Доктар Камароўскі: «Каб людзі, якія стаяць у ваенкамат, пачалі крычаць «мы за мір», спатрэбіцца пару месяцаў»

Вядомы ўкраінскі лекар, які мае вялікую папулярнасць і сярод расіян, і сярод беларусаў, распавёў пра асаблівасці прапаганды і пра тое, як лёгка «перазамбіруюцца» людзі, да гэтай прапаганды схільныя.

ihwmpg9cuthzaur5gkd1l9hscnuakfsd_1.jpg


— Мы недаацанілі зашуганасць расійскага грамадства. Там усіх, хто трапятаўся, ужо даўно вылічылі і зачысцілі. Апарат рэпрэсій настолькі магутны, што расійскія палонныя сваіх баяцца больш, чым украінцаў, да якіх трапілі ў палон, — адзначыў доктар Яўген Камароўскі ў інтэрв'ю журналісту Уладзіміру Золкіну. — Таму там у грамадстве назіралася зацішша.

Але пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі да мяне пайшлі тысячы лістоў у дзень. Такое ўражанне, што яны раптам сталі відушчыя. Таму што гэта зайшло на тэрыторыю іх асабістай канапы. І адседзецца на гэтай канапе ўжо не атрымліваецца.

Пачынаючы з 21 верасня, велізарная колькасць расіян сапраўды страшна абурылася і азлобілася, але галоўнае ў тым, што яны выступаюць не супраць вайны, яны выступаюць супраць мабілізацыі.

Гэта значыць, калі б іх не чапалі, то — ваюйце далей. І гэта канчатковы прысуд грамадзянскай супольнасці.

Камароўскі лічыць, што ў дадзенай сітуацыі ў расійскіх мужчын лепшае выйсце — хавацца ці бегчы з краіны.

— 21 верасня — гэта сур'ёзная размежавальная лінія. Да гэтага любы чалавек, які зайшоў на тэрыторыю Украіны, акрамя самых першых, усведамляў, куды ён ішоў. Ён ішоў па сваёй волі на вайну, ніхто яго актыўна не зацягваў. Ён ведаў, што ідзе забіваць людзей за грошы. Гэта быў канкрэтны бандыт.

Пачынаючы з 21 верасня ў нас ужо могуць з'яўляцца людзі, якія нікога забіваць не хацелі, якіх узялі за шкірку і прывялі сюды. Таму людзі павінны рабіць усё, каб сюды не патрапіць. Тут у іх шанец памерці або страціць рукі, ногі, вочы, нешта яшчэ вельмі высокі. Таму — хавацца!

Цяпер ідзе проста вал падобных лістоў, у якіх мужчыны пішуць: «Я пайду ў турму, але ваяваць супраць Украіны не пайду». Адзін дапоўніў: «У мяне такое ўражанне, што прыстойнага чалавека ў Расіі хутка можна будзе сустрэць толькі ў турме».

Таму мне здаецца, што такі ўзровень істэрыі, мабілізацыі не можа працягвацца доўга, — мяркуе Камароўскі.


Ацэньваючы тое, што адбываецца ў Расіі, ён робіць яшчэ шэраг цікавых высноў:

— Бунт знізу зусім нерэальны. Велізарная колькасць сілавікоў, Расгвардыя, АМАП і гэтак далей, якія вельмі заўзята выконваюць свае функцыі, цяпер будуць выконваць іх яшчэ больш заўзята. Таму што любое папушчальніцтва прывядзе да таго, што іх саміх адправяць на фронт, таму ім цяпер трэба рыкаць, кідацца і заганяць усіх.

Але, гледзячы на падзеі апошніх дзён і на тое, як яны пакорліва, як бараны, выстройваюцца ў чаргу да ваенкаматаў і махаюць хустачкамі, праводзяць на вайну, я нават у нейкай ступені супакоіўся. Гэтак глыбока замбіраванае грамадства, якое да такой ступені гатова ісці за правадыром, вельмі лёгка перазамбіруецца. Гэта я як доктар кажу.

Для таго, каб усе тыя людзі, якія цяпер стаяць у чарзе да ваенкаматаў, пачалі крычаць «Мы за мір» і «За незалежную Украіну», спатрэбіцца ўсяго пару месяцаў. Гэта грамадства з такога мяккага пластыліну, з якім можна рабіць усё што заўгодна. І, на жаль, гэтым карыстаюцца людзі, якія атрымалі ўладу ў гэтай краіне.

Тыя, хто са мной размаўляюць, выдатна разумеюць, што ніякага нацызму ва Украіне няма. У той пошце, якую я атрымліваю, 95% ужо ўсе кропкі над «і» для сябе расставілі. Больш за тое, ёсць людзі, якія пасля 24 лютага спрабавалі агітаваць усіх вакол сябе, тлумачачы, што адбываецца насамрэч.

Пасля таго, як на іх сталі крычаць «Ты не патрыёт», яны вымушаны былі замаўчаць. І вось цяпер, з 21 верасня, раптам усе вакол іх ачунялі, маўляў, як так, навошта нашы хлопчыкі пойдуць туды? Ім адказваюць іх жа словамі: «Дык там жа нацызм». І цяпер яны рэагуюць прыкладна так: «Які нацызм? Няма там ніякага нацызму!»

Гэта значыць, пакуль не трэба было туды ісці, мы згодныя і з біялабараторыямі, і з нацызмам, і з амерыканцамі, і з тым, што ўкраінцы самі сябе бамбяць, і гэтак далей. Але як толькі трэба асабіста пайсці ваяваць, размовы сталі іншымі: украінцы абсалютна нармальныя, ніякага нацызму няма, гэта наогул іх асабістая справа. Усё бачаць імгненна, — падкрэсліў доктар.