
У Заходняй Аўстраліі знайшлі радыеактыўную капсулу з цэзіем-137, якую горназдабыўная кампанія «Rio Tinto» згубіла ў сярэдзіне студзеня пры перавозцы з рудніка ў горад Перт. Пра гэта паведамляе «ABC News».
Капсула была памерам 6 на 8 міліметраў. Яе шукалі на 1400-кіламетровым участку дарогі. І самае дзіўнае — знайшлі, недалёка ад горада Ньюман, за два метры ад узбочыны. Капсула змяшчае невялікі аб'ём радыеактыўнага ізатопа цэзій-137, які пры кантакце можа прывесці да апрамянення і выклікаць сур'ёзныя захворванні.
Міністр экстранных службаў Заходняй Аўстраліі Стывен Досан назваў вынікі пошуку «экстраардынарнымі». Ён падкрэсліў, што пошукавыя каманды «літаральна знайшлі іголку ў стозе сена».
У сваю чаргу кіраўнік «Rio Tinto» Сайман Трот падзякаваў усім, хто прыняў удзел у пошуках, а таксама папрасіў прабачэння за тое, што яны згубілі капсулу. І паабяцаў пакрыць дзяржаве выдаткі на пошукавую аперацыю. Пры гэтым ён дадаў, што рашэнне аб кампенсацыі шкоды павінны прыняць улады штата.
Кампанія паабяцала правесці ўнутранае расследаванне прычын знікнення.
An image of the capsule is below - pic.twitter.com/pbbtfZWEN9
— Chief Health Officer, Western Australia (@CHO_WAHealth) January 27, 2023
Капсула з цэзіем-137 была згублена ў сярэдзіне студзеня, аднак вядома пра гэта стала толькі пад канец месяца. Пошукі занялі некалькі дзён, хоць першапачаткова аўстралійскія ўлады асцерагаліся, што маленечкая капсула магла патрапіць у шыну любога з аўтамабіляў, што праязджалі па шашы. Тым не менш гэтага не здарылася, а эксперты і наогул лічаць, што капсула не зрушылася з месца пасля таго, як выпала з грузавіка.
Сама па сабе капсула ўяўляла сур'ёзную пагрозу для грамадзян. У прыватнасці, кантакт скуры з цэзіем-137 пагражае апёкам і прамянёвай хваробай, а выпраменьванне ад капсулы эквівалентна 10 рэнтгенам у гадзіну, што пры працяглым уздзеянні можа выклікаць рак.

GOVERNMENT OF WESTERN AUSTRALIA
Адкуль узялася гэтая капсула?
Кантэйнер з'яўляецца часткай прыбора для вымярэння шчыльнасці парод, які шырока ўжываецца ў горназдабыўной прамысловасці. Прыбор да нядаўняга часу выкарыстоўваўся на рудніку «Rio Tinto» Гудай-Дары, дзе здабываецца жалезная руда.
«Rio Tinto» наняла субпадрадчыка з належным узроўнем вопыту і сертыфікацыяй для надзейнай упакоўкі прыбора пры падрыхтоўцы яго да адпраўкі з аб'екта і дастаўкі на прадпрыемства ў Перце, — гаворыцца ў заяве кампаніі. — Перад адпраўкай прыбора быў выкарыстаны лічыльнік Гейгера, каб пераканацца ў наяўнасці капсулы ўнутры ўпакоўкі».
Гэта не першы скандал з удзелам «Rio Tinto» ў Аўстраліі. У верасні 2020 года кіраўніцтва кампаніі з мэтай расшырэння рудніка прыняло рашэнне ўзарваць комплекс пячор узростам 46 тысяч гадоў у цясніне Джуукан-Гордж. Гэтыя пячоры шанаваліся мясцовымі першабытнымі людзьмі як святыні, і з-за грамадскага абурэння рэпутацыі кампаніі быў нанесены сур'ёзны ўрон, а частка кіраўніцтва была вымушана падаць у адстаўку.