© Fotolia, Fontanis
Трансфармацыі ў лагеры патрыятычных сіл сведчаць пра тое, што беларуская дзяржава, разумеючы звужэнне калідора знешнепалітычнага манеўру, а таксама з-за патрэбы прыстасаваць сваё палітычнае поле да новых выклікаў, спрабуе рэанімаваць структуру канструктыўных партый з перспектывай аформіць інстытуты парламенцкіх партый. Заставацца «апартыйным» выключэннем сярод іншых краін рэгіёну і Еўразійскага саюза сёння вельмі цяжка. Таму варта паступова стымуляваць працу партый, іх удзел у грамадскім жыцці. Аднак перспектыва гэтая з’яўляецца стратэгічнай і на цяперашнюю палітычную кампанію не паўплывае.
«Евразия Эксперт» (Расія)
Груба кажучы, на палітычную карту для пазбаўлення ад Лукашэнкі ў Крамля ёсць 2–3 гады. Потым будзе позна. І Расія будзе іншая, і Беларусь. А структура эканомікі і вектар развіцця зробяць відавочным для многіх бесперспектыўнасць «звязваць лёс з Крамлём». Таму назіраць за асаблівасцямі «братэрскай любові» будзе вельмі цікава. А вось Беларусі чакаць спакойнага «ўсходняга фронту» відавочна не прыходзіцца. Менавіта Беларусі. Як грамадству, так і асобна Аляксандру Лукашэнку.
«Хвиля» (Украіна)
Ці супярэчыць нейтральная пазіцыя Мінска, якая праявілася ў ходзе чатырохдзённай вайны (Арменіі і Азербайджана), абавязкам, якія ўзяла на сябе Беларусь, падпісаўшы Дамову аб калектыўнай бяспецы? Наўрад ці. Беларускае войска не з’яўляецца дастатковай сілай нават для абароны ўласна Беларусі. Таму разглядаць гэтае войска ў межах АДКБ як нешта сур’ёзнае, адкуль можна нешта ўзяць і перакінуць на дапамогу Арменіі або Таджыкістану, не даводзіцца. Па сутнасці, Лукашэнка фіксуе існуючыя рэаліі і робіць крокі, якія накіраваныя на ўнутранае карыстанне: не выключана, што ў беларускім грамадстве магчымы ўдзел у супрацьстаянні ў Закаўказзі выклікае нервовасць. З іншага боку, такія дзеянні Лукашэнка выкарыстоўвае як элемент свайго знешнепалітычнага гандлю з ЕС.
«Уerkramas» (Арменія)
Гуляючы ў нейтральнасць і лавіруючы паміж Крамлём і Захадам, Лукашэнка разумее, што доўга гуляць на два франты не атрымаецца. У бліжэйшы час ён будзе вымушаны вырашыць, да каго задам, а да каго перадам павінна павярнуцца ягоная хатка. Еўропа вабіць будучыняй, Расія трымае мінулым і сучаснасцю. Але, хутчэй за ўсё, пытанне выбару перад Бацькам наогул не стаіць. Еўрапейскі саюз, як і сяброўства ў ім, не вельмі і патрэбныя рэжыму Лукашэнкі. Гэты вектар прадугледжвае глабальныя, а не павярхоўныя змены ў рэспубліцы, якія разбураць усю мадэль кіравання краінай. Таму пакуль Расія — адзіны і безальтэрнатыўны партнёр Лукашэнкі. На самай справе Беларусь з яе глабальнай залежнасцю ад Масквы ўжо з’яўляецца часткай «рускага міру». Хай Бацька і ніяк не хоча гэтага прызнаваць.
СТН (Украіна)
Канфлікту (паміж Беларуссю і Расіяй) пазбегнуць практычна немагчыма, таму што праблемы ў беларускай эканоміцы толькі нарастаюць. Хоць Беларусь імкнецца захаваць добрыя адносіны з Расіяй, але ў яе не атрымліваецца плаціць па рахунках рэгулярна. Прадпрыемствы вінныя, і плаціць ім, у прынцыпе, няма чым. У беларускіх прадпрыемстваў зменшыўся збыт на расійскім рынку, які з’яўляецца асноўным рынкам для Беларусі. Беларусь цяпер сутыкаецца з сур’ёзным выклікам, для пераадолення якога ёй могуць спатрэбіцца новыя перамовы з Масквой. Аднак тут сітуацыя ўскладняецца фліртамі Мінска з Еўрасаюзам, якія негатыўна паўплываў на адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Расіяй.
