Дэмакраты заклікалі Трампа дамагчыся экстрадыцыі ў ЗША 13 расіян
Лідары дэмакратаў у Сенаце і Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША звярнуліся да прэзідэнта Дональда Трампа з заклікам задзейнічаць "усе даступныя рэсурсы", каб дамагчыся экстрадыцыі 13 расіян, абвінавачаных ва ўмяшанні ў кампанію па выбарах прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе.
"Прыняць неабходныя меры для таго, каб гэтыя расійскія грамадзяне паўсталі перад судом у ЗША вельмі важна, каб утрымаць Расію ад замахаў на нашу дэмакратыю ў будучыні", — гаворыцца ў лісце лідараў дэмакратаў у Сенаце і Палаце прадстаўнікоў Чака Шумера і Нэнсі Пелозі, накіраванага 12 сакавіка ў Белы дом.
На думку дэмакратаў, экстрадыцыя абвінавачаных расіян у ЗША "будзе сігналам для тых, хто мае намер умяшацца ў амерыканскія выбары" і прадэманструе, што падобныя дзеянні "не застануцца без наступстваў".
У лісце выкладаюцца некалькі крокаў, якія могуць распачаць органы юстыцыі і Дзярждэпартамэнт, каб дамагчыся экстрадыцыі абвінавачаных расіян. У прыватнасці, маецца магчымасць накіраваць запыт у Інтэрпол, а таксама выкарыстоўваць існуючыя дыпламатычныя каналы, уключаючы зварот наўпрост да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Апавяшчэнне Інтэрпола "можа сур'ёзна абмежаваць магчымасці асобы, якая хаваецца ад правасуддзя, жыць і падарожнічаць за мяжой", кажуць дэмакраты.
Акрамя таго, аўтары ліста выказваюць трывогу ў дачыненні да прамежкавых выбараў у ЗША, якія пройдуць у лістападзе 2018 года і папярэджваюць, што ўмяшанне Расіі працягваецца і павінна прымацца ўсур'ёз. "Дзіўна і незразумела, чаму ваша адміністрацыя робіць так мала для таго, каб супрацьстаяць кампаніі Пуціна, якая падрывае нашу вялікую дэмакратыю", — адзначаюць яны. Чака Шумера і Нэнсі Пелозі падтрымалі вядучыя дэмакраты ў камітэтах па юстыцыі абедзвюх палат Дайэнн Файнстейн і Джерралд Нэдлер.
У сярэдзіне лютага органы юстыцыі ЗША прад'явілі 13 расіянам афіцыйныя абвінавачванні ва ўмяшанні ў кампанію па выбарах прэзідэнта ЗША на падставе расследавання спецпракурора па Расіі Роберта Мюлера. У ліку абвінавачаных — бізнесмэн Яўген Прыгожын, якога лічаць чалавекам, блізкім да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
У спіс абвінавачаных таксама патрапілі Міхаіл Быстроў, Міхаіл Бурчык, вядомы як Міхаіл Абрамаў, Аляксандра Крылова, Ганна Багачова, Сяргей Полазаў, Марыя Боўда (Марыя Бяляева), Роберт Боўда, Вадзім Падкапаеў, Глеб Васільчанка, Ірына Каверзіна, Уладзімір Вянкоў і Джэйхун Асланаў.
Акрамя таго, у абвінавачванні названыя тры юрыдычныя асобы: Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў, якое часцей называюць "фабрыкай троляў", "Канкорд менеджмент і кансалтынг" Яўгена Прыгожына, а таксама звязаная з ім "Канкорд кейтэрынг".
Паводле dw.com