Грэчаскі Веймар
Да ўсіх шматлікіх праблем Грэцыі апошнім часам дадалася яшчэ адна — актывізацыя правай радыкальнай партыі «Залаты світанак». Пра феномен грэчаскага неафашызму міжнародны
аглядальнік «Новага часу» Алег Новікаў размаўляе з афінскім журналістам Гіоргасам Мітраліясам.
— Не так даўно кіраўніцтва Еўрасаюза зрабіла незвычайную заяву — прапанавала ўраду Грэцыі забараніць партыю «Залаты світанак» у сувязі з тым, што яе
дзейнасць пагражае інстытутам дэмакратыі. Такое патрабаванне чамусьці ніколі не гучала на адрас урадаў Аўстрыі або Францыі, дзе правыя экстрэмісты — не толькі заўважная ў грамадстве сіла,
але нават прадстаўленыя ў органах улады. У чым, на вашу думку, асаблівасць грэчаскай сітуацыі?
— Партыя «Залаты світанак» (або па-грэчаску «Хрысі авгі») не падобная на еўрапейскія партыі накшталт французскага «Нацыянальнага фронту»
або аўстрыйскай «Партыі Свабоды». «Залаты світанак» — цалкам антысістэмны рух, які робіць стаўку на акцыі вулічнага тэрору. Колькасць забітых імі ўжо
складае амаль дзясятак чалавек. Пры гэтым кіраўніцтва арганізацыі не хавае, што капіруе практыку нацысцкіх штурмавікоў. Так, на днях упершыню ахвярамі нападу актывістаў сталі інваліды ў калясках.
Проста сябры «Залатога світанку» недзе прачыталі, што Гітлер адмаўляў інвалідам у праве на жыццё як асобам, які не адпавядаюць стандарту сапраўднага арыйца.
— Як атрымалася так, што ў Грэцыі стала магчымай вакханалія правага тэрору? Чаму паліцыя папросту не арыштуе ўдзельнікаў нападаў на эмігрантаў, на цыган — асноўных ахвяр правага
тэрору?
— Грэцыя — гэта асаблівая краіна, калі гаворка ідзе пра заканадаўства супраць прапаганды нацызму. Гэта звязана з некаторымі старонкамі нашай гісторыі. У снежні 1944 года, пасля
вызвалення брытанцамі Грэцыі ад нацыстаў, Уінстан Чэрчыль адным росчыркам пяра даў амністыю ўсяму грэчаскаму корпусу СС. На базе эсэсаўскіх атрадаў была створана ўрадавая армія для барацьбы з
камуністамі, што сталася пралогам грамадзянскай вайны. Таму вайсковая і палітычная эліта, шмат прадстаўнікоў якой працавалі на Гітлера, заўсёды была супраць узняцця пытання аб пакаранні ўдзельнікаў
калабарацыі і, адпаведна, асуджэння нацызму. Шмат хто ў сілавых структурах і зараз адкрыта сімпатызуе нацыстам. На мінулым тыдні ў адным з гарадоў на поўдні краіны неанацысты падпалілі інтэрнат з
эмігрантамі. Трое з іх атрымалі моцныя апёкі. Паліцыя, якая прыехала на месца здарэння, арыштавала не нацыстаў, а менавіта пацярпелых. На жаль, цяпер позна прымаць закон супраць прапаганды нацызму.
Як мінімум, для гэтага спатрэбіцца некалькі месяцаў. За гэты час у краіне можа адбыцца шмат чаго.
— Па Еўропе даўно гуляе міф пра ваяўнічасць грэчаскіх анархістаў. Час ад часу на экранах тэлевізараў паказвалі, як мясцовыя сімпатызанты Бакуніна разганяюць нават фармаванні спецназу.
Чаму цяпер левыя радыкалы не могуць даць адпор нацыстам?
— Гэта добрае пытанне. Ніхто дакладна не ведае адказу на яго. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што структура грамадства і яго каштоўнасці за апошні час вельмі моцна змяніліся. Цяпер людзі больш
баяцца. Парадаксальна, аднак першая маніфестацыя супраць правага гвалту адбылася ў краіне толькі пару дзён таму, і арганізавалі яе людзі, ад якіх менш за ўсё гэтага чакалі — гомасэксуалісты,
якіх таксама атакуюць сябры «Хрысі авгі».
