Замах на спадчыну Пілсудскага
Упершыню пасля калапсу камунізму ў Польшчы намагаюцца крытычна зірнуць на спадчыну Юзафа Пілсудкага. Маршалу ўсё ж прыгадалі дзяржаўны пераварот 1926 года.
У Варшаве 7 мая прайшла 240-тысячная маніфестацыя супраць аўтарытарных памкненняў цяперашняга польскага ўраду, які цалкам фармуе кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» (PiS). У калоне маніфестантаў арыгінальна заявілі пра сябе сябры сялянскай Польскай народнай партыі (PSL). Аграрыі распаўсюдзілі ўлёткі з заклікам паставіць помнік ахвярам путчу, арганізаванага маршалам Пілсудскім у 1926 годзе. Дзеянні PSL толькі на першы погляд падаюцца экстравагантнымі. З улікам таго, што крытычныя матэрыялы пра Пілсудскага сінхронна з’явіліся ў шматлікіх ліберальных СМІ, можна казаць пра спробу рэвізіі постаці маршала.
Нагадаем, пралогам да майскага перавароту 1926 года стала бясконцая серыя кабінетных крызісаў, фонам для якіх, у сваю чаргу, былі нарастаючыя негатыўныя з’явы ў эканоміцы. У атмасферы павальнага калектыўнага недаверу да ўлады захапіць Бельведэрскі палац (рэзідэнцыя польскіх прэзідэнтаў) Пілсудскаму было няцяжка, хаця без ахвяраў не абышлося: загінулі каля 400 жаўнераў і цывільных.
Нягледзячы на яўна антыправавы ўчынак маршала, Пілсудскага за тое ніколі асабліва не крытыкавалі. Гэты феномен, магчыма, звязаны з тым, што маршала сітуацыйна падтрымлівалі як левыя, так і правыя — асноўныя гістарычныя гульцы ў польскай палітыцы. Першыя арганізавалі страйк, дзякуючы якому быў заблакаваны ўваход праўрадавых войскаў у сталіцу. Для правых «майскі пераварот» — трыумф любімай у гэтым асяроддзі легенды пра дасланага богам правадыра, які выратоўвае нацыю, наводзячы жорсткі парадак. Як вядома, пасля 1926-га ў краіне паступова паўстаў аўтарытарны рэжым так званай «санацыі».
У посткамуністычнай Польшчы вакол Пілсудскага як сімвала змагара з расійскімі бальшавікамі ўвогуле склаўся культ. Добрай ілюстрацыяй з’яўляюцца леташнія выбары ў Сейм, якія прыйшліся на гадавіну смерці маршала. Толькі лянотны не піярыўся на гэтым прозвішчы. Аднак праз год, як бачым, акцэнты ў постаці Пілсудскага трошкі змяніліся.
Галоўным чыннікам гэтага, напэўна, ёсць канфлікт ліберальнай апазіцыі з кансерватыўным урадам. Апошні абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту праз падпарадкаванне ўсіх галінаў улады, інструменталізацыю дзяржмедыя, абмежаванне кампетэнцыі парламенцкай апазіцыі. Адсюль і інтарэс да падзей 90-гадовай даўніны.
«Аналогія паміж маем 1926 года і цяперашняй сітуацыяй вельмі відавочная. PiS намагаецца разбурыць фундамент дзяржавы, якімі ёсць канстытуцыя і дэмакратыя», — кажа апазіцыйны дэпутат Пётр Згоржэльскі. Ва ўлётках PSL гаворыцца, што будучы помнік ахвярам «майскага перавароту» будзе выконваць, акрамя ўсяго, дыдактычную функцыю — «быць перасцярогай для таго, хто ўздыме руку на канстытуцыйныя органы дзяржавы».
Аднак паступова ў сваёй крытыцы «антыпілсудчыкі» пачалі агучваць новы тэзіс — прызнаць, што ў міжваеннай Польшчы панавала дыктатура, без асуджэння якой Польшча ніколі не будзе здольнай ператварыцца ў дэмакратычную еўрапейскую дзяржаву.
