Лацінка супраць інтэграцыі

Назарбаеўскі праект паскоранага пераводу казахскай мовы на лацінскі адфавіт стаў адной з асноўных тэмаў палітычнай дыскусіі ў Казахстане. Прапануем агляд казахскіх сайтаў і інтэрнэт-форумаў.



wxltiyxel8pgdtif612apor6w4jr7z.jpg

Калі верыць Назарбаеву, ужо ў 2025 годзе казахская мова будзе цалкам пераведзена на лацінку, а чытаць і пісаць на ёй будуць здольныя 95 працэнтаў казахаў. Нарэшце, за гэты час з’явіцца генерацыя маладых людзей, якая будзе камунікаваць выключна на казахскай мове. Сёння 20 працэнтаў жыхароў Казахстану складаюць этнічныя рускія, а сукупная доля рускамоўных жыхароў рэспублікі дасягае 85 працэнтаў.

Гэта не першая спроба ўладаў Казахстана кавалерыйскай атакай выйсці на новыя лінгвістычныя рубяжы. Пытанне пераходу на лацінку паднялі ў Казахстане яшчэ ў 1990-я гады на фоне хвалі нацыянальнага адраджэння і тагачаснага росту інтарэсу да панцюркісцкіх геапалітычных праектаў. Персанальна Назарбаеў упершыню прапанаваў разгледзець пытанне пра пераход на лацінку ў 2006 годзе. Аднак усё гэта не мела заўважных практычных вынікаў.

Акрамя таго, некаторыя аналітыкі пабачылі ў словах Назарбаева пра татальную «лацінізацыю» прыкметы шантажу на адрас Масквы. Выданне «Росбалт» піша: «Стылістыка гэтай заявы, якая падобная на адказ савецкага палітбюро дзяржсакратару ЗША, вельмі характэрная: раней прэзідэнт Казахстана выказваўся на падобныя тэмы больш дыпламатычна. Што стала прычынай змены тону, сказаць цяжка. Магчыма, леташнія ўнутрыпалітычныя няўдачы Уладзіміра Пуціна. Магчыма, няздольнасць Крамля абараніць свае інтарэсы ні на адным з геапалітычных кірункаў, ці гэта Сірыя, ці Прыднястроўе. Магчыма, рэзкі эмацыйны фон для гэтай заявы стварыла спрэчка вакол умоў выкарыстання Расіяй Байканура. Але, так ці інакш, Астана ўсё больш адкрыта паказвае зубы Маскве, і гэта цяжка не заўважыць».

Казахскія дзяржаўныя СМІ перапоўненыя каментарамі звычайных казахскіх працоўных, якія горача ад усяго сэрца дзякуюць любімаму прэзідэнту за лацінку. Тут жа можна даведацца пра асноўныя аргументы «за»: лацінка — гэта «інтэграцыя ў глабальную сучаснасць і ў сусветную эканамічную і навуковую прастору», «стварэнне больш спрыяльных умоваў для тэхналагічных інавацый», «змена савецкай (каланіяльнай ідэнтычнасці) на суверэнную (казахскую) ідэнтычнасць» і «ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці казахскага народа», «трансфармацыя мовы казахаў у мову сучаснай інфармацыі».

На самай справе, грамадства больш асцярожна паставілася да ідэі Назарбаева. Доказам таму — палеміка на інтэрнэт-форумах, дзе крытыкі праекта — у абсалютнай большасці. Іх аргументацыя перш за ўсё звязаная з тэзісам, паводле якога моўная праблема — не самая актуальная ў краіне. «Блін, замест таго, каб сельскую гаспадарку падняць ці цяжкае машынабудаванне, якія паспяхова развалілі пасля Саюзу, яны 100 варыянтаў напісання ABCD прыдумляюць. Цырк», — піша нейкі Атэіст на форуме сайта Tengrinews.kz.

Шмат каго насцярожвае лацініца сама па сябе. На гэты конт існуе шмат забабонаў: «У казахскай мове на кірыліцы ёсць словы па 12–14 літар!! А на лацінцы для перадачы фанетыкі мовы будуць падвоеныя ці патроеныя літары, і колькі будзе літар у слове — па 17–20? Хто будзе дачытваць гэты серпанцін???» — абураецца блогер Мядзведзь на форуме таго ж сайту. Нарэшце, як заўсёды, з’явілася думка, што «лацінізацыя» — гэты выдумка нейкіх прайдзісветаў з мэтай развесці бюджэт. «Калі казахі не ведаюць сваю родную мову і не змаглі навучыцца размаўляць па-казахску за 20 гадоў, то як яны асвояць лацінку за такі кароткі тэрмін? Поўны маразм. Запусцілі чарговую піяр-кампанію, каб стрыгчы бабло», — піша ананімны аўтар на сайце газеты «Ак Жайык».

