Генконсульства Польшчы ва Украіне абстралялі з гранатамёта
У ноч на 28 сакавіка невядомыя абстралялі Генконсульства Польшчы ва ўкраінскім горадзе Луцку. На месцы канфіскаваныя фрагменты ручнога супрацьтанкавага гранатамёта РПГ-22, паведамляе тэлеканал «112 Украіна» са спасылкай на праваахоўнікаў.
Пасля абстрэлу ў даху будынка Генконсульства засталася дзірка, пабіта акно. На той момант у будынку знаходзіліся толькі ахоўнікі: яны чулі выбух, самі не пацярпелі.
Цяпер праваахоўнікі вырашаюць пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле «тэракт». Консульства пакуль не працуе.
«Абураныя правакацыяй супраць Генконсульства Польшчы ў Луцку. Гэта подласць ад тых, хто супраць нашай дружбы з Польшчай. Робім усё, каб вінаватыя былі пакараныя», — заявіў у твітэры кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін.
У сувязі з інцыдэнтам у МЗС Польшчы быў выкліканы ўкраінскі амбасадар.
«Наша пасольства ў Кіеве таксама заявіць ноту пратэсту ў МЗС Украіны, — гаворыцца ў паведамленні МЗС Польшчы. — Мы чакаем, што ўкраінскія службы забяспечаць больш эфектыўную ахову дыпламатычных устаноў, а таксама высвятляць абставіны здарэння і затрымаюць выканаўцаў».
Луцк — адміністрацыйны цэнтр Валынскай вобласці Украіны. У 1943 году байцы Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) удзельнічалі ў масавых забойствах палякаў на тэрыторыі вобласці. Па розных ацэнках, ахвярамі сталі ад 30 да 100 тысяч людзей.
Гэтыя падзеі атрымалі назву Валынскай трагедыі (Валынская разня). Улетку 2016 года сейм і сенат Польшчы прызналі яе генацыдам.
Пры гэтым у 2015 годзе Вярхоўная рада Украіны прызнала дзейнасць АУН-УПА барацьбой за незалежнасць краіны.
У лютым 2017 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў у тэлеінтэрв'ю польскага канала TVP1, што звяртаўся да прэзідэнта Украіна Пятра Парашэнка з просьбай змяніць гэты закон. «Гістарычная праўда азначае абсалютную забарону на ўслаўленне тых, хто быў забойцамі», — заявіў ён у эфіры.
Неўзабаве каля пасольства Польшчы ў Кіеве прайшла акцыя пратэсту, удзельнікі абвінавацілі польскія ўлады ў антыўкраінскіх выказваннях. А за люты-сакавік ва Украіне былі апаганеныя некалькі помнікаў загінулым падчас Другой сусветнай вайны палякаў.
Паводле tut.by