
Роберт Мардзіні папярэдзіў, што Чырвоны Крыж мала чым зможа дапамагчы ў выпадку буйной аварыі на атамнай станцыі, піша ВВС.
«У выпадку ўцечкі радыяцыі будзе цяжка, калі не немагчыма, аказаць гуманітарную дапамогу... таму баявыя дзеянні павінны спыніцца», — заявіў Роберт Мардзіні на прэс-канферэнцыі ў чацвер падчас свайго візіту ва Украіну.
«Сцэнар можа быць маштабным інцыдэнтам, і ... мала што можна будзе зрабіць, каб змякчыць жудасныя наступствы гэтага», — сказаў ён, калі яго спыталі аб планаванні дзеянняў у надзвычайных сітуацыях на выпадак аварыі на найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі.
Нагадаем, сёння, 1 верасня, на Запарожскай АЭС з-за абстрэлаў з боку Расіі быў спынены 5-ы рэактар — адзін з двух дзеючых рэактараў. Яшчэ адзін рэактар працягвае забяспечваць электраэнергіяй уласныя патрэбы АЭС.
Учора, 31 жніўня, місія МАГАТЭ ў складзе 14 чалавек выправілася з Кіева ў Энергадар, каб ацаніць сітуацыю на атамнай станцыі. Трапіць на АЭС яны збіраліся 31 жніўня, але пакуль да станцыі місія так і не дабралася — сёння стала вядома, што абстрэльваецца загадзя ўзгоднены маршрут руху місіі МАГАТЭ з Запарожжа на ЗАЭС.
Цяпер група экспертаў МАГАТЭ стаіць каля ўкраінскага кантрольна-прапускнога пункта ў 20 кіламетрах ад лініі фронту і чакае магчымасці рухацца далей