«News front» (Украіна)
Да 2010-х гадоў у Беларусі ўжо вырасла і ўключылася ў грамадска-палітычнае жыццё пакаленне 1990-х, якое не ўяўляе свайго жыцця без Аляксандра Лукашэнкі і якое было цалкам адарванае ад савецкага мінулага. І, мабыць, галоўнай асаблівасцю новага пакалення з’яўляецца тое, што яно, па сутнасці, стала першым пакаленнем незалежнай Беларусі і не магло пазіцыянаваць сябе ніяк інакш, акрамя як беларусамі. Менавіта на гэта дзяржавай і быў зроблены разлік, калі ў канцэпцыі нацыянальнага будаўніцтва сталі ўводзіцца новыя глабальныя паняцці — незалежнасць, суверэнітэт, самадастатковасць, нацыянальная гісторыя і культурная самабытнасць.
REGNUM (Расія)
Беларусь — галоўны стратэгічны саюзнік Расіі, як мінімум у ваенным плане. Але, на думку Крамля, саюз гэты — саюз нераўнапраўных. Эканамічная залежнасць Мінска дазваляе шматлікім маскоўскім палітыкам лічыць яго расійскім сатэлітам. А пракрамлёўскія байкеры з клуба «Начныя ваўкі» і зусім заявілі: «Беларусь — гэта Расія». Мінск ад такіх заяў не ў захапленні, аднак, відавочна, адмовіцца ад шлюбу па разліку з Масквой не можа. Беларусь працягне падлашчвацца да Захаду, зарабляць там, можа быць, нават спрабаваць стварыць плацдарм для адступлення ў далёкай будучыні. Але сябраваць яна будзе з Расіяй. Гэтаму саюзу — асабіста для Лукашэнкі — няма альтэрнатывы, нягледзячы ні на якія гандлёвыя войны і анексіі.
«Deutsche Welle» (Германія)
Калі мы зараз пачынаем сур’ёзныя гандлёвыя войны з Беларуссю, тады, вядома, увесь адзіны эканамічны саюз аказваецца пад сур’ёзным пытаннем. Ён і так пад сур’ёзным пытаннем, таму што Беларусь увесь перыяд санкцый вядзе сябе з эканамічнага пункту гледжання вельмі не прыгожа (гэта і гісторыя з рээкспартам еўрапейскіх прадуктаў, і пастаянныя скандалы з нафтапрадуктамі). Мы маем з Беларуссю адзін галаўны боль за другім. Атрымліваецца, што палітычны праект быццам бы патрэбны нам, а зарабляе на гэтым Беларусь. З іншага боку, калі мы закрываем гэтую гісторыю, то ўзнікае пытанне: «Навошта пачыналі?» І Лукашэнка гэтым карыстаецца.
«Евразия» (Расія)
Антыкрызісны план Лукашэнкі мае на ўвазе зніжэнне цэнніка на любую прадукцыю, якая выпускаецца на тэрыторыі краіны. Значыць, маючы нулявыя пошліны з нашым саюзнікам па ЕАЭС, мы атрымліваем усе падставы чакаць на нашым рынку танную прадукцыю. Пры гэтым джыпы — толькі першая ластаўка. Калі ўдасца рэалізаваць праект сумеснага беларуска-кітайскага тэхнапарку «Вялікі камень», расійскім вытворцам любой тэхнікі давядзецца вытрымліваць жорсткую канкурэнцыю з саюзнікамі, выйграць якую можна будзе толькі з дапамогай загараджальных мытных бар’ераў.
«Noteru» (Расія)
Сям’ю «братэрскіх народаў» з вялікай доляй верагоднасці хутка чакае развод. І ініцыятарам падзей, хутчэй за ўсё, стане Беларусь. Гэта не залежыць ад таго, хто будзе займаць уладныя пакоі ў Мінску. І ўжо не залежыць ад таго, хто сядзе на трон у Крамлі. Працэсы ўжо ідуць. І іх логіка падказвае, што ў любым выпадку Беларусь будзе вельмі моцна дыстанцыявацца ад РФ. Прычым, досыць хутка. Гаворка ідзе пра гарызонт у 10–15 гадоў. Як будуць ісці працэсы — іншае пытанне. Хутчэй за ўсё, рэзкага разводу не будзе. Для Беларусі таксама цалкам апраўдана аддана глядзець на РФ, казаць пра славянскае братэрства. Атрымліваць танныя нафту і газ, выкарыстоўваць рынак суседкі. І пры гэтым рабіць сваю справу — наладжваць кантакты з іншымі дзяржавамі, забяспечваць бяспеку, змяняць эканоміку.
«Хвиля» (Украіна)