Сутнасць праблемы тлумачыць адзін з калумністаў «Gazeta Wyborcza»: «Невядома, ці была б другая Польская Рэспубліка (1918–1939) лепш, калі б Пілсудскі не здзейсніў пераварот. Аднак відавочна, што цяперашняя Трэцяя Рэспубліка была б дакладна лепшай, калі б мы 25 апошніх гадоў не стваралі легенду пра маршала. Замест гэтага мы мусілі казаць праўду пра яго дыктатуру. (...) Рэспубліка ставіць Пілсудскаму помнікі, будуе музеі, называе ў яго гонар вуліцы і грамадскія ўстановы. Гэта стварае неадназначнае стаўленне палякаў да дэмакратыі, вяршэнства закона і такой з’явы, як дыктатура. Польшча з’яўляецца феноменам сярод дэмакратый, таму што мы ўшаноўваем чалавека, які 90 гадоў таму зрынуў дэмакратыю. І нават закон, які забараняе ўсхваленне таталітарызму, не забараняе шанаванне ў Польшчы дыктатуры і аўтарытарызму».
З’явіліся і першыя аматары паставіць знак роўнасці паміж сталінскім ГУЛАГам і заснаванай у часы Пілсудскага турмой для палітычных у Картуз-Бярозе. «У Бярозе на тое, каб задаволіць малую фізічную патрэбу, давалася толькі чатыры секунды. Вязень штодзённа меў прачынацца а чацвёртай раніцы. Праўда, яго сон цяжка назваць сном, паколькі кожныя паўгадзіны яго мусіў будзіць ахоўнік. Калі вязень не прачынаўся, ахова мела права абліць чалавека халоднай вадой. Усё гэта адбывалася не ў сталінскіх ці нямецкіх канцлагерах, а ў ідэалізаванай Другой Рэспубліцы, якая для многіх сёння з’яўляецца сімвалам патрыятызму і шаблонам дзяржаўнасці, якую трэба будаваць», — піша інтэрнэт-выданне "Na temat".
Пілсудскаму пачынаюць прыпісваць не толькі аўтарытарызм, аднак і віну ва ўсіх катаклізмах, якія напаткалі Польшчу пасля яго смерці. Маўляў, несімпатычны аўтарытарны рэжым Пілсудскага спрыяў знешнепалітычнай ізаляцыі Польшчы. Што, у выніку, прывяло да катастрофы ў верасні 1939-га, калі заходнія саюзнікі так і не прыйшлі на дапамогу краіне, якую атакавалі Гітлер і Сталін.
Далей больш. Гучыць думка, што якраз культ Пілсудкага сёння штурхае лідараў PiS на аўтарытарныя ўчынкі. Цяжка сказаць, наколькі сапраўды біяграфія маршала — арыенцір для Качынскага і яго каманды. Аднак ніякай рэвізіі ўчорашняй трактоўкі асобы Пілсудскага кансерватары сапраўды ўпарта не жадаюць. Тычыцца гэта і ідэі ўшанавання памяці ахвяр «майскага перавароту». Як заявіў падчас дэбатаў у Сейме віцэ-спікер Рычард Тэрлецкі, «пераварот быў патрэбны і дазволіў узмацніць дзяржаву, калі сітуацыя была вельмі небяспечная».
Варта сказаць, што пры ўсіх сваіх мінусах рэжым санацыі дазваляў шматпартыйнасць і вольную прэсу — нерэальныя рэчы ў шматлікіх тагачасных краінах Усходняй Еўропы.
З улікам моцнай палярнасці ў ацэнках мінулага можна казаць, што палітычнае супрацьстаянне за Бугам набывае фармат канфлікту светапоглядаў, канцэптаў нацыянальнай ідэі. Пакуль цяжка зразумець, як і ў якім выглядзе будзе знойдзены нейкі грамадскі кансенсус наконт таго ж Пілсудскага і прыроды рэжыму ў міжваеннай Польшчы. У любым выпадку, наяўнасць дэмакратычных механізмаў дазваляе спадзявацца, што гістарычныя спрэчкі не закончацца рымейкам трагедыі мая 1926 года.