Рэаніматолаг з Гродна ўладкаваўся ў Польшчы: «Працы шмат і ніякага прэсінгу»

Лекар Валерый Лышчык удзельнічаў у пратэстах у Гродне, выступаў на плошчы, распавядаў пра рэальную сітуацыю з COVID-19. У снежні 2020 года з-за грамадзянскай пазіцыі ён пазбавіўся пасады загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі № 3 Гродзенскай універсітэцкай клінікі. Калі з ім не працягнулі кантракт, ён вырашыў змяніць сваё жыццё. У 46 гадоў Валеры кінуў кар'еру ў Беларусі і паехаў у Польшчу. Зараз гродзенец працуе з каранавіруснымі хворымі ў адной з бальніц горада Шчытна. Чаму наважыўся на пераезд і як ідуць справы з COVID-19 у Польшчы і Беларусі, гарадзенец распавёў карэспандэнту Hrodna.life.

lyshhik_5.jpg

З загадчыка у звычайныя лекары

Валерый Лышчык 12 гадоў прапрацаваў загадчыкам аддзялення ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы. Яго прызначылі на пасаду пры адкрыцці аддзялення. Сваю працу ў Гродне лекар любіў і гатовы вярнуцца, але толькі пры змене рэжыму.

«У пачатку жніўня я выйшаў з прафсаюзаў. Яны свае функцыі не выконваюць і не маюць ніякага дачынення да абароны работнікаў. Не падтрымалі медыкаў, якія выступілі супраць гвалту над мірнымі грамадзянамі».

15 жніўня Валерый выступіў на пратэсным мітынгу, які праходзіў на плошчы Леніна. Там лекар распавёў пра рэальную сітуацыю з COVID-19 у горадзе.

У жніўні гарадзенца абгаварылі ў некалькіх тэлеграм-каналах. Там выклалі яго адрас і кантакты. Валерыю пра публікацыю паведамілі калегі, але ён стараўся не звяртаць на гэта ўвагі.

«Зразумела, што быў створаны левы ўкід, каб мяне як-небудзь закрануць і агаварыць. Гэта такі псіхалагічны ціск на людзей, якія незадаволеныя сітуацыяй у краіне. Я не звяртаў увагі на гэтыя ўкіды і проста працаваў».

Пасля выбараў у бальніцы сталі з'яўляцца чуткі, што Валерыю не працягнуць кантракт з-за грамадзянскай пазіцыі, але ён працягваў працаваць у звычайным рэжыме.

Увосень 2020 года на адной з акцый пратэсту ў Гродне лекара затрымалі. Яго даставілі ў Ленінскі РАУС, але праз дзве гадзіны ў міліцыі даведаліся, што затрымалі спецыяліста, і адпусцілі. У той дзень Валерый прыйшоў у цэнтр горада ўшанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі.

«Дзесьці за месяц да канца 2020 года я даведаўся, што пазбаўляюся пасады загадчыка. Намякнулі, што чалавек, які актыўна выказваецца, не можа быць загадчыкам».

У клініцы кантракт на пасаду загадчыка Валерыю не працягнулі. Яму давялося напісаць заяву аб тым, што ён хоча перайсці ў звычайныя лекары. Калегі, калі даведаліся пра гэта, сабралі больш за 200 подпісаў, каб спецыяліста аднавілі на пасадзе. Гэта не дало выніку.

У Польшчы прапанавалі зарплату ў некалькі разоў вышэй

lyshhik_2.jpg

Каля двух тыдняў Валерый прапрацаваў у клініцы. Потым яму патэлефанаваў сябар і прапанаваў працу ў Польшчы. Калега сказаў, што шукаюць беларускага анестэзіёлага.

«Я хутка дамовіўся пра новую працу. Тым больш, з 1 снежня спрасцілі працаўладкаванне для беларускіх медыкаў у Польшчы».

Валерыю прапанавалі зарплату ў некалькі разоў вышэй, чым у Беларусі. Спецыяліст выехаў з Гродна 19 снежня, за дзень да закрыцця наземных межаў.

