Без шаха нікуды

Напярэдадні чэрвеньскіх прэзідэнцкіх выбараў іранская палітычная эміграцыя абрала свайго новага лідара. Ім стаў сын шаха, якога ў 1979 годзе зрынулі з трону. Выбар, на першы погляд, даволі дзіўны.



ali.jpg

Алі Рэза Пехлеві, сын зрынутага шаха

Так ці інакш, Алі Рэза Пехлеві — лідар Нацыянальнага савету (так называецца новы каардынуючы орган іранскай апазіцыі ў замежжы, створаны 29 красавіка ў Парыжы) знахо­дзіцца ў ценю спадчыны свайго бацькі Махамеда Рэза Пехлеві. Відавочна, што ісламская рэвалюцыя 1979-га ўзнікла не на голым месцы. Напрыклад, слова SAVAK (назва шахскай службы бяспекі) у 1970-я гады не патрабавала перакладу, будучы паўсюль у свеце сінонімам вельмі брутальнай спецслужбы. Калі ў 1976 годзе Джымі Картэр узняў праблему пераследу дысідэнтаў у СССР, Масква адразу перавяла стрэлкі на Іран, дзе апазіцыянераў катавалі з дапамогай электрычнага току або нават смажылі.

 

У дадатак у шахскім Іране былі забароненыя ўсе формы легальнай палітычнай апазіцыі. Сам шах нават спрабаваў увесці аднапартыйную сістэму, хаця і беспаспяхова. Нарэшце, правадыр Ірану быў яшчэ тым самадурам. Усе прызнаюць, што адной з прычын рэвалюцыі стала буйное святкаванне 25-га стагоддзя іранскай манархіі на руінах старажытнага Персіпаля.

 

Аднак сёння, здаецца, усе выбрыкі дому Пехлеві разглядаюцца як нешта далёкае, што даўно канула ў гісторыю. Інакш чаму за абранне новага шаха на пасаду лідара апазіцыі галасавалі самыя заўзятыя былыя апаненты манархіі? Гаворка пра дэлегатаў ад іранскіх левых арганізацый. Нямецкая газета Jungle World цытуе аднаго з іх: «Я не манархіст, аднак Алі Рэза сапраўды сімпатычны чалавек». Сімпатычны чалавек Алі Рэза, сапраўды, абсалютна не ганарыцца сваім арыстакратычным паходжаннем. На просьбу аднаго з левых іранцаў называць шаха «спадар Пехлеві», а не «Ваша Вялікасць», Алі Рэза са смехам дазволіў называць яго проста Алі. Працэнт сяброў левых партый сярод дэлегатаў кангрэсу, што высунулі Алі на лідарства, быў настолькі значным, што ў адным СМІ новую генерацыю іранскіх апазіцыянераў назвалі «сацыял-дэмакратычныя манархісты».

 

Таксама ў Нацыянальным савеце прадстаўленыя мулы, якія ў старыя часы таксама былі ў складзе антышахскай апазіцыі. Напрыклад, маладога шаха падтрымлівае вядомы іранскі аятала, які крытыкуе канцэпцыю Хаменэі пра сінтэз дзяржавы і царквы. У кулуарах журналістам казалі, што інтарэс да Нацыянальнага савету мае нават адзін з сябраў афіцыйнага іранскага парламента, таксама прадстаўнік кліру, які, праўда, не хоча пакуль агучваць сваё імя.

 

Тыя, хто адкрыта падтрымлівае манархію, у сваіх прамовах на кангрэсе абавязкова ўзгадвалі пазітыўныя бакі праўлення шаху — рэформы, якія праводзіліся ў рамках Белай рэвалюцыі: бясплатная вышэйшая адукацыя, ліквідацыя латыфундый, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі, права жанчын на галасаванне…

 

Праўда, мікракосмас іранскіх манархістаў не кансалідаваны. Ёсць аматары рэстаўрацыі старых парадкаў. Ёсць (іх большасць) прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі. Сам Алі Рэза таксама бачыць сябе ў будучым фармальным лідарам дзяржавы, якой павінна кіраваць дэмакратычна абраная партыя. Ён гатовы публічна асудзіць усе злачынствы супраць чалавека, якія мелі месца ў часы яго бацькі.

 

Алі Рэза нарадзіўся ў 1960 годзе пры двары і пакінуў радзіму яшчэ да рэвалюцыі ва ўзросце 17 гадоў для заняткаў авіяцыяй у ЗША. У 1980-м, калі пачалася вайна паміж Іранам і Іракам, прасіў аяталу Хамейні адправіць яго на іракскі фронт, аднак згоды з Тэгерана не атрымаў. У тым жа 1980 годзе, пасля смерці бацькі, стаў кіраўніком усяго дому Пехлеві, што не перашкаджае яму мець сваю юрыдычную фірму.

