Чэрап гіганцкага мядзведзя з паданняў
У ходзе раскопак на паўночным узбярэжжы Аляскі быў знойдзены незвычайна буйны чэрап белага мядзведзя, які, магчыма, звязаны з паданнем аб адмысловым відзе белых мядзведзяў, вядомага сярод эскімосаў-інуітаў.
Апублікаванае ў 2015 годзе даследаванне ролі белых мядзведзяў у жыцці інуітаў утрымлівае згадкі мясцовых аб незвычайна буйным белым мядзведзі з падоўжаным у параўнанні з іншымі мядзведзямі целам, які ніколі не трапляўся навукоўцам. Інуіты кажуць, што сустракаецца ён вельмі рэдка, у жыцці паляўнічы можа ўбачыць яго толькі аднойчы або пару разоў. Даўжынёй ён можа быць 11-13 футаў (3,35-3,96 метра), тады як даўжыня цела звычайнага белага мядзведзя не перавышае двух з паловай метраў.
Па прапорцыях цела ён нагадвае мясцовым жыхара гарнастая, таму ў групе дыялектаў інувіалуктун яго называюць «мядзведзь-гарнастай»: tiriarnaq на дыялекце сіглітун, tigiaqpak на дыялекце кангір’юарміут. Назва ўтворана ад слова tiġiaq «гарнастай». Па-англійску інуіты клічуць іх weasel bears.
Як тлумачыць жыхар паселішча Паулатк, гэтыя мядзведзі, павярнуўшы галаву, не могуць хутка разгарнуць усё цела, тады як звычайныя белыя мядзведзі (stocky bears) больш спрытна паварочваюцца на месцы. Гэтая асаблівасць збліжае гіганцкіх мядзведзяў з гарнастаем, якім пры развароце таксама патрабуецца дадатковая прастора для манеўру з-за падоўжанага цела.
Апісанні «мядзведзя-гарнастая» трошкі адрозніваюцца. Адныя кажуць, што ён тоўсты, іншыя не пацвярджаюць гэтага, лічачы яго худым, але буйным. Некаторыя паляўнічыя лічаць, што ўсе «мядзведзі-гарнастаі» самцы. Але ва ўсіх апісаннях прысутнічаюць вялікая, падоўжаная, вузкая галава і доўгая шыя.
Успаміны пра сустрэчы з «мядзведзямі-гарнастаямі» адносяцца, як правіла, да канца 1970-х — пачатку 1980 гадоў. Іх маглі бачыць каля вострава Банкс і ў заліве Амундсена, у адміністрацыйным раёне Інувік Паўночна-Заходніх тэрыторый Канады.
Месца, дзе, па словах інуітаў, сустракаўся «мядзведзь-гарнастай»
Знаходка, якая ўпершыню прымусіла паставіцца да гэтых расказаў не як да фальклорных паданняў, была зробленая нядаўна на ўзбярэжжы Чукоцкага мора ля Аляскінскага гарадка Бароў (Уткіаквік, Utqiaġvik) — амаль у самым паўночным пункце ЗША. Месца ў трынаццаці мілях на паўднёвы-захад ад Уткіаквіка вядома як стаянка Уалакпа (Walakpa). Яшчэ ў 1968-1969 гадах экспедыцыя Дэніса Стэнфарда са Смітсаніўскага інстытута раскапала там прадметы, якія адносяцца да старажытнай культуры біркнірк (600-1300 гады).
У апошнія гады з-за распачатага адтайвання вечнай мерзлаты грунт на арктычным узбярэжжы схільны да разбурэнняў пад уздзеяннем мора. У канцы лета 2013 частка бераг у гэтым раёне паваліўся, падмыты штормам, і агаліў рэшткі старажытнай драўлянай пабудовы. Цалкам вывучыць яе археолагі не змаглі з-за неспрыяльных умоў надвор'я і недахопу фінансавання.