Хапае аматараў кірыліцы і сярод дэмакратаў: «Усе разумеюць, што Казахстан у выпадку старту «лацінізацыі» чакае не проста пераклад выбраных тэкстаў на лацінку, колькі каласальная па сваіх маштабах культурная і ідэалагічная зачыстка. Дзяржкамісія, якая павінна, па словах Назарбаева, вызначаць, якія кнігі перакласці на лацінку, будзе выконваць найперш функцыі цэнзара. Сайт Zona/kz у сувязі з гэтым прыводзіць прыклад Туркменіі. «Туркменія ўжо больш за 16 гадоў піша лацінскімі літарамі, а «воз» туркменскага прагрэсу «ўсё там жа». Самі ж туркмены, як і 20 гадоў таму, як і мы, казахі, усё таксама тупа б’юцца ілбамі пра пастаменты балваноў чарговых Туркменбашы».

Яшчэ адну фракцыю ненавіснікаў лацінкі складаюць… нацыяналісты, якія, здавалася б, павінны вітаць усё, што накіравана супраць змяншэння культурнага ўплыву Расіі. Ім не падабаецца, што пераход на лацінку ўлада часта разглядае ў рамках падрыхтоўкі да выставы ЭКСПО, якая адбудзецца ў Астане ў 2025 годзе. Арганізатарам здаецца, што лацініца вельмі спадабаецца гасцям. «А яшчэ да ЭКСПО під…саў сваіх трэба завесці — іншаземцы гэта любяць», — прапануе нейкі блогер-нацыяналіст. На думку шмат каго, спачатку трэба давесці справу папулярызацыі казахскай мовы (хоць у кірылічным варыянце), а ўжо пасля думаць пра яе лацінскую версію. Вось тыповая схема разважання прадстаўніка гэтага накірунку: «Асабіста я супраць такога пераходу, хоць і сам казах. На жаль, шмат хто кірыліцай піша з памылкамі, хоць і займае высокія пасады. А пасля пераходу наогул будзе жах! Давайце захаваем хаця б тое, што маем».

Ёсць шмат прыколаў, без якіх не абыходзіцца ніводная палітычная дыскусія. «Трэба перавесці казахскую мову на кітайскія іерогліфы. Кітайцы — суседзі. Ім прыемна будзе!» — прапануе блогер Госць. І не абышлося без вар’яцкіх, на першы погляд, альтэрнатыў. «Японскаму і кітайскаму вобразнаму мысленню (левае паўшар’е) адпавядае іерагліфіка, англійскаму вербальнаму мысленню (правае паўшар’е) — лацінка. Казахскае і рускае мысленні знаходзяцца ў памежнай вобласці паміж вобразным і вербальным мысленнем і ім адпавядае... рунічная пісьменнасць! Давайце пяройдзем на руны, і нам не трэба пераходзіць на лацінку», — заклікае папулярны журналіст Сакен Жунусаў.

Актыў рускамоўнай грамады, зразумела, супраць лацінкі. Выданне «Столетие» піша: «Для Казахстана ўвядзенне лацінкі будзе мець значна больш сур’ёзныя наступствы. Пераход на лацінку непазбежна ўзмоцніць этнакультурныя адрозненні паміж казахамі і рускімі, а таксама выкліча ўзмацненне міграцыйнага адтоку рускіх і іншых еўрапейскіх этнасаў. У культурным плане адмова ад кірыліцы прывядзе да ўзмацнення адчужэння ад Расіі».

Заслугоўвае ўвагі агучаная тым жа выданнем думка пра тое, што казахская лацінка па сутнасці завочна ставіць крыжы на праекце рэінтэграцыі постсавецкай прасторы: «Інтэграцыя эканомік дзяржаў Мытнага саюзу і звужэнне паралельна яго гістарычнай цывілізацыйнай асновы — рускага свету — з’яўляецца адной з галоўных супярэчнасцяў фармавання гэтага аб’яднання».

Адзіная надзея казахскіх рускамоўных на тое, што кампанія лацінізацыі ў Казахстане праваліцца, як і ў суседнім Узбекістане. Там закон «Пра ўвядзенне ўзбекскага алфавіту, заснаванага на лацінскай графіцы» быў прыняты яшчэ ў 1993-м. Досвед 20 гадоў,хутчэй, негатыўны, паколькі мінусаў (зніжэнне ўзроўню пісьменнасці насельніцтва, цяжкасці з перакладам навучальнай і навуковай літаратуры і г.д.) апынулася значна больш, чым плюсаў.

З усяго гэтага можна зрабіць толькі адну выснову. Рэформы, якія праводзяцца пры аўтарытарным рэжыме, успрымаюцца насельніцтвам як нейкі падман. Нават калі фарсіраваны пераход на лацінку сапраўды пачнецца, казахам будзе патрэбна шмат часу, каб зразумець перавагі гэтага алфавіту ў эпоху глабалізацыі.