— Як вядома, у Грэцыю ў свой час перасялілася шмат этнічных грэкаў з былога СССР. Як да іх ставяцца мясцовыя нацысты?
— Колькасць рэпартыянтаў з былога Савецкага Саюза ацэньваецца прыблізна ў 200 тысяч чалавек, што дастаткова шмат для Грэцыі. На вуліцах часцяком можна пачуць рускую мову. Аднак у большасці
тыя людзі, якія пераехалі з былога СССР, засталіся не інтэграванымі ў грэчаскае грамадства. Безумоўна, на тэмпы інтэграцыі паўплываў крызіс. Адпаведна, савецкія грэкі застаюцца асобнай
сацыяльна-культурнай сектай, што вельмі падазрона ўспрымаецца ўльтраправымі. На старонках іх прэсы навязваецца думка, што кожны эмігрант з Усходу абавязкова звязаны з мафіяй або здольны на
крымінальныя ўчынкі. Я б не сказаў, што супраць так званых «пантыйскіх» грэкаў (так называюць эмігрантаў з СССР) вядзецца нейкая мэтанакіраваная кампанія з боку ўльтраправых. Хутчэй
можна гаварыць, што яны ў чорным спісе, аднак не на прыярытэтных месцах.
— Якія сацыяльныя групы насельніцтва найбольш падтрымліваюць правыя радыкальныя лозунгі?
— Адказ не можа быць адназначным з-за імклівай дынамікі падзей. Год таму шмат людзей нават уявіць сабе не маглі, што сёння яны будуць насіць чорныя кашулі і вітаць адзін аднаго нацысцкім
салютам. Тым больш, што падтрымка «Хрысі авгі» не пастаянная — іх рэйтынг вагаецца ад 7 да 20 працэнтаў. Аднак ёсць як мінімум дзве сацыяльныя групы, якія стабільна даюць
партыі электаральныя кадры і шараговы актыў. Гэта дробныя індывідуальныя прадпрымальнікі і офісныя клеркі, якія з-за крызісу страцілі працу. Гэта вельмі непрыемны працэс, паколькі абедзве катэгорыі
складалі частку сярэдняга класа нашага грамадства. Менавіта сярэдні клас быў заснавальнікам і апірышчам доўгі час існуючай у краіне двухпартыйная сістэмы, дзе дамінавалі сацыял-дэмакраты і
кансерватары. Цяпер былых бізнэсоўцаў і клеркаў, якія сталі маргіналамі, цікавіць хуткае палітычнае рашэнне, якое яны разглядаюць як сродак асабістага выжывання. Адсюль дынамічны працэс росту
папулярнасці левых і правых экстрэмістаў за кошт партый цэнтру. Гэта падобна на тое, што адбывалася ў часы крызісу Веймарскай рэспублікі, калі вядучымі партыямі ў Германіі раптам сталі нацысты і
камуністы.
— Ёсць, аднак, розніца паміж Веймарам і Грэцыяй. Немцы часта галасавалі за нацыстаў з-за несправядлівай Версальскай дамовы. Хіба грэкам уласцівы комплекс нацыянальнага
рэваншу?
— Ім уласцівы іншы комплекс — нацыянальная непаўнавартаснасць. Дзякуючы палітыцы Брусэля наш урад фактычна страціў самастойнасць. У нас няма нацыянальнага ўраду. Нашым міністрам
даводзіцца ўдакладняць кожную паперку ў прызначаных з Берліну чыноўнікаў. Адсюль масавыя нацыяналістычныя настроі, характэрныя як для левых, так і для правых. У гэтым плане Меркель і Барозу са сваёй
палітыкай фінансавай дысцыпліны для Грэцыі таксама нясуць не меншую адказнасць за актывізацыю мясцовых ультраправых.
— Якім, на вашу думку, можа быць самы пазітыўны і самы негатыўны сцэнар для Грэцыі ў бліжэйшы час?
— Пазітыўным выхадам магло б стаць стварэнне моцнага нізавога антыфашысцкага руху, які ўключаў усе дэмакратычныя палітычныя сілы. Негатыўны варыянт — далейшы крызіс Еўразоны і
паступовая пераарыентацыя вядучых дзяржаў ЕС на вырашэнне сваіх унутраных праблем. У такім разе Грэцыя можа апынуцца сам-насам. І ў такім разе я, на жаль, не выключаю прыходу фашыстаў да ўлады.