Ці лёгка схавацца ад дзяржаўнай апекі?

Пасля ад'езду ў Польшчу шматдзетную сям'ю ў Беларусі прызналі «сацыяльна-небяспечнай».

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Ілюстрацыйнае фота, pixabay.com

Шматдзетная сям'я Таццяны (імя змененае па просьбе гераіні) увосень мінулага года кінула тут усё і з'ехала ў Польшчу. Тата, маці, трое дзяцей і кот. Але, як высветлілася, пазбегнуць пільнай увагі дзяржавы няпроста, нават калі ты за мяжой.
Сям'я Таццяны — звычайная: муж праграміст, асноўны здабытчык грошай, сама яна таксама працуе, але збольшага займаецца дзецьмі — а іх трое — і творчасцю. Яны ніколі не хавалі сваіх поглядаў на тое, што адбываецца ў краіне, наадварот, як маглі, рабілі свой унёсак у тое, каб сітуацыя хутчэй зрушылася: займаліся валанцёрскай працай, хадзілі на маршы.
Дый гісторыя пераезду падобная да шматлікіх іншых: няясныя перспектывы працы ў IT тут, непакой за небяспеку дзяцей, агульнае напружанне.  
Канчатковае рашэнне збіраць чамаданы было прынята ўвосень. Яно супала з арыштамі экаактывістак, мастачак. «У той час муж з'ехаў у камандзіроўку, а я засталася з дзецьмі. Жыла ў чаканні, што могуць прыйсці. Панікі не было. За сябе я не баюся. Мы турысты, да ўсяго звыклыя, калі без збіцця — дык «суткі» гэта ўвогуле адпачынак ад дзяцей (смяецца). І кампанія там — эліта грамадства. Але як гэта паўплывае на дзяцей? Мы іх падрыхтавалі, канешне. Дома быў схаваны запас грошай, на лядоўні вісеў аркуш з тэлефонамі праваабаронцаў і сяброў. Дзеці ведалі, што рабіць, калі ў хату ўварвуцца, ці мама-тата не прыйдуць дадому. Але мы не маглі дапусціць, каб дзяцей забралі, напрыклад, у дзіцячы дом, паставілі ў СНС», — узгадвае Таццяна.
Таццяна кажа, што для дзяцей яны хацелі захаваць магчымасць атрымаць беларускую адукацыю. Таму наведаліся ў гімназіі, дзе вучыліся старэйшыя, і напісалі заявы, у якіх папрасілі ў сувязі з ад'ездам у іншую краіну перавесці дзяцей на індывідуальны план навучання. Але ў гэтым ім адмовілі.
У выніку сямейства ўсё ж пераехала ў Лодзь, а дзеці працягнулі вучобу ў мясцовай школе — дыстанцыйна.
Праз некаторы час ад былых мінскіх суседзяў Таццяна са здзіўленнем даведалася, што на радзіме іх сям'ю фактычна абвясцілі ў росшук. У гімназіях раптам спахапіліся: як гэта так, дзеці не ходзяць на заняткі!
«Тое, што яны ў сувязі з гэтым зрабілі, мяне вельмі ўразіла. Яны ж ведалі, што мы з'ехалі. У іх былі нашы заявы і ўсе нашы тэлефоны, электронная пошта. Замест таго, каб звязацца з намі і папрасіць даслаць пацвярджэнне, што дзеці навучаюцца ў польскай школе, яны выпісалі ўсе чатыры адрасы, па якіх мы калі-небудзь жылі, далучылі дзіцячую паліклініку, і тры інстанцыі ў мароз паехалі нас шукаць па ўсіх гэтых адрасах на тралейбусе».
Чатыры жанчыны і міліцыянт грукаліся ў дзверы, а калі ніхто не адчыніў — пайшлі апытваць суседзяў, збіраць інфармацыю і характарыстыкі.
Але на гэтым прыгоды не скончыліся. Старэйшаму сыну вырашылі зрабіць пашпарт серыі РР. А пакуль сын непаўнагадовы, такі ж пашпарт трэба было зрабіць і Таццяне.
На той час сям'я ўжо жыла ў Лодзі. Калі прыйшло паведамленне пра гатоўнасць пашпартоў, Таццяна паехала за імі ў Беларусь.
Звычайныя адміністрацыйныя працэдуры — выпіска з месца рэгістрацыі і атрыманне пашпартоў — ператварыліся ў паласу перашкод. Спачатку пільныя супрацоўнікі РСЦ ніяк не жадалі здымаць яе з рэгістрацыі — пад выглядам таго, што тады ў кватэры застаюцца прапісанымі без дарослых двое непаўнагадовых. Пэўная логіка ў гэтым ёсць, калі палічыць, што людзі жывуць толькі па месцы рэгістрацыі. Але на практыцы гэта далёка не заўсёды так. Па законе дзеці не могуць жыць без дарослых, але на прапіску гэтае правіла не распаўсюджваецца. Што Таццяне пацвердзілі ў РСЦ двух іншых раёнаў Мінска, куды яна дзеля цікаўнасці пазваніла.
З цяжкасцю, але дакументы Таццяна атрымала. І тут жа ад супрацоўнікаў РСЦ даведалася, што іх сям'ю прызналі недабранадзейнай і паставілі ў СНС (сацыяльна-небяспечнае становішча).
Для абвяшчэння сям'і СНС яна павінна адпавядаць наступным крытэрыям: 1) бацькі не задавальняюць асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці.2) бацькамі не забяспечваюць нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з прычыны чаго дзіця  здзяйсняе ўчынкі, якія змяшчаюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння альбо злачынства.3) бацькі вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця, злоўжываюць сваімі правамі і/або жорстка абыходзяцца з ім, у сувязі з чым мае месца небяспека для жыцця і/або здароўя дзіцяці.
Жанчына не разумее, на якой падставе чыноўнікі палічылі яе сям'ю недабранадзейнай. Дзеці дагледжаныя, вучацца, бацькі працуюць і спраўна плоцяць падаткі (раней у Беларусі, цяпер — у Польшчы), не злоўжываюць алкаголем і нават па «народным» арт. 23.34 не прыцягваліся. Таму ўсю гэтую сітуацыю яны лічыць вынікам самаўпраўства і некампетэнтнасці чыноўнікаў.
Таццяна верыць, што іх ад'езд — часовы, і плануе вярнуцца ў Беларусь. А пакуль яны працягваюць сваю справу ў Польшчы: удзельнічаюць у акцыях салідарнасці, падтрымліваюць бежанцаў і студэнтаў, якіх падхапіла праграма Каліноўскага, распавядаюць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.