Чарговы армянскі Майдан?
Яшчэ не забылася армянская рэвалюцыя 2019-га, што прывяла да ўлады ліберала Ніколу Пашыняна, як краіна зноў ахоплена вулічнымі пратэстамі. Пры чым на гэты раз людзі патрабуюць адстаўкі Ніколы. Пра прыроду выступаў і хто стаіць за імі «Новаму Часу» распавёў армянскі палітык Арменак Даўлацян.
— Пачынаючы з канца красавіка штодня з Арменіі прыходзяць навіны пра акцыі за адстаўку ўраду Ніколы Пашыняна. Чаму людзі выходзяць на вуліцу?
— Асноўнай падставай для незадавальнення стала рэпліка Пашыняна з прамовы 26 красавіка. Падчас спічу палітык не выключыў мірнага пагаднення з Баку, паводле якога Арменія пагадзіцца дыпламатычна прызнаць цяперашні статус-кво на карабахскім фронце. Акрамя таго, прэм’ер дапусціў «зніжэння планкі па статусу Нагорнага Карабаха».
Парламенцкая апазіцыя адразу абвінаваціла прэм’ера ва ўступках у нагорна-карабахскім пытанні. Калі верыць яе спікерам, Арменія сутыкнулася нават з небяспекай страты дзяржаўнасці. Хутка апазіцыйныя дэпутаты перанеслі барацьбу з уладамі з будынку парламента на вуліцы Ерэвана пад лозунгам «Арменія без Ніколы». Гэта стала пралогам для пратэснай кампаніі, якая па сутнасці працягваецца дасюль.
— Хто кіруе пратэстамі і ці з’яўляюцца яны сур’ёзным выклікам для пануючага рэжыму?
— Выводзіць людзей на вуліцы намагаюцца партыі з парламенцкай апазіцыі. Адна з фракцый блізкая да двух былых прэзідэнтаў — Сержа Саргсяна і Роберта Качарана. Другой кіруе мясцовы алігарх. Нягледзячы на вялікую псіхалагічную траўму ад фіяска ў вайне 2020-га і кепскі эканамічныя стан, маштабнай падтрымкі арганізатары акцый не маюць. Колькасць мітынгуючых, многіх з якіх часам прывозяць за грошы з правінцыі, не перавышае прыкладна дзесяць тысяч чалавек. Таму маніфестанты намагаюцца мітынгаваць у кропках, дзе лёгка стварыць ілюзію масавасці. Папулярна таксама блакіроўка мастоў, якая выклікае транспартны калапс ва ўсёй сталіцы. Гэта стварае ў недасведчанага ў палітыцы чалавека думку пра тое, што ўвесь горад бунтуе.
— Чаму большасць армян ставіцца да пратэстаў з большага абыякава?
— Па сутнасці, паўтараецца расклад, які назіраўся на датэрміновых парламенцкіх выбарах 2021-га. На той час шмат хто таксама расчараваўся ў Пашыняне, аднак у выніку усё ж галасаваў за спіс кандыдатаў яго партыі. Прычына была ў тым, што вонкава альтэрнатывай Пашыняну было вяртанне да ўлады старых карумпаваных партый і палітыкаў, якія сябе даўно дыскрэдытавалі ў вачах людзей. І як бачым па сціплых маштабах цяперашніх акцый, гэтыя палітычныя мужы дасюль не рэабілітаваліся.
— Калі пратэсты кволыя і не маюць пазітыўнай дынамікі, на што спадзяюцца іх арганізатары?
— Тое, што адпаведныя палітычныя цэнтры ўпарта працягваюць інвеставаць у дэстабілізацыю, дазваляе падазраваць пра нейкі план Б. Гутарка пра адкрыты сілавы канфлікт з уладай. Праблем з амуніцыяй не будзе, паколькі падчас апошняй карабахскай вайны з фронту ў тыл трапіла вялізарная колькасць зброі. Таксама нельга выключаць нешта накшталт вайсковага путча. Справа ў тым, што частка армянскіх сілавікоў гэта людзі якія прыйшлі на свае пасады ў старыя часы і адпаведна абавязаныя сваім статусам людзям Саргсяна або Качарана. Сярод часткі жаўнераў хапае тых, хто лічыць асабіста Пашыняна адказным за правал апошняй вайсковай кампаніі.
— Некаторыя лідары цяперашняй антыўрадавай апазіцыі, асабліва Качаран, у свой час былі вернымі саюзнікамі Масквы. Ці можна дапусціць, што цяперашнія пратэсты ў чымсьці таксама камбінацыя Пуціна?
— Цяжка казаць, паколькі Пашынян апошнім часам намагаўся не правакаваць ВВП. Прыход да ўлады ў Арменіі партыі рэваншу за прайграную ў Карабахе вайну, на першы погляд, не лепшы сцэнар для Масквы. Пакуль не вырашана пытанне Украіны яна наўрад зацікаўленая ў эскалацыі на Каўказе, які лічыць зонай сваіх стратэгічных інтарэсаў.
З іншага боку відавочна, што цяперашняя сітуацыя ў рэгіёне можа змяніцца не на карысць Масквы. Прэса піша пра тое, што Баку вядзе перамовы з ЕС пра пастаўкі нафты на Захад. Ёсць чуткі наконт таго, што Пашынян можа пачаць больш шчыльна працаваць з Вашынгтонам, запусціўшы пераарыентацыю на Захад. Магчыма, каб не дапусціць такіх непрыемных сцэнароў у Маскве вырашылі перастрахавацца і паставіць у Арменіі каля ўлады сваіх людзей. Аднак гэта толькі версія. Сапраўдную мэту пратэстаў і іх куратараў мы будзем ведаць, калі акцыі перайдуць у адкрытае супрацьстаянне. Ці пачнецца гэта фаза, стане зразумела вельмі хутка