Ці патрэбна нам сінафобія?
Беларуская палітычная дыскусія блізкая да таго, каб стаўленне да кітайцаў стала часткай грамадскіх настрояў. Як сведчыць вопыт іншых краін, лепш па магчымасці гэтага
пазбегнуць.
Сінафобія — так на мове палітолагаў і гісторыкаў называюцца ксенафобскія забабоны супраць кітайцаў — у Беларусі стала праяўляцца як рэакцыя на супярэчлівы праект кітайскага
індустрыяльнага парку ў Смалявічах і ідэю будаўніцтва гатэлю “Пекін у сталічным парку імя 40-годдзя Кастрычніка.
Беларуская палітычная дыскусія блізкая да таго, каб стаўленне да кітайцаў стала часткай грамадскіх настрояў. Як сведчыць вопыт іншых краін, лепш па магчымасці гэтага
пазбегнуць.
Сінафобія — так на мове палітолагаў і гісторыкаў называюцца ксенафобскія забабоны супраць кітайцаў — у Беларусі стала праяўляцца як рэакцыя на супярэчлівы праект кітайскага
індустрыяльнага парку ў Смалявічах і ідэю будаўніцтва гатэлю “Пекін у сталічным парку імя 40-годдзя Кастрычніка.
Нават павярхоўнага маніторынгу байнэту дастаткова, каб зразумець, што інвестары і ўлады не знайшлі агульнай мовы з тубыльцамі. Больш таго, эмоцыя апошніх часам выходзяць за мяжу прынятай у
цывілізаваных краінах палітычнай этыкі.
Улады супрацьстаўляюць гэтай тэндэнцыі ў грамадскай думкі дастаткова прымітыўныя і фармальныя меры кшталту заспакойлівых заяў чыноўнікаў. Тым часам Беларусь можа трапіць у шэраг краін, дзе сінафобія
прысутнічае ў паўсядзённай палітычнай паветцы дня.
Да катэгорыі падобных краін перш за ўсё належаць тыя, што гістарычна ўваходзілі ў зону ўплыву Паднябеснай і дзе, адпаведна, сфармаваліся сталыя негатыўныя адносіны да метраполіі. Гэта —
В’етнам, Манголія, Карэя, Інданезія ды іншыя.
Напрыклад, В’етнам быў калоніяй Пекіну амаль тысячу гадоў. Адсюль крыніцы той самай сінафобіі. Адзіным промнем у царстве цемры стаў час канфлікту В’етанму і ЗША, калі Кітай
падтрымліваў рэжым Хо Шы Міна. Аднак хутка ўсё стала на свае месцы. Прычына таму — памежная кітайска-в’етнамская вайна 1978–1979 гадоў. Яе непасрэдным следствам стала
дэпартацыя з В’етнаму прыкладна 450 тысяч этнічных кітайцаў. Адсутнасць у краіне буйной кітайскай дыяспары не паўплывала на адносіны да паўночнага суседа. Апошні раз антыкітайскія пратэсты
выбухнулі ў В’етнаме ў мінулым годзе, калі марскі патруль КНР выпадкова сутыкнуўся з караблём з в’етнамскімі акіянографамі.
З той жа оперы сітуацыя ў Карэі. Прычым нягледзячы на тое, што большасць кітайскіх каланістаў выкінулі адсюль японцы пасля акупацыі паўвостраву яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Аднак фобія на адрас
кітайцаў захавалася з-за таго, што ў мінулым Карэя шмат разоў была ахвярай кітайскіх вайсковых экспедыцый. Пра ўзровень напружанасці сведчыць, здавалася, вельмі смешная прычына апошняй канфрантацыі
ўлетку. Карэйцы выйшлі на вуліцы Сеула, пратэстуючы супраць тэзісаў некаторых кітайскіх гісторыкаў. Гісторыкі мелі намер давесці, што адно з сярэднявечных княстваў на мяжы Маньчжурыі і Карэі было не
карэйскім, а кітайскім.
У шэрагу краін сінафобія звязаная з дамінаваннем эмігрантаў з Кітаю ў некаторых сферах эканомікі. Так, у Інданезіі ўсяго тром працэнтам этнічных кітайцаў, калі верыць рэсурсу Вікіпедыя, належыць 70
працэнтаў сегменту дробнага бізнэсу, што час ад часу выклікае незадавальненне тубыльцаў. Самы буйны кітайскі пагром меў месца ў 1965–1966 гадах. У выніку з двух бакоў было забіта паўмільёна
чалавек (!). У тэксце канстытуцыі Інданезіі да 1998 года прысутнічаў параграф аб абмежаванні правоў выхадцаў з Кітаю.
