыць старая футбольная прыказка.