Макрон — не Мітэран
Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон запусціў канчатковы працэс перазагрузкі Пятай рэспублікі. Што можа паўстаць на рэштках старой палітычнай сістэмы? Пра гэта НЧ распавядае французская прафсаюзная актывістка Наталі Пізан.
— Па выніках выбараў партыя Макрона
«Наперад, Рэспубліка» (LRM) разам з саюзнікамі-цэнтрыстамі атрымала 360 месцаў у
парламенце, дзе засядаюць 577 дэпутатаў. Гэта рэкордны вынік для партыі за ўсю гісторыю
Пятай рэспублікі. Раней ніводная палітычная сіла так упэўнена не перамагала. Аднак
каментары ў медыя не падобныя на трыумфальныя. Напрыклад, «Le Monde» піша: «Абсалютная
большасць і адносная перамога». Адкуль такія асцярожныя ацэнкі?
— Думаю, праз тое, што на гэтых выбарах быў пастаўлены іншы рэкорд. Ніколі ў гісторыі Пятай рэспублікі яўка на выбарах не была такой нізкай: 57 працэнтаў выбаршчыкаў у дзень галасавання засталіся дома. Такая лічба яўна не адпавядае агіткам LRM пра тое, што французскае грамадства пабачыла ў Макроне месію, рашуча паўстала супраць папулізму, зрабіла выбар на карысць ідэі еўраінтэграцыі. Наадварот, праз абыякавасць выбаршчыкаў паўстала скандальная сітуацыя, калі 70 працэнтаў парламентароў прадстаўляюць 13 працэнтаў электарату, які галасаваў за LRM. Па факце, Макрон перамог за кошт недасканаласці выбарчай сістэмы, адсутнасці адзінства ў шэрагах апазіцыі і фрустрацыі электарату. Трывожным для новаабранага прэзідэнта выглядае і тэндэнцыя: яшчэ за тыдзень да выбараў сацыялагічныя апытанні давалі партыі Макрона больш за 400 мандатаў.
— Поспех партыі Макрона таксама незвычайны, паколькі яшчэ 14 месяцаў таму такой партыі, як «Наперад, Рэспубліка» ў Францыі ўвогуле не існавала. У сувязі з гэтым, які сацыялагічны партрэт дэпутата ад LRM?
— Сярод дэпутатаў можна вызначыць прыкладна тры групы. Адна — адносна маладыя актывісты грамадскага сектару. Другая — прадпрымальнікі. Трэцяя — «мігранты» з іншых партый, якія, дарэчы, ахопліваюць увесь палітычны спектр: ад «Зялёных» і сацыялістаў да экс-неафашыстаў з «Нацыянальнага фронту». Напэўна, найбольш вядомая з перабежчыц — Наталі Касцюшка-Марызэ, былы міністр у адміністрацыі прэзідэнта-рэспубліканца Нікаля Сарказі, на якую на днях быў зроблены напад. Як бачым, дэпутацкая фракцыя Макрона — сапраўдны кактэйль. Аднак, на думку прэсы, апошняе слова падчас рашэнняў застанецца за групай бізнесоўцаў.
— Гледзячы на вынікі выбараў, роля галоўнай апазіцыі Макрону дасталася галістам?
— Галісты нейкім цудам, у апошні момант, выратавалі твар, атрымаўшы салідную фракцыю ў прыкладна 130 мандатаў. Аднак асноўную праблему — праблему сваёй ідэнтычнасці адносна Макрона — яны так і не вырашылі. Макрон дублюе шмат старых напрацовак рэспубліканцаў, значная частка якіх ужо падалася ў лагер LRM. Магчыма, таму рэспубліканцы абмяркоўваюць варыянт жорсткай апазіцыі да прэзідэнта. Але самае трывожнае для рэспубліканцаў (як, дарэчы, і для ўсіх партый парламенцкай апазіцыі) — тое, што ў Макрона абсалютная дэпутацкая большасць. Парламенцкія прамовы апазіцыянераў могуць быць вельмі яскравымі і пераканаўчымі, аднак сапраўдны пратэст, які здольны прымусіць ўладу прыслухацца, цяпер перамяшчаецца на вуліцу.
— У расійскіх медыя ледзь не жалоба па кволых выніках «Нацыянальнага фронту», які адкрытым тэкстам называюць лабістам Крамля. Чаму партыя Марын Ле Пэн — палітыка, які атрымаў на прэзідэнцкіх выбарах каля 35 працэнтаў, — на парламенцкіх сабрала такі сціплы ўраджай — усяго 6 мандатаў?
— Ёсць думка, што слабая падтрымка Ле Пэн тлумачыцца асаблівасцямі псіхалогіі яе выбаршчыка, якому трэба ўсё і адразу. Парламенцкія выбары, у адрозненне ад прэзідэнцкіх, гэтаму падыходу не пасуюць. Нягледзячы на слабы фінал, палітычны сезон 2016–2017 Ле Пэн можа смела запісаць сабе ў актыў. Сябры «Нацыянальнага фронту», якіх учора аднагалосна лічылі антысемітамі і фашыстамі, сталі рукапаціскальнымі ў вачах грамадства.
Важна таксама адзначыць, што акрамя Ле Пэн у парламент прарваліся радыкальныя левыя з руху Жан-Люка Меленшона. Напэўна, упершыню мы назіраем канфігурацыю, калі асноўнымі апазіцыянерамі ўрадавай партыі могуць стаць не памяркоўныя сілы, а радыкалы. Памяркоўная апазіцыя канцэптуальна пакуль не знайшла сябе ў новых умовах. І перш за ўсё гэта тычыцца левага цэнтру, а дакладней, сацыялістаў. Іх квота ў парламенце скарацілася з 245 да 46 мандатаў. Лідары кажуць, што ў 1960-х, да прыходу Франсуа Мітэрана, былі і горшыя паказнікі, аднак адкуль зараз возьмецца новы Мітэран — незразумела.
— Так ці інакш, у Макрона абсалютная дэпутацкая большасць і, адпаведна, карт-бланш на рэформы, якія ён абяцаў падчас выбарчай кампаніі. Што можна чакаць ад Елісейскага палацу ў бліжэйшы час?
— У адрозненне ад папярэдніх прэзідэнтаў, якія асцярожна ставіліся да радыкальных пераменаў, азіраліся на свой базіс, шукалі кампрамісы, Макрон алергіі на гэты конт не мае. З улікам дыскусіі ў блізкай да яго бізнес-прэсе, відавочна, што перш за ўсё прэзідэнт прапануе даўно абяцаную працоўную рэформу. Яна, калі казаць у двух словах, дазволіць прадпрымальнікам больш эластычна рэагаваць на рынкавую кан’юнктуру за кошт інтарэсаў наёмнага персаналу. Таму няма сумневаў, што ў верасні нас чакаюць прафсаюзныя пратэсты, якія дакладна падтрымае ўвесь апазіцыйны бамонд. Шмат у каго сёння зуб на Макрона.