Чараўніцтва не пройдзе?

Азербайджанская ўлада рыхтуе драконаўскі закон супраць тых, хто займаецца вядзьмарствам і магіяй. Палітолагі ў сваю чаргу спрачаюцца — дзе шукаць вытокі новай інквізіцыі?

954024_fantasy_art_fantasy_girl_witch_magic_dark_hair.jpg


Па сутнасці, гэтая гісторыя пачалася яшчэ пяць гадоў таму, калі супрацоўнікі азербайджанскага дзяржкамітэту па працы з рэлігійнымі арганізацыямі нечакана заявіліся на месца працы або прапіскі шматлікіх мясцовых варажбітак. На шчасце для супрацоўнікаў акультнага цэха ўсё скончылася лекцыямі пра неабходнасць плаціць падаткі. Аднак цяпер зразумела, што той хапун не быў фармальным мерапрыемствам.

Днямі прэсе стала вядома, што ў нетрах парламенту Азербайджана амаль дапрацаваны закон, які фактычна накладае табу на акультныя практыкі. Аж да таго, што мясцовым медыя нават будзе забаронена пісаць пра рознага кшталту экстрасэнсаў, медыумаў, варажбітак, і іншых мясцовых «кашпіроўскіх».

Паколькі Азербайджан адносіцца да катэгорыі аўтакратычных дзяржаў, відавочна, што такі заканадаўчы акт санкцыянаваў асабіста прэзідэнт Ільхам Аліеў. Адсюль пытанне: што за муха ўкусіла гаранта абвясціць крыжовы паход супраць містыцызму?

Найбольш простая і прымітыўная версія — рэлігійная. Маўляў, Аліеў вырашыў замацаваць свой імідж паслядоўнага мусульманіна ў вачах тутэйшых кансерватараў. Сапраўды, у Каране ёсць пункт, які асуджае варажбу. Не дзіўна, што ў шэрагу ісламскіх краінаў за гэты занятак можна нават трапіць у турму. Сярод гэтых краін, дарэчы, і Іран, дзе, як і ў Азербайджане, у асноўным жывуць шыіты.

Але паверыць у такую версію не дазваляе відавочная прыхільнасць Баку свецкім прынцыпам дзяржавы. Увогуле, нават у Турцыі, якая задае тон ў цюркскім свеце, ніхто не забараняе гадаць на картах або лячыць хваробы старажытнымі рэцэптамі.

Таму некаторыя выданні прапануюць шукаць падставы рэпрэсій у прыродзе азербайджанскай аўтакратыі. Як і любая іншая дзяржава такога тыпу, аліеўская аўтакратыя намагаецца ўзяць пад кантроль максімальна больш сфераў грамадскага жыцця. Палітычную апазіцыю ў краіне зачысцілі вельмі даўно. Пасля мы былі сведкамі арыштаў прадстаўнікоў моладзевых субкультур. Цяпер, магчыма, чарга дайшла і да вядзьмарак і экстрасэнсаў.

Нездарма ў Туркменістане, які раней за ўсіх скаціўся да дыктатуры, таксама на нейкім этапе крыміналізавалі мясцовых магаў. Яшчэ ў часы Туркменбашы пад забарону трапіла рэклама паслуг гіпнатызёраў, знахароў, экстрасэнсаў, астролагаў, вядзьмарак, а таксама «іншых асоб, якія аб'яўляюць сябе здольнымі прадказваць падзеі і ўздзейнічаць на людзей шляхам выкарыстання звышнатуральных здольнасцяў або сіл».

Зрэшты, яшчэ больш суровы закон наконт варажбы дзейнічае ў Таджыкістане, які таксама цяжка назваць дэмакратыяй. Тут у 2015-м былі прыняты папраўкі ў Крымінальны кодэкс, паводле якіх уводзілася жорсткае пакаранне за занятак вядзьмарствам і магіяй. Цяпер таджыкскія варажбіткі або народныя лекары могуць сесці ў турму аж на тэрмін да 7 гадоў. Зрэшты, тыя, хто наведваў Таджыкістан, пішуць, што той закон практычна не працуе. Прычына простая: паходы да тых жа хірамантаў — гэта спроба зняць псіхалагічны стрэс. Дзеля гэтага людзі гатовыя плаціць грошы і, адпаведна, парушаць законы.

1890b8e2f7776065382f14e6f80dcfe4.jpg


Вяртаючыся да асноўнай тэмы — пошуку прычын рэпрэсій супраць магаў на берагах Каспія, — можна натыкнуцца на адну фантастычную тэорыю. Калі ёй верыць, крыніца кампаніі супраць чараўнікоў — нейкі асабісты бзік Ільхама Аліева. Магчыма, у яго біяграфіі быў нейкі непрыемны эпізод, у якім браў удзел прадказальнік або астролаг. Не выключана, што ён прадказаў Аліеву нейкі непрыемны сцэнар на будучыню. За кошт новага закону кіраўнік дзяржавы, маўляў, хоча адпомсціць за тую гісторыю.

Цікава, што азербайджанская ініцыятыва можа стаць уверцюрай для падобных законаў у іншых постсавецкіх краінах. Прынамсі, шматлікія праўладныя каментатары ў Расіі віталі «паляванне на вядзьмарак» у Азербайджане. На іх думку, «татальнае растабуяванне ўсялякай эзатэрыкі і вывядзенне яе з маргінэсу, дзе ёй самае месца, у ранг дапушчальнай карціны свету, літаральна руйнуе масавую свядомасць, руйнуе рацыянальнае мысленне, уключае ў людзях архаічнае магічнае мысленне».

Робяць крайнімі магаў і эзатэрыкаў нават за некаторыя цяперашнія негатыўныя сацыяльныя з’явы. «Зараз мы дзівімся — адкуль у нашым асвечаным грамадстве дрымучыя антыпрышчэпнікі? А вось адтуль. Пачынаючы з Кашпіроўскага і Чумака, потым Малахава, “Бітваў экстрасэнсаў” і сённяшніх серыялаў пра празорцаў», — піша адзін з ненавіснікаў магіі. Будзе дарэчным узгадаць, што тры гады таму, паводле статыстыкі, у Расіі налічвалася каля 800 тысяч (!) варажбітак, астролагаў, чараўнікоў, ведзьмакоў і іншых «ашуканцаў».

Аднак самую вясёлую выснову робіць калумніст расійскага выдання «Взгляд». На яго думку, аліеўская зачыстка ад магаў можа выклікаць той жа эфект, як і насаджэнне матэрыялізму ў савецкія часы. Вынік кампаніі быў непрадказальны: у часы Перабудовы назіралася незвычайная з’ява, калі тыя, хто займаўся рознага кшталту эзатэрыкай, нечакана сталі выглядаць апазіцыянерамі і, адпаведна, кумірамі грамадства. Сапраўды, той жа Кашпіроўскі або Чумак мелі каласальны аўтарытэт на мяжы 1990-х і 2000-х. На думку аўтара калонкі, нельга выключаць, што ў выпадку палітычнай адлігі ў Азербайджане апазіцыю ўзначаліць некі астролаг або знахар.