«Я сеў у машыну і паехаў. Палякі нават на каранцін мяне не саджалі. Сказалі, для лекараў выключэнне, калі яны едуць працаваць. Прыехаў у горад Шчытна, кіраўніцтва бальніцы мяне добра прыняло: пасялілі у гатэлі, дзе я жыву і сёння».

Пакуль дакументы разглядаюць у Міністэрстве аховы здароўя, Валерыя зладзілі на мінімальны аклад у шпіталь, куды трапляюць хворыя з COVID-19.

«У працы мяне ўсё задавальняе, але хочацца каб Міністэрства хутчэй разгледзела маю справу і выдала дазвол, каб я мог працаваць па спецыяльнасці».

Чым адрозніваецца медыцына ў Беларусі і Польшчы

Валерый распавядае, што ў польскіх бальніцах больш магчымасцей для барацьбы з COVID-19, чым у Беларусі. Там шмат сучаснага абсталявання, лекаў і расходных матэрыялаў, якія ў Беларусі мала даступныя.

«Напрыклад, у маёй клініцы 70 ложкаў і столькі ж апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ). У Гродне толькі ў рэанімацыі ёсць магчымасць мець апараты ШВЛ. Шэсць ложкаў і шэсць апаратаў. Нават сродкі індывідуальнай абароны ў польскіх бальніцах практычна ўсе аднаразовыя. Нічога не выкарыстоўваецца паўторна, акрамя шчыткоў і гумовых ботаў».

Гарадзенец дадае, што ў Польшчы лекар нясе адказнасць за пацыента і таму ёсць доступ да ўсіх лекаў. Ён мае права кансультавацца з кіраўніцтвам і калегамі, але сам прымае рашэнне.

«Так, ёсць стандарты і ўсе з гэтым азнаёмленыя. Але калі лекар вырашыў так лячыць, ён так і будзе дзейнічаць. Узяў з халадзільніка патрэбныя лекі — і ўсё. І не трэба ўзгадняць на ўсіх узроўнях да начальніка аблздрава, як у Беларусі».

Яшчэ адно адрозненне: у польскіх клініках не трэба весці папяровую гісторыю хваробы, усё ў электронным выглядзе. У Гродне ва ўніверсітэцкай клініцы ўсё трэба было дубляваць.

«У клініцы, дзе я працую, добразычлівая атмасфера. Няма напружанай абстаноўкі. Працы шмат і ніякага прэсінгу ад адміністрацыі. Кідаецца ў вочы паважлівае стаўленне адно да аднаго, калегіяльнасць».

Заробкі: колькі можа атрымаць лекар у Польшчы

Валерый заўважыў, што за апошнія паўгода шмат беларускіх медыкаў з'ехалі ў Польшчу. Ён лічыць, калі была б магчымасць адразу пацвярджаць дыплом аб беларускай адукацыі, то з'ехала б у некалькі разоў больш спецыялістаў. У Польшчы маюць патрэбу, у першую чаргу, у педыятарах, анестэзіёлагах і тэрапеўтах.

Заробкі медыкаў у Беларусі і Польшчы істотна адрозніваюцца, кажа Валерый. Калі ў Гродне ён атрымліваў на сваёй пасадзе каля $1000, то ў Польшчы анестэзіёлаг можа атрымліваць значна больш.

Колькі атрымлівае лекар у Польшчы?

lyshhik_4.jpg

У сярэднім лекар-анестэзіёлаг ў Польшчы атрымлівае 100 злотых за гадзіну ($27). Працуючы 160 гадзін у месяц, ён атрымае 16 000 злотых ($4300), а пры больш высокіх стаўках — нават 20 000 злотых ($5400). Такія лічбы дае партал Onet.pl. Праўда, падаходны падатак, які трэба адабраць ад гэтых сум, у Польшчы вышэй —19%, а ў Беларусі — 13%. Таксама трэба адабраць плацяжы на сацыяльнае страхаванне, якія могуць дасягаць у месяц амаль 1500 злотых ($400).

Аднак сярэдні заробак лекара без прывязкі да канкрэтнай спецыяльнасці ў Польшчы значна ніжэйшы і складае 6000 злотых ($1600) без уліку падаткаў. Зарплата вельмі залежыць ад формы працаўладкавання: у штаце са стабільным акладам альбо па кантракце з пагадзіннай аплатай. Таксама заробкі значна адрозніваюцца ў розных спецыяльнасцей. Акрамя таго, у малых гарадах, дзе ёсць недахоп кадраў, заплацяць больш.

