Барыкады на Грушэўскага — носік кіпячага чайніка

Водгукі Еўрамайдану было чуваць нават у трамваі, якім я ехаў на чыгуначны вакзал у Мінску. Дзве маладыя жанчыны, з выгляду — офісныя работніцы, паміж размовамі пра дзяцей і працу абмеркавалі ўкраінскія падзеі. «Ну як ён мог такое дапусціць?!» — казалі яны пра Віктара Януковіча.



nakypilo.jpg

Аднак зусім не ў тым сэнсе, што прэзідэнт Украіны рабіў адзін хібны крок за іншым, робячы гвалтоўную рэвалюцыю непазбежнай. Яны мелі на ўвазе, што ён «дазваляе» масавыя беспарадкі, а гэта не па-прэзідэнцку.  

У цягніку на Кіеў таксама размаўлялі пра Еўрамайдан. На ўкраінскай мяжы пасажыраў правяраў цэлы ўзвод, ажно з двума сабакамі, пільна даглядалі ўсе рэчы, глядзелі пад матрацамі, абмацвалі падушкі. Адзін з мытнікаў адвёў у бок журналіста Вадзіма Заміроўскага, у якога з сабой былі каска і бронекамізэлька, і па-змоўніцку спытаўся: «А зброі няма?» Вадзім пажартаваў: «Нібы прапанаваць хацеў. За нядорага».

Жанчына сярэдніх гадоў голасна абурылася нязвыклым «шмонам»: «Прычым тут мы? Няхай бандэраўшчыну сваю абшукваюць, адтуль уся зараза прэ». І патлумачыла сваю палітычную пазіцыю: «Калі б Лукашэнка не разагнаў усіх гэтых шушкевічаў дваццаць гадоў таму, у нас тое ж самае было б цяпер. Добра зрабіў».

Самае цікавае — тую жанчыну ніяк нельга назваць прыхільніцай палітыкі Лукашэнкі. Бо на ўсе закіды ў бок украінскай улады, якая «плюе на людзей», «не дае жыць», «рабуе краіну, набіваючы ўласныя кішэні», «збівае мірных пратэстоўцаў», яна адказвала аднолькава: «Хіба беларуская ўлада не плюе? Дае жыць? Не рабуе? Не збівае?»

Як можна было зразумець з яе словаў, злачыннай яна лічыць любую ўладу. Па вызначэнні. Але, нягледзячы на сваю злачынную прыроду, менавіта ўлада, згодна з яе поглядамі, з’яўляецца адзінай крыніцай «парадку», здольнай арганізаваць і ўпарадкаваць хаос.

Чаму не баяцца хаосу ўкраінцы, расхістваючы ўладу? Ад удзельнікаў пратэсту тут часта можна пачуць досыць «прыземленае» тлумачэнне. Яны гавораць, што ў Расіі ў абмен на грамадскія свабоды народ атрымаў высокія заробкі, у Беларусі — добрыя дарогі, а што атрымалі ўкраінцы ад Януковіча? Суцэльныя руіны і карупцыю ў афрыканскіх маштабах.

«Калі б у нас узровень законнасці і сацыяльных гарантыяў быў такі самы, як у Еўропе, дык мы б і Януковіча таго трывалі», — кажа мне малады адукаваны кіеўлянін. І адразу ж пярэчыць сам сабе: «Не, бадай, усё роўна не трывалі б».

Ён захапляецца прыкладам маленькай Ісландыі, дзе народ сам напісаў новую Канстытуцыю праз інтэрнэт, якая пачынаецца словамі: «Мы, людзі Ісландыі, жадаем стварыць справядлівае грамадства, дзе кожны з нас будзе мець роўнае месца за агульным сталом». Увогуле, галоўнае, што змянілася на Еўрамайдане — гэта не камяні і кактэйлі Молатава, якія ляцяць у міліцыю на вуліцы Грушэўскага, а тое, што пратэстоўцы пачалі абмяркоўваць, якой яны хочуць бачыць сваю будучую краіну. І ў гэтых размовах вельмі рэдка гучыць імя новага прэзідэнта. Цяпер перамены менш за ўсё звязваюцца з «лідарамі».  

Клічко, Цягнібока і Яцанюка ўсё яшчэ прадстаўляюць са сцэны Майдану у якасці «лідараў», складаецца ўражанне, што яны амаль ні на што не ўплываюць. Наадварот, ім самім даводзіцца ісці ў фарватэры грамадскага пратэсту.

Хаця яны нібыта адрэзалі сабе дарогу назад, абвясціўшы барыкадаў на вуліцы Грушэўскага «тэрыторыяй Майдану», гэта выглядала хутчэй як імпульсіўная спроба ўскочыць у апошні вагон цягніка, які адыходзіць, а не валявое палітычнае рашэнне.

Праз «лідэрадэфіцыт» украінскі пратэст у значнай ступені стаў некантраляванай стыхіяй. Яна можа быць страшнай. Але калі пасярод дыму, бою барабанаў, выбухаў і стрэлаў на вуліцы Грушэўскага раптам чуеш: «Каму гарачыя дранікі? Курыны супчык! Смачныя бутэрброды!», чамусьці ўзнікае ўражанне, што ўсё будзе добра.

«З добрым абозам і войска будзе пераможным», — кажуць жанчыны тым, хто здзіўляецца, да чаго тут супчык і бутэрброды. Яны не спадзяюцца на тое, што ім нехта створыць парадак і гармонію, а самі іх ствараюць.  

І ўсё-ткі будучыня Украіны пакуль вісіць на валаску. Пратэстоўцы з вуліцы Грушэўскага ўпэўнены, што яны і ёсць гэтым валаском.

Дзіўнаваты, на першы погляд, бой у месцы, якое не мае ніякага стратэгічнага значэння, стаў каталізатарам захопаў абласных адміністрацый у шэрагу ўкраінскіх гарадоў, прычым у большасці выпадкаў — захопаў бяскроўных. Паўстанцы на Грушэўскага прыцягнулі на сябе ўсю ўвагу, большасць сілавікоў і самы моцы ўдар. Лакалізаваўшы гвалт, каб ён не распаўзаўся па краіне.

Тыя з іх, чыя грамадзянская пазіцыі не зводзіцца да лозунгу «усе мянты — казлы», вераць у гэта. Што яны — носік кіпячага чайніка, які абараняе ад таго, каб не сарвала крышку.  

Хай бы яны мелі рацыю.

Р.S. Як стала вядома пасля размяшчэння артыкулу, тройка лідараў апазіцыі ўсё ж такі пайшла на перамовы з Януковічам, нягледзячы на тое, што Майдан прагаласаваў за іх спыненне.