Дызель-папулізм супраць ЕС
Французскія палітолагі б’юць у званы. Мясцовы рух праціўнікаў росту коштаў на паліва можа стаць агульнаеўрапейскім і справакаваць новую хвалю папулізму.
Назіраючы за тым, якімі тэмпамі шырацца пратэсты праціўнікаў новых коштаў на паліва ў Францыі (рух таксама называюць «жоўтыя камізэлькі»), усё часцей згадваюць анекдот часоў Французскай рэвалюцыі. Неяк кароль даведаўся пра пачатак народных выступаў і спытаў у дарадцы: «Гэта бунт?» «На жаль, сір, гэта не бунт. Гэта рэвалюцыя», — адказаў яму суразмоўца.
Тыя словы цалкам пасуюць цяперашняй сітуацыі. Паводле статыстыкі, больш за 1,2 мільёна французаў ужо бралі ўдзел у пікетах і блакадах. Колькасць сімпатызантаў «жоўтых камізэлек» перакрочыла 10 мільёнаў. Пры гэтым улада не мае ніякіх рэцэптаў. У тым ліку таму, што ў руху, які будуецца праз сеціва, не існуе фармальнага лідара. Не маючы магчымасці весці перамовы і неяк стабілізаваць сітуацыю, улада паказвае сябе як варожая народу. Гэта яшчэ больш легітымізуе і стымулюе пратэст.
Аднак ёсць і іншы бок. Літаральна па слядах апошніх пратэстаў у Парыжы ў СМІ выбухнуў скандал. У камеры журналістаў трапіў адзін з пратэстоўцаў, які ў цэнтры сталіцы «кідаў зігу», то бок дэманстраваў нацысцкае вітанне. Праўладная прэса адразу стала казаць пра тое, што «жоўтыя камізэлькі» — гэта крыптанацысты. Апазіцыянеры, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што рух намагаюцца дыскрэдытаваць. На думку прыхільнікаў пратэстоўцаў, гэта ўсё медыяманіпуляцыя. Той актывіст, маўляў, жартаваў з прэзідэнта, дасылаючы яму салют «ave Macron».
Версію пра маніпуляцыю сапраўды можна дапусціць. Аднак няма дыму без полымя. Нават прыхільнікі руху не адмаўляюць факт, што сярод праціўнікаў новых коштаў шмат людзей, мякка кажучы, не прагрэсіўных поглядаў. На апошняй маніфестацыі ў Парыжы можна было пачуць таксама антысеміцкія лозунгі. Некаторыя маніфестанты заклікалі да вендэты супраць сексуальных меншасцяў. Усё гэта гучала ў комплексе з абсалютна прымітыўнымі патрабаваннямі спажывецкага характару. Напрыклад, ад улады патрабавалі цалкам скасаваць экалагічныя тарыфы або ліквідаваць падатак на імпартныя тавары.
Нездарма гісторыкі і старажылы кажуць: тое, што сёння адбываецца ў краіне, чымсьці нагадвае пачатак 1950-х гадоў. Тады на палітычную арэну нечакана прарваўся рух П’ера Пужада. Яго падмуркам стала ідэя абароны гандляроў і рамеснікаў, чый бізнес апынуўся пад пагрозай з-за бурлівага развіцця супермаркетаў. Аднак паступова пад агонь крытыкі прыхільнікаў Пужада трапіла парламенцкая мадэль, якая падавалася неэфектыўнай і мудрагелістай для простых французаў.
Адной з візітовак руху таксама быў гвалт супраць палітычных апанентаў і паліцыі. Менавіта з секцыі, што адказвала за ахову мерапрыемстваў прыхільнікаў Пужада, прыйшоў у палітыку будучы лідар французскіх правых радыкалаў Жан-Мары Ле Пэн. Яго абралі ў парламент у 1956 годзе. На тыя выбары прыйшлася кульмінацыя руху Пужада, які падтрымалі 12 працэнтаў выбаршчыкаў. Аднак хуткі крызіс Чацвёртай рэспублікі і стварэнне прэзідэнцкай рэспублікі цалкам маргіналізавалі праект.
На думку некаторых экспертаў, сёння мы сталі сведкамі нараджэння чагосьці падобнага на рух П’ера Пужада, толькі з невялікай папраўкай. Імпульсам для пратэсту стаў не бум супермаркетаў, а новыя кошты на дызель. Калі «жоўтыя камізэлькі» сапраўды пойдуць на стварэнне сваёй партыі, то, магчыма, у Францыі хутка паўстане аналаг італьянскага «Руху пяці зорак», які, дарэчы, сёння ўваходзіць у склад ураду.
Ёсць і другі прагноз: адміністрацыі Макрона нейкім чынам атрымаецца спыніць дынаміку пратэстаў і паступова нармалізаваць сітуацыю. Аднак без наступстваў гэта ўсё роўна не застанецца. Наўрад ці Макрону свеціць другі прэзідэнцкі тэрмін — і гэта яшчэ самая малая праблема. Сацыёлагі кажуць, што цяперашні бунт яшчэ больш павялічыў недавер народу да інстытутаў рэспублікі, у тым ліку да партый і выбары. У падобным трэндзе ніводны з наступных прэзідэнтаў краіны не будзе карыстацца рэсурсам даверу грамадзян, які дазволіць нешта ўсур’ёз рэфармаваць. «Французская хвароба працягнецца», — сумуе адзін з палітолагаў.
Між тым, геаграфія прыхільнікаў французскіх аўтааматараў выйшла за межы Францыі. Першыя секцыі «жоўтых камізэлек» днямі з’явіліся ў суседняй Бельгіі і далёкай ад Францыі Балгарыі. Прычым бельгійцы пайшлі далей за французаў — яны не толькі блакуюць аўтабаны, аднак спрабуюць стварыць палітычную партыю «жоўтых камізэлек» для ўдзелу ў выбарах у наступным годзе.
Балгары пакуль партый не ствараюць, аднак гучна заявілі пра сябе, заблакаваўшы магістраль у накірунку Грэцыі, якая мае стратэгічны статус не толькі для Балгарыі, але і для ўсяго Еўрасаюза. Адначасова яны пратэставалі ў цэнтры балгарскай сталіцы. Пры гэтым пратэстоўцы пашырылі спектр патрабаванняў: выступалі не толькі за тое, каб замарозіць кошты на запраўках, аднак і патрабавалі адправіць існуючы кабінет міністраў у адстаўку.
Эксперты не выключаюць, што гэта — толькі першыя крокі пан-эпідэміі моды на «жоўтыя камізэлькі». Напэўна, няма ніводнай краіны ў ЕС, і нават у свеце, дзе коштавая палітыка ў галіне паліва падабаецца ўладальнікам аўто. Такая пратэстная і прымітыўная ідэйная формула руху дазваляе хутка пашырыць колькасць яго адэптаў. Акрамя таго, тэматыка коштаў на паліва з’яўляецца часткай больш глабальнай праблемы — падаткаў і сацыяльнай справядлівасці, якая тычыцца практычна кожнага. Такім чынам, да рознага кшталту правых і левых папулістаў Брусэль можа атрымаць яшчэ аднаго праціўніка — дызель-папулістаў. Праўда, пакуль гэта яшчэ толькі прагноз.