У 2014 годзе адбылося чарговае разбурэнне грунта, і мясцовы жыхар знайшоў там чэрап белага мядзведзя. Археолаг Ганна Джэнсэн (Anne Jensen) здолела знайсці сродкі на правядзенне паўнавартасных раскопак у гэтым месцы на працягу трох месяцаў лета 2016 года. Хоць часткі драўлянай пабудовы да гэтага часу зніклі, археолагі выявілі шэраг артэфактаў, а таксама чатыры муміфікаваныя целы цюленяў, якія захаваліся дзякуючы вечнай мерзлаце.
Зона раскопак Уалакпа ў 2016 годзе
Што ж тычыцца чэрапа, то ён прыкметна буйней чэрапаў сваіх сучасных субрацічаў, і па шэрагу прыкмет адрозніваецца ад іх. Ён вузкі, з выцягнутай патыліцай і шэрагам асаблівасцяў костак носа. Радыёвуглероднае датаванне паказала, што мядзведзь жыў між 670 і 800 гадамі. Гэта самы старажытны поўны чэрап белага мядзведзя, знойдзены на Алясцы, таму даследнікі далі яму мянушку Стары (The Old One).
Знойдзены чэрап (злева) і чэрапы іншых белых мядзведзяў
Ганна Джэнсэн плануе выкарыстаць генетычнае даследаванне, каб выявіць, наколькі далёка гэты чэрапа адлягае ад іншых белых мядзведзяў. Пакуль жа навукоўцы мяркуюць, што ён можа быць прадстаўніком асобнага падвіда або біягеаграфічной расы. Незразумела і тое, наколькі былі распаўсюджаныя падобныя буйныя мядзведзі, і як доўга яны існавалі. Характэрна, што прапорцыі чэрапа адпавядаюць апісанням «мядзведзя-гарнастая», запісаным у інуітаў Канады, але трэба памятаць, што знойдзены чэрап аддзелены ад апісаных сустрэч з гіганцкім мядзведзем больш чым тысячай гадоў.
Палеантолагам на дадзены момант вядомы гіганцкі падвід белага мядзведзя (Ursus maritimus tyrannus), але жыў ён у познім плейстацэне, гэта значыць каля 70 тысяч гадоў таму. І не ў амерыканскай Арктыцы, а на тэрыторыі цяперашняй Англіі. Апісаны ён быў ў 1964 годзе ўсяго па адной локцевай костцы, знойдзенай у пяшчаных адкладах Тэмзы каля лонданскага маста К’ю. Костка мела 48,5 сантыметраў у даўжыню, што дазволіла фінскаму палеанталагу Б'ёрну Куртэну (Björn Kurtén) вылічыць, што памер цела самога мядзведзя мог дасягаць чатырохметровай даўжыні і вышыні ў карку 1,7 метра. Гэта значыць ён значна пераўзыходзіў сучасных белых і бурых мядзведзяў.
Параўнанне локцевай косткі гіганцкага белага мядзведзя (A) з сучасным белым мядзведзем (B) і бурым мядзведзем (C) з працы Kurtén, 1964. The evolution of the Polar Bear, Ursus maritimus Phipps
Навукоўцы мяркуюць, што гіганцкі белы мядзведзь, як і сучасны белы мядзведзь, развіўся ад адной з папуляцый бурага мядзведзя, аддзеленай ад суродзічаў надыходам ледніка. Яго арэал захопліваў, мабыць, не толькі сучасную Англію, але і больш паўднёвыя раёны Заходняй Еўропы. Гэты падвід перайшоў на харчаванне выключна мясам жывёл, палюючы на буйных траваедных, якіх у плейстацэне было досыць шмат. Вялікая колькасць тлушчу дазволіла яму лягчэй пераносіць нізкія тэмпературы. Некаторыя даследнікі мяркуюць, што ён быў падвідам ня белага, а бурага мядзведзя.
Паводле Science Pro