 

Тое, што цэнтр канстытуцыйных манархістаў знаходзіцца ў Вашынгтоне, сімвалічна сведчыць пра яго блізкія кантакты з амерыканскай элітай. Праўда, як піша прэса, іранская апазіцыя ў ЗША больш працуе з рэспубліканцамі, а не дэмакратамі.

 

Апошнім часам інтарэс да іранскай апазіцыі пачаў праяўляць Ізраіль. Іранская апазіцыя асуджае планы Тэгерана знішчыць «гняздо сіянізму». Цікава, што кантакты замежнай іранскай апазіцыі з Ізраілем — адзін са сродкаў для дысідэнтаў прарвацца на ўнутраны іранскі рынак медыяў. Іранскія СМІ ахвотна інфармуюць пра любыя кантакты іранскіх дысідэнтаў з Тэль-Авівам.

 

Які план у Нацыянальнага савету? Адпаведна прынятым дакументам, пасля таго, як рэжым аятолаў будзе зрынуты, Нацыянальны савет абяцае правядзенне свабодных выбараў і шырокіх дэмакратычных рэформаў. Праўда, не ўсё так проста з той праграмай. Падчас яе прыняцця вялікія дэбаты выклікаў пункт пра будучы дзяржаўны лад. Прысутныя асудзілі ідэю федэралізацыі іранскай дзяржавы, хаця чарнавік Хартыі (так называецца праграма Нацыянальнага савету) дапускаў магчымасць прыняцця канстытуцыі федэральнага Ірану.

 

Гэта вельмі важны аспект, паколькі цяпер у суседнім Баку актыўна ўздымаецца пытанне самавызначэння для азербайджанцаў, якія жывуць на тэрыторыі Ірану. У прэсе шмат пішуць пра тое, што азербайджанскае пытанне можа стаць нагодай для пачатку вайсковай інтэрвенцыі Захаду ў Іран.

 

Яшчэ адно са складаных пытанняў, якое было агучана, аднак не знайшло рашэння, — права Ірана на ядзерную зброю. У іранцаў вельмі развітая ідэя разумення Ірану як вялікай дзяржавы з глабальнымі амбіцыямі. Адпаведна, яны лічаць, што Тэгеран у прынцыпе мае права на ядзерную зброю.

 

У гэтым плане цікава агучанае на Кангрэсе пытанне: што павінна рабіць апазіцыя ў выпадку канфлікту Ірану з замежным праціўнікам? Некаторыя апазіцыянеры лічаць, што ў выпадку вайны іранская апазіцыя павінна выступіць супраць любой агрэсіі да Ірану. Іншыя заклікалі ўвогуле не абмяркоўваць гэта складанае для патрыётаў пытанне. Калі меркаваць па дэбатах, усе маюць надзею, што да вайны справа не дойдзе.

 

Заходнія санкцыі (апазіцыя, дарэчы, іх падтрымлівае) выклікаюць у аятолаў патрэбу сесці за стол перамоваў і лібералізаваць сістэму. Таксама вялікая надзея надаецца іранскаму войску, дзе, па словах апазіцыянераў, захаваліся традыцыі шахскіх часоў. Апазіцыя лічыць, што ў выпадку адкрытага грамадзянскага супрацьстаяння армія стане на бок народу.

 

Яшчэ адна фокус-група працы палітэмігрантаў — чыноўнікі. Варта адзначыць, што ініцыятарам аб’яднання іранскай дыяспары была група дыпламатаў, якія здрадзілі Тэгерану ў 2009 годзе, падчас так званых зялёных грамадзянскіх пратэстаў. Гэтыя дыпламаты адмовіліся вяртацца дахаты і засталіся ў эміграцыі. Яны лічаць, што большасць бюракратаў у Іране таксама гатовая пайсці іх шляхам. Таму асобны пункт Хартыі прысвечаны чыноўнікам. Іх заклікаюць да сабатажу і ўстанаўлення кантактаў з апазіцыйнымі цэнтрамі ў замежжы.

 

Наглядальнікі канстатуюць, што іранская апазіцыя за мяжой сапраўды прадэманстравала намер да адзінства. Пра гэта сведчыць, між іншым, тое, што ў рамках падрыхтоўкі мерапрыемства прынцыпы стварэння Нацыянальнага савету і яго кампетэнцыю падтрымалі каля 20 тысяч іранскіх палітэмігрантаў па ўсім свеце. Іншае пытанне, наколькі Нацыянальны савет атрымае легітымнасць унутры Ірану. Тут шмат будзе залежыць ад прэзідэнцкіх выбараў.