Ліфтынг для партыі

Прыход Марыны Ле Пэн на пасаду кіраўніка французскай праварадыкальнай партыі Нацыянальны фронт (НФ) выклікаў шырокія дэбаты наконт будучыні краіны і еўрапейскай дэмакратыі.

Жан-Мары Ле Пэн сышоў на пенсію, пакінуўшы сваім прыхільнікам створаную ім калісьці партыю, якая ў дадатак знаходзіцца ў зеніце папулярнасці. Адпаведна апошнім апытанням, рэйтынг Нацыянальнага фронту складае каля 20 працэнтаў.



9649dec6196d730c5e024f204477d8d1.jpg

Прыход Марыны Ле Пэн на пасаду кіраўніка французскай праварадыкальнай партыі Нацыянальны фронт (НФ) выклікаў шырокія дэбаты наконт будучыні краіны і еўрапейскай дэмакратыі.
Жан-Мары Ле Пэн сышоў на пенсію, пакінуўшы сваім прыхільнікам створаную ім калісьці партыю, якая ў дадатак знаходзіцца ў зеніце папулярнасці. Адпаведна апошнім апытанням, рэйтынг Нацыянальнага фронту складае каля 20 працэнтаў.
Цяпер мала хто памятае, што калісьці было інакш. Калі ў 1972 годзе Жан-Мары — былы дэсантнік і дэпутат — заснаваў Нацыянальны фронт, яму прадказвалі лёс вечнага маргінала. На першых выбарах за партыю Ле Пэна прагаласавала 0,74 працэнта выбаршчыкаў.
І толькі ў сярэдзіне 1980-х усе зразумелі, што ён зрабіў правільныя інвестыцыі. Атрымаўшы ў 1984-м на выбарах у Еўрапарламент 11 працэнтаў, НФ увайшоў у вышэйшы дывізіён французскай палітыкі, дзе застаецца дасюль. У 2002 годзе Ле Пэну ўвогуле ўдалося нешта фантастычнае: у першым туры прэзідэнцкіх выбараў ён абставіў сацыяліста Ліанэля Жаспена і аказаўся ў другім туры, дзе, праўда, не меў ніякіх шансаў супраць Жака Шырака.
Выводзячы Нацыянальны фронт у топ, Ле Пэн адначасова змагаўся з крамолай унутры партыі. Прычын для канфліктаў хапала. Недзе напрыканцы 1990-х да іх дадалася яшчэ адна — Марына. Стала відавочна, што менавіта сваю дачку бацька Нацыянальнага фронту бачыць на пасадзе пераемніка. У 1998-м з-за “кумаўства ў партыі нават адбыўся раскол.
Фронда супраць дачкі шэфа працягвалася і пазней, пакуль Марына не давяла, што яна чагосьці вартая. У 2007 годзе ўся Францыя сачыла за выбарамі мэра ў маленькім эльзаскім рабочым гарадку Энін-Бамон, дзе балатавалася Марына Ле Пэн. Спачатку ёй удалося выйсці ў другі тур. Тады ўсе левыя і лібералы гораду аб’ядналіся ў Рэспубліканскі фронт, каб не дапусціць Марыну на пасаду мэра. У выніку яна ўсё ж прайграла, аднак зарабіла сабе імідж вельмі моцнага і перспектыўнага палітыка. Калі яшчэ праз два гады яе бацька сабраўся сыходзіць, кандыдатуру Марыны ніхто не аспрэчваў. І вось 16 студзеня на з’ездзе НФ Марына Ле Пэн, кажучы савецкім журналісцкім штампам, “працягнула сямейную працоўную дынастыю.
Прыход Марыны на пасаду кіраўніка партыі актыўна каментуе не толькі палітычная, аднак і бульварная прэса. Ніколі ў гісторыі лідарам ультраправай партыі, ды яшчэ самай масавай у Еўропы, не была жанчына. Адсюль вялікая цікавасць да яе прыватнага жыцця. Дарэчы, Марына замужам за бізнэсмэнам. У яе трое дзяцей.
Што да палітычных каментатараў, то ім цікава, як Марына паўплывае на грамадскую палітычную дыскусію. Фронт пераабраў кіраўніка ў час глабальнай рэцэсіі. Як сведчыць гісторыя, у такой атмасферы радыкалы адчуваюць сябе як рыба ў вадзе.
Даніэль Кон-Бендзіт, лідэр французскіх Зялёных, параўнаў цяперашнюю сітуацыю з 1968 годам, калі грамадства таксама страціла давер да старой палітычнай эліты. Гэта быў час палярызацыі і радыкалізацыі грамадскай думкі. Адны тады шукалі альтэрнатыву ў вучэнні Маркса, другія марылі пра рэжым моцнай рукі. Па словах Кон-Бендзіта, сёння мы зноў назіраем, як крайнія левыя і правыя полюсы набіраюць моц. Флагманамі левых становяцца эколагі і антыглабалісты. На правым флангу тон задаюць партыі кшталту НФ. Рост палітычнага ўплыву як першых, так і другіх здольны цалкам змяніць еўрапейскі дыскурс і ЕС.
