Падлодка канфедэратаў і талісман лейтэнанта Дыксана

Каманда па гісторыі і спадчыне Ваенна-марскога флоту ЗША (U.S. Navy Naval History and Heritage Command) апублікавала падрабязную справаздачу, якая апісвае працы па ўздыме са дна і рэстаўрацыі падводнай лодкі «Ханлі», якая была пабудавана канфэдэратамі падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША.

Падводная лодка «Ханлі». Конрад Чапман, 1864

Падводная лодка «Ханлі». Конрад Чапман, 1864

Лодку стварылі трое вынаходнікаў: Хорас Лоўсан Ханлі, Джэймс МакКлінтак і Бакстэр Ўотсан.

Падводная лодка «Ханлі» ўяўляла сабой фактычна металічную трубу даўжынёй 12 метраў і дыяметрам 1,1 метра. У рух яе прыводзілі сем чалавек, якія сядзелі сагнуўшыся ў корпусе лодкі і круцілі рукамі каленчаты вал. Яшчэ адзін член экіпажа кіраваў лодкай, імкнучыся падвесці да борта варожага карабля умацаваны на яе носе шост з парахавой мінай. У лодкі меліся дзве баластныя цыстэрны, яны запаўняліся вадой, якую перад усплываннем трэба было адпампаваць ручнымі помпамі. Пры выпрабаваннях лодка двойчы танула, пры гэтым людзі, што знаходзіліся ў ёй, гінулі. Падчас другой аварыі загінуў і галоўны канструктар лодкі Хорас Ханлі. Тым не менш, выпрабаванні былі палічаныя паспяховымі і лодка адправілася ў сваё першае баявое плаванне.

17 лютага 1864 года лодка «Ханлі» стала першай падводнай лодкай, якая здолела ўтапіць карабель праціўніка. У гавані Чарльстана ёю быў узарваны шлюп паўночнікаў «Хаўсатонік». Але і сама лодка з гэтага плавання не вярнулася. Толькі ў 1995 годзе «Ханлі» была выяўленая на дне, непадалёк ад месца выбуху. Высветлілася, што шост, на якім была замацаваная міна, апынуўся занадта кароткім, і выбух, які загубіў «Хаўсатонік», нанёс сур'ёзныя пашкоджанні і самой лодцы. Усплыць яна ўжо не змагла. 8 жніўня 2000 года падводная лодка «Ханлі» была паднятая на паверхню.

Апублікаваная справаздача змяшчае аповед аб праектах падводных судоў сярэдзіны XIX стагоддзя, гісторыю стварэння лодкі «Ханлі», яе гібелі і выяўлення, падрабязныя артыкулы археолагаў, антраполагаў, рэстаўратараў, якія працавалі з лодкай у 2000-я гады. У даследаваннях прынялі ўдзел спецыялісты з групы падводнай археалогіі Ваенна-гістарычнага цэнтра, Інстытута археалогіі і антрапалогіі Паўночнай Караліны, Службы нацыянальных паркаў ЗША і іншых арганізацый.

Гісторыкам было вядома толькі імя камандзіра лодкі — лейтэнанта Джорджа Дыксана. Група даследнікаў пад кіраўніцтвам спецыяліста па фізічнай антрапалогіі са Смітсанаўскага інстытута Дугласа Оўслі (Douglas Owsley) змагла ідэнтыфікаваць асобы ўсіх чальцоў экіпажа. Прааналізаваўшы ізатопны склад костак загінулых маракоў, удалося высветліць, што чацвёра з іх карміліся ў асноўным кукурузай, а аснову рацыёну чацвярых іншых складалі пшаніца і жыта. Таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што палова чальцоў экіпажа былі амерыканцамі, а палова — еўрапейцамі. Нарэшце, шляхам генетычнага аналізу і даследаванняў у архівах эпохі Грамадзянскай вайны атрымалася ўсталяваць імёны ўсіх маракоў. Спецыялісты па асабовай рэканструкцыі зрабілі іх скульптурныя партрэты.

17 красавіка 2004 года экіпаж падлодкі быў пахаваны на могілках «Магнолія» у Чарльстане, там жа, дзе ўжо больш за стагоддзе спачывае Хорас Ханлі. Пахаванне прайшло згодна з поўным рытуалам ганаровых пахаванняў арміі Канфедэрацыі. Паколькі капітан лодкі Джордж Дыксан быў масонам, цяперашнія чальцы яго ложы здзейснілі пры яго пахаванні адпаведныя масонскія рытуалы.

З Джорджам Дыксанам звязаная цікавая знаходка, якую зрабіла кіраўнік археалагічнай групы Марыя Якабсэн (Maria Jacobsen). Яна выявіла дэфармаваную залатую манету 1860 года наміналам у 20 даляраў з выгравіраваным надпісам «Шайло 6 красавіка 1862, ахоўнік майго жыцця Дж [ордж] Э [размус] Д [ыксан]» (Shiloh April 6, 1862 My life Preserver G. E. D.).

manetka.jpg

Як апынулася, лейтэнант Джордж Дыксан ўдзельнічаў у бітве пры Шайло і атрымаў раненне ў верхнюю частку сцягна. Пры гэтым куля трапіла ў манету, што ляжала ў кішэні і яна прыняла на сябе большую частку ўдару, што дазволіла пазбегнуць ампутацыі нагі, а магчыма і выратавала яму і жыццё. Магчыма Дыксан стаў насіць гэтую манету ў якасці талісмана. Сляды ранення нагі на рэштках Дыксана былі пацверджаны судовым медыкам. І на костцы, і на манеце былі знойдзеныя сляды свінцу. Гісторыю пра выратаванае залатой манетай жыццё пацвярджае ліст аднапалчаніна Дыксана, які паведамляе сваёй жонцы, што Дыксан «паранены ў сцягно, куля патрапіла ў залатую манету, адхілілася уверх і выйшла з яго боку; верагодна, ён выздаравее, калі пра яго будуць добра клапаціцца».

У сям'і Дыксана захавалася рамантычная легенда, што залатую манету падарыла лейтэнанту на шчасце яго нявеста Квін Бэнэт, калі ён выпраўляўся на вайну. Праўда, пасля таго, як антраполаг Дыяна Фрэнс (Diane France) выканала рэканструкцыю асобы Дыксана па чэрапе, аказалася, што чалавек на старой фатаграфіі сямейства Бэнэт, якога ўсе лічылі Дыксанам зусім да яго не падобны.

Паводле Pro Science