Ці забудуць пра Беларусь праз падзеі ў Афганістане?

У свеце з'яўляецца новая, рэальна глабальная праблема, і ўвагі да маленькай Беларусі будзе нашмат менш. Што ацэньваецца вельмі негатыўна і з вялікім песімізмам адносна перспектывы. Але не ўсё так адназначна і дакладна не так кепска для Беларусі, сцвярджае медыяменеджар і аналітык Пётр Кузняцоў.

 AP Photo / File

 AP Photo / File

Сыход з Афганістана — рашэнне, якое стала, у пэўным сэнсе, кансэнсусным і для адміністрацыі Трампа, і для адміністрацыі Байдэна. Папярэдні прэзідэнт ЗША ў аснову ставіў эканамічны прагматызм і выгаду для ЗША, дэмакратычная партыя традыцыйна больш увагі надае пытанням геапалітыкі, але, пры ўсёй розніцы, сутнасць у тым, што рашэнне прымалася пры Трампе, а вось пераглядаць яго пры Байдэне не сталі.
Гэта азначае, што па афганскім пытанні сярод амерыканскай палітычнай эліты дасягнута поўная згода: вечная прысутнасць там немагчымая, усё, што было можна зрабіць, — зроблена, што яшчэ зрабіць — Бог яго ведае, таму далей ужо як-небудзь самі.
З «самі» атрымалася не вельмі, але, па вялікім рахунку, ні пры якіх раскладах гэта цяпер не праблема ЗША. Праблемай гэта стане ў першую чаргу для Расіі, якая з'яўляецца вядучай краінай у АДКБ, а гэты ваенны блок атрымаў у спадчыну ад СССР практычна ўсю афганскую мяжу. Паколькі «Талібан» — рух цалкам сабе тэрарыстычны, які вядзе бясконцую «святую вайну» за панаванне ісламу ва ўсім свеце, не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб разумець, якая адказнасць і які галаўны боль абрынуліся цяпер, з адыходам з рэгіёна амерыканцаў, на мясцовых аматараў СССР.
Таму, думаю, меркаванне пра тое, што Афганістан пераб'е цяпер для Захаду ўсе астатнія пытанні і праблемы — хутчэй памылковае. Захад скінуў гэтую праблему на іншых. І прагнозы аб тым, што адносіны ЕС і Расіі цяпер пацяплеюць, таму што Брусель будзе глядзець на Расію як на «абаронцу», думаю, таксама злёгку высмактаныя з пальца. Таму што, рацыянальна, сэнсу вялікага ў гэтым для Еўропы няма: калі напружанасць на Усходзе будзе павялічвацца, Расіі давядзецца бараніць не Еўропу, а самую сябе. Вельмі сумняюся, што ў Крамлі пагодзяцца аддаць Маскву «Талібану» толькі дзеля таго, каб ісламізм падабраўся бліжэй да польскай мяжы, і вырашаць не абараняцца толькі таму, што з Бруселя іх аб гэтым не папросяць «паважліва». Не той выпадак, не тая гісторыя і не тыя стаўкі.
Таму, думаю, усе асцярогі, што афганская трагедыя ударыць па беларусах, не вельмі абгрунтаваныя, і ў цэлым сітуацыю не варта разглядаць у такім ракурсе. Так, уплыў можа быць, і самы розны. Беларускіх сілавікоў могуць адправіць на таджыкскую мяжу, у Літву могуць афганскіх бежанцаў падкінуць. Але гэта не тыя моманты, якія могуць уплываць на палітычную сітуацыю ў нашай краіне.
Ну а што тычыцца спраў непасрэдна беларускіх, то, калі ўжо прыглядацца, я б парэкамендаваў ацэньваць перспектывы не зыходзячы з афганскіх рэалій, а, напрыклад, з аднаго, малапрыкметнага, здавалася б, факту.
На мінулым тыдні было абвешчана, што бюджэтнікам збіраюцца павысіць зарплаты. Там цана пытання — нешта каля 200 млн. рублёў. Гэтак жа ў СМІ прамільгнула, што сродкі на гэта возьмуць з рэзервовага фонду.
Сам беларускі кіраўнік неаднаразова гаварыў, што фонд гэты — «скарбонка прэзідэнта» і выкарыстаны можа быць толькі ў самым крайнім выпадку. А «крайні выпадак», як было сказана яшчэ не тое ў 90-х, не тое ў пачатку 00-х — «гэта бяспека дзяржавы». Гэта значыць, прасцей кажучы, гаворка ідзе пра «НЗ».
Вось такія вось моманты, у адрозненне ад геапалітыкі, гавораць куды больш. Рэжым не можа не павышаць зарплаты бюджэтнікам, паколькі, відавочна, не ўпэўнены ў іх лаяльнасці без матэрыяльных стымулаў. А крыніц для такіх стымулаў ужо практычна не засталося.
І гэта яшчэ санкцыі не пачалі працаваць.