Ці можа дыктатар быць нацыянальным героем?

У Інданезіі хочуць абяліць былога дыктатара Мухамеда Сухарта, на сумленні якога амаль мільён загубленых жыццяў.

Мухамед Сухарта, Фота commons.wikimedia.org

Мухамед Сухарта, Фота commons.wikimedia.org

У гісторыі Інданезіі, найбуйнейшай па тэрыторыі і насельніцтву дзяржавы Паўднёва-Усходняй Азіі, ёсць свае чорныя старонкі. Размова пра масавыя забойствы ў 1965–1966 гадах. Яны атрымалі назву «антыкамуністычная чыстка», паколькі рэпрэсіям падвяргаліся ў асноўным члены Камуністычнай партыі Інданезіі. Чыстку ажыццяўлялі інданезійскія вайскоўцы, камандаваў якімі Сухарта. У ходзе кампаніі па выяўленні камуністаў, якую падтрымлівала Цэнтральнае разведвальнае агенцтва ЗША, было забіта каля 1 млн чалавек.

На камуністах справа не скончылася. Рэпрэсіі не спыніліся аж да канца 90-х. Дысідэнты і палітычныя актывісты знікалі бясследна.

Зрэшты, расправы ў выніку не выратавалі дыктатуру. Сухарта давялося сысці ў адстаўку ў 1998 годзе ў сувязі з наступствамі фінансавага крызісу. Праз крызіс масавыя беспарадкі ахапілі шматлікія рэгіёны. Не будучы ў стане падавіць пратэсны рух, Сухарта склаў паўнамоцтвы. 

Аднак за кратамі ён так і не аказаўся. Усе распачатыя супраць яго крымінальныя справы не былі даведзены да канца. Афіцыйная прычына — у сувязі са станам здароўя былога дыктатара. У 2008 годзе Сухарта памёр. А справы, фігурантам якіх ён з’яўляўся, фармальна не былі закрытыя.

А вось цяпер выявілася, што ніякія пасмяротныя расследаванні ў дачыненні да Сухарта ўвогуле праводзіцца і не будуць. Народны кансультатыўны кангрэс (агульная палата для чальцоў Парламента і Сената Інданэзіі) вырашыў зняць з яго ўсе абвінавачванні. Прапанова выдаліць імя Сухарта са спісу падазраваных паступіла ад Golkar — палітычнай партыі, якая ў часы дыктатуры выконвала функцыі аналага нашай «Белай Русі».

Такім чынам, экс-дыктатар юрыдычна прызнаны невінаватым. Больш за тое, усё ў тым жа Нацыянальным кансультатыўным кангрэсе агучана ідэя прысвоіць яму званне нацыянальнага героя.

Дзеянні інданезійскіх заканадаўцаў па выдаленні імя нябожчыка былога прэзідэнта Сухарта з указа аб карупцыі і прапанова прысвоіць яму званне нацыянальнага героя выклікалі асуджэнне з боку актывістаў і сем'яў ахвяр, якія загінулі або зніклі без вестак падчас праўлення дыктатара.

У шоку ад апошніх навін праваабаронцы. Арганізацыя Amnesty Indonesia назвала рашэнне Кангрэса «дрэнным прэцэдэнтам». У 2004 годзе Transparency International падлічыла, што Сухарта і яго сям'я прысвоілі больш за 35 мільярдаў долараў ЗША за час свайго кіравання, і назвала яго «найвялікшым клептакратам у свеце».

«Краіна не завяршыла расследаванне ўсіх выпадкаў карупцыі, разбурэння навакольнага асяроддзя і парушэнняў правоў чалавека, якія мелі месца падчас рэжыму Сухарта. Гэта (рэабілітацыя дыктатара) адкрывае шлях да абялення грахоў былых тыранаў», — заявіў Усман Хамід, выканаўчы дырэктар Amnesty International Indonesia, у сваёй заяве ад 26 верасня.

Нарэшце, не задаволеныя ветэраны дэмакратычнага руху. Па іх меркаванні, учынкі Кангрэса «здрадзілі» Reformasi. Так называўся  рух, які вымусіў Сухарта сысці ў адстаўку і прынес дэмакратыю ў Інданезію. Без Reformasi наўрад ці ў краіне існавалі парламенцкія інстытуты, у тым ліку Кангрэс, які зараз рэабілітуе дыктатара.

На думку экспертаў, заклікаюць забыць пра злачынствы Сухарта людзі, што былі датычныя да гэтых грахоў. Дарэчы, сярод іх і цяперашні прэзідэнт Прабава Субіянта (Prabowo Subianto ). Прабава быў звольнены з інданезійскай арміі ў 1998 годзе пасля таго, як унутранае расследаванне ўстанавіла яго адказнасць за выкраданне па меншай меры 23 дэмакратычных актывістаў у апошнія гады кіравання Сухарта. 

На гэтым фоне заслугоўвае ўвагі і павагі ўчынак дзвюх дачок Сухарта. Рэагуючы на пастанову Кангрэса, яны публічна папрасілі прабачэння перад ахвярамі дыктатуры за дзеянні свайго нябожчыка бацькі. Як іранізуе прэса, нават для дачок дыктатара ён не з’яўляецца нацыянальным героем.