Куды пабягуць афганцы?
На думку экспертаў, калапс афганскай дэмакратыі непазбежна прывядзе да новай хвалі міграцыі.
«Дэманстрацыйнае прыніжэнне Амерыкі і яе заходніх саюзнікаў», — у такім ракурсе каментуюць СМІ ўчарашнія кадры з Кабула, які практычна без супраціву здаўся талібам. «Вялікі амерыканскі эксперымент па фарміраванні дзяржавы рассыпаўся ў прах», — рэзюмуе CNN. Пры гэтым ні ў каго няма нават гіпотэзы пра з’яўленне праамерыканскіх партызанскіх фарміраванняў.
Слабой кампенсацыяй з’яўляецца тэзіс пра тое, што эвакуацыя ЗША з рэгіёна стварае сур’ёзныя праблемы Ірану, Кітаю, Расіі — геапалітычных праціўнікаў ЗША. Каментуючы афганскія падзеі, адзін з амерыканскіх ваенных нават заявіў, што «паспешны і бязладны вывад войск ставіць пад пытанне амерыканскія каштоўнасці і прыярытэты». А Трамп наогул заклікаў Байдэна сысці ў адстаўку. «Прэзідэнту варта з ганьбай сысці ў адстаўку за тое, што ён дапусціў падобнае развіццё падзей у Афганістане», — заявіў Трамп.
Зрэшты, калапс афганскай дэмакратыі, якой ужо далі мянушку «пацёмкінская дзяржава», — гэта прэлюдыя да больш сур’ёзных выклікаў. Гаворка пра плыні афганскіх бежанцаў.
Такі сцэнар лёгка прачытваецца шматлікімі выданнямі. «Будучыня Афганістана выглядае змрочнай, — піша аўтарытэтны «The Economist». — Хоць талібы і абяцалі быць міласэрнымі ў выпадку перамогі, мала хто ў Афганістане ім верыць. У канцы ліпеня былі паведамленні пра сотні прыхільнікаў урада, пакараных у акрузе Спін-Болдак, адной з першых захопленых талібамі. У гэты ж час у ваколіцах Кандагара імі быў забіты папулярны комік Назар Махамад. І нават калі талібы вырашаць праявіць сур’ёзнасць з нагоды сваіх абяцанняў, Афганістану пагражае гуманітарная катастрофа, таму што вычарпаецца замежная дапамога».
У выніку ўсё ідзе да таго, што свет відавочна стане сведкам сапраўднай навалы афганскай міграцыі. У выніку папярэдніх войн радзіму пакінулІ прыкладна два мільёны афганцаў. Новая хваля будзе не менш маштабнай. З пачатку гэтага года амаль 400 000 афганцаў ужо збеглі з краіны, пры гэтым каля 244 000 — толькі пачынаючы з траўня, калі Байдэн анансаваў вывад войск з Афганістана. Такія лічбы прыводзіць «Агенцтва ААН па справах бежанцаў».
На падыходзе наступная партыя. Афіцыйны прадстаўнік ЕС у мінулы аўторак заявіў, што, паводле ацэнак ААН, больш за 500 000 чалавек паспрабуюць пакінуць Афганістан, накіроўваючыся ў суседнія Пакістан, Іран і Таджыкістан — па меры пагаршэння сітуацыі.
Зрэшты, пералічаныя краіны наўрад ці будуць канчатковымі кропкамі іх маршруту. Таму ў ЕС ужо цяпер непакояцца з нагоды магчымага паўтарэння крызісу 2015 года, калі каля мільёна мігрантаў уцякалі ад вайны з Сірыі ў Еўропу.
Як правіла, яны рухаліся праз Турцыю. Мяркуючы па ўсім, пакуль афганцы вырашылі ісці па той жа дарозе. Як паведамляе «American Voice», «ужо сёння каля 2000 афганцаў штодня прыбываюць у Турцыю. Эксперты па міграцыі чакаюць, што іх колькасць вырасце, калі "Талібан" захопіць кантроль над большай часткай Афганістана». А талібы захапілі ўжо амаль увесь Афганістан.
Пры гэтым затрымлівацца ў Турцыі яны, відавочна, не збіраюцца. «Большасць з тых, хто прыбывае на турэцкую мяжу, — адзінокія мужчыны, многія з іх не маюць адукацыі, але спадзяюцца на прапіску ў Еўропе і на тое, каб іх сем’і далучыліся да іх пазней», — расказваюць адмыслоўцы згаданаму вышэй выданню.
У гэтым плане некаторыя спадзяюцца, што Анкара за адпаведныя грошы зможа выступіць фільтрам на шляху новых бежанцаў. Аднак гэтым разам Эрдаган можа прыняць позу. У наступным годзе ў Турцыі — выбары, і тэма пагрозы мігрантаў ужо стала адной з фішак апазіцыі. Тая палохае выбаршчыкаў перспектывай прыбыцця ў краіну мільёна афганцаў у рамках быццам існуючых дамоўленасцей Эрдагана з Бруселем.
Цікава, што ў беларускай вертыкалі, падобна, ёсць надзеі перанакіраваць турэцкі паток у краіны Балтыі праз Беларусь. Праўладны тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» задаецца пытаннем: «Калі афганскія бежанцы з’явяцца на беларуска-літоўскай мяжы?» І сам жа адказвае: «Ясна, што не заўтра — авіязносіны ў тых краях зараз ніякія, але рана ці позна натоўпы галодных людзей, якія засталіся без дому, будуць спрабаваць трапіць у Заходнюю Еўропу, каб хоць бы задаць еўрапейцам некаторыя пытанні. І паколькі афганцы — не іракцы, здзекавацца з іх у літоўскіх памежнікаў ужо можа і не атрымацца».
Аднак, мяркуючы па трэндзе, як мінімум пакуль афганцы не цікавяцца беларускім варыянтам. Яны намагаюцца трапіць у Еўропу праз Турцыю і Балканы. Грэчаскія ўлады ўжо паведамляюць, што афганцы цяпер складаюць самую вялікую долю просьбітаў прытулку з тых, хто рушыць з Турцыі. На мінулым тыдні Аўстрыя абвясціла, што накіруе дадатковых салдат да сваіх межаў са Славеніяй і Венгрыяй праз пагрозу прыбыцця афганцаў. Справа ў тым, што ў Аўстрыі — вялікая афганская камуна, што прываблівае мігрантаў.
Такім чынам, Еўропа рыхтуецца да атакі на свае межы. Калі мігранты прарвуцца, наступствы могуць быць катастрафічнымі. Як піша брусельскі «Politico», «у многіх еўрапейскіх краінах крызіс бежанцаў 2015 года ўспрымаецца як выключная з’ява, якая больш ніколі не паўторыцца. Такім чынам урады тады апраўдваліся за тыя падзеі перад еўрапейскай публікай. Калі справа дойдзе да другой хвалі, мы ўбачым серыю ўрадавых крызісаў».
Такім чынам, падзенне Кабула, па сутнасці, уздымае пытанні аб палітычнай стабільнасці Еўропы.