«Статыстыкі, колькі беларускіх медыкаў з'ехала за мяжу, я не бачыў у адкрытых крыніцах. Але, паводле размоў з калегамі, гэтая лічба за апошні год павялічылася ў некалькі разоў», — кажа Валерый.

Нягледзячы на тое, што беларускія медыкі едуць працаваць у Польшчу, праблем з персаналам ў бальніцах Беларусі не назіраецца.

«У нас раздзьмутая медыцынская сістэма. У апошнія гады была тэндэнцыя браць шмат маладых лекараў. І яны замянялі тых, хто з'язджаў. Калі ў бальніцы 5-6 чалавек з'ехалі, то ім хутка знойдуць замену. Тым больш, многія спецыялісты з раёнаў хочуць пераязджаць у буйныя гарады».

Статыстыка па COVID-19

lyshhik_3_1.jpg

Валерый кажа, што ў Беларусі сёння няма рэальнай статыстыкі па COVID-19, каб параўноўваць з Польшчай. Паводле яго назіранняў, захворванне ў суседняй краіне менш, паколькі там ўведзеныя спецыяльныя меры — абавязковае нашэнне масак.

«Беларусь пайшла па іншай схеме: чым хутчэй усе перахварэюць, тым будзе лепш. Натуральны адбор ўключыўся, я лічу. У Польшчы, можа, былі б не супраць пайсці такім шляхам, але яны разумеюць, што калі захварэе столькі, колькі ў Беларусі, то медыкі проста не справяцца з патокам пацыентаў».

У беларускую статыстыку па COVID-19 Валерый не верыць, бо сам бачыў, што адбывалася ў бальніцах у Гродне.

«Можа, толькі па колькасці праведзеных тэстаў у нас могуць казаць праўду, а так рэальных лічбаў па хворых і смярцях ніхто не дае. Думаю, колькасць смярцеў можна памнажаць на дзесяць».

Медык прыводзіць у прыклад сітуацыю, калі ў Беларусі афіцыйна было толькі 5-7 памерлых ад COVID-19 на суткі. Паводле яго інфармацыі, толькі ў абласной бальніцы ў Гродне тады ў дзень памірала ад каранавіруса такая ж колькасць людзей.

«У палякаў няма паняцця, што трэба нешта схаваць. Калі пацыент памёр ад COVID-19, так і пішуць. Ім няма чаго хаваць лічбы».

Суд над калегам

Валерый два месяцы жыве ў Польшчы, але ўжо паспеў засумаваць па Беларусі. Кожны дзень ён чытае навіны, перажывае і моліцца.

«Мне шкада Арцёма Сарокіна, гэта таксама анестэзіёлаг, мой калега з Мінска, якога цяпер судзяць з журналісткай. Будзь я на яго месцы і мне прывезлі б збітага чалавека, напэўна, паступіў бы гэтак жа. Я б распавёў людзям праўду».

Гарадзенец мяркуе, што лекара нельга судзіць у такой сітуацыі — ён падзяліўся рэальнай інфармацыяй з грамадскасцю.

«Сёння ў нас у краіне судзілішча. Сарокін сказаў праўду і цяпер за гэта за кратамі. А чалавек, які выступіў па тэлевізары і сказаў, што "Раман Бандарэнка быў п'яны", не нясе ніякай адказнасці. Поўнае вычварэнства судовай сістэмы. Як пісаў Кандрат Крапіва, праўда вочы коле, а ў нас садзяць за праўду».

Валерый верыць, што прыйдзе час і ён вернецца дадому і нават у сваю клініку. Галоўная ўмова вяртання —змена рэжыму.

«Гэтая сістэма не мае будучыні, я ўпэўнены. Усё будзе добра ў Беларусі. Я веруючы чалавек і думаю, што Бог цяпер дае магчымасць нам прайсці праз выпрабаванні. Калі ўсе прапакутуюць і расплюшчаць вочы, тады ўсё зменіцца. Дабро пераможа зло. Па-іншаму і быць не можа».