Былі абмежаваныя правы кітайскіх эмігрантаў у англасаксонскіх краінах. Аднак прычына тут была іншая. Кітайскія “кулі пагаджаліся на якую заўгодна працу, дэмпінгуючы на працоўным
рынку. Гэта выклікала бунт сярод іншых эмігрантаў, перш за ўсё сярод італьянскіх і ірландскіх. Патрабаванне абмежаваць грамадзянскія правы прыезджых з Азіі патрабавалі таксама прафсаюзы.
Спрыяла распаўсюду сінафобіі і нацыянальна-вызвольнае паўстанне ў Кітаі, вядомае як паўстанне баксёраў. Яго пралогам стала разня хрысціянскіх місіянераў, што выклікала шок і гнеў у асяроддзі
еўрапейскіх абывацеляў. Менавіта тады з’явіўся тэрмін “жоўтая пагроза. Наступную антыкітайскую істэрыю выклікала таямнічае забойства ў Нью-Ёрку 19-гадовай дзяўчыны Ельзы
Сігель у 1909 годзе. Дасюль не вядома, хто яе забіў, аднак па справе праходзілі пару кітайцаў, якія быццам былі яе каханкамі, што спрыяла росту ў ЗША насцярожанасці на адрас любога, хто прыехаў з
Азіі.
Яшчэ ў 1855 годзе антыкітайскае заканадаўства было прынята ў адной з калоній Аўстраліі. У 1920-я гады Кангрэс ЗША ўхваліў Акт аб зоне аселасці, які акрэсліваў зону, дзе маглі сяліцца выхадцы з Кітаю.
У 1923 годзе быў прыняты спецыяльны закон пра квоты для кітайскіх эмігрантаў. Канадскія кітайцы, каб удзельнічаць у выбарах, доўгі час мусілі плаціць спецыяльны падатак. Толькі ў 1947 годзе яны
атрымалі права галасаваць без грошай. Права абірацца ім надалі толькі ў 1967-м. Нарэшце, у 2006 годзе прэм’ер Канады папрасіў прабачэнне ў канадцаў кітайскага паходжання і нават дабіўся, каб
усім выплацілі па 20 тысяч долараў у якасці кампенсацыі за былы прававы здзек.
У 1950–1970-я гады кітайцаў разглядалі як шпіёнаў Мао, а зараз, у часы глабалізацыі, — як пагрозу мясцовай індустрыі. Так, рэспубліканцы ў ЗША выступаюць супраць агульнай зоны
вольнага гандлю ЗША і КНР.
Аднак для беларусаў, відавочна, больш зразумелая расійская палеміка наконт кітайскай экспансіі.
У апошняе дзесяцігоддзе жыхары Сібіры і Далёкага Усходу сутыкнуліся з новай для сябе праблемай. У выніку бурнага рынкавага развіцця пачалося масавае пранікненне кітайскіх мігрантаў у РФ, іх актыўная
эканамічная дзейнасць, паступовае фармаванне сталых кітайскіх абшчын у памежных расійскіх рэгіёнах.
Па розных крыніцах, колькасць кітайцаў у Расіі ацэньваецца ад некалькіх соцень тысяч да двух мільёнаў чалавек. Гэта само па сабе выклікала шок у грамадстве. “Перад намі, — як піша
адзін з сайтаў, — велізарны дэмаграфічны перакос, калі над некалькімі мільёнамі расіянаў на Далёкім Усходзе “навісаюць сотні мільёнаў жыхароў прымежных кітайскіх
правінцый. Гэтая праблема ўсё часцей выкарыстоўваецца ў барацьбе за ўладу як на федэральным, так і рэгіянальным узроўнях.
Яшчэ ў 1995 годзе атаманская рада Саюзу казакоў азіяцкай часткі Расіі заявіла “пра неабходнасць рашуча спыніць засяленне Сібіры і Далёкага Усходу кітайцамі і карэйцамі. Той жа
Уладзімір Жырыноўскі працягнуў тэму. Ён неаднаразова казаў, што кітайцы ў Расіі маюць толькі адно права — “працаваць па шаснаццаць гадзін у суткі, без выходных, без шпацыраў па
горадзе. І жыць у казармах.
Каб не паўтарыць у Беларусі такога кшталту палітычнае цемрашальства, па сутнасці трэба толькі адно — мясцовыя грамады павінны быць самі зацікаўленыя ў інвестыцыях і праектах з Кітаю. Для
гэтага, у сваю чаргу, патрэбна адмова ад дыктату цэнтральнага ўраду і рэальнае мясцовае самакіраванне. Думаецца, ніхто з адказных мясцовых дэпутатаў не будзе адмаўляць значэння культурных і
эканамічных кантактаў з Кітаем.