Беларусы ў Вільні паставілі крыж на сімвалічнай магіле Францішка Аляхновіча

Сёння на могілках Росы ў Вільні адбылася талака, паведамляе Свабода. Пастаўлены ў 1989 годзе помнік пісьменніку Францішку Аляхновічу на яго сімвалічнай магіле пахіліўся і разбурыўся. Помнік знялі, вывезлі, паставілі часовы крыж.

photo_2021_03_20_22_04_34.jpg

У 1989 годзе драматурга Францішка Аляхновіча сімвалічна перапахавалі ў Вільні з былых Кальвінісцкіх могілак на могілкі Росы. На кенатафе — сімвалічнай магіле — была пастаўлена часовая, зробленая з пластыку мадэль помніка аўтарства скульптара Эдуарда Падбярэскага.
Францішак Аляхновіч — адзін з пачынальнікаў беларускага прафэсійнага тэатру, вязень ГУЛАГу, жахі якога першы ў гісторыі апісаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «У капцюрах ГПУ».
У часе нямецкай акупацыі быў рэдактарам газэты «Biełaruski hołas» (Вільня), забіты ў 1944 годзе, паводле розных версій, савецкімі партызанамі, байцамі польскай Арміі Краёвай або немцамі. Быў пахаваны на Кальвінісцкіх могілках у Вільні, якія за савецкім часам былі зліквідаваныя.
У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр супольна з Радыё Свабода заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.