Азербайджан. Выбары дзеля клімату
У мінулы ўік-энд у Азербайджане прайшлі парламенцкія выбары. І нават да іх стандартаў Беларусі, на жаль, яшчэ вельмі далёка.
Вынікі выбараў былі прадказальныя. Ніхто не сумняваўся, што партыя прэзідэнта Аліева «Ені Азербайджан» («Новы Азербайджан») атрымае парламенцкую большасць.
Так і адбылося. Партыя «Новы Азербайджан» атрымала 68 са 125 месцаў у Мілі Меджлісе (аднапалатным парламенце краіны). Іншыя мандаты дастануцца фармальна незалежным кандыдатам, якія на самой справе заўжды падтрымліваюць урад, а таксама невялікім праўрадавым партыям.
Тым не менш, гэтыя выбары ўвойдуць у гісторыю краіны. Пачнём з таго, што гэта першыя парламенцкія выбары ў сусветнай гісторыі, якія храналагічна падкарэктавалі пад патрэбы барацьбы за клімат.
Справа ў тым, што чарговыя выбары ў парламент мусілі адбыцца ў лістападзе 2024 года. Аднак у чэрвені дэпутаты ад кіруючай партыі «Новы Азербайджан» прапанавалі распусціць парламент у сувязі з правядзеннем у лістападзе 2024 года ў Азербайджане 29-й канферэнцыі ААН па змене клімату. Роспуск парламента і датэрміновыя выбары нібыта забяспечаць нармальнае правядзенне як выбараў, так і канферэнцыі па клімаце. У выніку так і зрабілі.
Акрамя таго, упершыню ў гісторыі незалежнага Азербайджана выбары ў парламент таксама прайшлі на тэрыторыі былой Нагорна-Карабахскай рэспублікі, якая перайшла пад кантроль Баку ў 2023 годзе.
І, нарэшце, упершыню на парламенцкія выбары не запрасілі назіральнікаў ад Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.
ПАСЕшнікаў замянілі назіральнікі з Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Як і трэба было чакаць, іх ацэнкі выбарчага працэсу на берагах Каспія былі вельмі кампліментарнымі. Каардынатар групы назіральнікаў ад Міжпарламенцкай асамблеі СНД Андрэй Яцкін паведаміў, што парламенцкія выбары ў Азербайджане «адпавядалі дэмакратычным прынцыпам, выбарчаму заканадаўству і Канстытуцыі краіны».
Трэба сказаць, што ў нечым спадар Яцкін мае рацыю. На фоне тых жа беларускіх рэалій у Азербайджане панавала сапраўдная дэмакратычная вакханалія. Напрыклад, у краіне легальна дзейнічаюць партыі, якія адкрыта пазіцыянуюць сябе як апаненты рэжыму (!). Паспрабуйце ўявіць нешта падобнае ў Сінявокай! Нават за прапанову стварэння такой структуры чалавека чакае выклік у адпаведныя органы.
Больш за тое, найбуйнейшая з азербайджанскіх апазіцыйных партый Народны Фронт абвясціла аб байкоце выбараў з-за непразрыстасці электаральнага працэсу. «Насамрэч у краіне толькі адзін выбаршчык — «абранымі» могуць быць толькі тыя, хто заслужыў прызнанне Ільхама Аліева», заявіў Алі Керымлі — лідар Народнага Фронту. І, што цяжка ўявіць звычайнаму беларусу, пасля такіх публічных заяў палітык застаўся на волі.
Праўда, у выбарах удзельнічала іншая апазіцыйная партыя — «Мусават». «Мусават» упершыню за 15 гадоў прыняла ўдзел у выбарах, але не атрымала ніводнага месца ў новым парламенце. Яе лідар Арыф Гаджылы заявіў, што партыя не верыць у сумленнасць мінулых выбараў, але прыняла ўдзел у іх, каб «актывізаваць палітычную атмасферу ў краіне». Чаму ў кватэру Арыфа пасля не ўварваліся сілавікі, праз прызму актуальнай беларускай сітуацыі таксама цяжка зразумець.
Праўда, на гэтым праявы дэмакратыі ў Азербайджане заканчваюцца. Самі выбары прайшлі ва ўмовах рэкорднай колькасці палітвязняў за ўвесь перыяд праўлення Ільхама Аліева, калі прадстаўнікоў СМІ цэлымі рэдакцыямі адпраўлялі ў турмы.
Больш за тое, праўладны дэпутат Захід Орудж заявіў, што заканадаўства, якое мае ахоўваць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, не працуе, і таму крытыкаў Аліева неабходна «нейтралізоўваць як легітымныя мэты».
Тым не менш, усё роўна мімаволі задаешся пытаннем: калі ж нібыта еўрапейская краіна Беларусь у плане дэмакратычнай вольніцы дагоніць Азербайджан?