Пры гэтым і Зялёныя і нацыянал-папулісты дастаткова аморфныя ідэйныя праекты. Вызначаць фізіяномію апошніх будуць такія палітыкі, як Марына Ле Пэн.
На цяперашні момант для дыскурсу ультраправых характэрныя новыя тэндэнцыі. Самым важным момантам з’яўляецца перанос увагі з расавага пытання на пытанне эмігрантаў, і перш за ўсё з мусульманскіх краін.
У якасці аргумента супраць эмігрантаў ультраправыя мусоляць тэорыю сутыкнення дзвюх цывілізацый, у нашым выпадку еўрапейскай і ісламскай. “Алжыр стаіць каля варот Парыжу, — любіў казаць Жан-Мары Ле Пэн. Развіваючы тэзісы марксіста Антоніа Грамшы пра тое, што вялікая палітыка — працяг паўсядзённага жыцця, правыя адкрылі для сябе паняцце “культурны фронт. Будаўніцтва мінарэтаў і публічнае нашэнне паранджы разглядаюцца як замах на еўрапейскую ідэнтычнасць. Трэба дадаць, што ў Францыі з часоў Трэцяй Рэспублікі праводзіцца цэнтралізаваная культурная палітыка. Паралельная культурная актыўнасць у выглядзе сеткі ісламскіх школ часам успрымаецца французамі як падрыў рэспубліканскіх прынцыпаў.
Акцэнтаванне ўвагі на ісламскай пагрозе дазволіла Нацыянальнаму фронту пазбавіцца ад міфаў антысемітызму, прапаганда якіх не дазваляла яго сябрам доўгі час стаць сваімі сярод эліты. Узнікае пагроза альянсу правых і кансерватараў. Пакуль, праўда, Сарказі рашуча адмаўляецца супрацоўнічаць з правымі радыкаламі.
Пытанне — ці гэта ім трэба? Важным следствам стаўкі на ісмламафобію стаў канфлікт з кансерватарамі школы Тэтчэр і Рэйгана, якая разглядае эміграцыю як нейтральную з’яву, а часам нават пазітыўны эканамічны чыннік.
Акрамя таго, ідэя ўстанавіць шлагбаум для эмігрантаў і надаць прэферэнцыю ўсяму нацыянальнаму набыла сярод правых больш шырокую трактоўку. Папулярная ўтопія нацыянальнай дзяржавы як формы супрацьстаяння выклікам крызісу і эфектам ліберальнай глабалізацыі. Фронт ужывае “левую рыторыку, патрабуючы “павялічыць ролю дзяржавы ў эканоміцы, выпрацаваць палітыку супраць спекуляцый на біржы і прыняць план падтрымкі спажывецкай здольнасці насельніцтва. Апалагетыка тэорыям Кейнса на мяжы з антыеўрапейскімі заклікамі наўрад ці падабаецца Сарказі і яго электарату.
Менавіта тут, на думку палітолагаў, ляжыць слабасць і моц Нацыянальнага фронту. Ён не можа ісці на саюз з лібераламі, паколькі гэта пазбавіць яго рэнаме партыі альтэрнатывы. 79 працэнтаў сяброў НФ супраць ідэі падобнага альянсу. Аднак прырастаць партыя можа толькі за кошт выбаршчыкаў Сарказі, якія, як правіла, дасюль бачаць у Нацыянальным фронце тусоўку расістаў і сацыяльных маргіналаў, якія сваю няздольнасць зарабіць на жыццё спісваюць на арабаў-стрэлачнікаў.
Вырашаць дылему Марына збіраецца за кошт палітыкі “dйdiabolisation, сэнс якой — мадэрнізаваць партыйны дыскурс, надаць яму больш гуманныя рысы. Яна лічыць, што новы імідж Нацыянальнага фронту дазволіць яму стаць нармальнай правай партыяй і канкураваць на роўных з галістамі. Паглядзім, што ў яе атрымаецца.
Дарэчы, адна з любімых, не характэрных для правых тэм Марыны, — барацьба супраць інстытуту кансерватыўнай сям’і. Яна ахвотна згадвае, што ў дзяцінстве мела шмат канфліктаў з аўтарытарным бацькам, з-за чаго рана збегла з дому. А ў дадатак яшчэ нават спрабавала падпаліць сямейны асабняк.