Амаль палова айцішнікаў, што пакідаюць Беларусь, абіраюць Польшчу
Амаль палова спецыялістаў IT-сферы, якія вырашылі зъехаць з Беларусі, абіраюць Польшчу. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Матэуш Маравецкі.
«Дзякуючы праграме "Poland Business Harbour" беларускія спецыялісты даведаюцца пра тое, што айчынныя праграмісты ўжо ведаюць — Польшча з’яўляецца прывабным месцам для развіцця кар’еры і фірмы. Тое, што практычна кожны другі абірае нашу краіну, сведчыць аб эфектыўнасці нашых праграм, а адначасова — аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі і ўмацаванні польскага лічбавага сектара», — прыводзіць словы кіраўніка ўрада Польшчы naviny.online са спасылкай на «Польскае радыё».
Урадавая праграма «Poland Business Harbour» — гэта комплексны пакет падтрымкі, які палягчае беларускім айцішнікам, стартапам і іншым фірмам перанос дзейнасці на тэрыторыю Польшчы.
Каб атрымаць візу ў праграме «Poland Business Harbour», дастаткова прад’явіць доказ не менш чым гадавога вопыту работы ў галіне IT або прапанову працы ў польскай фірме па гэтай спецыялізацыі. Віза дае магчымасць узяць з сабой бліжэйшых членаў сям’і і вызваляе ўладальнікаў ад абавязку атрымліваць дазвол на працу.