З вышэйшай адукацыяй і без яе: хто зарабляе ў Германіі больш?
Хто атрымлівае больш у Германіі: тыя, у каго ёсць вышэйшая адукацыя, або тыя, у каго яе няма? Адказ не такі адназначны, як магло б здацца.
Апублікаваныя толькі што ў Германіі вынікі даследавання, якое правёў Інстытут прыкладных эканамічных даследаванняў у Цюбінгене (IAW), аказаліся калі не сенсацыйнымі, то, па меншай меры, дзіўнымі. Супрацоўнікі інстытута прааналізавалі інфармацыю аб кар’ерным росце і зарплаце 12 тысяч чалавек з розным характарам і ўзроўнем адукацыі. Выкарыстаныя імі дадзеныя ахопліваюць перыяд у амаль чатыры дзясяткі гадоў.
Высветлілася, што немцы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, у сярэднім зарабляюць за сваё працоўнае жыццё (дакладней кажучы, да 64 гадоў, бо многія выходзяць на пенсію раней вызначанага законам узросту) 1,4 млн еўра.
Тыя рабочыя і служачыя ў Германіі, якія, акрамя школы, наогул нідзе больш не вучыліся, зарабляюць за сваё працоўнае жыццё нашмат менш — 800 тысяч еўра.
Нечаканым стала тое, што тых, хто не вучыўся ў ВНУ, але атрымаў пасля школы прафесію ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе, нямецкім бакалаўрам і магістрам удаецца дагнаць па зарплаце толькі да 35 гадам
Да гэтага ўзросту кваліфікаваныя рабочыя, тэхнікі і г.д. атрымліваюць больш. А па агульнай суме заробленага абедзве катэгорыі «ўраўноўваюцца» толькі ў 60-гадовым узросце!
Зразумела, гэта сярэдняя лічба, нагадваюць эксперты. І, акрамя таго, тут трэба ўлічваць тое, што ў час вучобы ў ВНУ, якая доўжыцца істотна даўжэй, чым прафесійнае навучанне, студэнты наогул нічога не зарабляюць.
Да выхаду на пенсію выпускнікі ВНУ ўсё ж абганяюць «канкурэнтаў» без вышэйшай адукацыі: тыя ў выніку зарабляюць за сваё працоўнае жыццё «ўсяго» 1 мільён еўра.
У любым выпадку вынікі даследавання, як лічаць у Гандлёва-прамысловай палаце федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг (па яе замове было праведзена гэта даследаванне), прымушаюць унесці пэўныя карэктывы ў сферу адукацыі. Бо, як падкрэслівае прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты Вольфганг Грэнке (Wolfgang Grenke), «грошы патрэбныя чалавеку, у першую чаргу, не ў канцы працоўнага жыцця, а раней, калі ён, скажам, заводзіць сям’ю або жадае набыць нерухомасць». Або проста добра пажыць, дадамо мы ад сябе.
Паводле Deutsche Welle